Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Балада пра Вячка, князя людзей простых

Як груганы на трупы з высокае гары,
Крыжакі наляцелі на вёскі і бары.
Няшчасная краіна тры доўгія гады
Нагбом хлябтала трунак смярцей і злой бяды.
Цягнулі па кавалках яе ва ўсе бакі,
Загінулі героі, і здрадзілі князькі.
Агонь любові мужнай у брудных душах згас,
Адзін не здрадзіў Вячка, сумленны хлопскі князь.
Параненым і слабым яны яго ўзялі,
Ў кайданы ногі скулі і ў лагер прывялі.
Ад раны, непрытомны, ачнуўся ён тады,
Калі былі далёка айчыны гарады.
Меў сілы, каб змагацца і з сотняй варагоў,
Але шляхі да волі замкнулі для яго...
І вырас над палонным закуты ў грозны мур
Гохмайстра цытадэла крыжацкі Мар’ёнбург.
Паўзе з ракі на замак пранізлівы туман,
Крукі круцяцца хмарай над вежай Герэнданск,
За брамай маставою, як перадвесце бед,
Ўстае Папоўскай вежы злавесны сілуэт...
Па вуліцы смярдзючай, дзе скупчанасць і бруд,
Вядуць яго на плошчу. А там чакае суд.
А ў галаве чамусьці ўстае чырвоны снег,
Пажары чорных замкаў ў апошні іх набег...
Ў агні наперад з імі ляцелі бітвы дні,
Парчу і аксаміты тапталі ў бруд яны.
За подзвігі у бітвах супроць крыжацкіх зграй,
За мужнасць і за гонар трымай адказ, трымай!
Тут, як на браме пекла, магла б пісаць рука:
"Пакіньце спадзяванні – адсюль выводзіць кат".
Але сканаць пакорным і мяккім, быццам пух,
Як бык дурны на бойні, папаўшы пад абух?
I просіць перад стратай ён путы развязаць,
Каб рукі на імгненне замлелыя размяць.
I ў гэты час апошні перад канцом сваім
Каня яму прывесці, каб развітацца з ім:
"Са мною разам зносіў ён дождж і халады,
Насіў мяне на бітву тры доўгія гады,
Таптаў нагамі лона сталочанай зямлі".
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .  
I вось каня на плошчу два кнехты прывялі.
I Вячка грыву гладзіць, цалуе ў мяккі нос
I кажа, кажа сябру пра свой жахлівы лёс:
"Мой конь, мой конь, мой любы.

Як будзеш жыць цяпер?

Канец лясной свабодзе, мой добры, моцны звер.
Ты грэбаваў зямлёю, што слалася ў нагах;
Няўжо насіць ты будзеш чужога, варага?
Якому не пасуе і назва: "чалавек",
Ў якога твар, як пятка, не чырванее век.
Не роднае, чужое ўсё нам тут з табой:
Не так, як на Радзіме, кабылы йржуць вясной,
Не так гамоняць дрэвы, не так звіняць лугі,
Не так куюць падковы для конскае нагі.
Дапамажы мне, косю, мой бездыханны труп
Не проста дол чакае – ганьба, ганебны слуп".
I, выпрастаўшы рукі, меч ката вырваў ён
I ссёк дубовы чэрап з крутых яго рамён,
I на каня ўзвіўся, і ў стрэмя горда стаў,
I зноў для бітвы волю ў апошні час дастаў.
Меч бліснуў у паветры над лютаю гурбой.
Адзін супроць дзясяткаў –

і ўсё ж не прэнг, а бой!

Конь варагоў хапае зубамі і храпіць.
Паўсюль пануе пекла і трупы, як снапы.
О, лепей дні пакончыць на полі баявым,
Ніж век глытаць у кайданах чужынскіх вогнішч дым!
Вось уцякаюць суддзі, вось кроў плыве ракой:
"Я ў Мар’енбург з’явіўся і ён на час, ды мой.
Пакуль тугія лукі на вежах не звіняць,
Пакуль даўгія стрэлы адтуль не паляцяць".
Але слабеюць сілы, але дрыжыць далонь.
I вось аб труп запнуўся яго любімы конь.
"О конь, не давядзецца табе ў лугах іржаць,
I ў полі нам з табою ўжо болей не гуляць.
Я ў стрэлах, быццам вожык. Бывай, мой конь, бывай!
Мы болей не пабачым лугі і родны край".
Аленя абступілі са зграяй злых сабак.
Ірвуць і раздзіраюць, сякуць на дробны мак.
I вось з крывёю гордай змяшаўся пыл і гразь.
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   . 
Так у баі няроўным загінуў Вячка-князь.

Авой!!!

 

 

Адказы на пытанні:
   1. У творы "Балада пра Вячка, князя людзей простых" расказваецца пра апошнія хвіліны жыцця князя, які "параненым і слабым" "у баі няроўным загінуў Вячка-князь".
   2. У гісторыі князь паўстае, як магутны, смелы воін і сапраўдны герой, які нават у палоне, стоячы перад суддзямі ў чаканні смерці, не збіраецца "...сканаць пакорным і мяккім, быццам пух, як бык дурны на бойні, папаўшы пад абух". Перад намі паўстае патрыёт сваёй Радзімы, для якога на чужыне "не так гамоняць дрэвы, не так звіняць лугі". Ён выбірае "лепей дні пакончыць на полі баявым, ніж век глытаць у кайданах чужынскіх вогнішч дым". Апошнія думкі Вячікі аб Радзіме, апошняе шкадаванне аб тым, што болей не пабачыць "лугі і родны край". Ён загінае як герой, які да апошняга стаяў за свой любімы край і сваіх людзей.
   3. Аўтар, апісваючы ворагаў-крыжакоў, параўноўвае іх з груганамі і крыжацкімі зграямі. Гэта параўнанне дапамагае аўтару стварыць вобраз па-мастацку дакладным, наглядным і жывапісным. Яно ўказвае і на адносіны аўтара да створанага ім вобраза. Крыжакі прынеслі шмат пакутаў на нашы землі, таму гэта "гурганы" і "зграі".
   4. Аўтар паказвае сцэну развітання Вячкі з канём, каб глыбока і поўна раскрыць характар героя. Са слоў, з якімі князь звяртаецца да свайго сябра, мы даведваемся, што наш герой цэніць свабоду і больш за смерць баіцца ганьбы:
"Не роднае, чужое ўсё нам тут с табой";
"Дапамажы мне, косю, мой бездыханны труп
Не проста дол чакае – ганьба, ганебны слуп."
   5. У гэтым паэтычным творы надзвычай часта ўжываецца гіпербала – рэзкае перабольшанне якіх-небудзь уласцівасцей чалавека з мэтай звярнуць на гэтыя асаблівасці ўвагу. Напрыклад, каб паказаць вынікі бою Вячкі з ворагамі:
Паўсюль пануе пекла – трупы, як снапы...;
Вось уцякаюць суддзі, вось кроў плыве ракой.
   Каб паказаць моц і мужнасць героя, аўтар таксама выкарыстоўвае гіпербалу:
Меў сілы, каб змагацца і з сотняй варагоў,
Але шляхі да волі замкнулі для яго.
   Каб адзначыць жорсткасць крыжакоў, узмацніць напружанасць дзеяння:
Няшчасная краіна тры доўгія гады
Нагбом хлябтала трунак смярцей і злой бяды;
   6. У творы знаходзіць адлюстраванне гістарычнай тэмы, гераічныя падзеі мінулага. Лёс нашай краіны стала той крыніцай, адкуль чэрпаў натхненне пісьменнік. Ён даследуе мінуўшчыну не з пазіцыі навукоўца, ён не прытрымліваецца дакладнасці ў перадачы з’яў і падзей, поўнай адпаведнасці гістарычным крыніцам, а сродкамі вобразнага слова найперш выяўляе свае адносіны да гэтых падзей. У яго творы спалучаюцца гістарычная мінуўшчына і вобразы і карціны, створаныя пры дапамозе выдумкі, фантазіі пісьменніка, яго яскравага паэтычнага таленту. Творчае ўяўленне, фантазія пісьменніка выяўляюцца ў стварэнні той версіі апошніх хвілін жыцця Вячкі, з якой мы пазнаёміліся ў творы, бо гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што Вячка "гераічна загінуў у жорсткім баі з крыжакамі" пры абароне крэпасці Юр’еў.
   8. Асноўная думка паэтычнага твора "фармулюецца" самім аўтарам і падаецца ў сціслай форме ў тэксце твора:
"О, лепей дні пакончыць на полі баявым,
Ніж век глытаць у кайданах чужынскіх вогнішч дым!"

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Уладзімір КараткевічТворчасць Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ