Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Дубоўка - Мілавіца

Кнопка отправить на печать

       Народная казка

 

       1

За гарамі, за даламі,
за сыпучымі пяскамі

жыў даўней адзін хлапчына
з васільковымі вачыма.

Сам высокі, спрытны, стройны,
да работы ўсякай здольны.

Ён у лесе ці на полі
гультаём не быў ніколі...

Адбылося неяк дзіва:
сонца ход свой прыпыніла.

Прастаяла тры гадзіны
з невядомае прычыны.

Задзівіліся ўсе людзі:
«Нешта ёсць у гэтым цудзе!»

А чаму стаяла сонца —
невядома ўсёй старонцы...

Вось тады сказаў хлапчына
з васільковымі вачыма:
— Хоць нялёгкая дарога,
хоць ісці, напэўна, доўга,

пабываю ў той старонцы,
над якой стаяла сонца

нерухома тры гадзіны,
і дазнаюся прычыну...

— Так яно няхай і будзе! —
ухвалілі хлопца людзі.

Ён узяў з прыпасам торбу,
развітаўся словам добрым

і з бацькамі, і з сябрамі,
і з усімі землякамі,

а пасля пайшоў услед ён
за высокім сонцам светлым.

Многа ён ішоў ці мала, —
у шляху ўсяго бывала.

Нам з маленства ўсім вядома:
«Што ў дарозе — то не дома».

Да Палесся так прыйшоў ён.
Там дзівос усякіх поўна:

і імшары, і балоты,
і высокія чароты.

Пушча там не мае краю,
пекната ж у ёй такая,

што нідзе няма на свеце,
хоць усюды сонца свеціць.

Там дубы свае вяршыні
ў небасхіл узносяць сіні,

а лістамі зоры крыюць
нашы волаты старыя.

Явар шле духмяны водар
на паляны, цераз воды.

На палянах тых і водах
незлічоных кветак подых...

Вось у гэтай пушчы хата.
Каля хаты дзед вусаты.

Павітаўся хлопец з дзедам.
Пачалася ў іх бяседа:

— Ты адкуль, сынок? Куды ты? —
Адказаў хлапец адкрыта:

— Маю пільную я справу,
мне даведацца цікава,

ад якой падзеі дзіўнай
сонца роўна тры гадзіны

прастаяла тут, над вамі,
над палескімі барамі...

Дзед пачаў смяяцца з хлопца:
— Пастаяла мала сонца!

Калі б ты пабачыў тое,
пастаяў бы больш удвое!

Я скажу табе прычыну:
тут жыве адна дзяўчына

па найменню Мілавіца,
а на выгляд — як зарніца!

Як блакіт на небе — вочы,
зіхаціць убор дзявочы.

Аж да пят тугія косы
у дзяўчыны той дзівоснай.

Вышывана ўся сарочка
у мядункі, васілёчкі.

Толькі кіне сінім зрокам —
закрасуе ўсё навокал,

а калі ніяк не гляне —
засумуе кветка, звяне...

Лепш ідзі, сынок, дадому,
покуль з ёй ты незнаёмы,

бо журба ўпадзе на сэрца
і не выйдзе аж да смерці...

— Не, дзядуля, так не кіну,
сам пабачу я дзяўчыну!

I пайшоў далей хлапчына
з васільковымі вачыма...

Да ракі, на Прыпяць, выйшаў,
вецер хвалі ў ёй калыша.

Бачыць — човен на рацэ там.
Залатым вядзе вясельцам

гэны човен Мілавіца,
а сама, як зараніца.

Глянуў хлопец на дзяўчыну
васільковымі вачыма

і пазнаў, што вельмі мала
сонца ў небе прастаяла.

Заглядзеўшыся на дзіва,
ён і сам стаяў маўкліва.

Човен борзда ўдаль імкнецца,
зіхаціць пры ім вясельца.

Хлопец просіць:
— Мілавіца!
Не магла б ты супыніцца?

Супынілася, пытае:
— А бяда ў цябе якая?

Ён сказаў усё аб цудзе,
як яго паслалі людзі,

як знайшоў яе, дзяўчыну,
а цяпер, напэўна, згіне,

бо журба ўпадзе на сэрца
і не выйдзе аж да смерці...

Мілавіцу хлопец просіць
на сваю радзіму ў госці:

— Хай пабачыць свет і людзі,
што такой няма й не будзе.

Дай у сэрца мне надзею.
Не забуду век цябе я...

А яна яму на гэта
адказала словам ветлым:

— Маім ножкам будзе зімна.
Чаравічкі прынясі мне.

Ты зрабі з пясочку мне іх,
выйду я тады на бераг.

Як на ножкі іх абую,
да цябе і павандрую.

А цяпер ізноў паеду,
не шукай майго ты следу.

У руцэ яе вясельца,
а журба ў хлапцовым сэрцы...
 

       2

Сумны ён прыйшоў дахаты.
Расказаў суседзям, тату,

расказаў і маці роднай
аб дзяўчыне той цудоўнай.

Расказаў пра чаравікі
і пра смутак свой вялікі,

што яго ніяк не кіне.
А пасля узяў начынне,

начасаў сухога клёну,
абстругаў калодкі роўна

і зрабіў два капылочкі
на дзяўчыніны слядочкі.

Хвошч узяўшы жменяй поўнай,
капылочкі тыя цёр ён,

аж пакуль зазіхацелі
з клёну добрага мадэлі.

Адшукаў пясочак чысты,
самы дробны, пазлацісты.

Перасеяў у начоўкі
ён пясочак сітам тонкім.

Тут пайшла ўжо не работа,
а вялікая турбота.

Як паставіць капылочкі
ў пазлацістым ён пясочку,

дык стаяць зусім нядрэнна,
а падыме — ўсё дарэмна!

Абсыпаецца пясочак,
не трымае капылочак.

Прыціскаў яго рукою,
паліваў пясок вадою, —

як падыме капылочак —
абсыпаецца пясочак...

Задала яна задачу!
Хлопец ледзьве не заплача.

Прыкра стала, горка стала:
за жыццё рабіў нямала,

а з пяску зрабіць не можа
чаравічак ён прыгожых...

Просіць хлопец дапамогу
аж у сонейка самога:

— Бачыш, сонца, ясным зрокам
ты Сусвет увесь шырокі.

Бачыш мора, бачыш горы,
а майго не бачыш гора,

хоць яно да хмар узнята,
хоць ім сэрца ўсё працята...

Ты стаяла тры гадзіны,
задзівіўшыся з дзяўчыны,

а мне сохнуць тры гадочкі
каля гэтых капылочкаў.

Супыніся ж хоць на хвілю
на высокім небасхіле,

растапі пясочак чысты
сваёй сілай прамяністай...

Адбылося раптам дзіва:
сонца ход свой прыпыніла

і сваёй магутнай сілай
той пясочак растапіла.

Стаў пясочак, як вадзіца
у люстранае крыніцы.

Абліліся капылочкі
тым растопленым пясочкам,

той люстранаю вадзіцай д
ля чароўнай Мілавіцы...

Як пясочак стаў крышталем —
развітаўся хлопец з жалем.

Пахадзіўшы ля камення,
адшукаў ён моцны крэмень

і нарэзаў ім узоры,
а яны — зіхцяць, як зоры.

Хоць і клопат быў вялікі,
ўсё ж зрабіў ён чаравікі

з пазлацістага пясочку
на дзяўчыніны слядочкі...

Зноў пайшоў у падарожжа
з падарункам тым прыгожым.

Зноў да Прыпяці прыйшоў ён
і сказаў красе цудоўнай:

— Падарунак я прынёс свой.
Выкідай на бераг вёслы!

Ты стрымаць павінна слова.
Пойдзем мы цераз дубровы,

краем пушчы задумёнай
на прыгожы, сіні Нёман...

Прыняла яна дарунак,
што прыгожы, як лятунак.

Падала яму вясельца,
аддала яму і сэрца,

Усміхнулася вясёла —
заспявала ўсё наўкола:

і дубровы, і крыніцы —
ад усмешкі Мілавіцы.

Зазванілі: у званочкі
ўсе мядункі, васілёчкі.

I цяпер яны ўсё звоняць,
Мілавіцу як успомняць...
 

       3

А яе павёў хлапчына
з васільковымі вачыма

аж да Нёмна, на радзіму.
Сонца ўсё Ішло над імі,

асвятляла ім дарогу,
адганяла прэч трывогу.

Як прыйшлі яны у вёску,
паляцела пагалоска

па акрузе, па наўколлю,
цераз пушчу, цераз поле

пра дзяўчыну Мілавіцу,
што як зорка-зараніца.

I вяселле неўзабаве
бацька сыну свайму справіў.

Танцавалі і спявалі
пад вясёлы звон цымбальны.

Ўсе віталі там хлапчыну
з васільковымі вачыма,

ўсе віталі Мілавіцу,
тую зорку-зараніцу.

На крыштальных чаравічках
васількі і медунічкі

прамяніста зіхацелі...
Ўсё было на тым вяселлі!
 

       4

Век мінуў, другі і трэці...
Усё зыначылася ў свеце.

Там, дзе казачны хлапчына
для цудоўнае дзяўчыны

лаштаваў з пяску абутак,
там цяпер шкляная гута.

Мые ёй пясочак Нёман.
На ўвесь свет яна вядома!

Мілавіцыны патомкі
там крышталь рыхтуюць тонкі

падарунак свой чароўны
для сям’і усёй працоўнай.