Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Рыгор Барадулін - Мая мова

Кнопка отправить на печать

Сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы,
Што паступова сціраюцца грані нацый
І, нібыта як перажытак,

аджыць павінна абавязкова

Мова маці маёй – беларуская мова…
Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая,
Што па жылах маіх цячэ

і сонным Сажом і Нёманам.

Я чакаю часіну сябрыны людской,
Але не згаджуся, што родныя мовы луской
Былі на рыбіне чалавецтва,
Якая ў вечнасць плыве акіянам вечнасці.
Галеюць увосень гаі-касмачы,
Па вясне расціскаюць лісты
Свае кулачкі маладыя.
І калі нават мова мая замаўчыць,
То не зробіцца мёртвай латынню.
Словы, дзе кожны гук
Азяблай сініцай цінькае,
Не стануць тэрмінамі медыцынскімі.
Гэтыя словы
Павінны вывучыць будуць нанова,
Каб даведацца,

Як Русь мая, белая
Ад вясновай наквеці
І касцей няпрошанай набрыдзі
З-пад чарапастых свастык,
Вольнай воляй сваёй даражыла,
Як з братамі і сёстрамі
Шчыра дружыла.
Калі мова мая
Уліецца ў агульны людскі акіян –
Пацячэ ў ім, стрыманая,
Цёплым Гальфстрымам.
І будзе мне сэрца грэць
Кожным ашчаджаным словам,
Бо як жыта спрадвечная

Беларуская мова!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!