Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пятрусь Броўка - Ясны кут

Я прыйшоў і ля дрэўца стаю.
Гэты клён
Той вясной я знайшоў у гаю,
Адкапаў там ашчадна,
Прынёс,
Пасадзіў у садку, каб ён рос,
Каб ён цешыў сялібу маю.
3 той пары
Ён мой сон, ён мой дом;
Гота ён мне шырокім лістом
Гаманіў над шпітальным акном
I ў бяссонных пакутных начах
Мне ратункам стаяў у вачах.
Я падняўся. Прайшоў між завей,
Я вярнуўся да родных мясцін.
Клён па тры ўжо калены вышэй,
Толькі ж я тут хадзіў не адзін.
Дзе ж ён той,
Што мяне забаўляў,
Што мне несці цябе пасабляў,
Мой сынок
Васілёк?!

Тут вясна,
Тут святло,
Тут жа сіняе неба, як шкло,
Тут крыніцы, як срэбра, відны,
Толькі ў вочах маіх туманы.
Я не чую,
Не бачу зялёных бяроз, –
Мае вочы аслеплі ад слёз,
Паміж чорных абвугленых дрэў,
Мне здаецца, я сам спапялеў.
Толькі ты ўсё шуміш,
Мной пасаджаны клён,
Я ж не бачу сялібы,
Ні ціхіх акон.
Мне яны не раскрыліся радасна ў хаце,
Не пабачыў я там сваю маці
На прыпірышчы сумным сваім.
Я малым стаў,
Малым.
Я гляджу па дарожны пясок, –
Сын мой, сын,
Васілёк!

Я знямелы стаю да цямна
I шукаю сляды, дзе яна?
У палях, у жытах за сялом,
Хто ж устаў там з бліскучым сярпом?
Хто там жніўную песню пяе?
Я маленькім ляжу ў таганах,
Я ўстаю і па голас яе
Першы раз па іржышчы іду
Ў свой далёкі, няскончаны шлях.
А цяпер
Я стаю і гляджу
На сухі на дарожны пясок.
Ужо вечар. 3-пад рэчкі, з асок
Рассцілаецца коўдрай туман.
Сын мой, сын,
Васілёк!

А цябе ўсё няма,
І няма маёй маці.
Між бароў, між лясоў
Я ж цябе, быццам кветку, знайшоў.
Мне нацешыцца дня было мала,
Так яна і мяне даглядала,
Ад вятроў, ад дажджоў
У хусціне ля сэрца трымала.
Не спала.
Колькі ночак да самага ранку
Прастаяла яна з калыханкай,
Сагравала мяне ціхім сном,
I паіла мяне малаком,
I ў жыцці мне заместа вясла
Свае словы і песню дала,
Каб знаходзіў дарогу здалёк
Я заўсёды у матчын куток.
Сын мой, сын!
Васілёк!

Я вярнуўся з адбітай рукой.
Я стаю. Ужо ноч нада мной.
Папялішчы ахутаў туман...
Вас няма!
Як спяшаўся я трапіць сюды!
Па-за мною ляжаць гарады,
I палеткі ў крыві,
I зямля, што казала: жыві!
Ты йшчэ прыйдзеш дамоў.
Я па трупах фашысцкіх ішоў,
I лажыла мяне і ўзнімала зара,
Маё сэрца не чула дабра,
Бо па іхніх калючых вачах
Прачытаў я свой боль,
Гэты жах.

Я прылёг на зямлю разам з горам сваім, –
Як маўкліва пад небам маім!
Хіба ж зоры вісяць нада мною уночы?
Не! То плачуць забітых сумотныя вочы,
А кругом паміж імі рассыпаўся дым.

Я маўчаў.
Ноч.
Но знаю пары.
Мне няма з кім абмовіцца словам,
Толькі ж я не адзін,
Як жывыя, стаяць каптуры
I, здаецца, са мною вядуць перамовы.
Світкі шэрыя ў іх,
3 твараў сумных, блядных
Паспадалі бароды да долу, здаецца...
Пачакай, ці то здань.
А ці то сапраўды,
Што адзін з іх крануўся,
Да мяне падаецца.
Я гляджу насцярожаны чутка,
Ўжо абрысы пазнаў галавы,
Так і ёсць, –
Ён жывы.
Нават зорка па ім пяцікутка.
Я настрэчу ўзнімаюся хутка.
А на ўсходзе кавалак зары
Загарэўся ў той момант якраз.
Я пазнаў, я абняў, гаварыў:
– Дзед Лукаш, дзед Лукаш,
Я вярнуўся, падпасавіч ваш!
Мы сіроты з табой, землякі! –
Адказаў ён спагадна, як мог:
– У цябе не хапае рукі,
Будзе тры ў нас,
Нам хопіць на двох,
Адбудуем уласны парог.
Як ты скора вярнуўся ў свой дом!
Тут нядаўна хадзіў яшчэ кат.
Толькі ўчора наш выйшаў атрад
I з’яднаўся з гвардзейскім палком.
Я пакінуў іх там,

за Дняпром,

Яны далей і далей ад нас.
Мы ж з табою паладзім калгас.

Паглядзі,
Быццам пуста кругом,
Так сустрэўся ты з родным сялом.
Ты не бачыш людзей.
Ёсць жа ў нас хоць нямнога сямей
На пажарышчах,

сном спавітых.

У зямлянках жывуць, што краты...
Глянь,
Выходзяць адтуль на святло.
Адбудуем мы з імі сяло.

Па сялу,
Паміж чорных, нямых каміноў,
I павёў ён мяне,
I павёў...
Не злічыць на грудзях маіх ран, –
Яшчэ болей нясе іх жуда.
Мы стаім,
Перад намі курган,
Ён высокі, як наша бяда.
Ён глыбокі, што ў моры вада;
Ён жа боль,
Ён жа жах, смутак наш.
Пры курганах панурых такіх
Колькі пас засталося адных!

Я маўчу.
Мне гаворыць Лукаш:
– Два гады ўжо з таго адышло,
Як загінула паша сяло.
Пад курганам ляжыць
Паўсяла,
А другая палова пайшла
На чужыну далёка, далёка...
Я не знаю, дзе хто,
Сваім вокам
Я не бачыў жахлівай падзеі,
Лес мяне не аддаў ліхадзеям.–
Да зямлі прыкаваўся мой зрок:
Сын мой, сын,
Васілёк!

Толькі сонца не знае тугі,
Яно роўна абходзіць кругі
Над зямлёй
I цяпер апаўдні
Рассмяялася над галавой,
I праменне над рэчкай звініць...
А вакол, як абняць, паплавы
Прабіваюцца крыкам травы:
– Жыць!
Бор таксама крычыць:
– Жыць!

Бачым,
Выйшлі жанчыны
I працуюць з пілой,
За гумном хлапчанё захадзіўся з касой.
Грушу-бэру старанна
Ад гарэлай кары
Абчышчае стары.
Што такое, адкуль кулямёт?
Фронт?
Далёка адсунуўся фронт,
Да яго многа вёсак і сёл...
Мы глядзім з Лукашом навакол,
Нас усмешка сагрэла цяплом –
На вязу,
Над старым калясом,
Ладзіць бусел няхітры свой дом
Ды клякоча сабе
Пакрысе,
Стаючы
На высокай пазе.

Паглядзеў з нас адзін і другі
Навакол на свае берагі,
Ды пайшлі ўдвух сцяжынкай адной,
Спілавалі там дуб над ракой.
Сто гадоў рос ты, дуб,
Быў нам дораг і люб!
Мы ж спілілі цябе
На адзін толькі слуп.
Каб ты стаў, родны дуб,
Болей дораг і люб!

Гэты слуп я прынёс і Лукаш,
I ўкапалі на выгане ў нас,
Каб стаяў многа год,
Многа дзён,
Каб здалёку быў добра відзён,
Абсадзілі карэннямі руж.
А з сяла
I стары і малы
Стаў пры слупе сваім;
I прыбілі мы дошку на ім,
Каб ўсе зналі, што тут
Наш калгас: «Ясны кут»,
Трыста душ.

Мы пайшлі абхадзіць па мяжы
Наш калгас,
Дзе чакаць нам сваіх,
Дзе нам жыць.
Захад гас,
I праменняў яго палазы
Упіраліся ў рэчку канцамі...
Мы ішлі з Лукашом гушчарамі.
Дзень канчаўся,
I нам было шкода,
Толькі зналі, што заўтра з усходу
Зноўку блісне святло,
Разбяжыцца агнямі,
Будзе тут, на зямлі нашай,
3 намі!

Раптам з лесу, зусім на змярканні,
Даляцела к нам конскае ржанне.
Мы пабеглі і ўбачылі –
Пегі, пануры.
Стаіць паміж елак
3 нямецкаю фурай.
Відаць, што прыкончылі нашы салдата,
А конь не патрапіў дабрацца дахаты.
I жартуе Лукаш:
– Гэта будзе палонны
Наш!

А на раніцу, ледзьве на золак,
Мы за плугам гамонім вясёла:
Мы сваю сустракаем вясну
I ўладарна кладзём баразну,
Ажыўляючы родныя гоні.
А суседні калгас
Даў насенне для нас.

Пройдзем мы,
А па следу аратых
Хутка стануць шаптацца зярняты;
Будуць цешыць ячмень і авёс
Нас да слёз;
Разбяжыцца, як быстрая рэчка,
Наша белая, белая грэчка,
I на градах паснуць качаны.
Ажывае сяло.

Мы з табою, Лукаш,
Не адны:
Бачаць нашую працу здалёк
Мая маці і сын Васілёк.
О, як дораг ім гэты куток!
Дзень за днём,
Дзень за днём
Працаваў наш калгас,
Працавалі мы так з Лукашом.
Ужо ўсходы плылі па зямлі
I ажыны ў садку зацвілі.

Час прыйшоў нам наладзіць свой дом.
Ад цямна да цямна
Мы складалі бярно да бярна,
Каб за весну прытулак займець,
Мы лажылі вянец па вянец.
I ўздымаўся смалісты і радасны ён
Ад падмурку да самых акон,
А пасля ён увысь узляцеў галавой,
Жоўтай, жоўтай страхой.

А да нас з-за зялёных бароў
Ужо чэрвень пахучы прыйшоў,
I на захад далёка прайшоў наш салдат,
Не чутно ані куль, ні гармат.
Тут жыццё нас уцехаю дорыць,
Мы на ганку сядзім і гаворым –
Я, прыйшоўшы сюды пасля ран,
I стары партызан.
А над намі дрымотная высь.
Месяц, быццам падкова, павіс
На зялёнай сасне.
Сам пачаў зелянець,
Што зязюля гатова туды ўзляцець,
Каб адтуль нам з гары пракуваць,
Доўгіх год пажадаць.
Ціха, ціха. Нікога нідзе.
Што ж за зорка з-за рэчкі ідзе? –
Белы кужаль, не твар,
Валасы, як той попел, як дым...
Мы ўстаём з Лукашом і глядзім,
Нас кідае у жар:
Гэта ж наша дзяўчынка,
Аўгінька,
Кавалёва дачка,
Што нагадвала нам светлячка.
Мы ёй кажам:
– Ты ў пору прыйшла,
Бачыш, яблынька ў нас расцвіла.
А яна у адказ – і слязіны між слоў,
Быццам кроплі дажджу між лістоў: –
Я была на вайне,
На чужой старане.
Я вярнулася толькі з вайны,
3 той нялюбай чужой стараны.
Я не знаю сваіх, дзе яны,
Разлучылі ўсіх нас бізуны.
Я насіла свой боль і дакор
Паміж рускіх гаротных сясцёр.
Калі б нашага плачу рака усплыла,
Той бы рэчкай да вас прыплыла.
Каб сабраць наш пакутлівы стогн,
Аглушыў бы Нямеччыну ён.–
Мы праплакалі зрок.
Наша кроў –
Што ні крок.
Сын мой, сын,
Васілёк!

Я пабачыў твой горасны шлях
У Аўгінькі ў журботных вачах.
Мы Аўгіньку сваю, як дачку,
3 Лукашом узялі пад руку,
Абышлі ўсе старыя загоны,
Накапалі там кветак чырвоных
I вярнуліся ў хату сваю.
Мы паставілі кветкі на вокнах радамі,
Каб гарэлі яны аганькамі;
Каб жа кожны, дамоў ідучы,
Бачыў днём іх
I позна ўначы,
Каб ён ведаў,
Свой лёс несучы,
Дзе ад нашага шчасця ключы.
Колькі, колькі са свету дарог
Прывядзе іх на родны парог!
Мы выходзім на ганак утрох –
Перад намі крыніцы бруяць,
Хвоі голавы хіляць здалёк:
Чуеш, маці мая,
Сын мой, сын,
Васілёк!

Вас чакае свой родны куток.
Ён у сэрцы маім, ваш пакутлівы шлях.
О, як хораша ў нас на палях,
Тут і ветры свае,
Тут і птушка пяе,
Жытні колас па твару нам б’е.
Побліз нас ля гаёў
Бык на пожні зароў,
А на пожнях трава, як віном, палітая:
Ён сям’ю сваю мужна склікае.
На шырокія выйшаўшы гоні,
Зноўку трактар гамоніць.
Мы глядзім на суседні калгас, –
Колькі там адбудована хат,
Колькі там маладзіц і дзяўчат!
Скора вернуцца, будзе і ў нас
Шмат.
Мне чуцён
Ужо твой галасок,
Сын мой, сын, Васілёк!

Многа вернецца нашых салдат.
Што ў вароты Германіі б’юць.
Будзь жа,
Будзь
Ты на іхнім шляху, перамога
I да хаты пад сонцам дарога,
Каб шляхамі да родных сялібаў і зор
Прывялі сваіх матак, братоў і сясцёр.
Тут
Бацькоўскі наш кут,
Край узроджаны наш.
Мы стаім –
Я, Аўгінька, Лукаш –
I з чужога, далёкага краю
Вас дадому чакаем.
Нашы сосны –
Для вас маякі,
Вас на вокнах завуць аганькі.

 

Похожие статьи:

Пятрусь БроўкаМатывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кропля

Пятрусь БроўкаТворчасць Петруся Броўкі

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Зямля Беларусі (Урывак з паэмы "Беларусь")

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кастусь Каліноўскі