Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ніл Гілевіч - Край мой беларускі

Кнопка отправить на печать

Край мой беларускі, край!

Дай мне прыгарнуцца, дай!

Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, –

Дай жа прыгарнуцца, дай!

Край мой беларускі, край!

Дай ты мне напіцца, дай!

Той вады гаючай
З той крыніцы вечнай,
Дзе ад ран балючых
Ты арлоў вылечваў, –

Дай жа мне напіцца, дай!

Край мой беларускі, край!

Дай ты мне паслухаць, дай!

Як на лад пявучы
Старажытнай мовы
Тут гамоняць пушчы,
Там шумяць дубровы, –

Дай жа мне паслухаць, дай!

Край мой беларускі, край!

Дай ты мне прайсціся, дай!

Па тваіх прасторах,
Па шляхах бясконцых,
Уначы – пры зорах,
Раніцой – пры сонцы, –

Дай жа мне прайсціся, дай!

Край мой беларускі, край!

Дай мне наглядзецца, дай!

На твае на пожні,
На лугі ды рэчкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, –

Дай жа наглядзецца, дай!



Аналіз верша:
   Верш Ніла Гілевіча «Край мой беларускі» выклікае пачуццё гонару за сваю Радзіму, свой народ, патрыятычныя пачуцці. Родная мова, матчына зямля... Гэтак ласкава, з пашанай называе наш народ сваю спадчыну. Узнёслыя і шчырыя словы, прысвечаныя роднай мове, Радзіме, сказалі вядомыя дзеячы нашай нацыянальнай культуры: Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш. Гэтая традыцыя ўслаўлення роднай мовы, культуры, і нацыянальнай спадчыны, паказу іх ролі і значэння ў жыцці беларуса набыла далейшае развіццё. Безліч твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў-празаікаў і паэтаў прысвечана Радзіме, мове. Колькі ўзнёслых і прачулых радкоў, напоўненых патрыятычнымі пачуццямі і думамі пра свой край, мову, склалі яны!
   Вобразнае мастацкае слова пісьменнікаў, прасякнутае любоўю і патрыятызмам, дае нам магчымасць далучыцца да вытокаў нашай культуры, абуджае жаданне глыбей зазірнуць у таямніцы народнай спадчыны.
   Патрыятызм (ад грэч. patre – радзіма) – грамадскі і маральны прынцып, які характарызуе адносіны людзей да сваёй краіны і праяўляецца ў пэўным вобразе дзеянняў і складаным комплексе грамадскіх пачуццяў. Патрыятызмам звычайна завецца любоў да Радзімы.
   Верш лепш чытаць уголас, паэт звяртаецца да роднага краю, у вершы пераважаюць клічныя інтанацыі, пабуджальныя сказы. Простыя, але вельмі шчырыя радкі верша Ніла Гілевіча кранаюць сэрца кожнага чытача. У іх столькі дасканаласці і майстэрства. Эмацыянальна ўзрушаныя радкі з’яўляюцца вынікам натхнення і напружаным творчым роздумам над сэнсам чалавечага быцця, яго духоўным прызначэннем. Верш нясе ў сабе адзнакі асабістага, аўтабіяграфічнага самавыяўлення пісьменніка. Лірычны герой верша (сам пісьменнік) узрушаны прыгажосцю і непаўторнасцю краявідаў, родных з дзяцінства. Верш напісаны ў форме звароту да роднага краю. Па сваіх інтанацыях ён вельмі нагадвае народную малітву або замову. Лірычны герой з пяшчотай і хваляваннем просіць дазволу прыгарнуцца да «..ляснога вераснога долу, дзе так шчасця многа выпала на долю...»
   Паэт з любоўю называе ваду «гаючай», крыніцу «вечнай» (эпітэты). Гэта набліжае верш Ніла Гілевіча да фальклорных твораў, у якіх вада таксама ўшаноўвалася, лічылася гаючай, нават святой. Гоман пушчы і дубровы ўвабраў у сабе «лад пявучы старажытнай мовы», які паэт просіць «дай жа мне паслухаць, дай!»
   Верш Ніла Гілевіча – адзін з лепшых узораў беларускай лірыкі. У гэтым творы спалучаюцца лірычны пейзажны жывапіс і філасофскі роздум над сэнсам жыцця і прызначэння чалавека. Паэт сваім вершам звяртаецца да кожнага беларуса, засяроджвае ўвагу на прыгажосці роднай зямлі.
   Асаблівая песеннасць, мілагучнасць у вершы дасягаецца паўторам двухрадковага запеву кожнай страфы. Апошні радок, рэфрэн, падкрэслівае асноўную думку твора – трэба любіць і шанаваць свой родны край, яго прыроду.
   Верш напісаны харэем.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!