Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Пятрусь Броўка - Кастусь Каліноўскі

Кнопка отправить на печать

На Беларусі
Па вёсках ідуць пагалоскі —
З'явіўся Кастусь Каліноўскі.

Чаму так назвалі хлапца — невядома.
Ці, можа, што у світцы ён шэрай знаёмай?
Ці, можа, што мае блакітныя вочы?
Ці, можа, што тайна з'яўляецца ўночы,
Што мужны ён з твару,
Што немцам ён — кара:
Як прыйдзе, успыхнуць у катаў пажары
І ляжа, пабітая, ўпокат пачвара.

А покуль збяруць акупанты пагоню —
Далёка займчаць Каліноўскага коні...
Хай немцы шукаюць
Ля Гайны ўзбярэжжаў,
А ён каля Нёмна ці дзе ў Белавежы
З хлапцамі-сябрамі
Другую стрэў зграю
Ды меч ад варожай крыві выцірае.

І чуе ён голас народны,
Бацькоўскі:
— Ты, сын мой геройскі,
Кастусь Каліноўскі!
Чаму так назвалі, хто знае прычыну?
Ці, можа, што зваўся ён проста — Каліна?
Ці, можа, што воласам светла-ільняны?
Ці, можа, што ў світцы цяпер саматканай?

На гэта мы скажам
Сябрам па-сяброўску —
Ён сэрцам вялікім
Кастусь Каліноўскі.
Калі ён пачуе, як ворагі скачуць,
Калі ён пачуе сірочыя плачы
Ля рэчкі Бярозы, –
Душу яго слёзы
Запаляць.
І будзь ён пад Бугам ці далей дзе, можа,
Ён шабляй дастане да самай Бярозы,
Да сэрцаў варожых,
І коцяцца голавы катаў у лозы.

Калі далятаюць кайданныя звоны, —
Ён знае, што родных вядуць да палону,
Дык будзь ён пад Мінскам
Ці ў іншым дзе месцы, —
Ён куляй дагоніць іх варту на Брэсце.
Прыходзяць дзяўчаты
Дахаты,
І плачуць яны, і спяваюць.
Той песняй яго праслаўляюць,
Што ёсць Каліноўскі на свеце,
Што ён ратаваў іх ад смерці.

Калі-ж ён пабачыць — шугаюць зарніцы, —
Ён знае, што ў вёску прыйшлі чужаніцы,
Дык будзь ён ад вёскі
Далёка-далёка, —
Прымчыцца суровы і смелы, як сокал:
Зазвоніць клінкамі,
Паб'е капытамі, —
І ворагі лягуць на доле касцямі.

А з вёскі да вёскі ідуць пагалоскі:
Жыве ў Беларусі Кастусь Каліноўскі;
Ён сілай магутны, душою агністы,
Нядаўна ў калгасе ён быў трактарыстам,
Вясёлы заўсёды,
Вадзіў карагоды; .
Як хмары закрылі і сонца і зоры,
Пайшоў партызаніць да бору...

Няздарма чакае штоночы дзяўчына
Свайго закаханага хлопца Каліну,
Ці травеньскім ранкам
Ці ночкай ліпнёўскай —
Прыдзе Каліноўскі.

Дзяўчаты са ўсёй Беларусі пачулі, —
Збіраюць яму васількі на кашулю,
І маці праз доўгія, сумныя вёсны
Ткуць пояс квяцісты герою на кроснах;
Чакаюць крыніцы яго ледзяныя,
Лясы, паўзнімаўшы смыкі смаляныя,
Каб разам з вятрамі наладзіць вяселле,
Ударыць па струнах,
Па хвалях дняпроўскіх, —
Што з вечнаю воляй
Прыйшоў Каліноўскі.
 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!