Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Дубоўка - Хованкі

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест
 
   Недалёка ад Сянна, на беразе таго ж возера, пры якім стаіць і Сянно, ёсць невялічкая, утульная вёсачка Свабоднае. Давялося нам неяк пражыць там з паўлета. Што, апрача прыроды, спадабалася нам у тым прыгожым куточку Беларусі – гэта людзі. Вельмі добрыя, цікавыя, лагодныя людзі. А затым – дзеці. Жонка мая бадай усё жыццё працавала настаўніцай, ды і паездзілі мы па свеце багата. Такім чынам, маглі рабіць параўнанні, супастаўленні. Розныя бываюць і дарослыя, розныя бываюць і дзеці. Вось, напрыклад, у часе вайны ішла жанчына прасёлкам да станцыі. Сустрэла мужчын. Пытаецца ў іх:
   – Ці так я іду, ці правільным шляхам?
   – Ды не, – кажуць, – зусім не! Вам трэба ісці вось гэтай дарогай. Адразу і прыйдзеце туды, куды вам трэба.
   Бедная жанчына паслухала іх, прайшла кіламетраў дзесяць па асенняй калатусе, ды з клункамі, і даведалася, што ёй трэба было зусім у адваротны бок ісці...
   Скажыце, ці варты тыя людзі добрага слова? Нейкая звярыная, жывёльная жорсткасць і бязлітаснасць кіруюць такімі істотамі...
   А вось у Свабодным, гуляючы ў лесе, мы неяк затлуміліся і пайшлі не ў патрэбны бок, а ў адваротны. Па дарозе сустрэлі двух хлопчыкаў, якія ехалі на фурманцы ў кузню, везлі нейкую дэталь ад жняяркі для рамонту. Павіталіся з намі. Жонка пытаецца:
   – Ці далёка да Свабоднага?
   Большы адказвае:
   – Недалёка, але ж вы не ў той бок ідзеце. Сядайце на нашу фурманку, мы вас падвезямо...
   Едучы, яны расказалі нам пра свае дзіцячыя справы, а ў нас запыталіся, хто мы, дзе жывём. Уся гутарка была далікатная, без ніякіх выкрутасаў і зухаватасці...
   У Свабодным жа мы наглядалі неаднойчы, як дзеці, якія не хадзілі ў поле, гулялі ў розныя гульні, у тым ліку і ў хованкі. Было дзяцей блізу нашае хаты шасцёра-сямёра, прычым больш-менш аднаго ўзросту. Але гуляў разам з імі адзін хлопчык гадоў чатырох, а можа, і менш таго, бо ён хадзіў у адной кашульцы, без штонікаў. Клікалі яго – Вася.
   Калі давалі сігнал хавацца, ён адыходзіў крокі на два і закрываў далонямі свой твар. Гэта азначала, што ён схаваўся, што яго ніхто не бачыць. Мімаволі згадаліся нам страўсы, якія, прытаміўшыся ад пагоні, хаваюць галовы ў пясок. І вось хлопец або дзяўчынка, якія правяралі ўсе хованкі, самыя патаемныя мясцінкі, праходзілі колькі разоў ля гэтага маленькага Васі і ўсё пыталіся:
   – Ды дзе ж той Вася схаваўся? Ды як жа нам адшукаць Васю? Хто нам дапаможа знайсці Васю?
   А Вася аж танцуе на сваёй схованцы, але рук ад твару не адымае. Урэшце ён застукаў усіх, ён перамог...
   Як бы хацелася зірнуць сёння на таго Васю! Цяпер яму, пэўна, чатырнаццаць або пятнаццаць гадкоў. Вось бы паглядзець, як ён гуляе з малодшымі ад сябе! Ці так жа добра, як гулялі з ім самім...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!