Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пятрусь Броўка - Голас сэрца

   Ліра-маналагічная паэма «Голас сэрца» з'явілася ў друку ў 1960 г. Яна прысвечана памяці маці паэта, Алёны Сцяпанаўны, якая была знішчана ў 1943 г. у Асвенціме. У 1947 г. Пятрусь Броўка разам з іншымі савецкімі пісьменнікамі (А. Твардоўскім, I. Эрэнбургам, П. Тычынай) пабываў у фашысцкім лагеры смерці, на свае вочы пабачыў «там няшчасную долю» самага блізкага чалавека. Пэўна тады, у 40-я гады, сыноўні боль быў такі вялікі, што словы застылі ў сэрцы. Выліліся яны на паперу больш чым праз дзесяцігоддзе. Аднак і прайшоўшыя «зімы і вёсны» не змаглі сцішыць яго, загаіць душэўную рану.
   Паэма складаецца з чатырох частак, кожная з якіх мае сваю тэму. Цэласнасць твору надае вобраз маці.
   У першай частцы паўстае, навеяны жахлівымі рэаліямі Асвенціма — калючым дротам, мулкімі нарамі, жалезнымі наручнікамі, гарой жаночых валасоў, чорнымі комінамі крэматорыя — вобраз маці-паланянкі:

 

Ціхай, знявечанай і ледзяною
З часу таго ты стаіш прада мною,
З болем, што сэрца мае не пазбудзе,
З нумарам, што прапаліў мае грудзі, —


гаворыць паэт. Ён нібы праходзіць у лагеры пакутніцкім шляхам маці. Страшную карціну здзеку над жыццём, якая не суадносіцца з нармальнай чалавечай свядомасцю, узмацняе згадка пра колькасць спаленых і замучаных людзей. Аўтар ужывае наступнае параўнанне: «Што між барханаў пустэльні пясчынка, // Ты ў такім моры не больш, як слязінка». У лагеры побач з ахвярамі знаходзіліся каты, «тыя, што скакалі ля вогнішча смерці». Сэрца паэта і сына поўніцца гневам ад таго, што гэтыя вырадкі і нелюдзі, непакараныя і неадпомшчаныя, дзесьці жывуць.
   Горкую праўду «праклятага месца», дзе маці «збылася ў пакуце пякельнай», не хоча прымаць.сынава сэрца. Насуперак усяму яно хавае «адну спадзяванку», што родны чалавек жывы і чакае, як і раней, у «старой нізенькай хатцы». Пачатак другой часткі — гэта сагрэтыя пяшчотай і любоўю ўспаміны, якія высвечваюць хараство простай вясковай жанчыны -працаўніцы:


Не, мне ніколі таго не забыцца,
Як ты спявала, як прала, як жала,
Як шыла кашульку, як вышывала,
Як пахлі рукі твае лебядою,
I хлебам жытнёвым, і сырадоем...
Як яны нас абдымалі і грэлі,
Як твае вочы ласкава глядзелі...


   У родных мясцінах пра яву, якую «сілы няма перайначыць», нагадваюць «зарослы падмурак» на месцы хаты і куст бэзу, што адзін ацалеў на былым папялішчы. Уяўленне паэта малюе вобраз маці-партызанкі. Яна «абвязвала раны белай хусцінкай, // Дзялілася з імі (партызанамі) хлеба скарынкай». Аўтар і тут бачыць маці «адной між мільёнаў». На гэты раз сярод тых, хто змагаўся з акупантамі.


Маці! А з нашае роднае хаты
Іскраю яркай, маленькай была ты,
Іскрай, што родным, як светач, свяціла,
Іскрай, што набрыдзь-чужынцаў паліла,
Што прывяла акупантаў да скону...
I ты ёй была, адной між мільёнаў.
Сэрца сына поўніць пачуццё гонару за яе.


   Скруха і боль крыху слабеюць ад разумення, што ахвяры, страты, пакуты былі недарэмнымі, што родны край адрадзіўся і квітнее. Паэт быццам чуе голас маці:

— Досыць па нас вы паплакалі, досыць.
Шануйце, пільнуйце, што збудавалі,
Каб болей пакутаў людзі не зналі.


   Гэты наказ-запавет адгукаецца ў сэрцы трывогай — на планеце ёсць яшчэ тыя, для каго здабыты цаной мільёнаў чалавечых жыццяў мір не з'яўляецца каштоўнасцю. Ад імя ўсіх, каму «грукае попел у сэрца», аўтар заклікае помніць словы Юліуса Фучыка «Людзі! Будзьце пільнымі».
«Паэма-плач, паэма-рэквіем становіцца трыбуннай прамовай, перарастае ў набат» (А. Гурская). У трэцяй частцы выкрываюцца падпальшчыкі вайны, заморскія мільянеры і генералы. Яны і іх блізкія не зведалі гора: «З рэчкі, што кроўю цякла налітая, // Ім ручаінка плыла залатая». «Што гэтых людзей цягне да вайны? » — ставіць пытанне Пятрусь Броўка і адказвае: «Грошы і зброя.

 

Грошы заўжды павялічваюць зброю —
Растуць генералы — далараў героі.
Зброя заўжды павялічвае грошы —
Грабуць мільянеры золата коўшам».


   Увагу сучаснікаў аўтар скіроўвае на нявырашаныя чалавецтвам праблемы, нагадвае пра тысячы бедных, галодных, бяздольных. Ён заклікае сродкі, якія ідуць на войны і ўзбраенне, выкарыстаць на іншае:

 

Давайце збудуем добрыя хаты
Заместа ракет, заместа гарматаў,
Давайце ж бальніцы, школы памножым
Заместа знішчальнікаў і бамбавозаў.


   Уваскрэшаны ў такім кантэксце вобраз маці (канкрэтны і абагульнены адначасова) у чацвёртым раздзеле раскрываецца новай гранню, Пра маці паэт гаворыць як пра захавальніцу жыцця: яна гадавала дзяцей і вучыла іх любіць усё жывое. Ёй ад імя былых салдат даецца клятва берагчы спакой і шчасце роднага краю.
   Вобраз маці, простай беларускай жанчыны, набыў у паэме Петруся Броўкі шырокую тыповасць і маштабнасць. Раскрываецца ён праз маналог сына і паэта-грамадзяніна, таму ў творы лірычна-спавядальныя інтанацыі суседнічаюць з прамоўніцка-публіцыстычнымі. Аўтару ўдалося глыбока асабістае арганічна знітаваць з агульналюдскім. Трагічны лёс блізкага чалавека праецыруецца на актуальныя праблемы сучаснасці, звязаныя з памяццю пра Вялікую Айчынную вайну, захаваннем міру, спыненнем гонкі ўзбраення.

Похожие статьи:

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кастусь Каліноўскі

Пятрусь БроўкаТворчасць Петруся Броўкі

Пятрусь БроўкаМатывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Зямля Беларусі (Урывак з паэмы "Беларусь")

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кропля