Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Крушына - Кантата самотных

I

Твой вобраз мілы, твой партрэт,
Як рыцар казкі амулет,
Па свеце ў сэрцы пранясу.
Ён часта гоіць мае раны,
Тваёй красой мой Край Забраны
Сваю выказвае красу.
 
Усмешкай ветлай свеціць твар –
Палёў няскошаны абшар.
Кладуцца жытам пасмы кос,
З-пад іх палеская крыніца
Ў вачох пяшчотнасцю бруіцца,
I бровы – ніцы вербалоз.
 
I вейкі злёгку жмурыш ты –
Вось так ля багнаў чараты
Ў спякоце ўсцішаныя сном.
А вусны – спелыя суніцы,
А грудзі – нетраў таямніцы
Пад саматканым палатном.
 
Мой неўміручы Край жыве
Ў тваім цнатлівым харастве.
I я ў ім радасці таю.
За маладосць тваю малюся
I зычу шчасця Беларусі,
Свае кантаты ёй пяю.
 
Мая старонка, дзе здаўна
Ваўчыцай носіцца вайна,
Ляжыць пабітая. Ўсплылі
Людзкія слёзы й кроў ракою.
Ні вольнай працы, ні спакою
Няма на дзедавай зямлі.
 
I не здарма чакалі мы
Жабрачай кайстры і турмы,
Гняздзіўся страх і рос адчай.
А слова – гнеўны рокат хвалі.
Яго ад цэнзараў хавалі,
I толькі водгук чуў наш Край.
 
Там, дзе хмызняк і дзікі мох,
Наш Беларус спакойна мог
Уголас родны гімн спяваць.
Пасля і ў лесе стала цесна,
Чужыя людзі ловяць песню,
Каб у вастрог яе загнаць.
 
I шпегі сочаць, як сычы.
Пясняр нядолі, замаўчы!
За слова ласкі і тугі
Нямала гіне між высланых
Ў галодных стэпах Казахстану,
Ў халодным сіверы тайгі.
 
Чаму? За што? Што за чума?
Нікога блізкага няма –
Цвінтар рухомых мерцвякоў.
I ў гэтым часе паваротным
Я стаў з пагардаю самотным
Паміж самотных землякоў.
 
Я замыкаўся ў кляштар мой
Таемна з лірыкай нямой.
На прышласць меў пагляд такі,
Што загаворыць, заспявае
Мая паэзія нямая,
Мае маўклівыя радкі.
 
Яшчэ няпэўная пара
Жывіцца праўдаю пяра.
I думкі – смутнаю гурбой:
Народ цярпіць і марна гіне.
Мне горка, што ў маёй Краіне
Крукі кружацца над табой,
 
Што ты, каханая мая,
Цярпіш пакуту удвая.
Пасаг і гонар задарма
Бяруць чужынцы пад прымусам.
Стол не пакрыты тым абрусам,
Які саткала ты сама.
 
На ім укладзены вузор
На любату і на спазор.
Па ўскраю – россып васількоў,
А па кутох тканіны коні
I воі ў велічы Пагоні
Паміж развеяных сцягоў.
 
Настольнік гэты захавай.
Нам будзе памяткай няхай,
Што нашы прашчуры былі
Гаспадарамі Беларусі.
А мы... пустой кішэняй трусім,
Надзелі з гора хатылі.
 
Калі чужынцы бралі хлеб,
Паролі скрозь, шукалі дзе-б
Знайсці хоць зерне і забраць,
Ці льга было сядзець спакойна
На тым відовішчы разбойным
I ў войстрым болю не згараць?
 
Ці льга сцярпець, калі мой брат
Глядзеў замучаны з-за крат,
Пытаў, за што ён вязнем стаў?
Калі чужынцы ў нашай хаце
Перабіралі ўсё багацце
I крыжавалі зноў Хрыста,
 
Калі сялібы-хутары
Ўздымалі з дымам дагары,
I трэслі кожную сям’ю.
Ці льга сцярпець? Ці не нарокам
Маўчаў я, хутаючы змрокам
Душу бунтоўную маю.
 
Калі чужынцы секлі лес, –
Смяротны жаль у сэрца лез,
Гадзюкай джгаліў жаль цяжкі.
Дык як памсціць за здзек над Маці,
Якую каты ў казамаце
Мардуюць, рэжуць на кускі?
 
Ці з болю змушаны маўчаць?
Зламаць жалобную пячаць,
Што на грудзёх маіх лягла!
Глядзеце – страшна навакола.
Сцюдзённа! цёмна, мёртва, гола.
А ліпкі жах, нібы смала.
 
Я слова вымавіць не мог,
Чуў звон кайданаў з маіх ног,
I звон зялеза з маіх рук.
Яны нябачныя віселі,
Яны нячутныя звінелі,
Як адгалосак маіх мук.
 
Ці я пазбаўлены правоў
Сыноўю выказаць любоў?
Вядома, нават Эскімос
На тундры, на пустэчу краю
Замілавана пазірае,
Бо нарадзіўся там і ўзрос.
 
А мы ўзраслі сярод палёў,
Сярод нязлічаных лясоў,
Азёраў, рэчак і ставоў,
Дзе адвячоркам сіня-цьмяным
П’яным чаборам і цім’янам
Брынее водыр паплавоў.
 
Дзе пахне рутай сенажаць,
Дзе скарбы вартасцяў ляжаць
I на раллі і ў папарох,
Дзе краскі радасныя ў полі.
Бярозы, стромкія таполі,
Наўсцяж абапала дарог.
 
I горды бусел на гняздзе
Клякоча, гутарку вядзе.
I спеў задорнага шпака,
I звонкі пошчак салаўіны
Ў кустох парэчак і маліны,
Ў зялёных кучмах вішняка.
 
Каля старых прысадаў ліп
Жалейкі сціплай сумны ўсхліп
Ды лёскат пугі пастуха.
I ўсё так міла, так прыгожа,
Як за лазовай агарожай
Твой сад і чорная страха.
 
I ты адтуль, мая вясна,
Глядзела сонейкам з вакна
I думку песціла маю.
Нідзе няма такога краю,
Як Беларусь. Яе кахаю,
Ёй кроў і сэрца аддаю.
       

II

Ніяк не думаў ані сніў,
Што я пайду ад родных ніў,
Дый раптам стражнік – люты лёс
Мяне пагнаў з тугой самоты
На ўзвышша голае Гальготы
I чарку воцату паднёс.
 
Гады ахвяр, гады трывог
Я толькі песняй перамог.
Сірэны жудасна гулі,
I смерць глядзела з-пад руінаў.
Я і тады спяваць не кінуў
Каханню й радасцi зямлі.
 
Я аддаваў паклон вясне,
Што ў снох мярэсцілася мне.
На крушнях друзаў і смяцця
Я узнімаўся з кволым словам.
Душа пад громам перуновым
Расціла сілу пачуцця.
 
Я моцным «віват» не крычаў,
Не славіў з бойні крумкача,
А пеў выгнаную любоў.
I мне палітыкі-пііты
Сычэлі: «Сціхні, замаўчы ты!
Наш век із скрыгатам зубоў.
 
I чалавек памізарнеў,
У ім бушуе толькі гнеў,
Скавыча ненавісць, як звер.
Навошта нейкія пачуцці,
Яны ў народзе не прачнуцца,
Навек загінулі, павер...»
 
Не слухаў смешкі і парад.
Не страціў сэрца ў плойме страт.
Хай лёс мне прыкрасці рабіў –
Я не глядзеў на свет варожа
I не пайшоў у бездарожжа,
I веры ў праўду не згубіў.
 
Лагоднай песняй лашчыў слых
Усіх пакрыўджаных, нат злых
(А можа цешыў сам сябе?)
Мой голас гвалтам быў закуты,
Зрываўся, церпячы пакуты,
I захлынаўся на журбе.
 
Няўжо без Бацькаўшчыны мне
Ў далёкай гінуць старане?
Няўжо каханую маю
Я не пабачу, не пачую,
Ў заездзе дзесьці заначую
I верад-жаль не загаю?
 
Жыццё нізрынута далоў.
Няма для скаргі нават слоў,
А каб-жа меліся, каму
Патрэбны гэты згустак болю?
Маім братом няма патолі,
Прайшлі другую Калыму.
 
Вайна пад крыгі-туруны
Людзей хавала без труны.
Ламала, трушчыла скляпы.
Загуба ўсюды цікавала.
Цяпла для сэрца не ставала,
Жыў над усім інстынкт сляпы.
 
Як той палярнік між ільдзін
Стаяў самотны ці адзін?
Міналі гадкія гады
Цяжкой хадой і з небяспекай,
А я паліў любоўнай спёкай
Тугу бяздольнай грамады.
 
Ніякай радасці нідзе.
У зморы, клопатах, нудзе
Галодны еў гнілы бурак.
I, абяссілены, пакорны,
Ён кляў у немарасці чорнай
За дротам лагерны барак.
 
Мяне таксама путаў дрот,
Ды вызваляў з яго Эрот,
Выводзіў з цемрадзі-глушы.
Я быў захоплены, узняты.
I нараджаліся кантаты
Мае самотнае душы.
 
Так часта, часта уначы
Душыў я распач, камячыў.
I пеў, як той Тарэадор,
У небяспечныя хвіліны
Каханне... Мілыя ўспаміны
Мне ткалі матчыны вузор.
 
Пачуццяў хваля ў даль нясла
Мой чуткі човен без вясла.
Ён у затоне песняў плыў
Да мірсцяў прыстані знаёмай,
Каб выйсці проста ў спелы гоман
Усхваляваных родных ніў.
 
Дзяннік я з памяці лістаў.
На ўзлеску хутар. Ціхі стаў.
I ты. Са мною ў мроях ты –
На паплавох, на сенажаці –
Сястра, каханка, мая маці,
Мой вобраз светлы і святы.
 
Заходзіў я ў зялёны храм,
А там маліліся вятрам
Бярозы й сосны. I вясне
Малітву дзіўную шапталі,
I слёзы шчасця – рос крышталі
На вейках елак і ў мяне.
 
Адно я ў лесе спачываў.
Там кожны куст мне спачуваў,
I частаваў маю душу
Лясным ласункам – песняй чыстай,
Прыгожай, весняй, урачыстай.
Аб гэтым з любасцяй пішу.
       

III

Шумі, сасоннік малады!
Жалейкай грай на ўсе лады.
Я чую пах смалістых хвой.
Ізноў мне Бацькаўшчына сніцца.
Ці не стаптаная суніца
Сцякае сокам над травой?
 
Цябе забыць я не магу...
I на выгнанні п’ю тугу,
Цярплю нязвыклую жуду.
Самотай сэрца халадзее.
А ўсё-ж не згублена надзея:
Вярнуся, любая, прыйду!
 
Хачу баржджэй самоту прэч
Пагнаць, як негадзь-немарэч.
Расце, мой Божа, боль які!
Паміж чужых я адзінокі.
Перада мною шлях далёкі,
Гараць за морам маякі.
 
I ты, гаротная, гарыш.
I пахіліўся дзедаў крыж.
I быльнягом парос курган.
I я, разлучаны з табою,
Жыву астатняй барацьбою,
Узняў пачуццяў гураган.
 
Табе ў самоце аддаю
Сябе самога і пяю,
Хіба ў міноры, дык прабач.
Нас безліч вырасла самотных,
Увосень птушак пералётных
Мы разумеем сумны плач.
 
Прырода крылы ім дала,
Шукаюць вечнага цяпла.
Аж пазайздросціць можна ім,
Калі яны лятуць у вырай
Сямейкай дружнай, згоднай, шчырай
Насустрач далям залатым.
 
Пад крык гусей і журавоў
Мой родны Край згадаю зноў.
Я крылы мрояў распрастаў –
Чакаю сонечнай пагоды,
Паміж братоў шукаю згоды,
Паважных чынаў, лепшых спраў.
 
Мне сняцца нашыя лугі,
Азёраў сініх берагі,
Акрытых соннаю смугой,
Лясоў раскінутыя шаты...
Душа даўно пяе кантаты
Маёй Краіне дарагой.

 

Похожие статьи:

БиографииРыгор Крушына

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Чалавек

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Тэрцыны

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Крушына

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Секстына