Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Былі ў мяне мядзведзі

Увага! Поўны змест

   Бацька мой быў ляснічы. І дзед быў ляснічы і прадзед. І ўсе мае дзядзькі з бацькавага боку былі ляснічыя, лесаводы або яшчэ нейкім чынам былі звязаны з лесам і з навукай аб лесе. Стварылася вялікая лясная дынастыя, і нават мой малы пляменнік толькі і трызніць, што аб дзедавай прафесіі.
    З гэтай дынастыі адзін я, на гаротнае засмучэнне бацькі і дзеда, выявіўся вырадкам. Стаў мастаком-анімалістам. Тым, хто малюе звяроў.
    Тата прымірыўся з гэтай здрадай толькі пасля таго, як, па доўгім роздуме, пераканаў сябе, што звяры — гэта таксама лес, што я аддаю перавагу замалёўкам у лесе, а не ў звярынцы. Ну, і яшчэ пасля таго — гэта, урэшце, справы не датычыцца, — калі работы мае да нябёс расхваліў славуты анімаліст Васіль Аляксеевіч Ватагін.
    Але справа не ўва мне і не ў маёй працы. Яна сама гаворыць за сябе на выстаўках і ў музеях. Гаворыць менавіта столькі — ні болей ні меней, — сколькі мне ўдалося ў яе ўкласці. І настолькі, наколькі дазволілі мае здольнасці.
   Справа ў тым, што з-за спецыфікі гэтай справы дом мой вечна быў поўны рознымі жывёлінамі. Пад ложкам мелі кватэру вожыкі, чарапахі, марскія свінкі. На ўсіх падаконнях акварыумы з рыбкамі розных парод (за імі, досыць беспаспяхова, спрабаваў паляваць мой сіямскі кот Васіліск). У доме — а ён у мяне на ўскраіне — заўсёды было некалькі сабак рознай пароды. У розныя часы жылі ў мяне ваўчаняты, малыя лісы, фенек, шчанюк чыты або гепарда. Дый ці мала яшчэ чаго! Не было толькі таго няшчасця, якое здарылася з нямецкім пісьменнікам Бёлем: у маёй ваннай ніколі не жыў бегемоцік. А так усякай жыўнасці хапала. І так, наколькі я памятаю, было з першай хвіліны, у якую я пачаў усведамляць сябе.
   Успамінаю стары-стары, з дубовых брусоў складзены дом лясніцтва наводдаль ад нашага, і як восенню ён бываў укрыты звонкім і спявучым чырвоным лісцем, і як пазней, у зазімкі, пяшчотна серабрыўся яго шчапяны дах. І гэтае срэбра дымела і выпаралася на сонцы, і рэдкія кроплі падалі на ўспацелыя халодным потам гарбузы ў падстрэшку.
   З нашага мезаніна былі відаць двухпавярховыя, з галерэямі, пуні, жораў студні, велічэзная сонна-кашлатая адрына. І яшчэ ўзятая ў зруб крынічка пасярэдзіне паплаўца. І — з правых вокнаў — стары мяшаны гай за домам лясніцтва, а вышэй, на градзе, медзянастволы мачтавы Зафееўскі бор, што цягнуўся на многія дзесяткі кіламетраў і вечна шумеў, памахваў небу.
    А за вокнамі быў паплямаваны купамі дрэў поплаў, які спускаўся да старыка, а за старыком зноў ішлі паплавы і старыкі.
   Старыкі і паплавы, на якіх сям-там высіліся векавыя , сінія ад далечыні дубы. Недзе там, за апошнімі дубамі, дужа далёка, быў Дняпро і на другім беразе, калі праплысці чаўном кіламетры два, гарадок, у які ездзілі купляць неабходнае і, часамі, у госці.
    Там мінула маё дзяцінства, і я ніколі не езджу туды. Бо ведаю, якой тугой сустрэне мяне гэты куток, у якім я ўжо нічога не пазнаю, калі нават і злітаваўся з яго агонь вайны. Але нават калі і злітаваўся -там набудавалі, перарабілі, высеклі і насадзілі, а я хачу, каб ён заставаўся такі, які ён стаіць у маіх вачах: самы найлепшы для мяне куток Беларусі, якая для мяне зноў-такі найпрыгажэйшая ў свеце зямля.
    Я паеду туды, хіба што адчуўшы набліжэнне канца, калі чалавек адчувае неадольную цягу аб'ездзіць усе мясціны, дзе калісьці жыў, тое, што прымушае шпака перад адлётам, з якога можна не вярнуцца, наведаць родную шпакоўню; тое, што прымушае мядзведзя абысці ў апошні раз свае ўладанні; тое, што яднае нас з усімі птушкамі і звярамі ў адзіным коле існага. І тады я зноў убачу бацьку на кані і палясоўшчыкаў, што рагочуць з ягоных грубаватых жартаў. І старога Марку, які вучыў мяне вабіць цяцерак, проста так, каб убачыць іх, і вучыў нацягваць на след і стойку сабаку, і браў з сабою на старыкі лавіць велічэзных бронзавых ліноў. І матку ўбачу, як спрытна яна кіруе таратайкай, запрагае каня, доіць карову або зімовай ноччу — было раз такое — страляе з ганка па ваўчынай гайні, якая хацела сцягнуць сабаку або ўдзерціся ў Маркаву аўчарню.
    А пакуль што я не хачу ехаць туды. Больш за ўсё, шчыра кажучы, таму, што мне ўвесь час здаецца: вось прыеду, і выйдзе мне насустрач з лесу Бурык, Бурчынька, і засапе, і зарохкае, і будзе цягнуць таўшчэзную лапэту, кленчачы цукерку.
    Глупства, вядома. Мінула з таго часу трыццаць год, і мой звер, вядома ж, даўным-даўно мірна заснуў у нетрах (мядзведзі моцныя і таму маюць на гэта права), калі толькі яго не забіла вайна.
    Яго прынеслі мне ўзімку саракавога года. Прынёс палясоўшчык з Румеля, мужык з чырвонымі шчочкамі, кучаравымі вялізнымі вусамі і саладзейшымі вочкамі колеру турэцкага тытуню. Палясоўшчыкі ўспаролі мядзведзіцу — тады яшчэ паляванне на мядзведзяў не было забаронена, — забілі яе, двух медзведзянят пабралі сабе, а трэцяга занеслі бацьку.
    Той паставіўся да ўсяго гэтага страшэнна няўхвальна. Ён цярпець не мог непатрэбнага "ляснога разбою", хаця б ён і не быў забаронены дзяржавай.
    — Матку страляць. Падурэлі мужыкі.
    — Дык... яно... чорт яе ведае, хто яно там сядзеў. А выскачыла, то было ўжо позна. Тут ужо ратуйся. Абуджаны мядзведзь усё адно прападзе .
    — А я вось Піліповічу за гэта ўзгрэў дам. Не ведаць, дзе і які звер на ягоным участку.
    — Дык малое ж усё адно шкада, — без усякай логікі сказаў рубельскі палясоўшчык. — Не выкінеш жа на мароз.
    — А які вы гэтаму малому лёс прысудзілі? — спытаў бацька.— Дзікі — хай бы сабе й жыў дзікі сабе на радасць. А так будзе ні хатні, ні дзікі. Будзе цягнуцца да людзей, палохаць іх. Скуль жа ім ведаць, што ён мухі не пакрыўдзіць? Ну і нарвецца на кулю. Ці самім давядзецца застрэліць, ці ў звярынец здаць — таксама не цукар без свабоды.
    На хвіліну навісла маўчанне.
    — Ат, — сказаў Румельскі, — абы ваша галава не балела. Я ведаю спосаб, як зрабіць, каб у лес пайшоў. Толькі ўжо як возьмеце, то годзік трэба патрымаць, пакуль у сілу не ўваб'ецца. На правах, значыцца, пестуна. Не таго, вядома, Пестуна, што старызнікам у гарадку працуе, а звярынага, што маці дапамагае новы вымет выхоўваць. Сяголетніх. А то малое кожны пакрыўдзіць.
    — Добра ўжо, — згадзіўся бацька. — А Піліповічу скажы, што як яшчэ такое з маткаю зробіць — я яму...
    Румельскі, папіўшы чаю, пайшоў, а бацька сказаў Марку прыказку, той безнадзейны беларускі варыянт прыслоўя, што "будзе і на нашай вуліцы свята", якім суцяшае сябе наш чалавек, калі нічога, да пары, не можа зрабіць з моцным ворагам.
   — Хрысціць хіба ў таго Піліповіча не пайду? Не ведаў ён. Закону ж няма, то што я яму магу зрабіць? Хіба сказаць, што вось "будзе і на нашай вуліцы мядзведзь... — не пушчу глядзець".
   — Відовішча і сапраўды... цікавае, — пакпіў дзед Марка. — Вось бы народу збеглася. Дзіва! А Піліповіча турнуць. Прасіўся б, плакаў: "Пусціце зірнуць".
    — То ж бо, — безнадзейна сказаў бацька.
    Я чуў апошнія іхнія сказы, адшвэндаўшыся гадзіны тры па лесе і летучы на лыжах з узгорка да ганка нашае хаты.
    — Сяргею Антонавічу прывітанне, — сказаў Марка з заўсёднай сваёй іроніяй.
    — Хадзі, Сярожа, сюды, — сказаў бацька.
    Ён трымаў у руках аблезлую зайчыную шапку і паказваў мне нешта жывое, што ляжала ў ёй.
    — Шчанюк! — ахнуў я.
    Шчанюк быў велічынёй з рукавічку, маленькі-маленькі, светлы. І вочкі былі ці то сінія, ці то проста з блакітнай каламуццю, як то бывае ў шчанюкоў. А дурныя ж, дурныя!
    — Якой пароды? — спытаў я.
    — Мядзведжай пароды, — адказаў бацька. — Гэта медзведзянятка.
    — Т акі малы? Смяешся, так?
    Я шмат разоў бачыў мядзведзяў і не паверыў яму.
    — Э-ех, Сяргейка, розуму ў цябе, — сказаў Марка. — А яшчэ лесавік. Мядзведзі ж узімку не ядуць. Вось мядзведзіха такіх і нараджае. Малака ім з напарстак трэба, і яны ўсю зіму амаль не растуць. Іначай высмакталі б ушчэнт. Здохла б матка з голаду. Затое ўжо вясной, як выйдуць на лясны хлеб, пачынаюць як на дражджах перці. Гэта ж не людзі прыдумалі, а натура. Тыя б неадменна прыдумалі нейкае глупства, дый яшчэ горшае, чым у Маркавічах, бо маркавічане хаця са сваёй дурнасцю за вёску не лезуць. А яна му-удрая!
    Тады я яшчэ не ведаў анекдотаў пра нібыта фенаменальную дурасць жыхароў вёскі Маркавічы, беларускага Пашахоння, але першы ўрок аб мудрасці прыроды завучыў цвёрда і назаўсёды.
    Мядзведзіка занеслі ў хату, і там маці, узяўшы яго на рукі, пачала мачаць палец у цёплае малако і даваць яму злізваць. Язычок у таго быў шэры і толькі ледзь-ледзь у ружовае. А пасля Марка вярнуўся з гарадка, з пакупак, і прывёз аранжавую, як апельсін, спрынцоўку, і тады справа ўвогуле пайшла на лад.
    Мабыць, з той прычыны, што было ўдосталь покарму, мядзведзік не стаў чакаць вясны, каб пачаць расці. Распірала яго, сапраўды, як на дражджах. Хутка мы пачалі даваць яму ўжо і крышаныя яйкі, і мёд, разбоўтаны ў вадзе. У гэтых выпадках ён асабліва чыста вылізваў сподак.
    Спаў ён у маім мезанінным закутку на старым кажусе, пасцеленым ля грубкі, але часамі ўначы пачынаў так жаласна енчыць і квіліць, сумуючы па чымсьці, што я браў яго да сябе ў ложак, пад коўдру, хаця рабіць гэта мне забаранялі. Трапіўшы туды, ён адразу супакойваўся і пачынаў цмокаць языком усё саладзей і саладзей, аж пакуль не засынаў, а тады ўжо толькі соп. А я баяўся толькі прыспаць яго, ненарокам наваліўшыся ў сне. Занадта ўжо ён быў малы.
    Раніцаю бацька, каб не лезці па сходах, грукаў кіем у столь, і я хутка адносіў медзведзяня на месца... Часцей за ўсё ён і не прачынаўся пры гэтым.
    А я, пасля ўсіх гэтых ненавісных умыванняў і парэчкавых чаёў, ставаў на лыжы і ішоў пяць кіламетраў у свой трэці клас. І заўсёды шкадаваў, што мядзведзь застаецца дома адзін. Узяць яго з сабой я, аднак, не наважваўся, інстынктыўна адчуваючы, што прысутнасць мядзведзя ў класе асаблівага захаплення ў настаўнікаў не выкліча.
    Бурык рос, і ў маім пакоі зніклі аконныя занавескі, бо ён меў звычай караскацца на іх і гайдацца. І знікла сурвэтка са стала, бо ён двойчы сцягваў яе разам з чарніліцай і сшыткамі. Сшыткі ён акуратна дзёр на часткі, седзячы, як чалавек, на падлозе, беручы карэньчык у рот, а астатняе давяршаючы лапамі. І мне давялося хаваць сшыткі, і чарніліцу, і туфлі, што, між іншым, мела вялікае выхаваўчае значэнне. За год ён так прывучыў мяне не раскідваць рэчы, што жонкі і дагэтуль ставяць у прыклад мужам, маім сябрам, маю акуратнасць. У гэтым выпадку праклёны сяброў, па-мойму, павінны падаць не на маю галаву, а на галаву бедалагі Бурыка.
    А той раскашаваў у вялізным доме. Аднойчы забраўся ў камору, перакуліў на сябе банку з мёдам, а пасля высыпаў на сябе мяшэчак з мукой. Калі яго заспелі на гарачым, ён з дзелавітым буркатаннем аблізваў з сябе мярзотную бела-аранжавую кашу. Аблізваў плечы. Здымаў гэтую кашу з дзіцячага, амаль голага, круглага пуза. Перакульваўся на спіну і стараўся злізаць гэта яшчэ і з тоўстых голых пятак.
    Матка ахнула, схапіла яго за вуха і павалакла на кухню мыць у балеі. Я дужа баяўся, што бацька возьмецца за шпандыр, хаця ні мяне, ні сабакі, ні каня, нікога ён ніколі не біў. Так, матляне карбачом над крыжам каня, і той слухмяна пераходзіць у намёт.
    — Ты не бі яго, — сказаў я.
    — А чаго яго біць, — спакойна сказаў бацька і нібы растлумачыў: — Мядзведзь. Узялі, то цярпець маем. Мёд — гэта ўжо вышэй за яго і за дысцыпліну. Гадзіць прывучылі за дзвярамі, а ўжо да гэтага, Сярожа, яго не прывучыш. Усё адно як дзённікі не дзерці. Праўда ж?
    Я пачырванеў, бо і сапраўды аднойчы, грэшным чынам, назнарок пакінуў дзённік на стале. У дзённіку было першае маё "пасрэдна", адзнака, што адпавядае сучаснай тройцы. Карысці мне гэта не прынесла. Паршывец Бурык, як назнарок, падзёр у дробныя шматкі ўсе старонкі дзённіка, акрамя той, на якой была злашчасная адзнака.
    Я быў досыць праўдзівы хлопец, бо мяне ніколі не каралі звыш меры і патрабавалі "толькі не хлусіць".
    І тата ведаў, што я раскайваюся, а таму і перавёў размову на іншае :
    — Таму і імя яму — мядзведзь. Мёд ведае. Ведае, дзе мёд. Або мёдам ведае, як, скажам, Сялюк ведае райфа, я — лесам, Мурашэвіч — сельэлектрам, а Падута, скажам, дэпутат — Вярхоўным Саветам. Кожнаму свая пасада.
    — Дык гэта ж пасада, абавязкі, — сказаў я, — мядзведзь. А імя яму як?
    Бацька паглядзеў на мяне з цікавасцю.
    — Глядзі ты, кеміць пачынаеш. Кораня шукаць. Гэта добра. Без гэтага, хлопец, толькі дурні жывуць... Хаця, магчыма, ім жыць і лягчэй. Толькі... мала ў гэтым гонару для чалавека.
    Памаўчаў.
    — Чуў, як Маркава бабця гаворыць? Ніколі не скажа "вадзянік", а заўсёды "зялёны" або "мокры падол", бо ў таго, хоць ён чалавекам прыкінься, заўсёды з падолу капае. І не "чорт', а "рагаты", і не "воўк", а "шэры пан". І калі сабакі зімой небяспечныя бываюць, то "паны, што на саломе спяць і зубамі ішчуцца".
    — Гэта чаго? Чаму гэта?
    — Забабонная. Верыць, што "пра ваўка размова, а воўк у хатку". А калісь так усе людзі баяліся. Вось і назвалі звера, "той, хто мёд ведае", мядзведзь.
    — А сапраўднае імя забылі?
    — Забылі. Мянушку за сапраўднае палічылі. Унь Маркава нават кліча яго "дзядзька", або "таўстапяты". Хіба толькі ўскосна можна адзначыць першародную беларускую назву. Як называецца месца, дзе ляжыць?
    — Барлог.
    — "Бар-лог", "бара логава". Можа, і сапраўды зваўся ён калісьці, як у немцаў "Вär"? Агульнае было слова. Тым больш што і "барлог" у нас і ў іх падобна гучыць "Вärenloch", мядзведжы склеп. У нас жа таксама кажуць і "склеп" і "лёх". І, хутчэй за ўсё, менавіта немцы ў нас гэтае слова запазычылі.
    — Не хачу, як у немцаў, — сказаў я. — Фашысты яны.
    Бацька зноў зірнуў на мяне. Занадта ўважліва:
    — Гэх, Сярожа-Сярожа. Далёка не ўсе яны і фашысты.
    — То чаго ж тады?.. — абурыўся я.
    — Я вось усё думаю. Нарадзіўся б ты, скажам, там.
    — Яшчэ чаго, — ускіпеў я. — Як гэта магло быць? Я — тут.
    — Ну так, ты беларус. І гэта, павер, зайздросная бацькаўшчына. Ну, а раптам... Або проста нарадзіўся б там такі самы някепскі хлопец. І пачалі б яму талдычыць, што Гімлер — цаца, што Гітлер — бог. Не давалі б ні адпачынку, ні часу. Казалі б, што адзін ты такі на зямлі, што трэба вось другіх хлопцаў, бо ім не адкрытая праўда фюрэра, забіць. Дзяўблі б і дзяўблі. І ўдзяўблі б. Галава ў цябе доўгая, валасы і вочы светлыя. Будзеш высокі і стрункі. І глядзеў бы ты з пагардай і нянавісцю і на Маркава ўнука, бо ён паляшук чарнявы, і на Пінева Хоню і на Мамедава Асана з Татарскага Канца. А людзям, як і мядзведзям, усім патрэбна павага.
    Памаўчаў.
    — Многае, брат, можна ўбіць у галаву чалавеку. Часам — усё. Ну, ладна, нясвоечасовая гэта размова. Падрасцеш — пагаворым яшчэ.
    Я змоўкнуў. І наступная наша размова адбылася падчас вайны, калі я, заўчасна пасталеўшы, зведаўшы і небяспеку, і цану жыцця, сапраўды шмат зразумеў. Харошы быў чалавек мой бацька. І правільна, да канца правільна глядзеў на свет.
    ...Але пра гэта пасля. Вернемся да нашых мядзведзяў.
    У тое лета я, ідучы з Маркам у лес, пачаў усё часцей і часцей браць з сабою Бурыка. Спачатку той баяўся лесу, ціснуўся да ног, але з часам пачаў прывыкаць. Нават мог знікнуць, але як толькі крыкнеш, з усіх ног валюхаў да цябе, смешна матляючы віслым задам.
    Марка спецыяльна, на вачах у яго, адкідаў і перакульваў камяні і калоды, браў чарвякоў, што спяшаліся ў зямлю, ды лічынак і харчыў імі Бурыка.  Той аж чамкаў. З месяц нічога ў нас не атрымлівалася. І якая ж была радасць, калі ён упершыню паспрабаваў адцягнуць калоду. Невялікую. Ён быў гладзенькі, і сыты, і ўжо досыць моцны.
    — Пакрыўдзілі мы яго, — сказаў Марка, — то трэба выправіць, як здолеем. Каб не збыткаваўся з яго лес, як выпусцім.
    Аднойчы я заспеў яго, калі Бурык знайшоў цецеручынае гняздо. Узяў адзін прыемны круглы прадмет у пашчу — хутчэй як цацку — і выпадкова раздушыў. Выраз ягонай морды ў гэты момант немагчыма апісаць. Спярша нязмернае здзіўленне, — а куды тая цацка падзелася? — а пасля нечаканае ўразуменне, што гэта ежа, і смачная е жа.
    — Дураў, — сказаў пра Марку тата. — Гагенбек. Цырк Чынізелі.
    Той сапраўды паказваў дзівосы цярпення. Аднойчы, напрыклад, выкупаў мядзведзя ў Водры, а пасля падвабіў яго цукрам да бліжэйшага мурашніка. Паклаў цукар на ягоную макушку. Бурык палез па яго спачатку лапай, пасля мордай. Пасля пачаў адступаць і церці морду лапамі, і лізаць іх, і сліна, змешаная з цукровым сокам, цякла па лапах і жываце. І ён злізваў яе разам з мурашкамі. Марка зрабіў гэта некалькі разоў, і вось у адзін са днёў, калі Бурык раптам прыціхнуў у гушчары, дзед асцярожна паклікаў мяне.
    Мядзведзік сядзеў ля мурашніка, слініў лапу і разграбаў гліцавую піраміду. Трымаў там лапу і пасля аблізваў яе. Без усякага цукру.
    — Глядзі ты, сук-кін сын, як саабражае, — здзівіўся Марка. — Нездарма ж кажуць, што мядзведзі — гэта людзі, якія ў лес уцяклі, каб на чужога дзядзьку не працаваць... Каб прыганятага над імі не было. Цівуна... Ну, а ты чаго ж, Сярожка? Няўжо цябе даўжэй за мядзведзя вучыць трэба?
    — Як?
    — А так, — дзед зламаў дзве арэхавыя віцы і абабраў, абдзёр з іх кару. — Вось толькі горкага дрэва не бяры. Вольхі, скажам, асіны. А цяпер пасліні сваю, — ён паслініў белую віцу і, прысеўшы да мурашніка насупраць мядзведзя, паклаў віцу на паверхню конуса. — Кладзі і ты.
    Мурашкі абляпілі хлюдзінку. Марка пачакаў хвілінку, страхнуў з дубчыка насякомых і чыстае лясное смецце і пачаў абсмоктваць яго, нібы на флейце граў.
    Я зрабіў тое самае. Кісленькі, неймаверна прыемны смак адразу выгнаў сліну. Некуды знікла смага, што ўжо даўно мучыла мяне.
    — Што, Сярожка? Смачнае мурашынае піва?
    У Бурыка аж на зубах храбусцела. І так мы сядзелі трох ля мурашніка і раскашавалі, ласаваліся. Два чалавекі і мядзведзь.
    ...Да маліны яго і прывучаць не трэба было. Ён дужа цікава еў яе: абшморгваў разам з лісцямі, соваў у рот, чамкаў, аж заплюшчываючы вочы ад асалоды, а пажмаканае лісце пасля выплёўваў.
    Так мы пражылі лета. А за ім прайшла восень з яе жалудамі і брусніцамі. І зноў засерабрыўся дах пуні, а Бурык стаў вялы і сонны і не хацеў гуляць са мной.
    Адразу за нашай хатай ужо з год ляжала яліна-выварацень. Ніяк не даходзілі рукі распілаваць яе. А пасля бацька забараніў. Таму што ў яму пад каранямі нанесла шмат сухой лістоты, і аднойчы ён убачыў, як Бурык залез у гэтую яму і топчацца, і топчацца там. Бацька загадаў мне кожны дзень, як прыйду са школы, награбаць граблямі два мяхі сухой лістоты і высыпаць туды.
    Пасля лістота стала мокрая, пасля змерзлая, жорсткая, як шкляная, аж звінела, а Бурык пачаў часцей і часцей знікаць. Спачатку на дзень, пасля на дзень і ноч. Бацька сказаў, што гэта ён шукае траву і карэнні, а можа, і змерзлыя мухаморы, каб выгнаць паразітаў, калі яны ў яго ёсць, іначай яны яго з'ядуць. І што гэта называецца інстынкт, памяць продкаў, бо ніхто Бурыка гэтаму не вучыў.
    Пасля ён залез на дзень у свой барлог, але вылез, бо зноў стала цяплей. Пасля аж на тры дні. А аднойчы я з'явіўся са школы, — якраз выпаў першы сухі сняжок — і не ўбачыў яго, а тата сказаў, што ўначы той канчаткова лёг і што непакоіць яго ані ў якім разе не трэба.
    Паваліў, паваліў снег, засыпаў нашу сядзібу, пуні, яліны ў лесе, стагі і ядлоўцавыя хмызы. Уставалі і клаліся пры газавых лямпах.
    Вечарамі стралялі грубкі, і зменлівы, бягучы водбліск бегаў па старонках кнігі. І мне было шкада, што за сцяной, не так ужо і далёка, спіць у снезе мой звер. Хаця я ведаў, што ён добра ўпасвены, а ўкормленаму лёгка перажыць зіму.
    Зрэдку я браў татаў бінокль і глядзеў на снежную гару вываратня, на цёмную адтуліну ў ёй і на лёгкі, амаль нябачны парок, што ў моцныя маразы віўся над дзіркай. Ён быў як міраж, і тата сказаў, што гэты міраж каштаваў жыцця не аднаму паляўнічаму, бо калі мядзведзь выскачыць з барлога, то ў гэтакай пары ён здаецца нібы вышэй, і таму стрэл заўсёды трэба крыху заніжаць, іначай справа можа скончыцца кепска.
    — А ўрэшце, няма чаго табе думаць пра гэтую гадасць.
    Я падзяляў ягоныя думкі.
    ...Бурык устаў, калі снегу было ўжо куды менш, чым зямлі. Увесь нейкі нібы аблезлы, з праваленымі бакамі, з вострай, нібы ў беспароднай свінні, мордай. Я не бачыў, як ён устаў. Толькі разрыты лаз — пуста глядзеў. На ўсход, як заўсёды ў мядзведзяў. Бацька супакоіў, што ён не ўцячэ, што гэта ён проста пайшоў пагрызці крушынавай кары ці яшчэ чагосьці, што яму трэба выгнаць корак, бо мядзведзі ўзімку не толькі не ядуць.
    І сапраўды, на трэці дзень ён з'явіўся, крыху больш здзічэлы, але ўсё яшчэ свой. Мы далі яму хлеба, уціснуўшы ў бохан драбкі цукру, і ён захрабусцеў, як раней.
    Цяпер ён часам знікаў на дзень, а то й на два, але заўсёды прыходзіў і канючыў ежу, бо ў лесе яе было яшчэ мала. Але паступова ўсё больш прыгравала сонца, сонечна закалыхалася між дрэў мора мора заечай капусты, выпаўзлі мурашкі, пярэстымі, як у фіялкі, падкоўкамі лісцяў рассыпаліся над ярамі падалешнікі. Ежы стала болей, і ён еў і ў лесе, і ў нас.
    Сярод усіх людзей ён, па-ранейшаму, адзначаў мяне. Нават узяў прывычку праводзіць мяне ў школу. Да ўзлесся. Страшэнна падрос. Калі ставаў на заднія лапы, быў ужо вышэйшы за мяне, і мне забаранілі дужацца з ім, бо ён у запале можа не суразмерыць сілы. Але ўсё адно мне было прыемна хадзіць з ім, ведучы яго за вуха, або паваліць і ўсперціся на яго. З таго часу заўсёды, калі я гляджу на ілюстрацыі да "Кнігі джунгляў", дзе Маўглі размаўляе з Балу, я заўсёды ўспамінаю яго і той час.
    Пэўна, не адзін чалавек шчыкаў тады сябе за руку, убачыўшы, як купаюцца ў Водры або разам выходзяць на адхон хлопчык і мядзведзь, якога хлопчык вядзе за вуха.
    Аднойчы ён да паўсмерці спалохаў нейкіх баб, што збіралі для аптэкі познія смаржкі і розныя зёлкі. І тады, каб не цягаўся за мной, вырашылі садзіць яго на ланцуг на тую гадзіну, што патрабавалася мне, каб дайсці да школы.
    Тут і я зразумеў, што азначае ланцуг, калі выходзіў з лясніцтва, і неасцярожна азірнуўся, і ўбачыў ягоныя вочы і тое, як ён стаіць дыбкі і перамінаецца, і пераліваецца яго сытае, святлейшае колерам, пуза. І як ён цягне тоўстыя лапы. Не дай вам бог бачыць гэта, калі вы любіце звяроў і людзей! Гэта кажу вам я, даўно ўжо дарослы чалавек, які па глотку сыты сцэнамі смерці і тых, і другіх.
    І тут здарылася тое, што прыскорыла нашу з ім разлуку. Калі праз дваццаць год я расказаў гэта знаёмаму натуралісту, ён сказаў, што недзе чытаў нешта падобнае. Мо ў Брэма, мо ў папулярызатара М. Хана, аўтара "Нарысаў з жыцця малпаў" і "Жывёлы нашых лясоў", а мо ў нейкім часопісе.
    У Брэма гэтага не было. Хана я пасля гэтай размовы прачытаў і таксама не знайшоў нічога падобнага, акрамя баек пра тое, што мядзведзі могуць красці жанчын, і разважанняў, што "разве верность и преданность теряет свое высокое значение в человеке вследствие того, что и собака обладает этими благородными качествами", ды яшчэ сказамі накшталт таго, што "все существа ... созданы и поддерживаются... согласно вековым... законам, установленным непостижимым для нас Творцом", што ў прынцыпе, наконт адзінства жывога, правільна, ды таго, што "не стыдится же никто из ученых или поэтов, стяжавших громкую славу, что родился тем же путём, как и грубый невежа".
    Але я нідзе не чытаў падобнага. А калі нешта такое і было — што ж, гэта азначае толькі, што жывёлы адной пароды ў схожых абставінах робяць схожыя ўчынкі.
    Калі я адыходзіў, Бурык звычайна ляжаў, безнадзейна паклаўшы галаву на лапы. Я аглядаўся, бачыў яго, наш двор, пасыпаны жвірам, бэльку, што падпірала сцяну лядаштай пуні, і матку, якая стаяла на ганку, сыпала з рэшата зерне і клікала:
    — Пылі-пылі-пылі-пылі!
    Курэй у нас было шмат. І вось куры пачалі знікаць. Спачатку думалі: ліса. І толькі потым смурод выявіў за сабачай будкай цэлыя курыныя могілкі. А пасля ўдалося падсачыць, як гэты паскуднік Бурык зграбае жвір, устае на заднія лапы і паволі высыпае яго з пярэдніх. Няма птушкі, дурнейшай за курыцу. Тыя падыходзілі, і тут мядзведзь, цвёрда ведаючы, наколькі дазволіць яму гэта ланцуг, рабіў кідок і жыва скручваў курыцы вязы. А пасля закопваў за будкай. Ён у нас не быў прывучаны да мяса. Ды мядзведзі й ядуць яго свежым толькі вельмі галодныя, аддаючы перавагу тухляціне. Спецыяльна закопваюць мяса, каб пратухла.
    І гэта рабіў ён, сыты, як ні адзіны звер ва ўсім Зафееўскім бары.
    — Звярэе, — сказаў бацька. — Ну, Сяргей, хочаш не хочаш, а час развітвацца. Іначай будзе паскудна. Можа быць бяда.
    ...Вырашылі адвезці яго ў пятніцу, а ў чацвер здарылася тое, што старыя назвалі б "промыслам божым", а бацька сказаў, збялеўшы: "Ну, пашанцавала".
    Я пайшоў у школу, а хвілін праз дваццаць Бурыку ўдалося сцягнуць з сябе нашыйнік. Ці то зацягнулі не на тую дзірку, ці яшчэ што, але ён круціў-круціў галавою дый вызваліўся. А вызваліўшыся, кінуўся даганяць мяне. Як адчуваў, што гэта апошні паход. А можа, і нешта іншае адчуваў.
    Узлессе толькі-толькі засвяціла наперадзе, сонцам праз дрэвы, як я, азірнуўшыся, убачыў белы ажарэлак з клінам наперадзе, і мехаваты зад, які матляўся з боку ў бок, і лапы, якія ён нязграбна выкідаў наперад.
    Дагнаў і захукаў, засоп, забурчаў. І я вырашыў, што дазволю яму апошні раз давесці мяне да ўзгорка. Паклаў руку яму на загорбак і так, злёгку абапіраючыся, пайшоў далей. Так мы адышлі далёка ад лесу, калі я ўбачыў...
    ...Я не ведаў, што ў той дзень удалося вызваліцца не толькі аднаму Бурыку, што ў той дзень выкруціў з ноздраў кальцо яшчэ й саўгасны бугай Гром. Проста выпаў вінт, яно распалася на два паўмесяцы ў выглядзе лацінскага "S", і Гром датуль цёр пысай аб траву, пакуль не пазбавіўся ад адзінай рэчы, якой можна ўтаймаваць бугая, кальца, трымаючыся за якое нават сямігадовае дзіця можа весці жывёлу куды захоча.
    Мой траюрадны брат Алік, сын дырэктара школы, і яшчэ два хлопцы пагналіся за ашалелай жывёлінай. Да таго часу Гром паспеў перакінуць на рагах цераз высокі хмыз пастуха, зламаўшы яму пяць рэбраў. Ад смерці таго ўратавала толькі тое, што бык, дзякуючы хмызу, згубіў чалавека з вачэй... І вось тры коннікі, сцёбаючы пугамі, дзве гадзіны ганялі быка, пакуль не загналі ў пустое гумно. Ім удалося зачыніць усе трое варот. Брат забраўся на бэльку, завязаў на ёй тоўстую вяроўку і пачаў спускаць другі яе канец, з бягучай пятлёй, туды, дзе соп, рыкаў і пароў паветра страшнымі рагамі бугай.
    Яму пашанцавала закінуць пятлю на гэтыя рогі і зацягнуць яе, але тут звер, адчуўшы няволю, таргануўся, кінуўся наперад, і таўшчэзная вяроўка толькі дзынкнула, як перацягнутая струна. Брат, які ўсё яшчэ трымаўся за яе, ад рыўца не ўтрымаўся і ляснуўся з бэлькі проста пад капыты пачвары. На шчасце, бугай не зразумеў, што да чаго, і, не звярнуўшы на яго ўвагі, рынуўся наперад, высадзіў рагамі даўно не рапараваныя вароты і кінуўся бегчы. Пакуль сябры паднялі брата, пакуль той здолеў дыхнуць, пакуль лавілі коней і сядалі на іх — таго і след прастынуў.
    — Страляць яго! — крычаў дырэктар. — Усё адно кроў пачуў.
    — Не, — сказаў брат, — занадта гэта дарагая штука, чыстапароднае мяса.
    — А заб'е каго? Ты адказваць будзеш? Ты яму кальцо ўвернеш?
    — Зловім, — сказаў брат.
    Прынеслі новыя вяроўкі, і тройца прыпусціла ў пагоню...
    ...Калі я ўбачыў, як наперадзе паўстала воблака пылу, і, матляючы галавой, каб скінуць з рогаў пятлю, падскокваючы на ўсіх чатырох і дугою выгнуўшы над зямлёй хвост, імчыць на мяне вялізная, як зубр, чырвоная пачвара швейцарскай пароды, зразумеў: уцякаць не было куды. Ад лесу я адышоў далёка. І вакол хаця б кусцік, хаця б яміна.
    Я не спалохаўся тады. Проста ўсё ўва мне нібы скамянела. Бугай спыніўся: заўважыў. Налітыя крывёй вочы глядзелі на мяне, пена валіла з пысы. Ён рыў капытамі зямлю і напружваўся. І ўсё ніжэй апускаліся вострыя і бліскучыя, нібы паліраваныя, канцы рогаў.
    Кінуўся з дзікім рыкам.
    Я паспеў адскочыць. І яшчэ раз адскочыць. І яшчэ. Доўга такая гульня цягнуцца не магла. Ногі ў мяне пачалі павольна млець. І тут, калі Гром у чацвёрты раз кінуўся на мяне, з нечаканай хуткасцю мятнуўся на яго збоку, здавалася б, такі нязграбны, буры цень.
    Бурык адвесіў цяжкай лапай удар па загорбку пачвары і раздзёр яго. Але нават не рана прывяла Грома ў прытомнасць. Ён урэшце заўважыў мядзведзя., зразумеў, з кім мае справу, адчуўшы ненавісны і страшны, дзікі, звярыны, лясны пах.
    ...Калі ўрэшце падскакалі коннікі, Гром адступаў, дрыжучы ад нянавісці і жаху, задкаваў, усё яшчэ капыцячы зямлю, але ўжо не асмельваючыся рынуцца наперад. Нізка рыкаў і адступаў перад зверам, які на задніх лапах наступаў на яго. Бугаю накінулі на рогі і на заднюю нагу распетлі і павялі. Бурык ішоў ззаду, як канваір, і давёў усю гэтую мілую кампанію да кузні, дзе Грому зноў укруцілі кальцо.
    ...Маці дазволіла адвесці мядзведзя толькі ў нядзелю, усе тры дні адкормлівала яго, як кабана, і калі мы вялі Бурыка ў машыну -дырэктар, у падзяку за бугая, даў дзеля гэтага старэнькую саўгасаўскую палутарку, — цалавала яго ў морду і плакала.
    Звера завялі па сходцах у кузаў. Бацька і я селі побач. Марка — у кабіне з шафёрам. Мядзведзь устрывожыўся было, калі затурчаў матор, але хутка супакоіўся. Глядзеў маленькімі вочкамі, як плылі назад лясы, і бліскучая, нібы цыратавая, цюпка ягонага носа рухалася: чытаў баравыя пахі.     Мне было да болю шкада расставацца, але я разумеў, што ён увесь час аддаляецца, што хутка пачнуцца мядзведжыя гульні, што мядзведзя майго цягне да сабе падобных і яму там будзе лепей, чым сярод нас. Усё ж ён быў народжаны для свабоды.
    Мы адвезлі яго за пяцьдзесят кіламетраў, у самы глухі кут, дзе найчасцей сустракалі мядзведзяў, выпусцілі, агладзілі яго і пайшлі да машыны.     Некалькі разоў ён імкнуўся быў за намі, але пахі першабытнага лесу перамагалі, і ён усё аддаляўся. Бацька і Марка ўбачылі, як ён праводзіць нас позіркам, і далі ў паветра некалькі стрэлаў. Тады ён пабег трушком і знік сярод дрэў. Марка схадзіў і праверыў: гною не было. Значыць, спалохаўся, але не да хваробы.
    Машына аддалялася. І я марыў, што вось будуць суніцы і чарніцы, будуць маліны і слімакі, а там жалуды. І ён жа ведае, як зімаваць. І жонка ў яго будзе, і дзеці. Усё яго чакае, а галоўнае — свабода.
    ...Праз некалькі тыдняў немцы бамбілі гарадок. Першыя бомбы трапііл ў пошту, універмаг, тэатр. Палясоўшчыкі казалі, што звяры скопам перакачоўваюць ад шуму і ад дарог у нетры лясоў. І адзіным слабым суцяшэннем сярод усеагульнага гора мне было тое, што звер, якога я любіў і які ўратаваў мне жыццё, цяпер напэўна не пойдзе да дарог, на якіх выбухаюць бомбы і гудуць танкі, над якімі праносяцца на брыючым самалёты.
    На другім тыдні вайны мы ўсе пайшлі ў лес.
    Не буду расказваць, як ствараўся ў нашым раёне адзін з першых атрадаў, якія памылкі па нявопытнасці былі дапушчаны, як гэта скончылася ледзь не поўным разгромам, як рассеяныя рэшткі атрада, пераседзеўшы небяспечны час, зноў пачалі збірацца ў адно. Не буду казаць і пра тое, як я быў сувязным. Для мяне, дванаццацігадовага падлетка, гэта было — у параўнанні з сувязнымі дарослымі — лічы што бяспечна. Калі, вядома, не спаймаюць на гарачым. Што расказваць? Пра гэта ўжо столькі пісалі. Дадам толькі яшчэ не калькі слоў.
    ...Восенню сорак другога года мы з дзедам Маркам прабіраліся лясамі на сувязь. Абодва ў кужалі і шарачку, абодва з торбамі. Марка, што адпусціў сівую бараду, сапраўды быў падобны на старца, а я быў у яго павадыром.
    У нас і "легенда" была някепская. Бацька з маці "загінулі ад бомбы, а Марка, шкадуючы, падабраў мяне". Прыдрацца не было да чаго.
    Лес быў увесь засыпаны звонкай сухой лістотай, залатой, іржавай, чырвонай, вішнёвай. Яна шастала пад нагамі і аж звінела, калі праносіўся подых ветру: мільёны лімонных і вінных матылёў узляталі ў паветра і мільгалі між дрэў.
    І вось калі мы падыходзілі да яра ў вярхоўях Водры (з яра якраз выбівалася крынічка, што ўпадала ў яе), Марка раптам паклаў мне на плячо руку і спыніў.
    Яр быў ледзь не па самы верх засыпаны лістотай. Зрабі крок — і ўтонеш. І дрэвы ўсё дабаўлялі і дабаўлялі ў яго золата і чырвані. І, мабыць, гэты шолах даў нам магчымасць падысці непачутымі так блізка.
    На тым беразе адвальваў тоўстую, зялёную ад моху калоду магутны буры мядзведзь. Віслы зад, страшныя крываватыя пярэднія лапы, куды таўсцейшыя за заднія. І нават адсюль было відаць, як пераліваюцца мускулы на вялізным падвойным загорбку.
    Калі ён адваліў калоду, сеў і пачаў выбіраць з-пад яе нешта і чамкаць, я ўбачыў белы ажаролак, і радасць гарачай хваляй абліла маё сэрца:  "Няўжо ён? Ой, не ён. Ой, вядома ж, ён!"
    — Бурык! Бурчынька! — шэптам паклікаў я.
    Марка паклаў мне далонь на вусны. А мядзведзь насцеражыўся, і сеў, і стаў паводзіць сваёй цюпкай, і зыркаць ва ўсе бакі. Але паветра веяла ад яго на нас, а заўважыць нас ён не мог (мядзведзі кепскавата бачаць). І я маўчаў. Тады ён вытаргнуў, як мне здалося, амаль прызыўнае крактанне. Ласкавае, жаласнае, падобнае на мурканне. Ці, можа, я хацеў у гэта верыць?
    Мы маўчалі, і паступова ён супакоіўся, даеў тое, пад калодай, і павольна, перавальваючыся, завалюхаў у нетры. Павеў ветру ўзняў між ім і намі чырвона-залатую сець. Пасля лістота пасыпалася з урвішча на дно яра. Мяккім хвалістым вадаспадам. І лісце нібы празвінела наўздагон яму. А пасля стала ціха.
    Мінула вайна. Я даўно скончыў мастацкі інстытут, і даўно працаваў, і дабіўся вядомасці. Калі часам даводзілася ўспамінаць пра тыя дні, я пераконваў сябе, што звер мой стаў мацёрым магутным мядзведзем, "дзедам" і "прадзедам", патрыярхам вялікай мядзведжай сям'і, і мірна заснуў ад старасці недзе на сонечным, укрытым кветкамі схіле.
    Так цягнулася да таго часу, аж пакуль мяне не запрасілі мастаком на фільм пад назваю "Гісторыя аднаго мядзведзя". Рэжысёру "в порядке бреда", кажучы словамі ідыёцкага кіношнага выразу, здалося, што цікава будзе ўвесці ў гісторыю мастака-анімаліста (нехта расказаў яму пра маю кватэру якраз, калі творцы марна імкнуліся выціснуць нешта з галоў), да якога трапляе мядзведзік Туп. Я не бачыў прычыны, каб адмаўляцца і не дапамагчы майму сябру-аператару, які дужа прасіў мяне. Акрамя таго, у фільме мне трэба было рабіць амаль тое, што і ў жыцці: маляваць, карміць звяроў, гаварыць з імі. А я навучыўся гэтаму за дваццаць пяць гадоў практыкі.
    Там я і пазнаёміўся з Тупам і з ягонай сястрой, дублёршай Тапай. Здымаліся яны цераз дзень. У сястры быў злосны і сварлівы характар, і таму, калі здымкі падыходзілі да канца, яе завезлі ў запаветны лес і выпусцілі, прычым яна нават не азірнулася на людзей, урачыстай хадой аддаляючыся ў пушчу.
    А Туп быў поўнай процілегласцю і таму быў агульны ўлюбёнец.
    Яму дазвалялі лізаць мёд, забірацца ў гарачыя дні ў рэфрыжэратар і храбусцець там лёдам. Нават свавольствы яму дараваліся за яго рахманы і пяшчотны характар. Акрамя таго, ён меў прывычку, калі яго возьмуць на шворку, учыняць бег на месцы, у якасці доказу свабоды сваёй волі. Ён увогуле любіў свабоду.
    Калі здымкі скончыліся, яго аддалі на станцыю юных натуралістаў, і я ўзрадаваўся, што не ў звярынец. Прасторныя пакоі, вялікі парк, дзеці, якіх ён любіў і, падобна разумным сабакам, ніколі не крыўдзіў.
    І вось праз пару месяцаў я прыйшоў на студыю і, ідучы вялізным няўтульным здымачным павільёнам, дзе выбухалі галасы, ляскала жалеза, грукаталі малаткі ў руках рабочых, рухаўся кран і ўсё было заліта мёртвым, бязлітасным святлом дзігаў, я ўбачыў у куце, сярод хламу, вузкую і вельмі нізкую клетку, у якой, на тоўстым пласце гною, ляжаў сціснуты з усіх бакоў, страшэнна брудны Туп.
    — Гэта яшчэ што? Чаму ён тут?
    — А, — сказаў аператар, — сволачы. Ён жа да пяшчоты прывык. А тут знайшліся раздураныя вырадкі, пачалі дражніць, цягаць. Я яго ведаю, ён да канца цярпеў. Ну, а пасля цяпнуў нейкага. Так проста, узяў у пашчу, нават следу не было. Напалохаць хацеў. Я ж ведаю, значыцца, зусім сілаў не стала трываць. — Друг аж кулакі сціснуў. — Ну, тут маменька ў кулонах — адзадак, як ступа, а мазгоў і напарстку няма. Як жа, рабёнка пакрыўдзілі. Ну, тыя і вярнулі.
    — То чаму ў запаведнік не аддалі?
    — Грошай, кажуць, няма. Ну, мы кажам: не трэба, вазьміце так. А яны: звініце, але трэба дакуманты, адчотнасць... Гэта імушчаства... Вось і цягнецца гэтая "справа аб імушчастве" месяц. І папомні, яшчэ два месяцы будзе цягнуцца. А звер мучайся.
    Туп пазнаў мяне. А вочы ягоныя глядзелі з такой смяротнай, не звярынай, а амаль чалавечай тугой, што мне раптам сціснула сэрца. Нібы гэта не малы чатырохногі артыст пакутаваў тут, а той, даўні, што ўратаваў мне жыццё. Такі горды і вольны звер быў кінуты зараз у клетку, у гной, у подлае і ганебнае рабства.
    — Давай шворку, — сказаў я, адчыняючы клетку.
    — Ты што?
    — Давай, трасца іхняй праклятай матары. Не патрэбен стаў -забылі. Як чалавека. А ён з намі і пад дажджом, і па снезе. Гэтак многіх... спісаць можна. Ён жа здохне тут, пакуль яны... з "імушчаствам".
    Я вывалак яго з клеткі, і ён, узрадаваны, стаў дыбкі і "абняў" мяне, запэцкаўшы зялёным гноем мой блакітны світэр. Мыкаў і лізаў-лізаў мне аблічча. Здорава падрос, быў ростам з мяне амаль, а я вымахаў не на хлопчыка з мізінчык. І галава была вялікая, з вялікай пашчай.
    Я вывеў яго на двор, пакачаў па снезе, каб хаця крыху ачысціць — снег у тым месцы стаў амаль чорны, нібы на ім выбівалі дыван, і павёў дваром да прахадной. Вахцёр паспрабаваў быў затрымаць мяне, але не дужа заўзята, бо Туп у калідорчыку стаў дыбкі і забурчаў, нібы разумеючы, што гэты заслон пахне зноў клеткай. Службіст, нібы сам сабою, адскочыў з дарогі і толькі прабрахаў мне наўздагон нешта здзеклівае.
    — Слухайце, — сказаў я, — мне нічога не каштуе зняць шворку. На такіх турэмшчыкаў, як вы тут, трэба па закону спускаць мядзведзяў. Вось пачакайце, унясу законапраект.
    Ён закрыўся знутры. Мы з сябрам зарагаталі, і я павёў Тупа да прыпынку таксі. Я павінен быў зрабіць дзеля яго тое, што хацеў зрабіць. Хаця б у памяць Бурыка і ў знак таго, што людзі вінаватыя ва ўсіх смяротных грахах перад звяр'ём.
    — Я патрымаю яго ў сябе, пакуль не дамовяцца з запаведнікам.
    — Угм, — сказаў сябар.
    Ля віннага магазіна прыядналіся да нас яшчэ два дружкі: гукааператар і асістэнт аператара. І так упяцёх мы падышлі да стаянкі таксі з самотнай "Волгай" на ёй.
    — Чацвёра, — сказаў я таксісту. — Законная колькасць. Парушэння правілаў няма.
    У таксіста палезлі на лоб вочы, калі ён убачыў Тупа:
    — А г-гэта?
    — Мале-енькі сабачка, — нявінна сказаў аператар. — Малю-юсенькая бясшкодная істотка.
    Таксіст збіраўся газануць, але перамагла цікаўнасць.
    — Шчыры друг чалавека, — сказаў я. — Ніхто не асмеліцца абразіць яго, выказаць хаця б цень сумлення ў тым, што ён бязвінны, як верабейчык.
    Я ведаў, як мядзведзі любяць смактаць лапу, не сваю, дык чужую, і часта вытвараў такое — як з Бурыкам, так і з Тупам. Закасаў рукаў світэра і працягнуў локаць Тупу.
    Да самага локця, ну, ва ўсякім разе, дзюймы на тры вышэй кісці, змясцілася ў ягонай пашчы мая рука. І ён пачаў смактаць яе, стогнучы ад асалоды.
    — М-мну... м-му... М-м-мну-м.
    Ніякай небяспекі тут не было. Я ведаў, што калі ён забудзецца ад шчасця, не суразмерыць сілы і пачне сціскаць сківіцы — досыць злёгку ляснуць яго далонню другой рукі па мордзе, каб ён апамятаўся і, пяшчотна-вінаваты, адпусціў. Але ж шафёр гэтага не ведаў. Ён бачыў схаваную ў пашчы руку і трохкутныя белыя зубы, сантыметры на чатыры даўжынёй, бачыў, як зубы труць, нібы перапілоўваючы.
    — Пане мой божа, на ўсё святая воля твая! Вы з цырка? Выньце, выньце, калі ласка!
    — Н-не выну, пакуль не павязеце. Бясшкодная, маленькая тварынка. Мініяцюрны калматы сабачка. Скочтэр'ер, не, нават балонка. Ціхенька ляжа ў нагах на радасць міліяцыянеру, які надумае правяраць. Улічыце, небяспекі ніякай. Падумае, што звар'яцеў. Тры рублі за дастаўку сабачкі на вуліцу рэвалюцыйнага дэмакрата Міхайлава.
    — А чорт бы з вашымі грашамі, — ускіпеў таксіст. — Цягніце яго хутчэй на задняе сядзенне, пакуль не бачаць.
    Я вызваліў руку, укрытую густой зялёнай слінай, і выцер яе снегам. Мы паклалі Тупа ў праход між пярэднім і заднім сядзеннямі і, не без выгоды, размясцілі на ім свае ногі.
    — Хай яго, можа, вы і сапраўды дасцё яму зноў сваю затычку, -сказаў таксіст. — Хаця не. А раптам падкіне на яміне. Трымайце толькі за галаву. Дасць бог, можа, усё і абыдзецца.
    Шафёр гнаў, уцягнуўшы галаву ў плечы, але зрэдку хмыкаў, відаць, задаволены і заінтрыгаваны. Добра, што мы пад'ехалі да майго дома ў прысмерку і ў двары не было цікаўных. Шафёр, калі мы выцягнулі Тупа, настолькі акрыяў духам, што гулліва спытаў:
    — А шчанюка б?
    — На жаль, фізіялагічна немагчыма. Кабялёк. Вось павяжам, можа, тады.
    Таксіст загыгыкаў і рвануў з месца.
    ...Жыў я тады ў кватэры на пятым паверсе. Мы ўсцягнулі звера туды і перш за ўсё накармілі. Я схарчыў яму бохан хлеба, паліты паловай банкі згушчонага малака, а пасля спаіў два пакеты малака звычайнага. За гэта час наплала ванна, і мы, распрануўшыся да трусоў, агульнымі сіламі перавалілі яго туды. Ён ведаў толькі летняе купанне ў рэчцы і таму спачатку ўзвыў ад гарачаватай вады, як грэшная душа ў пекле. Але паступова пачалі адыходзіць лапы -мядзведзі ж не прыстасаваныя бадзяцца па снезе, бо ў іх голыя пяткі, — і ён супакоіўся.
    Чатыры разы давялося яго мыліць, пакуль чацвёртая вада не стала празрыстая, а мыльная пена белая. А пасля я расшчодрыўся і закаціў яму пятую ваду з "Бадусанам", і ён блажэнна ляжаў у пене, цяпер ужо зялёнай і пахнучай лесам, і сніў пра верасовыя паляны ў векавых соснах.
    А пасля мы насуха выцерлі яго, узвалілі на тахту, укрылі посцілкай, так, што стырчала адна галава — так нам здалося больш смешна, — і ён засоп, салодка, як немаўля. А мы селі да яго спінамі і распілі дзве бутэлькі каньяку за Тупа, за яго шлюб з Вялікай Мядзведзіцай і за хуткае з'яўленне Малой. Словам, за ўсё, за што п'юць мужыкі, калі яны адчуваюць, што непасрэднай прычыны для выпіўкі няма, а што яны проста харошы народ.
    ...Другі мой мядзведзь пражыў у мяне два з паловаю месяцы, і, слова гонару, гэтыя месяцы былі аднымі з лепшых месяцаў у маім жыцці.  Слаўна нам жылося. Ён пасыцеў, поўсць стала льснянай і чыстай. Любіў качацца ў снезе і купацца. Спаў ля батарэі, але часам клаўся да мяне ў ногі і ўпарта не хацеў злазіць з тахты. Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, ніколі не азвярэе, што гэтыя сталёвыя простыя кіпці, толькі злёгку сагнутыя на канцы, ніколі не ўдараць: звяры ўмеюць помніць дабрыню. Але што я мог зрабіць? Улетку я заўсёды ад'язджаў на некалькі месяцаў маляваць, і на каго я мог пакінуць яго ў горадзе? А ўзяць і вазіць з сабой?..
    Мне заставалася суцяшэнне, што я даў яму пару месяцаў харошага жыцця, якое нічым не было азмрочана. Хіба што спачатку, дні тры, маёй маўрскай мартышкай па мянушцы Лявонька, а калі паважліва, то Леанідам Юльевічам, таму што прынеслі мне яго ў ліпені.
    Сусед мой па пляцоўцы, аднак, зваў Лявоньку часцей за ўсё лацінскай відавой назвай cercopithecus fuliginosus, рыпучай у першай частцы і намякаючай — у другой. Ён быў вучоны чалавек, сусед.
    — Фулігінозус ты.
    І прыбаўляў:
    — Экая преподлая обезьяна!
    Малпа была, сапраўды, падлючая... Варта было засмяяцца з Лявонькі, і ён у адказ круціў пальцам ля лба. Пакрыўдзіць нехта — і ён, калі прыйду я, скакаў да мяне і лапатаў на вуха нешта яраснае. "Наводил ябеду" — па словах таго ж суседа.
    Паспрабаваў Лявонька даводзіць сваім подласцямі і Тупа, але той урэшце страціў цярпенне і так рыкнуў на яго, што бедалага ўзляцеў на шафу і, дрыжучы, сядзеў там з гадзіну. А назаўтра я застаў ідылічную сцэнку: Леанід Юльевіч сядзеў на мядзведзі і з самым падхалімскім выглядам перабіраў ягоную поўсць, хаця нічога там не было і быць не магло.
    Заўсёды так з гэтымі нахабамі. Гаркнеш — і стануць лізаць. Так што і тут усё абышлося як найлепей. І я рад быў, што звер уратаваны, што яму добра.
    А на пачатку мая выйшла нарэшце згода наконт "маёмасці", і я завёз Тупа ў запаведнік і пакінуў там. Жыць на волі і для волі.
    Недзе праз год з'явіўся да мяне чалавек, які пабываў "непадалёк ад запаведніка". Адзін з тых някепскіх увогуле людзей, якія, аднак, больш за ўсё любяць перадаваць вам жа непрыемныя для вас чуткі і плёткі пра вас.
    Ён і перадаў мне, што Тупа застрэлілі. Спачатку нібыта ён выйшаў проста на дзевяцігадовага хлопчыка і пяцігадовую дзяўчынку, якія збіралі маліну. Хлопчык павёў сябе па-геройску: уцёк, кінуўшы сястру. А калі прыбег з дарослымі — мядзведзь і дзяўчынка гулялі. І ён нават хацеў пайсці, але яна чаплялася за яго і смяялася. І хаця ён вырваўся б і ад дзесяцёх дарослых — ён цярпеў.
    Тупа занадта добра ведалі і на гэты раз нібыта "даравалі". Але хутка здарыўся канфлікт "міжнародны". Яго панесла на нейкую замежную дэлегацыю, і там ён задумаў пагуляць ужо не з дзіцём, а з дарослай сцервай, якую вызвалілі ад яго ў стадыі моцнага шоку.
    Я прымерна ўявіў сабе, як магло адоыцца такое "вызваленне". Мядзведзі почасту паміраюць, як людзі, стогнучы і прыціскаючы лапу да раны. І грызучы зямлю. І ў ціхім непаразуменні адыходзячы на ёй. Каму ўжо і ведаць гэта лепей за мяне, паляўнічага, сына і ўнука паляўнічых? І менавіта таму я з'еў бы жыўцом усе гэтыя паляўнічыя заказнікі, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі на качыных азёрах, дзе звер адзін супраць многіх узброеных, і ўсё такое іншае. Паляванне толькі тады паляванне, калі яно адзінаборства. Т о што ўжо казаць пра звяроў, якіх мы кідаем у рабства, прывучаем любоўю, а тады забіваем толькі за тое, што яны любяць нас і шукаюць нас.
    Было гэта так, як быццам я сам адвёў сябра ў камеру смяротнікаў
    Чаму я не меў магчымасці прывучыць яго, як таго, першага? А дзе я мог яго прывучыць? У каменнай клетцы, куды яго сілаю ўзялі з вольных лясоў? Чаму той, падчас вайны, калі людзі звярэлі, гатовы быў пазнаць мяне, калі б я паказаўся? Толькі таму, што на яго не шкадавалі цеплыні. І дзе яна была ў гэтых, з "імушчаствам"? Куды яна падзелася?
    Пасля, праўда, мне расказалі зусім іншае. Той самы аператар, з якім мы купалі Тупа. Я расказаў яму пра чутку, і ён сказаў, што гэта лухта, што мой звер ходзіць і зараз. Але я баюся гэтаму паверыць. Ён ведаў мае адносіны да мядзведзя і як чалавек душэўны і тактычны мог схлусіць.
    Часам я ўсё ж сню, як малады мядзведзь ідзе лесам, выварочваючы калоды. І сыплецца на яго вінна-чырвонае і залатое лісце. І выходзіць яму насустрач сівы патрыярх, той, першы мой мядзведзь. Яны сядаюць ля мурашніка, і побач з імі сядаюць бацька, дзед Марка і я, ці то яшчэ падлетак, ці ў сённяшнім веку. У іх лапы, у нас дубчыкі ў руках. І мы, усе жывыя, сядзім за адным сталом, і ападае-ападае на нас лістота.
    Так, былі ў мяне мядзведзі.
    І менавіта таму мне ўсё цяжэй і цяжэй робіцца адбіраць у жывёл свабоду — адзінае, дзеля чаго існуе ўсё чыста жывое на зямлі.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСмаргонская мядзведжая акадэмія

Пераказы, дыктантыМядзведзь

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Мядзведзь

Пераказы, дыктантыВось якія «мішкі»

Пераказы, дыктантыНеспадзяваная сустрэча