Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Шыцік - Лісцік серабрыстай таполі

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   За возерам, што плёскаецца зусім пад нашымі вокнамі, пачынаецца лес. Мы мала там бывалі, не знаходзячы для сябе нічога прывабнага. Лес быў дагледжаны, расчышчаны і нагадваў школьны парк. Іншая справа – востраў на возеры. Там усё было так, быццам рука чалавека ніколі не краналася гэтага кутка прыроды. На востраве нам было цікава, у лесе – не.
   Але аднаго разу, пасля буры, Мішка Патупчык нацягаў на бераг ламачча і звязаў плыт. Гэта было нешта незвычайнае, і мы акружылі Мішку, шкадуючы, што нікому з нас не прыйшла такая думка раней. Паўтараць жа зробленае кімсьці было не ў правілах вучняў нашай школы.
   А Мішка быццам не заўважаў нас і нашу зайздрасць. Ён спіхнуў плыт у ваду, працягнуў яго за прывязаную вяроўку крокаў на пяцьдзесят убок, якраз туды, дзе пачыналася глыбінная плынь, і скочыў на хісткія бярвенчыкі.
   – Вясло, Патупчык, вясло забыўся, – пабег у ваду Сярожка Шарай.
   Мішка толькі ўсміхнуўся. А я падумаў, што ён, напэўна, уявіў сябе адным са старажытных мараходаў, якія на плытах перасякалі цэлыя акіяны.
   Відаць, Мішка разведаў усё папярэдне. Плынь аказалася імклівай, і неўзабаве ён быў ужо далёка. Мы пастаялі яшчэ крыху на беразе, прыкладаючы час ад часу далоні да лба, каб паглядзець, як ён там. А калі ўжо плыт з Мішкам стаў як маленькая карычневая кропка, разышліся.
   Вярнуўся Мішка на самым змярканні. Сонца падсмаліла яго, і ў Мішкі былі ярка-чырвоныя рукі і ногі і лупіўся пакрыты вяснушкамі кірпаты нос. Мы рабілі выгляд, што нічога незвычайнага не адбылося, а самі ледзь стрымліваліся – так хацелася ведаць, што ж такога было з Мішкам?
   Ён маўчаў. І толькі, калі ўжо вячэра падыходзіла к канцу, непрыкметна для астатніх і настаўніка падмігнуў мне з Сашкам. Гэта азначала, што мы павінны перад сном тайна прабрацца ў яго пакой. Вядома, нас не трэба было запрашаць двойчы. Больш таго, мы ледзьве дачакаліся прызначанага часу.
   – Ну як? – хрыплым шэптам спытаў Сашка, як толькі Мішка, выглянуўшы папярэдне ў калідор, зачыніў за намі дзверы.
   – Возера, – адказаў Мішка.
   – І толькі?! – мы былі расчараваны. Пра возера мы ведалі і без яго. Нават зараз, у гэты самы момант, яно глуха шумела, ліжучы высокімі хвалямі пясчаны бераг.
   – Лясное.
   – Здзівіў! – Сашка нават абурыўся.
   І я не разумеў, навошта было хавацца сюды, каб даведацца пра звычайную рэч.
   – Па-першае, яно чорнае-чорнае, а па-другое, з’явілася нядаўна. Ляснік казаў, недзе было землетрасенне, і яно з’явілася.
   Колер – дробязь, а што побач ёсць возера, пра якое нават астатнія хлопцы не ведаюць, – гэта ўжо сапраўды незвычайная падзея.
   – А ты не памыляешся? – не паверыў Сашка.
   – Самі ўбачыце.
   Назаўтра пасля заняткаў мы зноў былі на востраве. Я прапанаваў узяць лодку, але сябры не падтрымалі. Лодка – не для першаадкрывальнікаў. Для гэтай мэты найлепшае – самаробны плыт.
   Нас трох для кволага Мішкавага збудавання было замнога. Разы са два хвалі захлёствалі плыт, і мы аказваліся ў вадзе. Але ўрэшце дасягнулі другога берага. Выцягнулі плыт на пясок і пайшлі ў лес.
   Дарогу Мішка запомніў добра. Праз якую гадзіну мы ўжо былі ля мэты.
   На першы погляд у гэтым лясным возеры нічога асаблівага не было. Вялізная палонка пасярэдзіне зарослай мохам паляны. Вакол растуць кусты алешніку, сям-там каля берага відаць шырокія лісты і кветкі гарлачыкаў. Вось толькі паверхня... Мішка не памыліўся: яна была цьмяная, быццам промні святла знікалі ў ёй без астатку.
   – Як сажа, – усклікнуў Сашка.
   – А што я казаў? – узрадаваўся Мішка.
   А мне падумалася, што гэта возера падобнае на кавалак глыбокага космасу, дзе ўсё навокал чорна і да бліжэйшых зорак доўгія гады шляху. Але я не сказаў сябрам пра гэта параўнанне. Яны былі ўпэўнены, што я раўнадушны да космасу. А як я мог гаварыць, што некалі пайду ў прастору, калі нават фізкультурай займаўся па спрошчанай праграме? Таму я ніколі не марыў з хлопцамі ўголас пра падарожжы да зорак. Я нёс сваю мару ў сабе.
   – Трэба нанесці на карту, – сказаў Сашка. Няўрымслівая яго натура патрабавала дзейнасці. – Стойце тут, я зраблю вымярэнні, – і ён пайшоў, шырока ставячы крокі, уздоўж азёрнага берага.
   Мішка тым часам сарыентаваўся па сонцу, каб вызначыць каардынаты возера. Напэўна, гэта была дарэмная работа. Каардынаты школы мы вызначалі шмат разоў – і ўначы па зорках, і ўдзень па сонцу. А адсюль да школы было кіламетраў дзесяць прама на ўсход. Так што патрэбныя разлікі можна было зрабіць без алоўка. Але я зноў прамаўчаў. Хай робяць як хочуць. Я ж ведаў адно: я прыйду сюды яшчэ раз, адзін, і прынясу акваланг. Я нарэшце адчую, што гэта такое – чорны і маўклівы космас.
   Тым часам вярнуўся Сашка. Перыметр возера раўняўся тысячы шасцістам дваццаці крокам або прыкладна паўтара кіламетрам. Хлопцы хутка начарцілі картаграфічную сетку, потым нанеслі на яе абрысы возера.
   – Вяртаемся, – сказаў Сашка, задаволена аглядаючы сваю работу.
   – Пара ўжо, – згадзіўся Мішка, – хутка сцямнее. Ты што, начаваць тут збіраешся? – крыкнуў ён, убачыўшы, што я застаюся на месцы.
   – Хадзем, Віцік, – падбег да мяне Сашка, – мы ж разам усё рабілі, – па-свойму зразумеў ён мой настрой.
   Я засмяяўся і далучыўся да хлопцаў.
   Калі праз некалькі дзён я сказаў, што пайду ў лес, гэта не выклікала ні ў кога пытанняў. Раз не запрашаю ў спадарожнікі каго-небудзь, значыць, так мне лепш. Мы прывыклі паважаць справы і жаданні таварышаў.
   Надвор’е было пахмурнае, і вада ў возеры здалася яшчэ больш цёмнай. Я добра плаваў і не баяўся ні глыбіні, ні віроў. А тут мне раптам стала страшнавата. Падумалася, што гэта проста багністае балота, дно якога ўсцілае звычайны тарфяны пласт. Але менавіта таму, што адчуў страх, няўпэўненасць, я прышпіліў балоны з паветрам, надзеў маску і падышоў да вады. Глеба пад нагамі была мяккая, як дыван, – прыбярэжнае дно было пакрыта мохам. Ногі не правальваліся, і я ўжо больш упэўнена пакрочыў далей.
   Так, у чорным колеры вады было, напэўна, вінавата дно, бо сама вада мела зусім нармальны выгляд, з-пад маіх ног і рук выляталі шматлікія празрыстыя пырскі. Можна было вяртацца дадому. На ўсякі выпадак я яшчэ прайшоў далей, каб павярнуць і адтуль паглядзець на неба, і раптам паслізнуўся і праваліўся некуды ўніз. Я паспеў толькі ўбачыць зацягнутае хмарамі шэрае неба, яно чамусьці віднелася крыху ў баку ад мяне, а яшчэ праз імгненне ўсё наўкол ахутала цемра. Дзіўна, але гэта адразу супакоіла мяне. Цемра ж была маёй мэтай. Я паварушыў рукамі, адчуваючы, што цела падпарадкоўваецца мне, і, значыць, варта толькі захацець, я магу адразу вярнуцца. Да таго ж у мяне на спіне між балонаў з паветрам быў маленькі водаструменны рухавічок. На крайні выпадак я мог скарыстаць яго.
   Пад вадой, напэўна, была плынь. Я адчуваў, што мяне павольна цягне некуды далей. Але ліхтарык не ўключаў: мне патрэбна была толькі цемра, а ўсё астатняе не мела значэння. Мне здавалася, што я зусім не ў вадзе, а ў прасторы. Цела было лёгкае, нібы бязважкае. Я мог ляжаць, распластаўшы рукі, даць нырца, узляцець угару. Мне падабаўся мой стан, і толькі было шкада, што вакол не відно сузор’яў. Без іх не было сапраўднага космасу.
   Але і цемра падманула мяне. Вочы хутка прызвычаіліся, і тады я заўважыў, што палосы дзённага святла прабіваюцца праз вадзяную тоўшчу і даходзяць сюды, выклікаючы да жыцця цені водарасцяў і рыб. Аднак над галавой святла не было. Гэта азначала толькі адно: значная частка возера знаходзілася пад зямлёй.
   Пакуль я раздумваў, ці не пара вяртацца, мяне аднесла да берага. Ён быў камяністы, гладкі, як сцяна. Памацаўшы яго рукамі і не знайшоўшы нічога адметнага, я адштурхнуўся і павярнуў назад. Але не паспеў праплысці якіх дзесяць крокаў, як зноў апынуўся на старым месцы. Ці то плынь аказалася мацнейшая, чым я разлічваў, ці з напрамку збіўся. Пад рукамі, здалося, была тая ж самая гладкая каменная глыба. Каб дарэмна не плутаць, прыйшлося запаліць ліхтар.
   Абрысы навакольных прадметаў былі няпэўныя, хісткія. Але чым больш я ўглядаўся ў іх, тым мацней мяне ахоплівала здзіўленне. Падводныя скалы нагадвалі... дом. Час і вада разбурылі яго. Засталіся толькі рэшткі сцен з проймамі акон і дзвярэй.
   Напэўна, затопленым аказаўся цэлы пасёлак. Побач з гэтым домам былі яшчэ збудаванні. Такія ж старыя, аблепленыя водарасцямі і ракавінамі. Час не пашкадаваў гэта былое чалавечае жытло. У дамах не засталося нічога з прадметаў або мэблі. Відаць, гэта быў век, калі людзі яшчэ не ўмелі рабіць сабе прылады з жалеза, а карысталіся драўлянымі і касцянымі рэчамі. Гэта, праўда, не надта адпавядала архітэктуры збудаванняў. Але тады мне было не да грунтоўнага аналізу і вывадаў.
   Я пашукаў якіх-небудзь рэчаў – не вяртацца ж назад з пустымі рукамі, – я абходзіў адзін пакой за другім, разграбаў глей пад нагамі, мацаў сцены. Нічога не было.
   Нарэшце мне надакучыла гэта блуканне, дый першы балон з паветрам апусцеў. Я рашыў вяртацца і проста так, у апошні раз, правёў промнем ліхтарыка па сцяне, што стаяла на маёй дарозе. Чорныя, замшэлыя каменні. І раптам сярод іх нешта бліснула.
   Мне здалося, што гэта быў лісцік серабрыстай таполі, якіх шмат расло на беразе. Ён патануў і зачапіўся за каменны абломак. Яго знаходжанне тут было да таго неверагодным, што я не ўтрымаўся і памацаў лісцік. Ён варухнуўся, як на галінцы, – яго ножка якімсьці чынам трапіла між каменняў – і зноў вярнуўся на сваё ранейшае месца. Але гэта быў не сапраўдны лісцік. Пальцы выразна адчулі метал. Было толькі дзіўна, што ні вада, ні час не адбіліся на гэтым метале. Колькі я ні круціў лісцік – не заўважыў на ім ніводнай плямкі. Такую знаходку варта было паказаць хлопцам.
   Ужо бралася на вечар, калі я вярнуўся ў інтэрнат. Як на тое, у калідоры носам к носу сутыкнуўся з настаўнікам. З ім былі Сашка і Мішка.
   – Дзе ты прапаў? – закрычаў Сашка.
   І я ўспомніў, што ў нас у гэты час лабараторныя заняткі па фізіцы. Мне стала няёмка перад настаўнікам.
   – Ідзі паеш, – спыніў мяне настаўнік, калі я пачаў быў апраўдвацца, – потым раскажаш.
   Я ўзлаваўся на сяброў: вось балбатуны, трэба было ім гаварыць, дзе я! Цяпер прыйдзецца, можа, яшчэ цэлы даклад рабіць, а я ж па сутнасці нічога не ведаю. Ні пра возера, ні пра рэшткі таго паселішча.
   Але я памыліўся. Настаўнік да майго расказу паставіўся зусім спакойна, а выслухаўшы, сказаў:
   – Ідзі ў лабараторыю.
   Толькі адышоўшы, я ўспомніў, што забыўся паказаць яму лісцік. Аднак не вяртацца ж назад, я і без таго пазніўся.
   Сашка з Мішкам корпаліся ля тэлепрыёмніка з электроннай аўтаматычнай настройкай. Гэта была наша навінка. Прыёмнік мог не рэагаваць на самыя моцныя сігналы, калі яны не адпавядалі зададзенай праграме па тэме. З мільёнаў перадач ён павінен быў выбіраць толькі тую, якая нам патрэбна, Мішка нават сумняваўся, ці прыме настаўнік па фізіцы нашу работу. Такі тэлепрыёмнік, сцвярджаў Мішка, больш падобны на кібернетычнага робата. Мне ж з Сашкам такое спалучэнне прыёмніка і робата спадабалася. Праца наша падыходзіла к канцу. Заставалася, уласна, адрэгуляваць блок настройкі. Калі я ўвайшоў, Сашка якраз гэтым і займаўся. Блок быў падключаны да прыборнага шчытка, дзе ўсе дадзеныя абагульняліся і ў выглядзе спакойнай хвалепадобнай лініі клаліся на доўгую папяровую стужку асцылографа.
   – Гатова? – спытаў я, нахіліўшыся да Сашкі.
   – Пара... – Сашка асекся.
   Я зірнуў на яго, потым на папяровую стужку, якая павольна паўзла, закручваючыся ў адмысловым кальцы, і здзівіўся сам. Пяро асцылографа нібы кінулася ў дзікія скокі.
   Некалькі імгненняў Сашка глядзеў на паласатую змейку-стужку, потым схамянуўся і зірнуў падазрона на мяне:
   – Слухай, Віця, ты часам не праглынуў генератар сігналаў?
   – Скажаш...
   – Не, праўда, выйдзі на хвіліну.
   Сашка ўжо злаваўся, калі я вярнуўся. Бо, аказваецца, гэта я дзейнічаў на нашы прыборы.
   – Вытрасай кішэні, – загадаў мне Мішка. І гэтае Мішава далучэнне да Сашкі зусім збянтэжыла мяне. Я паглядзеў на аднаго, на другога і раптам успомніў пра лісцік. Нічога іншага ў маіх кішэнях не было.
   – Вось, – працягнуў я Мішку знаходку.
   – Там? – спытаў ён, кіўнуўшы галавой у бок акна.
   – Пад вадой, з разваленай сцяны выцягнуў.
   – Давай, – выхапіў лісцік з маіх рук Сашка, – стаўце блок.
   Як яму прыйшла ў галаву думка, што лісцік выпраменьвае і што гэта выпраменьванне трэба паспрабаваць злавіць тэлепрыёмнікам, не ведаю. У яго заўсёды ў галаве поўна самых неверагодных думак. Здаралася, за іх нам нават пападала. Было ж, што мы спалілі энергакабель, і школа некалькі гадзін сядзела без электрычнасці. Або другім разам, паверыўшы, што Сашка адкрыў новы, тэлепатычны метад уздзеяння на жывёл, мы ўначы забраліся ў вальер да тыгра (гэта было на экскурсіі ў Індыі) і нарабілі спалоху на ўсю акругу. Але, так ці інакш, на гэты раз ён прыдумаў здорава.
   Сашка паставіў лісцік побач з антэнай і ўключыў прыёмнік. Электронны настройшчык адразу выбраў патрэбную хвалю. Яна была нейкая незвычайная, не ўласцівая нашым тэлеўстаноўкам.
   – Касмічнага паходжання, – аж загарэўся Сашка. А мы з Мішкам здагадаліся, што цяпер ён нас не падпусціць да прыёмніка і блізка. Космас быў яго заказнікам.
   Экран мігаў, не ажываючы, аднак, зусім як тады, калі не працуе перадатчык. Але ён працаваў. Мы гэта самі бачылі. Сашка падсунуў лісцік яшчэ бліжэй да антэны і выключыў у лабараторыі святло.
   Нейкі час экран не мяняўся, потым у ім нешта зварухнулася і... я працёр вочы. А калі адняў ад іх пальцы, на экране быў... той самы дом, які я бачыў пад вадой, толькі цэлы.
   Адлюстраванне не доўга было нерухомым. Хутка дом пачаў нібы адступаць на задні план, адкрываючы перад сабой чысценькі дворык. Некаторы час ён быў пусты, потым з ценю ад плота выйшаў чалавек. Высокі, стройны, хоць і не малады. Ён быў апрануты ў лёгкі зручны касцюм. Накшталт нашых сучасных спартыўных. Некалькі секунд чалавек моўчкі ўзіраўся, нібы сапраўды бачыў нас, і нарэшце загаварыў.
   Прыёмнік, аднак, не перадаваў чамусьці гукі яго голасу. Сашка круціў лісцік і так і гэтак – нічога не было чутно.
   Цішыню парушыў стук у дзверы.
   – Гэй, вы, ноч ужо, – пачулі мы вокліч дзяжурнага, – зараз выключаю святло.
   – Хадзем, Саша, – Мішка ўзяў сябра за руку, – заўтра даведаемся.
   Той нехаця падпарадкаваўся.
   Ці трэба гаварыць, што сон доўга не мог узяць мяне. Я варочаўся на ложку, і карціны, адна неверагоднейшая за другую, стаялі перад маімі вачыма. Я нібы бачыў невядомых касманаўтаў, якія прыляцелі на Зямлю тады, калі наша цывілізацыя толькі пачыналася. Потым той чалавек мне ўяўляўся зусім не чужынцам, а жыхарам міфічнай Атлантыды... Я не паспеў нічога дадумаць да канца. Відаць, дзяжурны пачуў, што я варочаюся, і ўключыў электраўсыпляльнік.
   Раніцай, ледзь развіднела, я памчаў да Сашкі. Ён доўга не адчыняў і ўсё нешта незадаволена мармытаў.
   – Хутчэй ты, – зазлаваў я.
   – А куды спяшацца? – Сашка нават не скрануўся з месца.
   – Мішка, ты чуеш? – закрычаў я на ўвесь калідор, хаця Мішкава галава ўжо тырчала з дзвярэй суседняга пакоя.
   – Давай, давай! – населі мы ўдвух на Сашку.
   Ён нехаця сабраўся і паплёўся за намі следам.
   У лабараторыі было ціха і змрочна. Мішка, не запальваючы святло, уключыў тэлепрыёмнік. Экран замігаў у прыцемках сотнямі зеленаватых іскарак. Міналі секунды, мабыць, хвіліны. Учарашняй карціны не было.
   – Пасунь лісцік, – шапнуў я, нібы, сказаўшы гэта ўголас, мог спалохаць таго невядомага дыктара.
   – Не трэба, – раптам сказаў Сашка, – ён ужо нічога не пакажа.
   – Што-о!!! – мы абярнуліся да яго.
   – Я быў тут уначы... Не мог жа я спаць, як вы. Тут цывілізацыя, а вы... – напаў ён на нас з Мішкам.
   – Ну!
   – Не крычы, – агрызнуўся Сашка, – самі праспалі. Я толькі хацеў узмацніць зарад гэтага жалезнага абломка, які вы называеце лісцікам, і паклаў пад прамень тэлекамеры. Хто яго знаў, што ён зусім разрадзіцца.
   Не ведаю, што зрабілі б мы з Сашкам, каб не настаўнік. Ён пачуў наш крык і прыйшоў у лабараторыю.
   – Ваюеце? – усміхнуўся настаўнік, і мы адразу астылі.
   Ён выслухаў нас моўчкі, не сказаўшы ні слова асуджэння, быццам так і трэба было Сашку дзейнічаць. Потым сказаў:
   – Нічога страшнага не здарылася. Думайце, шукайце, можа, Віцеў лісцік зноў загаворыць. А няўдачы бываюць нават у выдатных даследчыкаў...
   Калі настаўнік пайшоў, мы яшчэ нейкі час пастаялі, пакуль у нас з Мішкам зусім не знікла злосць на Сашку. І тады далі адзін аднаму клятву:
   – Будзем шукаць, нават калі на гэта спатрэбіцца ўсё наша жыццё.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!