Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Пімен Панчанка - Паэзія

Кнопка отправить на печать

1
Абывацель гавора,
А нехта ўжо ў паніцы:
Паэты – фантазёры,
Пустазвоны і п’яніцы.

Паэты – эгаісты,
Да славы раўнівыя.
А як жа загаіцца
Сэрцу ранімаму?

Кажуць, непатрэбшчына –
Рыфмы нават геніяў.
А што рабіць з трэшчынай?
Помніце? Гейнэ.

А што ваша маці спявала,
Калі вас калыхала:
Дысертацыі, рэфераты?
Былі вы песеньцы рады.

Народ – пясняр, народ – паэт.
Народ без паэзіі? Недарэчнасць.
Паэзія – самы няўлоўны сакрэт,
Які не будзе нікім рассакрэчаны.

2
Паэзія – гэта пакута і радасць,
Праклён і бязлітаснасць, споведзь і гордасць,
Вогненны сцяг над барыкадай,
Цішыня травы і рыканне горада;

Гэта вар’яцтва і гэта мудрасць,
Розум і ачышчэнне;
Плаванне ў рэках бурлівых і мутных
I зоркі далёкай свячэнне;

Гэта чаканне каханай дзяўчыны
Сцюжы і здрадзе наперакор;
Гэта душы найвышэйшая шчыльнасць
I задыханне, разрэджанасць гор;

Гэта трывога за касманаўта
I ручаіны жаночых рук;
Чыстая, з самага донца праўда,
Сэрца дзіцячага здзіўлены стук;

Гэта ныранне ў прасторы марскія,
Гэта палёты ў заўтрашні век.
Гэта здабыткі і мары людскія,
Крыўды і страты твае, чалавек;

Цень трапяткі ад абеліска
Каля дарогі пад чорнай сасной;
Матчыны вочы над першай калыскай,
Матчыны вочы над першай труной;

Вера у шчасце, з няпраўдай змаганне,
Чорнае неба і сонца ў расе;
Гэта спрадвечныя нашы пытанні,
Гэта адказы, ды толькі не ўсе...

Вось і блукай апантаны па лесе,
Як і твой прадзед калісьці блукаў...

Каб жа я знаў, што такое паэзія,
Гэтыя б вершы не напісаў.



Крыніца: Панчанка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Вершы 1963-1981 гг. – Мн.: Маст. літ., 1982. – 351 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!