Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Сяргей Грахоўскі - Светлячкі

Кнопка отправить на печать

Пушчанская казка

 

Ох і цёмна ж ноччу ў пушчы:
Ельнік стаў яшчэ гусцей,
Лось галлё сухое трушчыць
I чапляецца часцей
То за пень, то за калоду,
То за вострыя сукі, –
Не былі такія зроду
Паздзіраныя бакі.
Праз ядловец не прабіцца,
Ледзь назад пралезці змог,
I заўважыла Ласіца,
Што ў яго зламаны рог.

Ці былі там вы калі,
Дзе хоць вока выкалі?

А малое Ваўчаня
Пагукала маму
I ўпацёмках каля пня
Паляцела ў яму.
Вые, енчыць і галосіць,
Памагчы суседзяў просіць,
А ў ракітавым кусце
Заяц плача ў цемнаце.

Кінуў цёплую бярлогу
I пабег на дапамогу,
Пералазячы ледзь-ледзь
Праз валежыны, Мядзведзь.
Зайца выцягнуў за вушы –
I прайшоў адразу страх.
«Толькі больш ніколі, дружа,
Не сланяйся па начах, –

Ушчуваў Мядзведзь касога
Вось твая дамоў дарога.
Там даўно бядуе маці,
Я ж пайду да ваўчаняці,
Бо яго бацькам да рання
Не вярнуцца з палявання
З-за шырокае ракі,
Дзе хаваюцца дзікі.
Можа, хлопца уратую,
Толькі трэба паглядзець...»
Але як залемантуе
I завойкае Мядзведзь:
«Ой, скрануцца не магу,
Бо ўпіваюцца ў нагу,
Быццам тысяча іголак,
Дрот калючы ў дзесяць столак.
Касавокі, не бяжы,
Мне хутчэй дапамажы!»
Але раптам з-пад нагі
Голас чуецца другі:
«Хто там прэцца, як мядзведзь
I крычыць без толку,
Хто не можа паглядзець,
Што на мне іголкі?»
«Адурэў, таварыш Вожык!
Хто ж на сцежцы ставіць ложак?»

«Я не ложак, а лагчынку
Паміж лісцікаў і траў
Для начнога адпачынку
Сам сабе аблюбаваў.
У мяне цяпер, сябры,
Тры зламаныя рабры».

«Ну, а я ўжо не змагу
Стаць на правую нагу!»
I Мядзведзь узяў у зяпу
Акрываўленую лапу.

Толькі ў пушчы сярод ночы
З кожнага Сава рагоча,
Бо яна з усіх адна
Добра бачыць давідна,
I на досвітку засне
На яліне ці сасне.

А Мядзведзь раве ад болю,
Стогне, лапаю трасе.
I на крык па добрай волі
Пазбягаліся усе:
Праз ядловец, без дарогі,
Лось прыплёўся аднарогі,
І казулі, і дзікі,
I Лісіца – з-за ракі.
За увагу і за ласку
Заяц робіць перавязку:
Берасцінаю ў тры рэдзі
Закруціў нагу Мядзведзю.
Той суцішыўся, замоўк.
Аж прыбег аднекуль Воўк.
Пасівелы і стары,
Вочы, быццам ліхтары,
З ім і тое Ваўчаня,
Што у яме, каля пня,
З усяе ваўчынай сілы
На ўсю пушчу галасіла.


Раптам крыкнула Сарока:
«Колькі ж нам блукаць у змроку?
Мае кожнае сяло
Электрычнае святло.
Вось і трэба ад вады
Нам правесці правады,
Каб сучок і кожны пень
Ноччу бачыць, як удзень».

Просіць слова Воўк стары:
«Толькі выхад ёсць адзіны –
Можа, згодзяцца бабры
Збудаваць для нас плаціну.
Дык няхай да іх дахаты
Сходзяць нашы дэлегаты
I папросяць, каб бабры
На Чаромхавым віры
Добра рэчку загацілі
I па дроце ток пусцілі».

А назаўтра ўсе з ахвотай
Захапіліся работай.
Ад зары і да зары
Завіхаюцца бабры –
 Валяць елкі і асіны
Для галоўнае плаціны.

Ад світання да змяркання
Дзік з кратамі – ў катлаване,
А Мядзведзь, хоць і кульгае,
Кожнаму дапамагае:
Прыкаціў на бераг прама
Ён турбіну і дынаму.
Дзе разжыўся – невядома.
Можа, узяў з металалому,
Але ім няма цаны,
Бо як новыя яны.

А цяпер і павукі
Узяліся за работу:
На галіны і сукі
Начаплялі столькі дроту,
Што прайсці і Лось не змог
I зламаў апошні рог.

Завіхаюцца да зморы
Даўганогія манцёры,
I пад вечар пішуць зводку,
Што закончылі праводку.

Каля рэчкі за-гу-ло...
Закруцілася дынама.
«Ёсць і ў нас цяпер святло»,
Паляцела тэлеграма
Да пушчанскага цара –
Белавежскага Зубра.

На галінкі і сучкі
Дружна селі светлячкі
I найлепш на свеце
Свецяць, свецяць, свецяць.

А Лісіца, цётка Ліза,
Каб усюды быў прагрэс,
Каляровы тэлевізар
Прыцягнула з крамы ў лес.

Светла, весела ў пушчы,
А было ж наадварот.
I адразу стаў відушчы
Нават самы цёмны Крот
I жадае: «Каб было
На зямлі заўжды святло!»

1980

 

Крыніца: Грахоўскі С. Выбраныя творы. У 2-х х. Т. 2. Вершы, паэмы, казкі, пераклады.: Маст. літ., 1983. – 414 с

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!