Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Павел Місько - Добры чалавек

Кнопка отправить на печать

   Шмат у лесе дзічак – і груш, і яблынь. Ідзеш-ідзеш, і раптам стомленае вока як не ўзрадуецца. Без усякай маскіроўкі, не трэба і прыглядвацца, ляжаць пад дрэвам яблыкі...
   Сустракаю ў лесе знаёмую бабулю Веру. Нагрузілася, як мурашка: у адной руцэ кіёк і торбачка, а ў другой – перагароджаная папараццю на дзве палавіны лубянка. У адной палавіне грыбы, у другой – грушы і яблыкі. На спіне напакавала нечым заплечны мяшок. Не бабуля – турыстка!
   – А-а, і ты тут, – узрадавалася яна, убачыўшы мяне. – Не трэба з лесу ісці з пустымі рукамі. От я і нясу ўсяго... Давай пройдзем крыху ды сядзем, адпачнем.
   Ідзём, гамонім. Бабуля азіраецца кругом, нешта ўсё выглядае.
   – Ну, вось тут і прысядзем, – гаворыць яна і апускаецца на траву. – На, пакаштуй... Не махай рукамі, не аднеквайся: ты такія не еў... – і падае яна мне дзве грушы.
   Смакую. I праўда, адна лепшая за другую. I сок смачны, і каменьчыкаў амаль няма.
   – А паляжыць – за вушы не адцягнеш. Ого – грушка-гнілушка, ды яшчэ лясная... Унукі мае прыгаршчамі іх цярэбяць. Іх і сушыць можна. А які кампот смачны з яблык-дзічак! I павідла з іх, і варэнне можна рабіць. Ну, а цяпер пакаштуй во гэту...
   Трэцяя груша была як садовая. Мо бэра, мо вінёўка.
   – А цяпер во гэты яблычак... – падала мне бабуля вялікі, з курынае яйка, яблык.
   – Штрыфель?! – пазнаў я па смаку. – Але пахне незвычайна, як мёдам. На дзічку і не падобны.
   – А гэта і не дзічка. Быў такі чалавек у нашым сяле – Захарка. Капаў у лесе дзічкі, у сады пераносіў, прышчэпліваў. Вельмі смачныя яблыкі, калі прышчэпліваць да лясных. А потым стаў па лесе хадзіць, дзе маладзенькую грушу ці яблыньку сустрэне – зрэжа, прышчэпіць. Дзе старэйшую – то галінку ці дзве прышчэпіць. Знойдзеш цяпер такое дрэўца – як падарунак на свята.
   – Помнік сабе чалавек зрабіў... – кажу я.
   – Але, каторы год, як яго няма, а людзі ўсё дзякуюць чалавеку. Дабро – яно жывучае. А цяпер паглядзі назад!
   Я азірнуўся. На паляну схілілася Захаркава яблыня. Дзве галіны на ёй былі незвычайныя – на адной яблыкі былі белыя, як папера, на другой – жоўта-аранжавыя, сплюшчаныя, як рэпкі.
   Мы падышлі бліжэй.
   – Як сонца... Налілася проста... Залаты ранет, – сказала бабка Вера.
   Твар яе свяціўся, нібы не Захарка, а яна стварыла гэты цуд.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!