Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Дубоўка - Мядзведзь

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Набліжалася восень. Набліжалася і пара капаць бульбу. Трэба было адрамантаваць для гэтага кошыкі, сплесці новыя. Узяўшы лодку, я перабраўся на другі бок ракі Бірусы. Нарэзаў добрай лазы, аднёс у лодку. Пасля падумаў: «Дай прайдуся борам. Можа, дзе знайду сенажатку някошаную. Для коз сена накасіць». Падняўся на ўзвышша. Іду. А напярэдадні, за гадзіны дзве, быў дождж. Тайгу ўсю прамыла, падмаладзіла. А на ўсіх пясчаністых дарожках паразмывала старыя сляды. Ідучы каля адной вывараці, бачу на пяску адбітак следу, нібыта лапця. Я, спачатку не звярнуўшы асаблівай увагі, крочу далей. Неўзабаве зноў бачу сляды, зноў лапці на пяску надрукаваны. Спыніўся я, пастаяў над гэтымі слядамі. Колькі жыву ў паселішчы, не бачыў ніводнага чалавека, абутага ў лапці. Адкуль жа яны маглі ўзяцца ў тайзе? Калі прайшоў далей, бачу новы доказ таго, што лапатнік гэты – мядзведзь. Я, значыць, іду якраз па гарачых слядах. Ад аднаго следу аж пара... Пастаяў я, падумаў: «Нават звычайнай стрэльбы ў мяне няма з сабой, адзін кухонны ножык, якім лазу рэзаў. Змагацца, дужацца з мядзведзем у мяне сілы не хопіць. Не, пайду я лепш да сваёй лодкі ды дадому паеду».
   Павярнуў я з бору ў кірунку да ракі і іду ўзлессем. Глянуў на бор – аж на ўзвышшы, на лясной прагаліне, стаіць мядзведзь ды, не раўнуючы, як фельдмаршал які. Правую лапу ўгору падняў, нібы на мяне паказвае. Я спыніўся. «Што рабіць? Уцякаць – самая апошняя справа. Звер адразу за табой кінецца. Пайду на яго. Напалохаецца ды пачне ўцякаць сам». Іду. Мядзведзь ні з месца. Прайшоў далей – мядзведзь хоць бы скрануўся. Падыходжу яшчэ бліжэй.
   Мядзведзь стаіць, як скамянеў. Я тады – куды ж мне дзецца? – як гойкнуў:
   – Ату, давай яго!
   Мядзведзь хоць бы што. Калі я прыгледзеўся лепш – гэта гарэлы пень. Каб не тыя свежыя сляды, я на яго ўвагі не звярнуў бы.
   Каму, можа, смешна, а мне страху хапіла.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!