Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Крушына - Ці пачуе...

Ці пачуе плач выгнанніка
Там у далечы яна?
Можа боль ад вытню праніка,
Ад крутні верацяна
Заглушае тое ўтойнае,
Што ў грудзёх тугой пяе.
Маладосць высокамройная
Мае клопаты свае...
Я пакінуў хату бедную,
Бы няўцешную ўдаву,
I цяпер я сам не ведаю,
Як існую, як жыву.
Праз нягоды разгубіліся
Сваякі, сябры, сям'я.
Толькі вершы пульсам біліся,
I ці раз маліўся я:
Дзякуй Богу, што занесены
На шчаслівую зямлю.
Ды адно – ўсім сэрцам песенным
Я няшчасную люблю,
Тую – сёння зрабаваную, –
На якой радзіўся, рос,
На якой знайшоў каханую
У маім заплёце кроз...
Цвёрда, крокамі бадзёрымі
Я па вуліцы іду.
Пад мурамі-хмарадзёрамі
Валаку сваю бяду.
Набягае смутак кручаны,
Кураць пылам камяні.
Прыгадаў сады я Случчыны
I лагоду цішыні...
А ізноў над камяніцамі
Неба выдзерты шкумат.
Гэта-ж вочы любай выцвілі
Ў злую восень акурат.
Так душа мая, прарочыца
Прышлых дзён, снуецца ў сне.
Незнаёмы горад мрочыцца
I гамоніць галасней.
Мне здаецца: гмахі хіляцца,
Абдымаюцца яны.
I зыходзяцца, як сківіцы,
Дзве даўжэзныя сцяны.
Абцугі каменнай вуліцы
Ціснуць, муляюць мяне.
Свет па гэтым не хвалюецца...
I жыццё далей імкне.

1954

 

Похожие статьи:

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Тэрцыны

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Чалавек

БиографииРыгор Крушына

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Секстына

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Крушына