Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пімен Панчанка - Той дзень прапаў i страчаны навекі...

Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

Той дзень збяднеў, зліняў на сотню радуг
I, попелам пасыпаны, сканаў,
Калі не падзяліў з суседам радасць
I больш за дзень узяў ты, чым аддаў.

Той дзень, лічы, завянуў пустацветам,
Калі ты пяць хвілін пашкадаваў,
Каб дзецям паказаць кусочак свету
I хараство людзей, і дрэў, і траў.

Той дзень зусім закрэслены табою,
Калі ты раўнадушна абмінуў
Бяду чужую, пабаяўся болю,
Абразу хама моўчкі праглынуў...

Пазней старэць пачнеш самотна ў хаце
I будзеш скаргі гнеўна кідаць нам.
Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць
За раўнадушша.
Вінаваты сам.

Мы не плюём на дружбу і на працу:
Нам без трывог не зберагчы жыцця.
Сябры, давайце будзем хвалявацца
За ўсіх і ўсё: за зерне і дзіця...

Я не святы, хоць і не сквапны злыдзень.
Даруйце, калі часам быў глухі
Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў...
Грахі мае, бясконцыя грахі.

 



   Верш Пімена Панчанкі «Той дзень прапаў і страчаны навекі...» – яскравае сведчанне таго, што паэт падыходзіць да жыцця з высокімі маральна-этычнымі патрабаваннямі. У сваім жыцці і ў сваёй творчасці ён арыентуецца на агульначалавечыя каштоўнасці: спрыяць дабру і праўдзе, змагацца са злом, дапамагаць бліжняму, быць міласэрным. Уся яго паэзія прасякнута гуманістычнымі памкненнямі.
   Калі вельмі коратка вызначыць аўтарскі ідэал, то можна сказаць так: «Чалавек жыве правільна, калі больш аддае людзям, чым атрымлівае ад іх». Трэба жыць так, каб пра кожны дзень ты мог сказаць, што ён не пражыты марна. Для гэтага неабходна дапамагаць людзям, спрыяць ім, падзяляць чужую радасць, заставацца шчырым і добразычлівым, заўсёды і паўсюль адстойваць свае перакананні, змагацца з хлуснёй. У творы ідэал героя пададзены праз адмаўленне непрымальнага: «не зрабіў, не паспрыяў, не дапамог, не падзяліў».
   Побач з яскрава акрэсленым ідэалам паўстае і антыідэал: герой не прымае абыякавасць, эгаізм, нікчэмнасць, шэрасць. За тваёю абыякавасцю да людзей абавязкова прыйдзе абыякавасць людзей да цябе – такі прысуд гучыць у творы.
   Лірычны герой верша ўсведамляе і сваю недасканаласць. I ў яго жыцці здаралася рознае, таму ў вершы гучыць матыў віны і пакаяння: «Даруйце, калі часам быў глухі / Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў».
   Каб раскрыць ідэю твора, аўтар шырока выкарыстоўвае такія сродкі мастацкай выразнасці, як паўторы (той дзень прапаў, той дзень збяднеў); метафары (дзень зліняў, збяднеў, завянуў), гіпербалу (сотня радуг), інверсію (бяду чужую) і іншыя.

Похожие статьи:

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Зварот

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…