Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Шыцік - Кіб загаварыў апоўначы

Увага!!! Поўны змест

   Тау Кіта адсюль, з адлегласці мільярда кіламетраў, выглядаў нават меншым, чым Сонца з Зямлі. Але ўдзень ён палаў надзвычай ярка, і яго зеленаватае святло мякка клалася на горы, што высокай сцяной акружалі невялікае плато, выбранае Антонам Галаем для свайго лагера. Тады і ў скафандры, які меў тэрмаізаляцыю, было нават горача. А ўначы ўсё навокал скоўваў амаль касмічны холад, і чуткія сейсмографы адзначалі, як недзе ў гарах трашчаць скалы, скаланаючы ваколіцы магутнымі абваламі.
   Прыкмет жыцця на гэтай знешняй планеце сістэмы Тау Кіта Галай не знайшоў. Ён абляцеў яе некалькі разоў, пакуль выбраў месца для пасадкі, і ўсюды былі толькі шэры пясок, ды такія ж шэрыя, попельнага адцення горы. Таму планета і атрымала сваю назву – Попельная.
   Апынуўся Галай на Попельнай невыпадкова. У апошні час многія касманаўты, вылятаючы за межы сонечнай сістэмы, пачалі прымаць невядомыя радыёсігналы. Найбольш верагодная крыніца іх таілася недзе ў раёне зоркі Тау Кіта, акружанай некалькімі планетамі. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Гэта было падобна на праўду, бо на дзвюх-трох планетах сістэмы маглі існаваць умовы для жыцця. I калі людзі стварылі касмічныя караблі, здольныя пераадольваць прастору даўжынёй у адзінаццаць светавых гадоў, было вырашана паслаць экспедыцыю да Тау Кіта. Базу для яе на адной са знешніх незаселеных планет і павінен быў стварыць Антон Галай, які стартаваў першым.
   Робаты, паводле загадзя дадзенай праграмы, хутка сабралі жыллё і дапаможныя памяшканні. К канцу першага дня на плато ўжо ўзвышаўся домік, у якім Галай мог адчуваць сябе, нібы на Зямлі, а нястомныя робаты з кібернетычнай праграмай, або проста кібы, як іх звычайна ласкава называлі касманаўты, занялі пазіцыю на пастах вакол лагера. Галай не чакаў небяспечных наведвальнікаў, не чакаў ніякай пагрозы, але такі закон быў для кожнага касмічнага дэсанта.
   Першая ноч прайшла спакойна. I з раніцы Галай на ўсюдыходзе аб’ездзіў бліжэйшыя ваколіцы свайго прытулішча. Горы цягнуліся далёка-далёка, як хапала вока. Голыя, скалістыя, пахмурыя. I ніякіх адзнак чаго-небудзь іншага, што магло б парадаваць позірк разнастайнасцю, уласцівай многім іншым планетам, на якіх пабываў ён раней, хаця яны таксама былі пазбаўлены жыцця.
   – Ты, стары, апынуўся тут не для таго, каб цешыць свае эстэтычныя запатрабаванні, – усміхнуўся сам сабе Галай.
   Кіб, які суправаджаў яго, пачуў гэта і сур’ёзна заўважыў:
   – Мы прыехалі працаваць.
   Галай засмяяўся і павярнуў да базы. Перад сном ён, уважліва праверыўшы яшчэ раз дадзеныя назіранняў аўтаматычных станцый і лабараторый, паслаў радыёграму начальніку экспедыцыі. Шэсць разоў павернецца Попельная вакол сваёй восі, пакуль паведамленне дасягне раёна, дзе чакала падрыхтаваная да скачка і дрэйфуючая зараз у космасе экспедыцыя. Пасля пройдзе яшчэ дзесяць доўгіх мясцовых сутак, і тады яго адзіноцтва скончыцца. Атрымаўшы вестку, экспедыцыя перабазіруецца на Попельную. Галай чакаў гэтага дня не таму, што баяўся адзіноты: да яе ён прывык за многія гады вандравання ў бязмежных прасторах космасу. Але ён не выносіў іншага – бяздзеяння, а тут яно было проста вымушанае. З гэтай прыкрай думкай ён і заснуў.
   Кіб загаварыў апоўначы, парушыўшы абавязковую ў час сну чалавека цішыню. Гэта было так дзіўна, што Галай аж сеў на ложку. А голас мяккага прыемнага тэмбру з нейкім хваляваннем, як яму здалося, паўтараў:
   – Ахоўны пост бачыць чырвоныя агеньчыкі. Ахоўны пост бачыць чырвоныя агеньчыкі...
   На экране тэлесувязі паказаліся вяршыні бліжэйшых гор. Раз-пораз на іх успыхвалі чырванаватыя іскаркі. Праз некаторы час яны перамясціліся на схілы.
   Іскарак было нямнога, Галай налічыў іх не больш дзесяці. Але адкуль яны з’явіліся і што гэта? Кіб, які ўвесь час трымаў сувязь з ахоўнымі пастамі, паведаміў:
   – Агеньчыкі рухаюцца, да лагера не набліжаюцца.
   Гэта было нешта новае, і Галай, не марудзячы, вывеў усюдыход. Пагоня за агеньчыкамі была доўгай і марнай. Яны зніклі, не пакінуўшы ніводнага следу.
   Стомлены Галай вярнуўся, калі развіднела. Зеленаватае сонца Попельнай свяціла ласкава і спакойна, быццам і не было зусім халоднай ночы з таямнічымі прышэльцамі. Каб не разумныя кібернетычныя памочнікі, Галай палічыў бы нават, што ў яго была галюцынацыя.
   «Магчыма выпраменьванні», – запісаў ён у вахценным дзённіку. Але гэтая няпэўнасць вываду выклікала толькі пачуццё нездаволенасці сабой. Ён павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўначы, дакапацца да сутнасці з’явы. Устрывожаны Галай амаль увесь дзень хадзіў побач з вартавымі кібамі, пільна ўглядаючыся ў горныя расколіны.
   А новая ноч прынесла новую загадку. Кіб, які знаходзіўся на самым дальнім пасту, раптам на паўслове спыніў перадачу. Аўтаматычны пульт адразу ж накіраваў да яго рамонтнага робата. Але і той, ледзь дабраўшыся да месца, перастаў адказваць на выклік. Галай счакаў хвіліну, другую. Сувязь маўчала. I ён пайшоў сам.
   Кібы ляжалі нерухомыя – і той, што быў тут раней, і той, што прыйшоў на дапамогу. У абодвух разрадзіліся атамныя батарэі, нібы нехта адным махам выбраў адтуль усю энергію, запасаў якой звычайна хапала на некалькі тысяч гадзін.
   Галай агледзеўся. Ноч, густая ад чарнаты, з якой не маглі саўладаць нават яркія калматыя зоркі, падстулала з усіх бакоў, хаваючы ў сабе незразумелую таямніцу, якая станавілася ўжо і небяспечнай. Упершыню ён адчуў, як халодныя мурашкі ад страху папаўзлі па спіне.
   Назаўтра разрадзіліся батарэі яшчэ трох кібаў. Зрабілася зразумела, што гэта не выпадак, што некаму, відаць, патрэбна энергія. Але каму? У пошуках разгадкі Галай аблазіў усе горы вакол базы. I не заўважыў нічога падазронага, ніякага нават намёку на таго, хто мог бы спусташаць атамныя батарэі.
   А неўзабаве здарылася яшчэ горшае: ураз страцілі энергію батарэі ўсіх робатаў, якія знаходзіліся вонкі. Пазбаўлены памочнікаў, Галай адчуў сябе амаль бяссільным супраць дзеяння выпадковых, а можа нават і варожых сіл, якія, здаецца, вялі на яго планамернае наступленне. I яшчэ ён падумаў, што хутка прыбудзе экспедыцыя. Таварышы высадзяцца тут, выгрузяць тэхніку, абсталяванне, пабудуюць абсерваторыю, лабараторыі. А потым, аднаго дня, усё гэта замрэ, пазбаўленае галоўнай крыніцы свайго жыцця – энергіі. I ніхто з іх ужо ніколі не зможа вярнуцца на родную Зямлю.
   Адчуванне агромністай віны агарнула Галая. Ён не меў права, не ўпэўніўшыся да канца, пасылаць паведамленне, што на Попельнай для людзей няма небяспекі. I пакуль не позна, трэба папярэдзіць таварышаў. Яго сігнал яшчэ засцігне іх у дарозе. Аб тым, што ён сам сабе адразае шлях да вяртання, Галай нават не ўспомніў. Заклапочаны толькі адным – хутчэй перадаць паведамленне, ён схіліўся над радыёапаратам.
   Жоўтыя індыкатары рацыі свяціліся, жылі і супакойвалі. Галай вывеў вонкі доўгую антэну дальняй сувязі, падключыў да рацыі поўную магутнасць акумулятараў і пачаў кадзіраваць тэкст перасцярогі.
   Ціхі шолах прымусіў яго падняць галаву. Убачыўшы, ён спачатку ўсхапіўся, а потым бездапаможна сеў зноў. Ад акумулятараў проста паверх аголеных правадоў да антэны з лёгкім шыпеннем паўзлі сінія змейкі. Галоўная энергія базы вылятала беззваротна ў прастору. Ён аказваўся адрэзаным ад сусвету.
   Гэта быў такі ўдар, пасля якога Галай не адразу апамятаўся. Абхапіўшы галаву рукамі, ён доўга сядзеў нерухома, спрабуючы нешта прыдумаць і не маючы сіл сабрацца з думкамі. Ачуцца яго прымусіў вокліч апошняга рухомага кіба, якога ён не выпускаў з памяшкання. Кіб стаяў ля незацененага акна і варушыў сваімі кароткімі антэнамі-вусікамі. Галай стаў побач і выглянуў у чорную ноч.
   За акном у бледным мігценні калматых зорак ледзь прыкметна ўгадваўся высокі горны краж. Гэты малюнак Галай назіраў неаднойчы, у ім не было нічога незвычайнага, але сёння, зараз, штосекундна паяўлялася нешта новае. Вось вяршыні гор зрабіліся больш акрэсленымі, пабялелі. I раптам за імі ўспыхнула светлая пляма. Яна разгаралася, ахопліваючы палавіну неба, дрыжала, і гэтае дрыжанне, здавалася, хвалямі папаўзло наўкола. На стале жаласна дзынкнулі якіясьці шклянкі, замітусіліся стрэлкі сейсмографаў. А яшчэ праз імгненне яркая гіганцкая блакітная паласа прарэзала ноч, хаваючыся сваім другім канцом недзе ў бясконцасці.
   Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж мёртвым святлом, здзіўляючы магутнасцю і фантасмагарычнасцю.
   Відовішча працягвалася не больш хвіліны. А потым ноч зрабілася яшчэ чарнейшай. I Галай, аслеплены блакітным ззяннем, не адразу заўважыў на схілах гор колішнія чырвоныя агеньчыкі.
   – Ага, ты зноў, – злосна ўсклікнуў Галай, – але я злаўлю цябе. – Захапіўшы кіба, ён выскачыў за дзверы.
   Агеньчыкі паводзілі сябе, як і ў мінулы раз: кружылі, сноўдаліся, не даючы наблізіцца да сябе. I тады Галай падумаў: «А што, калі энергію кралі ў яго іменна гэтыя няўлоўныя светлячкі?» Траціць яму ўжо не было чаго, і, каб праверыць здагадку, ён паслаў наперад свайго апошняга кіба. Яны не маглі не паквапіцца яшчэ на адну ёмістую батарэю.
   Хітрасць удалася. Агеньчык раптам замігаў, спыніўся, быццам у роздуме, і рвануўся да кіба. Паблізу агеньчык ператварыўся ў бліскучы шар. Прынікшы да кіба, ён успыхнуў, наліваючыся барвовай чырванню. Галай паспеў падбегчы раней, чым шар пакінуў сваю ахвяру. Нейкая ўпартая лютасць авалодала чалавекам. Ён закрычаў:
   – На, бяры, – і падставіў провад сваёй батарэі.
   Шар скалануўся ў яго бок. Імгненне павісеў нерухома, нібы вагаючыся, прымаць падарунак ці не, і абыякава пасунуўся прэч. Некаторы час яшчэ ў цемры чырванеў знаёмы светлячок. Потым знік і ён.
   Разгублены, прыціхлы пазіраў Галай услед. Чаму шар абмінуў яго, чалавека, не паквапіўшыся нават на магутную атамную батарэю?
   Здагадка неакрэсленая, нерэальная засвідравала мозг. Яна была да таго неверагодная, што Галай аж прысеў на цвёрды скалісты выступ, побач з якім знайшоў сваё апошняе прыстанішча яго верны кіб. Так, шары збіраюць на Попельнай энергію і потым, назапасіўшы яе пэўную і вялікую колькасць, нейкім чынам перапраўляюць у патрэбнае месца. Можа на трэцюю планету ўнутранага пояса, у напрамку якой схавалася блакітная паласа, а можа яшчэ куды. Ды гэта пакуль не так ужо і важна. Галоўнае, недзе тут, зусім побач па касмічных маштабах, напэўна ёсць разумнае жыццё, прадуктамі творчасці якога з’яўляюцца і гэтыя шары, і тая сіняя энергетычная паласа. Але жыццё гэтае, відавочна, развіваецца на іншай аснове, незразумелай, чужой чалавеку, хоць і роўнай яму па сэнсу.
   I ад таго, што Галай адчуваў сябе не толькі асуджаным, але і пазбаўленым магчымасці ўстанавіць кантакт з гэтым жыццём, і ад таго, што гэтай магчымасці будзе пазбаўлена і ўся іх экспедыцыя, яму зрабілася невыносна горка і крыўдна. Падаўлены падзеямі, Галай узваліў на плечы амярцвелага кіба і пакрочыў дадому. Ён ішоў, засяроджаны сваёй думкай, і зусім не звяртаў увагі на чырвоныя агеньчыкі, што не гаслі нават пад першымі дрыготкімі праменнямі зялёнага свяціла. А шары, якіх набралася ўжо некалькі дзесяткаў, з усіх бакоў спускаліся да базы.
   – Няма ўжо вам пажывы, – не спыняючыся, сумна ўсміхнуўся Галай. За сябе ён проста не баяўся.
   Але далейшыя падзеі прымусілі яго запаволіць крок.
   Шары імкліва рынуліся да распасцёртых кібаў, апанавалі ўсюдыход, прыніклі да антэны. Яны на вачах трацілі свой залацісты бляск, чарнелі і тады адплывалі. А кібы... Кібы заварушыліся, у навушніках пачуўся трэск іх рацый. Кібы ажылі.
   Не верачы вачам, Галай пазіраў на ўсё гэта, і буйная радасць гарачай хваляй захлёствала яго з ног да галавы. Разумныя істоты, якія жылі недзе ў межах гэтай сістэмы, даведаліся аб сустрэчы іх аўтаматаў з чалавекам і загадалі вярнуць энергію яго машынам. Як гэта было цудоўна!
   Забыўшыся пра кіба, які нерухома ляжаў на яго плячах, Галай пабег да радыёрубкі.

Похожие статьи:

Уладзімір ШыцікУладзімір Шыцік - Настаўнік

Уладзімір ШыцікУладзімір Шыцік - Лісцік серабрыстай таполі

Уладзімір ШыцікУладзімір Шыцік - Зорны камень