Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ніна Мацяш - Залатое сэрца

Кнопка отправить на печать

   Жыў на свеце адзін чалавек. Нічым знешне не вылучаўся сярод іншых людзей, але ўсе ведалі, што ў яго грудзях – алавянае сэрца. На кожнага, хто страчаўся з ім і пачынаў размову, нібы навальваўся нейкі цяжар, а з твару надоўга знікала ўсмешка. Людзі сталі пазбягаць чалавека з алавяным сэрцам, і неўзабаве ён апынуўся ў поўнай адзіноце.
   А жыў у той мясціне яшчэ адзін чалавек. I хоць таксама нічым не вылучаўся сярод людзей, але ўсе ведалі, што ён валодае дзівосным скарбам – сэрцам з чыстага золата. Людзі вельмі шанавалі гэтага чалавека, побач з ім жылося лёгка і светла. Чалавек з залатым сэрцам заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму, хто трапляў у бяду. Таму ён заўсёды быў акружаны людзьмі.
   Чалавек з алавяным сэрцам страшэнна зайздросціў чалавеку з залатым сэрцам. Зайздроснік нават спаць не мог спакойна, усё думаў, што б зрабіць яму ліхое. I нарэшце вырашыў забраць у яго слых, каб той ніколі больш не пачуў людской удзячнасці.
   Як задумаў злы вядзьмак, так і зрабіў: аглух чалавек Залатое Сэрца. Цяжкія пакуты агарнулі яго: людзі хадзілі, варушылі вуснамі, смяяліся, – але ў такой глыбознай цішы, што ажно рабілася страшна і звінела ў галаве. Цяжка было бедаку яшчэ і таму, што часта ён ніяк не мог даўмецца, чаго людзі хочуць ад яго. Ён стаў пазбягаць людзей, а неўзабаве і зусім замкнуўся ў сваёй хаце.
   А была ў Алавянага Сэрца дачка Себялюбка. Калі яна нарадзілася, вядзьмак падарыў ёй чароўную палачку з бліскучым чорным наканечнікам. Дакранешся той палачкай да сэрца чалавека, і яно адразу ператвараецца ў халодную грудку волава.
   I вось аднойчы, калі Залатому Сэрцу было асабліва цяжка на душы, перад ім з’явілася прыгажуня ў цудоўным убранні.
   – Вазьмі мяне да сябе, добры чалавек! – папрасіла яна. – Няма ў мяне ні маткі, ні бацькі, на цэлым свеце няма да каго прыгарнуцца. Дай мне прытулак, вазьмі мяне ў дочкі, калі-небудзь я шчодра аддзячу табе за гэта.
   Залатое Сэрца быў зачараваны прыгажосцю дзяўчыны. Ён не пачуў ніводнага слова, але зразумеў, што яна нешта просіць, таму пільна ўзіраўся ў яе твар, у вочы, каб здагадацца, што ёй трэба. I чым дапытлівей узіраўся, тым яскравей бачыў, якія раўнадушныя, злыя вочы ў неспадзяванай госці, якія пагардлівыя рухі яе рук. Ён зразумеў, што яна нядобрая, і прагнаў дзяўчыну са свайго двара. Ён і не падумаў, што гэта вядзьмак Алавянае Сэрца падаслаў да яго сваю Себялюбку.
   Сам жа Залатое Сэрца вырашыў ісці да людзей.
   Калі прымуць – зноў да яго вернецца шчасце. А не прымуць – дык на людзях і паміраць лягчэй: жыць без іх ён усё адно не мог.
   I толькі выйшаў у поле, як бачыць: б’ецца ў сіле жаўручок, вырвацца не можа. Залатое Сэрца разблытаў сіло, птушаня ўзвілося пад самае неба і залілося радаснай песняй у гонар свайго збавіцеля. Але ён не пачуў той песні і пакрочыў далей. Ідзе-ідзе, раптам бачыць: сядзіць у елачцы зайка і лапкамі слёзы выцірае. Хацеў зайка елачку пераскочыць, ды засеў у голлі, вылезці не можа. Вызваліў Залатое Сэрца зайчыка, той шчасліва піскнуў «дзякуй» і памчаў дадому.
   А Залатое Сэрца пайшоў далей. Бачыць: на дарозе, каля перакуленага воза з сенам, мітусіцца дзядзька, а зрабіць нічога не можа – не хапае сілы адвярнуць воз. Залатое Сэрца моўчкі падышоў да селяніна і дапамог яму падняць калёсы. А калі глянуў яму ў вочы, то ўбачыў у іх столькі ўдзячнасці, што азмрочанасць яго як рукой зняло. З лёгкай душой папраставаў ён далей. I ад кожнага добрага ўчынку сэрца яго зіхацела яшчэ ярчэй. Усе, каму патрэбна была дапамога, ішлі на гэты чароўны бляск. I да Залатога Сэрца вярнуўся слых.
   Калі ж вядзьмак Алавянае Сэрца даведаўся пра гэта, то лопнуў ад зайздрасці і злосці. А яго дачка Себялюбка ўцякла за трыдзевяць зямель у трыдзесятае царства. Але яна не згубіла сваю чароўную палачку з бліскучым чорным наканечнікам, бо ніколі не выпускала яе з рук. Асцерагайцеся, каб вядзьмарка часам не дакранулася да вас, каб не ператварыліся вашы сэрцы ў грудкі халоднага волава!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!