Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Жылкі

Кнопка отправить на печать

   Першая чвэрць дваццатага стагоддзя для Беларусі была шматспадзеўнай і стратнай адначасова. Надзеі на ўваскрошанне паняволенай Бацькаўшчыны цепліліся ў сэрцах беларускіх адраджэнцаў вякамі, а ў час, калі задрыжалі падваліны і хіснуліся сцены расейскай імперскай вязніцы, абудзіліся з новай сілай. Але ваенна-рэвалюцыйная калатнеча не магла паспрыяць развіццю паўнакроўнага актыўнага жыцця, якое звычайна назіраецца пасля абуджэння. Парушаны жыццёвы побыт, голад і эпідэміі накладалі свой жахлівы адбітак на існаванне спаняверанага, знядужалага людства. Човен Харона без пярэдыху снаваў па беларускіх рэках, вышукваючы чарговых ахвяраў. Колькі іх было, беларусаў, падкошаных тыфам і сухотамі, забітых немцамі, палякамі, бальшавікамі? Час ад часу зтагосветны човен прыпыняўся і забіраў у незваротную вандроўку людзей з Божай іскраю ў сэрцы – каб хоць неяк усцешыць насельнікаў краіны вечнага смутку.
   Яснай грамнічнай свечкай загарэўся напярэдадні ці не сама трагічнай у гісторыі нашага народа эпохі і заўчасна, у зусім маладыя леты згас яшчэ адзін, Богам падараваны Беларусі светлы талент – Уладзімір Жылка.
   Вяртанне Уладзіміра Жылкі ў беларускую літаратуру адбылося не адразу. Спрычынілася да гэтага многае, але найперш – раскіданасць ягоных рукапісаў па замежных архівах. Ды і студэнцкая трохгадовая эміграцыя, недвухсэнсоўныя выказванні паэта пра «маскоўскую кантору» прымушалі рэдактараў з пэўнай доляй абачлівасці публікаваць Жылкавы творы. Замоўчванню творчасці паэта, вядома ж, не маглі не «пасадзейнічаць» і выстаўленыя перад ім абвінавачанні ў палітычных грахах і гвалтоўная высылка аўтара падалей ад Радзімы.
   Сёння творы Уладзіміра Жылкі, аднаго з найбольш цікавых і самабытных паэтаў, яскрава ўпісаліся ў залаты фонд айчыннай літаратуры, імя яго заняло адно з сама пачэсных месцаў на беларускім парнасе.
   Нарадзіўся будучы паэт 27 траўня 1900 года ў вёсцы Макашы, што раскінулася над ракой Вушой непадалёку ад чыгуначнай станцыі Гарадзея. Школы ў Макашах не было, першую навуку хлопчык спасцігаў спачатку ў Гарадзейскай царкоўна-прыходскай школе, а потым у Мірскай гарадской вучэльні. Чатырнаццацігадовым падлеткам Уладзік трапляе ў Менск, куды бацька, патомны селянін, адважыўся пераехаць настала, атрымаўшы месца гандляра ў царкоўнай краме. У тым жа годзе юнак трапляе на вучобу ў Багародзіцк у Тульскай губерні. Трэба сказаць, што адносіны да навукі ў сям’і Жылкаў былі паважлівыя, хлопцы змалку прывучаліся да чытання. У 1916 годзе ён закончыў Слонімскую вышэйшую пачатковую школу. Вучэльні падобнага кшталту мелі агульнаадукацыйны характар і давалі права паступлення ў спецыялізаваныя навучальныя ўстановы. І Уладзімір выкарыстоўвае гэтае права – паступае ў Ковенскую сельскагаспадарчую вучэльню.
   Рэвалюцыйны 1917 год Уладзімір Жылка сустрэў у Менску, дзе трапіў у вір палітычных падзей. Жадаючы дапамагчы бацьку здабываць хлеб надзённы, Уладзімір Жылка ў 1918 годзе пачынае працаваць аграномам у адной з дзяржаўных гаспадарак у прадмесці Менска. Ездзіў ён туды на пару з Міхасём Чаротам, які кіраваў сканфіскаваным маёнткам. Па дарозе з працы і на працу гаварылі яны, мусіць, не толькі пра гаспадарчыя справы – і той, і другі пісалі вершы. У Менску Жылка пазнаёміўся з Ядвігіным Ш., Змітраком Бядулем, Ігнатам Дварчанінам, Леапольдам Родзевічам. Неўзабаве наладзіліся і асабістыя стасункі з Янкам Купалам, які пачаў наведвацца ў хату Жылкаў, вёў зацікаўленыя гутаркі з бацькамі Уладзіка. Гаворкі з Янкам Купалам, праходкі са старэйшым паэтам па гарадскіх вуліцах, бясспрэчна, наклалі свой адбітак на фармаванне светапогляду Жылкі.
   Па словах У. Калесніка, Уладзімір Жылка радасна вітаў абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра тое, як блізка да сэрца прымаў паэт незалежніцкія ідэалы, сведчыць і першы надрукаваны 25 студзеня 1920 года ў газеце «Беларусь» верш «Покліч».
   У лютым 1919 года Ул. Жылка захварэў. Трохі ачуняўшы, паэт падаўся да сваякоў на вёску. Некалькі месяцаў пажыў у бацькавых крэўнікаў у Клецішчы на Случчыне, потым перабраўся да матчынай радні ў Падлессе. Як піша У. Калеснік у кнізе «Ветразі Адысея», «тут ён акрыяў душою, тут мог пасядзець над кнігамі любімых паэтаў – Лермантава, Міцкевіча, Ібсена. Пераклады іх твораў умацоўвалі адчуванне сэнсу жыцця...». Яшчэ з вясковай глушы Уладзімір пачынае дасылаць свае паэтычныя практыкаванні ў віленскую перыёдыку, ягоныя вершы і пераклады былі прыхільна сустрэтыя ў «Нашай думцы» Максімам Гарэцкім. А калі Падлессе ў выніку падзелу Беларусі ў 1921 годзе апынулася пад Польшчай, паэт пераехаў у Вільню.
   Як у свой час Максім Багдановіч, Уладзімір Жылка быў зачараваны хараством Вільні. Вільня акумулявала ў сабе, не растраціла спрадвечны дух беларускасці. Тут былі напісаны верш «Палімпсест» і паэма «Уяўленне». «Шпаркасць коняў Пагоні» надавала імпэту эпічным строфам Уладзіміравага «Уяўлення». Праз колькі гадоў нават злата Прага не здолее прыглушыць у Жылкавай душы віленскіх уражанняў, і паэт створыць велічны хваласпеў месту сваёй любові – «Вершы аб Вільні».
   Сярод віленскіх знаёмцаў Уладзіміра Жылкі трэба назваць і імя Ігната Канчэўскага, чыя невялікая кніжачка «Адвечным шляхам: даследзіны беларускага светагляду» (1921), чыталася і абмяркоўвалася ў рэдакцыях «Беларускіх ведамасцяў» і «Беларускага звону», з якімі Жылка наладзіў сталае супрацоўніцтва. І хоць сведчанняў блізкага сяброўства паміж імі не засталося, у некаторых творах Жылкі (верш «Мы любім даўнія паданні...») уплыў філосафа на паэта прыкметна адчуваецца.
   Не мог не пабываць Уладзімір Жылка і ў Віленскім Беларускім музеі, сабраным рупнасцю Івана Луцкевіча. Пад час Жылкавага побыту ў «крывіцкай Меццы» стваральнік музея ўжо спачыў вечным сном у Закапаным, але музей працаваў. Гэта пасля захопу Вільні савецкімі войскамі ў 1940 годзе многія каштоўныя экспанаты знікнуць у невядомым кірунку, узбагацяць чужацкія калекцыі, і толькі нязначная частка дакументаў апынецца ў Беларусі. Магчыма, верш «Палімпсест» акурат і з’явіўся на свет пасля наведвання Жылкам музея Луцкевіча. У ім паэт правёў трапную аналогію паміж старым рукапісам, першапачатковы сэнс якога схаваны ад чытача, і Беларуссю. І тут і там патрэбна ачысціць праўду ад пазнейшых ілжывых напластаванняў.
   У Вільні Уладзімір Жылка блізка сышоўся з Антонам Луцкевічам, які займаў пасаду старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта і якога паэт у пісьмах з Прагі будзе называць «даражэнькім дзядзькам». Ратуючы паэта ад польскіх вышуковых службаў, Луцкевіч пасылае яго з даручэннем у Коўна, дзе на той час знаходзіўся ўрад БНР. З Коўна Жылка накіраваўся ў Бірштаны – падлячыцца ў санаторыі, адпачыць там ад надакучлівай палітыкі, якая апошнім часам спрабавала залучыць паэта ў свае цянёты. З Бірштанаў Жылка трапляе ў Дзвінск, дзе спрабуе скончыць апошні клас Беларускай гімназіі. Жыве там ён на кватэры дырэктара І. Краскоўскага. Але неўзабаве, стаўшы ахвярай паклёпу, пакідае Дзвінск і вяртаецца ў Вільню, дзе на кватэры Л. Родзевіча перажывае яшчэ адно абвастрэнне сваёй хваробы.
   У 1923 годзе, пры спрыянні Леапольда Родзевіча, Жылка выехаў на вучобу ў Пражскі ўніверсітэт. Уладзімір Жылка спрабуе адразу акунуцца ў студэнцкае жыццё – рэдагуе часопіс «Перавясла», арганізоўвае літаратурныя вечарыны, але хвароба і тут дае пра сябе знаць, і ён вымушаны доўгі час праводзіць у санаторыях. Жылка неўзабаве бярэ пад сваё апякунства наваствораны часопіс «Прамень». Але чарговае абвастрэнне хваробы – і зноў толькі лісты аднадумцаў бадзёраць, не даюць цалкам зняверыцца ў сваіх сілах. Патроху Жылка ачуняў (у адным з тагачасных вершаў апошні радок прагучаў роспачна-пераможным клічам: «Не я – пад тым крыжом!»).
   Пры спрыянні Антона Луцкевіча ў 1924 годзе ў Вільні выходзіць Жылкаў зборнік «На ростані». Ягоны лейтматыў – мяжа, скрыжаванне, «капцы канцовыя». Паэт нашуквае свой шлях, упэўнена вызваляючыся ад уплываў (найперш Блока, ягонай «Незнаёмкі», чые парфумныя пахі адчувальныя ў паэзіі Жылкі гэтага перыяду). Яшчэ паэт на раздарожжы, яшчэ не ступіў і кроку ў абраным кірунку, а ўжо цень крыжа кладзецца яму пад ногі (верш «На ростані»).
   Зборнік прыхільна сустрэлі пражскія паплечнікі Ул. Жылкі. Схварэлы і знясілены (стыпендыі не заўсёды хапала, а падзарабляць капаннем бульбы ў прадмесцях Прагі, як іншыя, Жылка не мог), паэт ўсё ж знаходзіць у сабе змогу займацца грамадскай дзейнасцю. Восенню 1924 года ён дэлегуецца на міжнародны студэнцкі з’езд, які праходзіў у Варшаве. Плёнам Жылкавай паездкі ў Варшаву сталася прыняцце беларускіх студэнцкіх суполак Прагі і Вільні ў Студэнцкі саюз.
   Уладзімір Жылка быў не толькі самотнікам, што вечна жаліцца на свой змарнаваны лёс. Калі небяспека навісала над Радзімай, свабодай і народам, ён гатовы быў стаць у змагарскія шыхты. Рука паэта гатова была трымаць і ваярскі меч ( верш «Меч»). Гэткія вершы ў савецкай Беларусі не карысталіся вялікай пашанай.
   У 1926 годзе Жылка едзе ў Менск, дзе прымае савецкае грамадзянства, працуе літсупрацоўнікам у «Звяздзе», перакладчыкам на Белдзяржкіно, выкладчыкам у музычным тэхнікуме. Пры газеце, дзякуючы Жылку, пачынаюць гуртавацца маладыя таленавітыя пісьменнікі, перыядычна з’яўляецца літаратурная старонка. На Белдзяржкіно паэт перакладае фільмы на беларускую мову. У музычным тэхнікуме ён знаёміцца са студэнткай Рымай Маневіч, якая неўзабаве стане ягонай жонкай. Аператыўна выходзіць з друку і новы паэтычны зборнік Жылкі «З палёў Заходняй Беларусі».
   Але эстэцкая паэзія Уладзіміра Жылкі не магла прыйсціся да двара савецкаму крытычнаму афіцыёзу, для якога ўзорам у вершапісанні былі радкі накшталт броўкавых: «Я хачу, каб слова падносіла цэглу, а вершы ў альбом і хто іншы напіша».
   Асабліва вызначыўся крытык Тодар Глыбоцкі. У рэцэнзіі, апублікаванай у другім нумары часопіса «Полымя» за 1928 год, ён добра-такі патаптаўся пралетарскімі ботамі па далікатнай паэзіі Жылкі, ніцавока аглядаючыся на бакі. Папракнуўшы паэта за «архаічную» мараль, «паганую» мову, высунуўшы яму абвінавачванне ў апяванні «бел-чырвона-белага сцягу», крытык зрабіў безапеляцыйную выснову: Жылка «чужы нам па форме і ідэёваму зместу».
   Гэтае прачытанне, пэўна ж, не дало вялікай радасці паэту. Неўзабаве ён быў вымушаны паехаць, як патрабавалі дактары, на берагі старажытнай Таўрыды, у прытульна-страхотлівую для ўсіх сухотнікаў Ялту. Пакуль Уладзімір Жылка папраўляў здароўе ў Крыме, у роднай сталіцы наспявалі вялікія падзеі. У лісце ад 15 сакавіка 1930 года стрыечны брат паэта, супрацоўнік рэдакцыі «Беларускай вёскі» П. Рагачэўскі з іроніяй паведамляў у Ялту, што на радзіме не змаўкаюць класавыя баі з кулакамі і з усімі астатнімі рэшткамі капіталізму, ідзе штодзённае клеймаванне замежнай буржуазіі і фашыстаў розных масцей і колераў.
   Паэту Уладзіміру Жылку першаму з «Узвышша» выпаў «гонар» прымераць церневы вянок пакутніка - яго арыштавалі 18 ліпеня 1930 года. Праз два дні ў Маскве, проста на службе ў Крамлі ўзялі Уладзіміра Дубоўку. Яшчэ праз чатыры дні ступілі на крыжовы шлях Язэп Пушча і Адам Бабарэка...
   Жылка адмовіўся падпісаць акт абвінавачвання аб сваёй прыналежнасці да міфічнага Саюза вызвалення Беларусі. Пасля медыцынскага агляду чэкістам стала зразумела – у турэмных умовах падследны можа не дажыць да абвяшчэння прысуду. Праз месяц пасля арышту Жылку вызваляюць з-пад варты.
   Калі Жылка яшчэ ўтрымліваўся ў бальшавіцкай вязніцы, сябры вырашылі хоць неяк яму дапамагчы. Лукаш Калюга звярнуўся да Кузьмы Чорнага, і паважаны пісьменнік адказаў, што грошай не шкада, але боязна.
   На волі паэту пабыць давялося нядоўга. Неўзабаве яго зноў арыштавалі і 10 сакавіка 1931 года абвесцілі судовы вырак – пяць гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласці.
   Ва Уржуме паэт уладкаваўся выкладчыкам расейскай літаратуры і загадчыкам гаспадарчай часткі (па сумяшчальніцтве) у мясцовым медтэхнікуме. Нягледзячы на тое, што стаўленне да Жылкі з боку адміністрацыі тэхнікума, выкладчыкаў-медыкаў і гаспадароў, дзе ён кватараваў, склалася паважлівае, ён усё больш занепадаў, часта тэмпературыў. Сябры, што адбывалі высылку ў навакольных паселішчах, стараліся падтрымаць паэта духоўна, а аднойчы прапанавалі яму пакінуць непасільную працу і жыць на таварыскія складкі. Жылка адмовіўся. Таварышы на волі таксама шукалі шляхоў дапамагчы згасаючаму паэту. Напрыканцы лютага 1933 года Жылка атрымаў дазвол выехаць на поўдзень. Але бальшавіцкая літасць запазнілася - 1 сакавіка паэт памёр. Човен Харона, заплыўшы ў раку Вятку, усё ж дапільнаваў сваю доўгачаканую ахвяру.
   Уладзімір Жылка так і не пабачыў сваёй трохгадовай дачушкі, якую выхоўвала бабуля. Пройдзе час і дачка Наталля Уладзіміраўна Лазарава супольна з дзядзькам Барысам зробяць усё магчымае, каб ушанаваць памяць бацькі і брата. Імі будуць напісаны сотні лістоў у Браціславу, Ленінград, Маскву, Менск, Уржум з адзінай просьбай – захаваць кожнае каліва ўспамінаў пра Уладзіміра Жылку. Барыс Адамавіч наведае месца апошняга спачыну паэта і паставіць сціплы помнік на ягонай магіле.
   Уся творчасць Ул. Жылкі – своеасаблівы тастамент нашчадкам пра веліч Прыгажосці, пра яе ратавальную місію сярод зямнога непрывабнага жыцця. Паэт ішоў наўслед за эўрапейскімі рамантыкамі, пераствараў іх па-беларуску, працягваў распачатую Багдановічам справу. Потым з падказкі таго ж А. Луцкевіча за творцамі падобнага кшталту замацуецца вызначэнне «песняры чыстае красы» – але ці бывае краса мурзатая? Пасадзіў жа Ул. Жылка «лілею між балот». І яна пасярод «ціны бруднае і плесні» змагла захаваць сваю адпрыродную чысціню (верш «Душа мая тужлівая»...). Ул. Жылка сваёй творчасцю як бы паспрабаваў падвесці рысу пад даўняй нашаніўскай дыскусіяй, якая акрэслівалася багдановічаўскім радком «кінь вечны плач свой аб старонцы». Тэма гэтая, аднак, і ў 20-я гады не атрымала свайго канчатковага завяршэння. Цэлая літаратурная арганізацыя паспрабавала не словам, а чынам пацвердзіць слушнасць багдановічаўскіх пачынанняў, але сузіранне і спасціжэнне красы – занятак не гуртавы. У творчых адносінах кожны з сяброў «Узвышша» быў сам па сабе. І наўрад ці Ул. Жылка, прыехаўшы з Прагі, шукаў паэтычнай гаманкой сябрыны, наўрад ці быў ахвочы па-«маладняцку» спяваць у хоры. Праблемы прыстаць да якога рая для яго ніколі не існавала, хутчэй самі раі навыперадкі стараліся залучыць таленавітага паэта да сябе.
   Сёння ўжо відавочна, што савецкі перыяд у творчасці Ул. Жылкі не вызначаўся асаблівым плёнам. Паэт, творчым крэда якога былі напісаныя ў Празе радкі «няма збавення апроч пекнаты», вымушаны быў пісаць газетныя артыкулы пра Горкага і Някрасава, рыхтаваць святочныя паэтычна-партыйныя літстаронкі ў «Звяздзе». Часам не хапала «высокаідэйных» твораў, прыходзілася пісаць самому. Напэўна, Жылка разумеў, што «Песня дзесятых угодкаў» – здрада самому сабе, сваім эстэтычным прынцыпам. А лірычныя вершы пісаліся ўсё радзей і радзей. Ды наўрад ці хто ў ахопленай сацыялістычным шалам Беларусі заўважаў трагедыю яшчэ аднаго паэта-мройніка. Наадварот, сябры нязлосна пакеплівалі з ягоных ранейшых вершаў. А Жылка наіўна спрабаваў дастасаваць уласныя высокія крытэрыі ацэнкі мастацкага твора да ўсяго тагачаснага беларускага пісьменства, ушчуваў калегаў за моўную неахайнасць, незнарок ублытваўся ў гарачыя спрэчкі, далекаватыя ад сапраўднай літаратуры.
   Яшчэ ў Празе Ул. Жылка як бы прадбачыў сваё жыццё ў сталіцы савецкай Беларусі. У адным з лістоў да Антона Луцкевіча ён супакойваў самога сябе, палагоджваў уласныя сумневы: «Я хачу сказаць, што маю права пісаць не толькі ўра-патрыятычна-пралетарскія рэчы, але й заставацца ў самотным ціхім храме Хараства». Паэт марыў напісаць і выдаць кніжку з матывамі кахання, смерці, прыроды, дзе б не было ніводнай рыфмы «гэй, наперад», спасылаўся на французаў і немцаў, якія выдаюць кніжкі такога кшталту штодня.
   Паэт з эўрапейскай адукацыяй, ён і тварыў у рэчышчы эўрапейскім – у ягонай творчасці натуральна глядзеліся пентаметры і гекзаметры, санеты і вірале, верлібры і белыя вершы. Жылка напісаў першы ў беларускай літаратуры верш з кансананснай рыфмоўкай, спрабаваў стварыць новыя вершаваныя формы. Веданне антычнай літаратуры, класічнай французскай, нямецкай, чэшскай, польскай паэзіі, пэўна ж, падвышалі Жылку ў вачах былых студэнтаў педтэхнікумаў і рабфакаў. Мо хто і паглядаў скоса, але куды больш было захаплення і таварыскай спагады. Зычліўцы залічылі паэта да бясспрэчных мастакоў слова, называлі ў друку новым Багдановічам.
   Ул. Жылка ведаў пра сваю хваробу, ўспрымаў наканаваны лёс спакойна, нават такую непаэтычную з’яву як смерць не цураўся пускаць на цвінтар свайго ціхага храма. А як жа – спрадвеку ў храме не толькі бласлаўлялі на новае жыццё, але і адпявалі. Смерць мелася быць адным з матываў задуманай ім кнігі. Яе, каго паэты звыклі маляваць кашчавай і бяззубай, паэт называе жаданай госцяй. Ягоная цудоўная элегія «Смяротны пах» гучыць як прычашчальная малітва. Напярэдадні з’яўлення ў Беларусі новай літаратурнай плыні вітаізму (што абазначыцца творчасцю Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі, А. Бабарэкі) Жылка як бы пачынаў ад адваротнага, спавядаючы мартызм. Паэт знаходзіў хараство ў букеце завялых кветак, у гаснучай восеньскай прыродзе.
   Уладзімір Жылка ўсведамляў, да чаго пакліканы і стараўся як мага менш збочваць з раз і назаўсёды абранае сцежкі. І акурат гэтая сцежка за ягонай спінай ператварылася ў шырокі гасцінец, прайсціся па якім светла і радасна, бо вядзе ён да вымраенага паэтам храма.
   Як сведчыць Дубоўка, Уладзімір Жылка, часта паўтараў лацінскае выслоўе: «Vivera memento!» – «Памятай пра жыццё!». Ён да апошняга дня верыў, што яму ўдасца выехаць з гіблага Уржума ў сонечны Крым, акрыяць і пісаць, працаваць дзеля светлага рання Беларусі. Але ўласныя вершы, нібы зачараваныя ў шчадроўскую ноч на варажбітным стале рэчы, рабіліся непаслухмяныя, паказвалі на іншае. Яшчэ ў 1931 годзе Уладзімірам Жылкам быў напісаны своеасаблівы подступ да «Тастаменту» – «Верш развітання».
   Паэт выкарыстаў лермантаўскі вобраз адарванага лістка, пэўна, ажывіўшы ў памяці свае юначыя пераклады паэзіі вялікага бунтара.
   Сэрца Уладзіміра Жылкі таксама кроіў пякельны боль па паняволенай Бацькаўшчыне. Ды яно, знясіленае, поўнілася мужнасцю і ахвярнасцю, праменілася любасцю да высокай горняй красы і зямнога дольняга жыцця. Паэт не пражыў і трыццаці трох гадоў, вершам жа ягоным наканаваны нашмат даўжэйшы век.

Міхась Скобла


Крыніца: Уладзімір Жылка. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1998.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!