Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Францішак Багушэвіч - Быў у чысцы

Кнопка отправить на печать

Раз у дзень задушны1, якраз апаўночы,
Іду я дадому... а цёмна і ўюга –
Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,
Але так, у меру падвыпіўшы туга;
Іду і мяркую: ці то цяпер шчасце,
Як паноў не стала, ці то была доля?
І лічу на пальцах: паншчызны дванасце,
А гадоў да трыццаць, як настала воля...
Там быў аконам, камісар і цівун,
Намеснік, ляснічы, хмістрыня, паны.
І кожны меў права узяць за бізун,
І кожны меў права да нашай спіны...
А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці не болей настала паноў,
Не надта свабодна у гэтай свабодзе.
І давай я лічыць паноў новых зноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
З’езд міравы, прысутства і сход...
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на весь гэты шчот.
А пальцамі ж трэба карміць гэты люд!..
Іду... калі, шусць, як маланкай спаліць,
Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.
Прыгледжуся – ён, тыкі ён і стаіць,
І стрыжаны ж вус, і стаіць з бізуном...
Схудаўшыся толькі: скура ды косць.
А белы весь чыста, белы, як снег,
Толькі на сэрцы плямачкі ёсць
І плямкі на пальцах – мусіць, то грэх?..
«Браціку, – кажа, – браце Мацей!
Ратуй маю грэшную душу
З чысца2, з рук подлых чарцей,
Альбо навекі загінуць я мушу!
Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,
Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся,
Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,
Прыліп да мяне і не змыты;
То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,
За цябе, што нявінне быў біты.
Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,
Аж да чысцу таго, аж на дне,
І выбач ты мяне, што як быў малады,
Твая жонка-краса спадабалася мне.
І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,
Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!»
Я заплакаў з жалю, але думаю: досць
Нацярпеўся і ён, балазе што жывы,
Гэтак ссох ад агню – толькі скура ды косць.
Пайду ў чысцец я той, пагляджу на дзівы!
 І дзівы ж, браце мой, у тым чысцу, але!
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос,
Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,
Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.
І каго ж тут няма? – тут і пан, і жабрак,
Ганарал і салдат, аканом і мужык.
А што баб і дзявок – сказаць так –
Ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік.
Хто за што, а як баб – дык найбольш за язык.
Языкі ж даўжыні – так, як добры ручнік.
Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,
І ніяк дабяла прапаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;
Чараўніц, а і зводняў старых,
Тут я шмат і знаёмых найшоў,
Але так не чапаў ужо іх.
З мужыкоў тут не надта каб шмат,
А ўсё больш дык багатых паноў.
На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той свет, як па масле, пайшоў.
А панам дык і трудна цярпець
Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх!
Глянеш, пан, як, здаецца, мядзведзь,
А чорт дышлам запрог і трах-тарарах,
Бічам б’е, ражном пора у тыл,
Морду круце набок і за кудлы трасе;
Стук і крык, аж віхор круце пыл,
Так пан чортавы воз той нясе.
Там паны і муруюць й аруць,
Вымятаюць і свінні пасуць,
А смалу дык, як мёд, там жаруць,
А камення, як горы, нясуць, –
Усё ў пекле каб дно як зрабіць,
А ўсё толку няма іх работы нігдзе:
Тут яны робяць усё, абы збыць,
І там ім гэтак работа ідзе.
Я ж то думаў, што ксяндзоў тут няма.
Калі зірк! аж і ксёндз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў у грашах тых, і ксёндз так гарыць.
А другі дык вісіць, але як? –
Дык і стыдна мне вам гаварыць,
А са стыду чырвоны, як рак,
Вочы жмура, як кот, і гарыць.
А тут баба яго так кляне
Ды так лае з астатніх жа слоў,
Што, каб гэтак хто лаяў мяне,
Я б яго з свету даўно перавёў.
Станавы, старшына і тый тут.
Тым дык чорт усё грошы збярэ,
Скруце цвёрды круцель або жмут
Ды ў горла запрэ і даўбешкай пярэ;
Каласірам3 ці чым там паліў,
І жмут той у горле агнём запаліў...
Але ж і ёсць там народу, аж цьма!
І роду ўсякага, і стану, і веку,
Хто не жыў на зямлі, таго тут няма;
Няхай Бог сцеражэ там быць чалавеку!
Ледзь я прайшоў аж у тую кануру,
Гдзе аконам Бізуньскі цярпіць.
Чорт і яго запрагае у фуру.
Спацеўшы бедны, а енча: «Дай піць!»
Я брызнуў крапідлам на твар,
Ён аж зрадзеў, як дзіця,
Як хапіўся рукой за той каламар4,
Што ўзяў я з вадой яму для піцця,
Дык высахла зараз вада аж да дна;
Ён стаў такі светлы, як гэты дымок,
Стаў нікнуць, засталася пара адна,
І знік так, як нікне на слоньцы аблок.
Не помню, як выйшаў я з чысцу таго,
Праснуўся у хаце на печы аж днём.
Усе кругом плачуць, не ведаць чаго,
А пале мяне дык так, як агнём!
Трашчыць галава, баляць усе косці,
І надта вады зажадалася піць.
Напіўся і зноў паў я у млосці!..
От давялося ж у чысцы мне быць.



1. Дзень задушны – дзень памяці памерлых, 1 лістапада.
2. Чысцец – паводле каталіцызму, месца часовай кары за дробныя грахі па смерці чалавека, куды ён трапляе пасля апошняга «Божага суда» і дзе адбывае пакуты; адпакутаваўшы (з дапамогаю родных і блізкіх, якія ў гэты час моляцца за душу нябожчыка), ён трапляе на неба.
3. Каласір – газа.
4. Каламар – чарніліца; тут у сэнсе конаўка або іншая пасудзіна.

 

 

Аналіз твора:

   1. Аўтар паказаў, што ў чысцы знаходзіцца шмат людзей: «Але ж і ёсць там народу, аж цьма! I народу ўсякага, і стану, і веку». Паказаны і, фактычна, усе сацыяльныя тыпы: «I каго ж тут няма? – тут і пан і жабрак, ганарал і салдат, аканом і мужык. А што баб і дзявок – сказаць так – ўтрое больш, як мужчын ёсць на лік...» Не абмінулі пекла і духоўныя асобы. Душы пакараны за розныя грахі. Жанчыны, у асноўным, «...дык найбольш за язык» і за тое, «што дурылі мужоў». Паноў караюць за няздольнасць прыносіць карысць: «А ўсё толку няма іх работы нігдзе: тут яны робяць усё, абы збыць, і там ім гэтак работа ідзе». Ксёндз пакараны за празмерную любоў да грошай, другі – за плоцкія ўцехі. За атрыманне хабару і грашовую ненасытнасць церпяць страшэнныя пакуты станавы і старшыня. Найменш у чысцы мужыкоў, бо яны столькі нацярпеліся ад усіх на зямлі, што «...на той свет, як па масле» пайшлі.
   2. На пытанне «Адзначце рысы і функцыі жанравай формы ў вершы» адказаць дастаткова складана, паколькі розныя літаратуразнаўцы па-рознаму вызначаюць жанр гэтага твора. Так, напрыклад, асобныя даследчыкі (М. Грынчык) лічаць гэты твор баладай, іншыя (П. Васючэнка) сцвярджаюць, што гэта вершаваная навела, а аўтары дапаможніка называюць «Быў у чысцы» вершаваным апавяданнем.
   3. Найбольш эмацыянальна напружанымі з'яўляюцца ўрыўкі, дзе герой разважае пра мужыцкую долю і свабоду, у якой «не надта свабодна». Ён узгадвае тых, хто меў права ўзяцца за бізун і адзначае, што «кожны меў права да нашай спіны». Толькі пералік тых, каго трэба карміць мужыку, прыводзіць героя ў такі стан, што «аж паднялася са страху чупрына».
   4. Францішак Багушэвіч стварыў мноства сацыяльна-псіхалагічных тыпаў, «характэрных для беларускай рэчаіснасці канца XIX стагоддзя». Стаўленне аўтара да герояў, якія пакутуюць у чысцы, добра праглядаецца праз іх апісанне. Аўтар асуджае жанчын за плёткі, паноў за нікчэмнасць, чыноўнікаў за хабар. Асуджае ён і асобных духоўных асоб за тое, што забыліся Бога і грашаць больш за сваю паству. Сімпатыі аўтара на баку мужыкоў, якім лёс на зямлі адмераў столькі гора, што ўжо на тым свеце яны, нацярпеўшыся, мінаюць чысцец.