Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Арлоў - Час чумы

Кнопка отправить на печать

   У аповесці «Час чумы» распавядаецца пра італьянскі перыяд жыцця і творчасці Міколы Гусоўскага — нашага вялікага паэта-гуманіста XVI ст. Уладзімір Арлоў стварае яркі мастацкі жыццяпіс, засяроджвае ўвагу на самым вузлавым моманце яго біяграфіі. У 1518 г. паэт адправіўся на чужыну ў складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі. Два гады, праведзеныя ў Рыме, сталі для Гусоўскага цэлай эпохай. Аўтар аповесці імкнецца выявіць духоўны змест жыцця паэта, і гэта яму ўдаецца. Ужо з першых старонак, калі мы чытаем пра яго сустрэчу з маладой рымлянкай доннай Франчэскай, перад намі вымалёўваецца жывы чалавек, які тужыць па радзіме, апантаны паэзіяй і моцна закаханы. «Вечны горад» прынёс паэту небывалы творчы ўздым, тут, у еўрапейскім асяродку культуры, крышталізаваліся яго грамадзянскія перакананні і літаратурнае крэда, сутнасць якога асабліва добра раскрываецца ў гаворцы з тагачасным рамеснікам-імітатарам паэзіі Строццы: «Паэзія мусіць дапамагчы чалавеку будаваць храм сваёй душы».
   Уладзімір Арлоў уражліва паказвае, як у сэрцы М. Гусоўскага спелілася надзея выказаць свае патрыятычныя пачуцці, палітычныя і гуманістычныя погляды. I такая магчымасць надарылася: папа Леў X заказаў твор пра паляванне на зубра. Адным з галоўных натхняльнікаў паэта стаў ягоны сябар Эразм Вітэліус, дзяржаўны муж і мецэнат мастацтваў. Апякаючы Гусоўскага, ён верыць у тое, што паэтычнае слова можа мець «уплыў на лёс Айчыны», яно нясе вялікую эмацыянальна-збуджальную і ўплывовую сілу. У. Арловым створаны запамінальны гістарычны характар. У цяжкі для Бацькаўшчыны час Вітэліус не шкадуе духоўных высілкаў, жадае засцерагчы яе ад нашэсця ворагаў. Варункі жыцця ў Італіі для Міколы Гусоўскага ў многім аказаліс.я цяжкімі і трагічнымі. Драматызм выпрабаванняў надзвычай ускладніўся смерцю Вітэліуса ў чумны 1522 г. Кранальна апісаны сцэны развітання паэта са сваім настаўнікам і дарадцам. Нават перад тварам блізкай смерці Вітэліус працягвае турбавацца пра лёс паэтавай «Песні пра зубра», не губляе веры ў моц чалавечага духу: «...Любая дзяржава мусіць больш абапірацца не на сілу зброі, а на моц духу».
   Першакрыніцай мастацка-біяграфічнай карціны стаў, зразумела, сам твор Міколы Гусоўскага, адкуль пісьменнік чэрпае звесткі, факты, эмоцыі для раскрыцця псіхалогіі, яркай індывідуальнасці свайго героя, характарыстыкі эпохі, праўды далёкіх часоў. Аднак выяўленне асобы паэта ў сваім часе і канкрэтных абставінах вымагала грунтоўнага заглыблення ў гісторыка-культурны пласт мінулага Беларусі і Еўропы. У творы выразна праглядваецца канцэпцыя героя і яго духоўнага подзвігу — «аўтару паэмы наканавана еўрапейская слава», неўміручы Голас, бо «мастак перадае наступнікам непадлеглы тленню вобраз эпохі і Бацькаўшчыны». Таму «першы паэт Кароны і Княства» праз «чуму» бяспамяцтва вярнуўся ў наш час, у нашу нацыянальную свядомасць.