Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Веды

Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама смела
Ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў 
Маці –
Ведала, што да чаго 
На небе, 
У лузе,
У хаце. 
 
Ведала тэалогію –
На памяць малітвы шаптала:

Абнясі, Божа, тынам
Ад зямлі да неба,
Сахрані мяне, Божа,
Адныні давеку.


Ведала астраномію – 
Па зорках дарогу шукала, 
Калі пад страхой нябеснай 
Перапёлкаю начавала.
 
Ведала аграномію – 
Што сеяць, 
Калі і дзе.
Ведала магію светлую –
Як словам дапамагчы бядзе.
Была і ўрачом дзіцячым,
І цвёрдым на руку ветэрынарам –
Цялят прымала,
Карову гарэлкай грэла,
Сына – адварам,
Ведала замовы
Ад вока злога,
Ведала,
Як нешта зварыць з нічога.

Калі ў печы ўсе дагарала, 
Кацёл дакарала:

Чорт бы на цябе гаварыў,
Каб ты варыў
Заўсягды,
Як на Дзяды!

 
Была філолагам 
З выключным слыхам – 
Умела дзяліцца радасцю кволаю, 
Цвяліцца з ліхам.

Умела ладзіць з ялінай калючай, 
Са спёкай, з золлю. 
Словы лушчыла, 
Як у прыпол фасолю:

Новае сітца,
Пакуль навісіцца,
А як навісіцца,
Дык і пад лаўкай наляжыцца.


Ведала міфалогію 
Паганскае даўніны, 
Старых святых, а ўсе яны, 
Як і суседзі, 
Малацілі і веялі 
Зярняты спагады, надзеі, 
Заклапочаныя, ды не хмурыя 
Міколы ды Юр’і, 
Варвары ды Аўдакеі. 
Хоць да Міколы 
Ні зімы, ні лета ніколі. 
Нішто, што Варвары
Начы ўварвалі. 

Праўда, маме 
Шмат чаго не ставала: 
Спаць не магла да святла, 
На шарэнніку ўставала. 
П’янела ад лебяды, ад кропу. 
Яшчэ заблытвала 
Прагноз гараскопу: 
Застаўшыся з вайны ўдавою, 
І жаўранкам была, 
І савою.
 
Калі і еменкай і семенкай – 
Паранка,
Устанеш раней за жаўранка. 
Не раскруціўшы турботаў сувоі, 
І ўдзень паляціш бяссоннай савою.
 
Яшчэ не ўмела ў горы хіліцца, 
Яшчэ не ўмела 
Маці хваліцца.
 
Так і не спасцігла 
Цяжкой навукі – 
Стаяць рукі ў бокі, 
Сядзець склаўшы рукі.
 
Пакуль рукі ёй не сашчапіла, 
Пакуль адпачыць не ўзяла магіла.
 
Гэта і ў сшытку неба
Занатавана зорамі, –
Каб чытаў я да скону ў сораме,
Што не ведаю нічога без мамы,
Што без мамы
Я – непісьменны самы!



Крыніца: Барадулін Р. Збор твораў. Т. 2: Вершы. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. – 381 с.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСпасцігаю мудрасць маміных урокаў

Пераказы, дыктантыУрокі жыцця

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Мама

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мама

Пераказы, дыктантыМама