Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Дубоўка - Палыны пасівелі на ўзгорку

Кнопка отправить на печать

Палыны пасівелі на ўзгорку,
запрыгоршчыць і кіне іх вецер.
Мо таму так на свеце горка,
мо таму часам горка на свеце?

Калі глянуць на тыя даліны,
калі глянуць на тыя далочкі, –
толькі ліст адвіхнуўся з каліны,
а яго ўжо у гліну топчуць.

А ў каліне, ў шыпшынніку дзікім
начавалі і сонца і росы.
А ў пялёстках – без меры, без ліку
з сокам шчасце суздром разлілося.

Адцвітае, усё адцвітае –
і гады, і хвіліны, і кветкі.
Маладосць ты мая залатая,
і цябе панясе так па ветру.

Разліешся пялёсткамі песень
ад мяне ды на тыя даліны.
Там і скруціць іх вецер у дэсань,
бо да зор ад зямлі не дакіне.

Толькі знаю і веру цвёрда,
як у долю краіны роднай, –
маіх думак не кіне ў бёрда,
не затчэ утокам нягодным.

Вось затым дарую і крыўду, –
што мінула і што надыдзе.
Калі сэрца каханнем спавіта, –
дык не будзе ў ім месца крыўдзе.

Палыны пасівелі на ўзгорку,
а ў далінах – пялёсткі ад кветак.
Іх калыша з вясёлай гаворкай,
гаркату вытрасае з іх ветрык...

1925



Крыніца: Душа мая тужлівая... : вершы і паэмы / уклад. В. А. Шніп. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 303 с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!