Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Духоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

   Лірычны герой — асноўны мастацкі прыём, з дапамогай якога і праз які Панчанка-патрыёт, Панчанка-філосаф выяўляе сваё светаўспрыманне, прапануе нам сваё вырашэнне праблем, што хвалююць нас усіх.
   Багаты духоўны свет лірычнага героя паэзіі Пімена Панчанкі, але вызначальная якасць яго душы, матыў усіх яго ўчынкаў — чалавечнасць. Ён глыбока перакананы, што "без чалавечнасці не будзе вечнасці", што "лечыцца трава ад спёкі ліўнямі — людзі ласкай лечацца людской".
   Што б ні рабіў, якія б учынкі ні здзяйсняў лірычны герой Панчанкі, — усе яны ў імя чалавечнасці, у імя таго, каб вечным быў няспынны рух жыцця, каб перамагла праўда, дабро і святло.
   У лірычных вершах перыяду вайны "Краіна мая", "Сінія касачы" Пімен Панчанка сцвярджае, што любоў да Радзімы павінна быць дзейснаю. 
   Абодва вершы напісаны ў форме лірычнага маналога, у якім боль сына за пакуты маці-зямлі і прысяга:

Я кроў да апошняе кроплі пралью, 
Каб толькі табе палягчэла.

   Адметнасць стылю, творчай манеры паэта — асацыятыўнасць, вобразнасць яго паэзіі. Менавіта асацыятыўнасцю паэт дасягае асаблівага ўздзеяння на чытача і пераканаўчасці створаных ім вобразаў.
   У вершы "Сінія касачы" намаляваныя ім карціны мірнага жыцця ўзмацняюцца сімвалічным вобразам сініх касачоў, што асацыіруюцца лірычным героем з самым дарагім і светлым у жыцці і кантрастуюць жудасцям вайны:

Не паспелі у шчасці як след накупацца мы — 
Бомбы свіснулі, пырснула першая кроў...
Хата вокны закрыла дашчанымі пальцамі,
Каб не бачыць гора гаспадароў.

   Лірычны герой верыць, што "прыйдзе час, зноў збудуем мы хаты утульныя", але за гэта трэба змагацца.
   У паэзіі П. Панчанкі ваенных гадоў шмат вершаў эпічнага складу. "Вока снайпера", "Падбіты танк", але творам выключнай мастацкай сілы з'яўляецца верш "Герой", у самой назве якога і сутнасць апісанай крытычнай сітуацыі, і аўтарскія пачуцці да таго, хто "лёг на змяіныя скруткі дроту", каб "дзвесце салдацкіх прапыленых ботаў прайшлі па яго спіне".
   Каб паказаць і жудасць бою, і значнасць гераічнага ўчынку салдата, паэт карыстаецца гукапісам, інструментоўкай тых гукаў, якія дазваляюць асацыятыўна ўзнавіць карціну бою:

Не ён, а другія ішлі ў атаку, 
Гранаты кідалі ў бліндажы,
Калолі фрыцаў, палілі танкі
I сцяг перамогі ўздымалі ранкам
На заваёваным рубяжы.

   Зусім іншая па танальнасці трэцяя страфа і адпаведная кампазіцыйная частка верша. Яна ўжо не пафасная, а мінорная, напісаная ў традыцыях народнага плачу, галашэння. Таму ў гэтай страфе інструментоўка ўжо галосных гукаў, якой паэт і дасягае асаблівага трагізму ў паказе вайны:

...Зваліўся на травы, і стала балюча 
I травам, і росам, і ветрам гаючым,
Што прыляцелі з валдайскіх азёр.

   Агульначалавечыя, інтэрнацыянальныя і нацыянальныя матывы гучаць у лірыцы Панчанкі асабліва прачула і шчыра. Ён "славіў каханне, паходы, баі, гарачае летняе сонца", але з асаблівым пачуццём уславіў дружбу паміж народамі як адно з праяўленняў чалавечнасці і ўмову вечнасці. Ад апісання факта з уласнага жыцця (паэт нарадзіўся ў Таліне ў 1917 г., куды яго бацькі паехалі ў пошуках кавалка хлеба) у вершы "Шапка эстонца" ён падымаецца да філасофскага абагульнення, што чалавечнасць, дабрыня, здольнасць паспагадаць і дапамагчы ў бядзе — катэгорыі агульначалавечыя, што зямля — наш агульны дом:

Хай будзе праслаўлена вершам маім 
I простая шапка эстонца.

   Усведамленню ж паэтам нацыянальнай годнасці, выяўленню нацыянальнай адметнасці нашага народа прысвячаюцца вершы "Бульба", "Край паэтаў".
   Чалавек той, хто шануе сваё і паважае чужое — вось галоўная думка гумарыстычнага верша "Бульба", большую частку якога складае палкі і адначасова жартаўлівы маналог салдата-беларуса пра нашы нацыянальныя стравы з бульбы:

"...З нашай бульбы тысячу, не меней, 
Смажаць і гатуюць розных страў..."
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.

   Сапраўдным гімнам роднаму краю, яго красе і багаццям, галоўнае з якіх —таленты, з'яўляецца пафасны верш "Край паэтаў". I сама назва, і ўвесь гэты вялікі памерам верш уяўляюць сабой перыфразы
   Гэта верш-загадка, бо ў ім мастацкае, вобразнае, узнёслае і пафаснае апісанне Беларусі, — і ні разу не названа слова "Беларусь". Што ні радок — то метафара. Выключная рытмічнасць, мажорнасць верша дасягаецца анафарай "там" і анафарычнайбудовай сказаў.
   Парадаксальна тое, што ў такім пафасным, экспрэсіўным вершы выкарыстоўваюцца фразеалагізмы, эўфемізмы, выразы тыпу: "сто разоў цалуюць там і яшчэ трошкі"; "бо красуня перад ім не здаецца"; "там зубрыная гарэлка прадаецца"; "выдаўцы там не бяруць у рот ні кроплі". Усё пералічанае надае твору адначасова і гумарыстычнае гучанне. Валадарства гумару вялікае, і ў тым пераконваешся, чытаючы таленавіты верш Пімена Панчанкі. Спалучыўшы, на першы погляд, неспалучальнае, паэт дасягае найбольшага эстэтычнага і эмацыянальнага ўздзеяння на чытача.
   Панчанка пасляваеннага перыяду, асабліва 70-80-х гг., — гэта паэт-максімаліст. Ці піша ён пра высакароднае і чалавечнае, ці пра мярзотнае і вычварнае, — для яго няма паўтонаў: толькі белае ці толькі чорнае.
   Верш "Сэрца і крыж", у якім дзівосна спалучаецца рэалістычнае і фантастычнае для ўслаўлення чалавечнага ў чалавеку, пачынаецца катэгарычным сцверджаннем:

Жыў доктар у нашай мясціне —
Няма ўжо такіх дактароў:
Паставіць ён банкі ці п 'яўкі —
I заўтра ты жыў і здароў.

   А вось прыклад максімалізму і катэгарычнасці з другім знакам. У вершы "Ратуйце нашы душы" таксама гіпербалізавана, праз павелічальнае шкло, па-максімалісцку па казана бездухоўнасць і самая страшная, на думку паэта, яе выява — разбэшчанасць моладзі і яе дэградацыя. У вершы з публіцыстычнай палкасцю паказана поўнае бязладдзе і поўная перад ім капітуляцыя, адсутнасць сіл, здольных процістаяць злу:

Але, каб выбраць лепшую з дарог, 
Патрэбна мудрасць працы,
Нашых сэрцаў;
Патрэбны маці, бацька, педагог.
А іх няма.
Альбо ў мізэрнай дозе.
Разлад.
Развод.
Сіроцтва ўсё часцей.
І ходзяць беспрытульна па дарозе
Мільёны нашых страчаных дзяцей...

   Эфект катэгарычнасці дасягаецца спалучэннем гіпербалы і парцэляцыі: "А іх няма".
   Безумоўна, у жыцці такія якасці чалавечага характару, як катэгарычнасць, максімалізм, бескампраміснасць, непажаданыя, а часам і заганныя, бо вядуць да канфліктаў у людской супольнасці. У жыцці якраз патрэбна вучыцца бесканфліктнаму існаванню, што, вядома, не мае нічога агульнага з капітуляцыяй перад злом.
   Але ў мастацтва свае законы, як пра тое не раз даводзіць Васіль Быкаў. Гіпербалізаванае адлюстраванне зла — гэта мастацкі прыём "павелічальнага шкла", сродак уздзеяння на чытача, жаданне Прарока папярэдзіць усіх, "дзе патоп, дзе пажар, дзе вораг на межах" (У. Някляеў).
   "Ратуйце нашы душы!" — б'е ва ўсе званы Панчанка-прарок. — Прачынайцеся! Пажар ужо шугае ў вашым доме!"
   Публіцыстычная накіраванасць — таксама адметнасць творчасці Пімена Панчанкі, асабліва апошніх яе гадоў. Здавалася б, публіцыстычнасць зніжае мастацкія вартасці паэзіі. I гэта правіла. 
   Але ў кожным правіле ёсць выключэнні. Публіцыстыка Пімена Панчанкі не проста мяжуе з мастацкасцю, а перарастае ў яе, становіцца сапраўды вечавым звонам.
   Публіцыстыка ў паэзіі Пімена Панчанкі найперш філасофская, а не інфармацыйна- павучальная. У выяўленні філасофскіх думак Панчанка дасягае афарыстычнасці:

Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

   Лірычны герой Панчанкі асабліва прываблівае нас сваёй здольнасцю да пераасэнсавання свайго жыцця, учынкаў, да ўсведамлення найперш уласнага граху, гатоўнасці да пакаяння:

Яне святы, хоць і не сквапны злыдзень. 
Даруйце, калі часам быў глухі
Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў...
Грахі мае, бясконцыя грахі.

   У вершы "Гнеў і літасць" паэт сцвярджае глыбока чалавечную думку пра тое, што ўсе мы павінны быць больш цярплівымі і памяркоўнымі адзін да аднаго:

Пакаўзнецца 
Нехта незнарок,
Наламае дроў
З малога розуму,
Будзе хай урок,
А не курок,
I не трэба
Прыгавору грознага.

   Але ж ёсць і тое, што лірычны герой вызначыў для сябе як несумяшчальнае з воблікам чалавека: "п'янае дзікунства і паклёп, гвалтаванне, цёмнае грабежніцтва, падхалімства подлае ўзахлёб — ім заўсёды кара непазбежная".
   Актыўная пазіцыя лірычнага героя, яго асноўнае жыццёвае крэда выяўлена ў радках, што таксама сталі афарыстычнымі:

Мала сказаць: ненавіджу, 
Мала сказаць: прызнаю.
Біцца за праўду і выжыць,
Нібы салдат у баю.

   Аднак асноўная філасофская думка верша заключаецца не ў сцвярджэнні неабходнасці змагання са злом. Паэт папярэджвае, што зло "хітра маскіравацца" вучыцца "спрытна штодня". Дэвіз дабра — "біцца за праўду і выжыць, нібы салдат у баю" — і зло бярэ на ўзбраенне і кіруецца ім у барацьбе з праўдай, святлом, якія для зла найпершыя ворагі.
   Зборнікі апошніх гадоў жыцця ("I вера, і вернасць, і вечнасць", "Горкі жолуд", перадсмяротны зборнік "Высокі бераг") прасякнуты шчымлівым болем паэта за нашу сучаснасць, трывогай за будучыню. 
   Змагаючыся са злом, ён здзейсніў сапраўдны подзвіг і тым увекавечыў сваё імя. 

Похожие статьи:

Аркадзь КуляшоўПаэзія Аркадзя Куляшова

Сучасная літаратура БеларусіСучасная паэзія Беларусі

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы

ААбрадавая паэзія

Ніл ГілевічМатывы і вобразы паэзіі Ніла Гілевіча