Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Караткевіч - Калыска чатырох чараўніц

Кнопка отправить на печать

   П'еса была напісана Уладзімірам Караткевічам да стагоддзя з дня нараджэння Янкі Купалы і мае прыкметы твораў "з нагоды", юбілейных. Гэта - некаторая паспешлівасць у вырашэнні канфлікту, элемент урачыстасці, патэтыкі і рыторыкі. Ёсць падставы сцвярджаць, што менавіта гэтая п'еса з'яўляецца лагічным завяршэннем драматургічнага цыклу Уладзіміра Караткевіча. Бо яна даводзіць да пэўнага выніку адну са стрыжнявых ліній тэтралогіі - пошук нацыянальнага характару. Які абарочваецца адначасова і пошукам нацыянальнага героя.
   У п'есах Уладзіміра Караткевіча герой-змагар паступова вылучаецца з народнай масы. Спачатку - гэта чалавек дзеяння, барацьбіт, воін. Але ўжо Васіль Вецер спалучае ў сваіх паводзінах не толькі дзеянне, але і мысленне. Ён - не толькі змагар, але і інтэлігент, прадстаўнік адукаванай вясковай эліты. Каліноўскі, у сваю чаргу, і рэвалюцыянер, і агітатар, і публіцыст, і паэт.
   І вось перад намі Купала - валадар Слова. Барацьбіт, які галоўнай сваёй зброяй абраў слова. Гэтае слова - перадусім аб Бацькаўшчыне. Яно паступова прабівалася да людзей, каб ператварыць іх з натоўпу ў народ.
   Ужо ў п'есе "Званы Віцебска" асэнсоўваецца тэма Радзімы; паўстанцы гавораць не толькі пра веру, але і пра родную мову, традыцыі і звычаі бацькоў. У п'есе "Маці ўрагану" яшчэ больш выразна гучаць матывы занядбанай, зняволенай радзімы, адабранай мовы, знявечанай гістарычнай памяці. Святыя, запаветныя словы ў п'есе "Кастусь Каліноўскі" ставяцца ў сінанімічны шэраг: "І паўсюль, дзе перамагае іхняя сіла, - у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. І няма над імі ніякай улады, акрамя іхняй справядлівасці. Няма ўжо ні чыноўніка, ні пана, ні хама. Ёсць - Людзі".
   Матывы і вобразы з іншых п'ес Караткевіча пераходзяць у п'есу "Калыска чатырох чараўніц". Напрыклад, той Голас, што гучаў у фінальнай сцэне трагедыі "Маці ўрагану". Тут Голас - персанаж, якога нельга ўбачыць, а можна толькі пачуць. І чуе яго адзіны чалавек - Янка. Пакуль што ён юнак, якому наканавана стаць Паэтам, яшчэ цьмяна здагадваецца, што Голас - яго другое "я". Адначасова гэта голас яго далёкіх папярэднікаў, змагароў і творцаў. Ён жа - прадвеснік яго будучых твораў. Голас набудзе ўпэўненасць і моц у фінале, калі загучаць радкі "Мужыка" - першага верша Купалы на роднай мове.
   У Уладзіміра Караткевіча надзіва стракатае перапляценне стыляў -рамантычнага, рэалістычнага і сімвалічнага. Магчыма, гэтая палітра абумоўлена сінтэтычнасцю паэтычнага стылю самога Купалы, да асобы якога звярнуўся драматург. Прынамсі, "Калыска чатырох чараўніц" перапоўнена рэмінісцэнцыямі - матывамі і тэмамі, якія можна знайсці ў купалаўскіх творах.
   Чараўніцы, што ладзяць таямнічы абрад варажбы над калыскай нованароджанага Янкі, нагадваюць, безумоўна, містычных персанажаў з купалаўскай "Адвечнай песні". Там горкі лёс сялянскаму сыну прадказваюць Жыццё, Доля, Бяда, Холад і Голад. Яны абвяшчаюць Мужыка і царом, і рабом прыроды.
   У творы Караткевіча прысуд варажбітак інакшы. Іх чатыры - Белая, Блакітная, Залатая, Цёмная. Паводле іх прароцтва можна меркаваць, што нованароджаны будзе не такім, як усе, што яму наканавана адметная доля, адначасова і ўзнёслая, і драматычная.
   "Ч а ц в ё р т а я. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.
   П е р ш а я. І выйдзе на святло.
   Ч а ц в ё р т а я. І аслепне ад яго.
   Д р у г а я. І выведзе на яго іншых.
   Ч а ц в ё р т а я (амаль у ярасці). Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.
   П е р ш а я. І вернецца ў яе. І давеку застанецца з ёю".
   Янка Купала стане відавочцам розных чалавечых драм, і адна з іх разыгрываецца ў п'есе У. Караткевіча. На вачах у хлопца Луцэвіча распадаецца і гіне сям'я Юзука Гладышэўскага, збяднелага арандатара. Тут праглядаецца ўжо фабула драмы Янкі Купалы "Раскіданае гняздо".
   Цэнтрам канфлікту п'есы становіцца ўнутраная барацьба, якая адбываецца ў душы маладога Купалы. Істотнае значэнне тут мае выбар мовы, рашэнне Купалы пісаць толькі па-беларуску, прынятае не ў апошнюю чаргу пад уплывам старога рэвалюцыянера Чаховіча.
   Значным для самога Купалы і для ўсёй нацыі быў і выбар жыццёвага шляху. Характэрна, што прымаючы рашэнне, Янка ў дыялогу з Маці кажа не пра сваю схільнасць да літаратуры, але пра доўг:
   "М а ц і. Лёс не блаславіць цябе, што кідаеш зямлю.
   Я н к а. Я кідаю, каб прыйсці да яе. Я іду да гэтай зямлі.
   М а ц і. Чаго?
   Я н к а. Сплочваць доўг.
   М а ц і. Не было ў нас даўгоў.
   Я н к а. Нязмерныя нашыя даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць..." .
   Гаворка ідзе пра той абавязак інтэлігенцыі перад народам і нацыяй, пра які пазней будуць гаварыць і спрачацца палемісты ў "Нашай ніве", аўтары артыкулаў "Сплачвайце доўг" (Вацлаў Ластоўскі) і "Чаму плача песня наша?" (Янка Купала).
   З твора У. Караткевіча бачна, што змаганне, асветніцтва і творчасць - з'явы аднаго плану, з іх разам, а не паасобку вынікае поспех нацыянальнага Адраджэння і росквіту. "Формула гісторыі", вынайдзеная Караткевічам, яго творчы досвед, адкрыты ім мацярык беларускай гісторыі мелі не толькі літаратурны, але і грамадскі рэзананс.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!