Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Караткевіч - Сівая легенда

Кнопка отправить на печать

   Гістарычнай памяццю і патрыятычным зместам прасякнута аповесць "Сівая легенда" (1960), падзеі якой адбываюцца на Магілёўшчыне (галоўным чынам на Рагачоўшчыне ў Кісцянёўскім замку, а ў канцы твора і ў самім Магілёве) у першай трэці XVII стагоддзя, пасля Люблінскай (1569) і Брэсцкай (1596) уній, калі адбывалася паланізацыя беларускага насельніцтва.
   Падзеі і галоўныя героі аповесці народжаны фантазіяй мастака. Выключэнне складае Леў Сапега, які, праўда, толькі эпізадычна прысутнічае ў канцы твора. Аднак аўтар здолеў перадаць атмасферу таго часу, калі частымі былі паўстанні сялян супраць феадальнага прыгнёту.
   Адно з такіх паўстанняў узначаліў Раман Ракутовіч. За яго адмовіўся аддаць замуж сваю прыгонную дзяўчыну памеcны феадал Кізгайла, бо так захацела ягоная жонка Любка, якая кахае Рамана. I тады Раман уздымае сялян на паўстанне. Не толькі асабістая крыўда прымусіла яго пайсці на гэта, але і пратэст супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту. Патомны дваранін, ён у простым народзе ўбачыў высокія грамадзянскія і маральныя якасці: "Мужык — станавы хрыбет усяму", — гаворыць Ракутовіч. Вернасць народу азначае для яго вернасць роднай зямлі, Бацькаўшчыне.
   Уладзімір Караткевіч з належнай мерай рамантычнай ідэалізацыі адлюстроўвае тагачасную рэчаіснасць, паказвае працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа, вызначае яго нацыянальны характар. Вывады і назіранні пра беларускі народ пісьменнік укладвае ў вусны швейцарца, наёмнага салдата Канрада Цхакена. Той захапляецца мужнасцю беларусаў, якія здолелі "адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве". Цхакен разважае: "Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа. I я не бачыў горшых паноў, чым тыя, што стаяць над ім". I далей зазначае: "Я не бачыў людзей больш ахайных, чым русіны... гэтыя людзі надта адчувальныя да абразы".
   У аповесці дасканала пададзены батальныя сцэны штурму, абароны і захопу замка, яскрава намаляваны хваляванні віруючага натоўпу ў Магілёве. Закранута такая праблема, як падзел беларусаў на каталікоў і праваслаўных (Кізгайла і ягоная жонка Любка). Натуральна гучаць у творы вайсковыя каманды Цхакена пры мушкетнай стральбе яго падначаленых і словы з прашэння беларускага народа на сейм, прачытаныя Раманам. Аповесць насычана патрыятычнай сімволікай. Раман Ракутовіч выступае нібы герой народнага эпасу. У апісанні Рамана як вершніка на белым кані, апранутага ў барвяны плашч, са старадаўнім двухручным мячом у руцэ ўвасобіліся герб "Пагоня" і спалучэнне святых для беларускага патрыятычнага сэрца белага і чырвонага колераў. I потым, калі паўстанне было разгромлена, на гэтай, як піша Караткевіч, "Богам праклятай, лютай, грэшнай зямлі" ганьбаваліся і былі пакараны і сам вершнік, змагар і абаронца людзей, і ягоныя меч і шчыт, і ягоная каханая, якая ўспрымаецца як дзяўчына і як сімвал Беларусі.
   Аповесць "Сівая легенда" гучыць як пратэст супраць дэспатызму, жорсткасці і рэнегацтва, здрады радзіме. Асабліва трагічна паказана пакаранне Ракутовіча і яго каханай Ірыны. Юнаку адсеклі кісці рук, а дзяўчыну асляпілі. Але яны не здрадзілі свайму пачуццю. Нельга не далучыцца да заключных слоў, сказаных Цхакенам: "Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей". Так пранікнёна і балюча сказаць пра аслепленую і абязручаную Беларусь мог сапраўдны талент.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!