Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Пімен Панчанка - Зубр

Кнопка отправить на печать

Мне сніўся зубр паміж высокіх хвой,
Бывала, вейкі цяжкія заплюшчу —
I ён з вачмі, налітымі крывёй,
Прыходзіў да мяне з далёкай пушчы.

А у жыцці — складаней і грубей,
Дзіцячы сон знікае, як памылка...
Касіршы соннай кідаю рубель,
Без дрыжыкаў іду у стан асілка.

У пыльным закуце, схіліўшы галаву,
Стаіць вялізарны, чырвона-чорны,
Зубамі жоўтымі грызе-жуе траву,
Ляны і па-кароўему пакорны.

Што сталася з табой, магутны бык,
Дзе сілу, спрыт і ваяўнічасць страціў?
Чаму не ўсхопішся, як віхар, на дыбы?
За выгляд твой аж сорамна мне, браце.

А ведаеш што, зубр, давай-ка уначы...
Я памагу... Не бойся, нас не чуюць...
Гайда туды, дзе спеў драздоў гучыць,
На папараці мяккай заначуеш.

Ты ж нудзішся па соснах маладых,
I пушчам без цябе таксама сумна.
Прыпомні, друг, юнацкія гады,
Зуброўну — белавежскую красуню.

Маўчыш? Спалохаўся? Шкада пакінуць сад?
Ну, што ж, маўчы і стой у хлеве душным.
Плятуся раззлаваны я назад,
А зубр услед глядзіць мне раўнадушна.

1940