Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ніл Гілевіч - Лодачкі

Кнопка отправить на печать

   Ліра-эпічную паэму "Лодачкі" Ніл Г'ілевіч напісаў у 1998 годзе. Жанравая разнавіднасць ліра-эпічнай паэмы найбольш распаўсюджана ў сучаснай беларускай літаратуры. Можна прыгадаць "Варшаўскі шлях" Аркадзя Куляшова, "Дажынкі" Анатоля Вярцінскага, "Лукам'е" Васіля Зуёнка.
   У паэме Ніла Гілевіча выявілася адметнасць яго паэтычнага стылю: выходзіць да шырокіх філасофскіх абагульненняў праз звычайныя, рэчыўна-канкрэтныя паняцці. "Як ні пра каго іншага з беларускіх паэтаў, пра Ніла Гілевіча можна сказаць, што яго паэзія —паэзія на кожны дзень, у якой філасофія так блізка змыкаецца з мараллю, урэшце з парадай, а таму становіцца нейкай дамашняй, па-асабліваму цёплай і чалавечнай", — пісаў В. Каваленка.
   Паэма "Лодачкі", напісаная ў канцы XX стагоддзя, вяртае чытача ў мінулае, да пасляваенных гадоў неўладкаванасці і галечы, якая асабліва на вёсцы межавала амаль з жабрацтвам. Твор напісаны на рэалістычна-побытавым матэрыяле, але разам з тым прасякнуты рамантычнай узнёсласцю, хоць і сам сюжэт, і характар героя падкрэслена прыземленыя, тыповыя. Паводле кампазіцыі паэма "Лодачкі" нагадвае апавяданне з абрамленнем. Яна пачынаецца з апісання бязладдзя, што запанавала ў канцы XX стагоддзя, у час разбурэння сацыялістычнай сістэмы, а потым памяць лірычнага героя па асацыяцыі пераносіцца ў мінулае — у далёкі 1947 год, дзе і разгортваюцца галоўныя падзеі твора. У эпілогу чытач зноў вяртаецца ў сучаснасць. Галоўная ідэя твора — неабходнасць захавання духоўнасці, якімі б цяжкімі ні былі ўмовы рэальнага жыцця.
   Лірычны герой "Лодачак" — вясковы хлопчык-падлетак — марыць пра вучобу ў горадзе. Але гэта цягне за сабой шмат праблем, а самая найпершая — неабходнасць набыць адзенне, якое няма за што купіць. У гэты час у вёску прывозяць гуманітарную дапамогу з Захаду. Сям'і хлопчыка дастаюцца прыгожыя замежныя туфелькі — "лодачкі". Шыкоўная абноўка прызначалася сястрычцы героя, але ж брату трэба вучыцца, і туфелькі вырашылі прадаць і набыць штаны для хлопца. Сітуацыя, з аднаго боку, побытава-звычайная, але разам з тым глыбока драматычная. Жыццё жорстка разбурае дзявочую мару "замест дашчэнту зношаных апорак, Ужо ў рамонце быўшых неаднойчы, Узбуць на ногі цуда-чаравікі". Таму развітанне з абновай балючае, і атмасфера ў хаце напружаная, усе з нецярплівасцю чакаюць вяртання 'йрадаўца" з гарадскога базару, патаемна спадзеючыся, што туфелькі ніхто не купіць, і яны вернуцца да той, каму прызначаліся.
   Ды ўсё ж спадзяванні не спраўдзіліся. Лодачкі купіла прыгожая багатая і дагледжаная гарадская дзяўчынка, зусім не падобная на спрацаваных, бедна апранутых вясковых дзяўчат:

У белай кофтачцы, у клёш-спадніцы,
Такая зграбненькая ўся ў пастаці.
Такая тоненькая ў паясніцы,
З такой прыгожай русаю галоўкай
На роўнай тонкай шыйцы над касой!..


   Яна здалася хлапчуку казачнай прынцэсай, і да яго раптоўна прыйшла пара першага юначага кахання, якое так і скончылася гэтай выпадковай сустрэчай, але якое герой пранёс праз усё жыццё.
   Псіхалагічна пераканальна Ніл Гілевіч апісвае сцэну продажу на мінскім кірмашы: разгубленасць і зніякавеласць хлапчука, якога ўпершыню ўразіла жаночая прыгажосць і запаланілі нязнаныя раней пачуцці, прагавітую практычнасць маці Тарадской прынцэсы" і ўрэшце апантаную захопленасць самой дзяўчынкі прыгожымі лодачкамі і яе поўную абыякавасць да іх прадаўца.
   Забраўшы абнову, дзяўчынка пайшла, пакінуўшы ў душы героя светлыя надзеі на сустрэчу. А "мо і праўда пашчаслівіць мне спаткацца з ёй? Я ж буду жыць ў Мінску, хадзіць па вуліцах, трамваем ездзіць, ды і ў тэатр зрэдчасу заглядаць", — марыць хлопчык, эгаістычна забыўшыся пра сястру, ад якой так жорстка забралі заморскі падарунак:

 — Яна нічога цэлы дзень не ела!
— Ні снедаць не пайшла, і не абедаць...
— А мама так сварылася, хацела
яе набіць. І плакала таксама...
— І ўсе мы плакалі, і усе казалі:
От каб даў Бог ён там іх не прадаў!
І каб назад прывёз...


   Кранальна і пераканаўча паказваецца ў паэме сустрэча героя з заплаканай сястрой, якая называе яго "злодзеем", бо ўкраў яе мару, і даруе яго віну толькі тады, калі ў парыве шчырасці ён расказвае пра пакупніцу, давярае сакрэт свайго першага юначага пачуцця.
   Прайшло амаль паўстагоддзя, даўно памерла, спакутаваная сястра героя, але яго не пакідае пачуццё вінаватасці перад ёй, боль і горыч за тое, што прадаў "яе надзею, яе падораную лёсам мару".
   Ніл Гілевіч выступае ў паэме "Лодачкі" не толькі добрым псіхолагам, але і выдатным знаўцам народнай маралі, вясковага побыту. Расказаўшы побытавую гісторыю з беларускага пасляваеннага жыцця, ён акцэнтуе ўвагу на глабальнай праблеме гуманных адносін да чалавека, найперш да маладога чалавека, якога нельга крыўдзіць, у якога нельга адбіраць мару, якой бы звычайнай і прыземленай яна камусьці ні здавалася.