Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Незвычайны горад

Сценамі атулены,
Шкоднікам на злосць,
Пад акном бабуліным
Дзіўны горад ёсць.

На зіму руйнуецца
Ён, нібы ў вайну,
Нанава будуецца
Кожную вясну.

Не адзін выростае
Знакаміты род.
З вуліцамі простымі
Горад той –

гарод.


Ёсць яшчэ такая дзе,
Адкажыце,
Птушка?
Яйкі ўсе ў зямлю кладзе,
Хітрая нясушка.
Вочы ўзрадуе твае,
Ні прыйшоў адкуль бы.
Шмат у горадзе яе,
Беларускай

бульбы.


От бабуля важна села
I глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш –
Будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца

цыбуля.


У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Сам сабе наўме панок,
А прасцей сказаць –

часнок.


А Пятрок малады
Вып'е
Возера вады.
Так і цягнецца ў цянёк
Шалапутны блазан.
Каб далёка ён не ўцёк,
За нагу прывязан.
Гэта я заву Пятрок,
А наогул ён –

гурок.


I не Маша,
I не Галя,
А дзяўчына ў крыўдзе –
За касу яе цягае
Кожны,
Хто ні прыйдзе.
Жыве ў спакоі вельмі рэдка,
I яна завецца –

рэпка.


З вусамі,
А не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь у двары
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох
Ну, на тое ж ён –

гарох.


Не сыдзе з месца
Ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ветрык незнарок
Ягоную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны –
Пачырванее, небарак.
Вядома, хто гэта –

бурак.


Гэта што за важны туз,
Хвост зялёны,
Чэпкі вус?
Усім вядомы
Карапуз
Пузан, Пузанаў сын

гарбуз.


I цётка ёсць яшчэ такая,
Якую ў горад не пускаюць.
Яна на ўскраіне жыве,
Ёй – толькі шкода ў галаве.
З закрытымі вачыма
Яе пазнаць магчыма.
Гэта злосная трава,
I завецца

крапіва.


У піжаме паласатай
Вылезла на санцапёк,
Пазірае хітравата,
Грэе гаспадыня бок.
Гэта гаспадыня –

дыня.


I жывуць у цёплым леце
Дружна ўсе, нібы сябры.
– Калі ласка, ў горад,
Дзеці! –
Запрашаюць жыхары.

 

Похожие статьи:

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Стары горад

Пераказы, дыктантыУ горадзе

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Ты, горад мой...

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Горад

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Мой зялёны горад