Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Рыгор Крушына - Усюды дарогі

Кнопка отправить на печать

Усюды дарогі, дарогі, дарогі...
Бяздомны вандроўнік не мае прыпынку.
Чужыя пад’езды, чужыя парогі,
I голас уяўны: – Ці вернешся, сынку?

Дарогі каберцам ляглі на даліны,
На стэпы, пустэчы, на горныя лукі.
Дарогі даюць дарагія хвіліны
Шчаслівай сустрэчы і горкай разлукі.

Мой дух неспакойны, упарты, палётны
Імкнецца ў нязнаныя пушчы і нетры.
Вунь сцеляцца роўна асфальту палотны,
Тут – рэйкі чыгунак, там – трасы ў паветры.

Я сёння ў Мадрыдзе, а заўтра ў Нью-Ёрку.
Пакіну пачуцці па добрых краінах.
Ёсць песні на ўзмор’і, узлессі, узгорку,
Гучаць на пяскох, на ссівелых руінах.

А ўсё-ж наймілейшая песня, што зроду
Я чуў ад бацькоў, і я ў тым прызнаюся:
Яна не сціхае на вуснах народу
Маёй сэрцагрэйнай жывой Беларусі.

Не сціхне яна і ў далёкай дарозе.
Я буду спяваць, падбіраючы словы.
Мне цёпла ў паэзіі, холадна ў прозе
I горача ў гомане роднае мовы.

Па свеце праменнем кладуцца дарогі,
Расце хараство на зямлі і на моры.
I я ў падарожжы не маю знямогі,
У працы штодзённай не ведаю зморы.

Радкі на паперы – таксама дарогі,
На іх непрыкметна губляюцца сілы.
Парадак жыцця непахісны і строгі.
Дарога апошняя – шлях да магілы.

I згадка міжвольная: бацькава хата,
Гародчык з півоняй, гарошкам і макам.
Усё гэтак міла, так ласкі багата,
I слуцкая бэра прынаджвае смакам.

У сэрцы хаваючы жаль і трывогу,
Кажу суцяшальна сабе я самому:
– Бяду перажыў. Уцалеў, дзякуй Богу.
А можа дарога спрастуе дадому.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!