Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Ірына

Увага! Поўны змест

   Ледзь прыкметна пакачваўся паравоз, аднастайна пастуквалі рэйкі, гудзела ў топцы. Надаедліва шыпела пара, вырываючыся танюткім струменьчыкам, — там раслі, пузырыліся кіпучыя каплі вады і, марудна скатваючыся, цяжка зрываліся з начышчанай медзі краніка.
   Гарачым цяплом палыхала ад топкі. Зліпаліся вочы, хіліла да сну. Ірына павярнулася да дзверкі паравознай будкі. Намокшы брызент цяжка хлопаў па сталёвых поручнях. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі.
   Няскладны машыніст у пацёртай нямецкай форменцы быў заняты не зусім звычайнай для яго працы справай. На падлакотніку акна стаяў невялічкі кошык, паўнюткі яйкамі. Асцярожна перабіраючы іх, атрахваючы мякінную пацяруху, машыніст браў яйка і ўважліва ўглядваўся ў яго на святло маленькай электрычнай лямпачкі і, страшэнна заклапочаны, пракалупваў ножычкам малюсенькую дзірку ў шкарлупцы. Загадзя выцягнуўшы трубачкай губы, ён урачыста падносіў яйка да рота і, задраўшы галаву так, што відаць быў напяты, зморшчаны кадык, паволі, з яўнай асалодай, высмоктваў яйка. Марудна аблізваў пракураныя вусы і, адставіўшы руку з пустой шкарлупінай, гаварыў паважна, расцягваючы кожнае слова:
   — Ах, добра! Ах, як добра! — і, улагоджаны, пацепваў па плячы Ірыну, мнагазначна падміргваў ёй бялёсым вадзяністым вокам. І ўся постаць яго, самадавольная, з абвіслым брушком, з наліпшымі да вусоў шкарлупкамі, і нос у жаўтках — усё гэта было так смешна і так не пасавала яго ўрачыстым жэстам, што Ірына не вытрымала, усміхнулася.
   Усміхнулася ўпершыню за гэтыя некалькі месяцаў.
   Машыніст па-свойму зразумеў усмешку, як пэўную даніну сваёй асобе, падцягнуўся, расправіў вусы, штосьці сярдзіта мармытнуў качагару. Стомлены хлопец цяжка ўзняўся з сядзення, з сэрцам узяўся за доўгую жалезную лапату і, адчыніўшы топку, стаў падкідваць вугаль.
   Усмешка лунала яшчэ на шчоках Ірыны, змагаючыся з водбліскамі зыркага полымя, але вочы яе былі жорсткімі і халоднымі. Толькі рукі дрыжалі. І, каб не выдаць свайго хвалявання, Ірына дастала з вузялка скарынку хлеба, грызла яе, прагна ўслухоўваючыся ў перастук калёс, уважліва ўглядаючыся ў шчыліну пад брызентам.
   Вецер расхінаў брызент, злосна пахлопваў ім. Тады добра было відаць Ірыне, як праляталі побач знаёмыя мясціны. Вось прамільгнулі тры сасонкі, стары дуб з вуллямі, замільгалі бярозкі. Хутка будзе пераезд, потым закругленне, а там...
   «Час ужо».
   Думка апаліла, як порах. Колькі ні рыхтавалася ўнутрана Ірына да гэтай хвіліны, ёй здалося ўсё ж такім нечаканым і нават страшным усё гэта. Халоднай ільдзінкай кальнула ў сэрцы: ці ўдасца, ці не пашкодзіць хто-небудзь... Завывала ў топцы полымя, жоўтыя, чырвоныя звіваліся вогненныя языкі. Струменіліся, снавалі празрыстыя залацістыя ніці. Яны прымалі самыя нечаканыя абрысы, дзівосныя адценні: ад расплаўленага золата да спелай жаўціні аўсянага снапа.
   «Валасы ў яго былі такія ж прыгожыя...» — мільганула ў думках. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з’явілася спакойная ўпэўненасць.
   — Родны мой, маленькі мой... — бязгучна шапталі вусны, а рукі ўпэўнена звязвалі вузялок, пальцы адлічвалі апошнія секунды.
   Блізіўся час.
   ...Як шчасліва, сонечна адцвілі гэтыя апошнія гады. Пяць год таму назад сышліся яны, пажаніліся. Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі, калі пахучы і празрысты бярозавы клейкі ліст, калі росы на золаку бываюць кусачымі, і ў кожным кусце столькі салаўіных песень, што заслухаешся іх і забудзеш — а колькі ж разоў цябе пацалуе...
   Яны паставілі маленькі чысценькі домік пад старой ліпай. Пасадзілі некалькі яблынь, вішань. Пад вокнамі цэлы кветнік. Былі то ^Ірынчыны клопаты, каб весела было маленькаму Васільку. Ён так любіў кветкі і пчол, матылёў, вясёлых майскіх хрушчоў, залятаўшых у зялёны палісаднік. Па-ранейшаму пела песні Ірына, і яшчэ дружней гарэла праца ў яе руках, руках калгаснай ільнаводкі. Яна была ўсё той жа рэзвай клапатухай і магла паспрачацца з любой дзяўчынай у калгасе: і ў песні, і ў дасціпным жарце, і на любой працы. Таму вось па нядзелях заўсёды заліваўся гармонік у іх пад акном, шумела гаманлівая моладзь, гулка гудзела ўтаптаная зямля — хлопцы і дзяўчаты скакалі кадрылі, кружыліся ў лявонісе, у бясконцых крыжачках і польках...
   Харошы быў гарманіст Ігнась — муж Ірынкі, майстар на працу і на весялосць.
   Усё гэта скончылася, абарвалася, як радасны сон. Ігнась пайшоў разам з другімі на вайну. Развітаўся, узяў на рукі чатырохгадовага Васілька, расцалаваў яго і, углядаючыся ў сінія, як цвет ільняны, васільковыя вачаняты, сказаў, папрасіў:
   — Захавай яго... Які ж ён асілак у нас... Во!.. Адзін вось толькі... Ну што ж...
   Спяшаючыся, пацалаваў абаіх, пайшоў. Дзе ён цяпер?
   Потым наляцелі шэрай хмарай гэтыя — ненавісныя, бязлітасныя, чужыя. Жыццё неяк памеркла адразу, стала шэрым, панурым. Адцвілі і пагнілі ў полі льны. Палягло на вытаптанай і размоклай зямлі пацямнеўшае жыта. Прарастала ў коласе ярына. Усё пайшло прахам і пылам. Людзі даўно забыліся пра песні, пра вясёлае слова. Уздыхалі, плакалі бабы, углядаючыся ў злавесныя водсветы начных пажараў. Панурыя, злыя хадзілі мужчыны, аб чымсьці перашэптваліся, спрачаліся, дамаўляліся.
   Усё часцей наведваліся немцы, шукалі зброю, партызан, выганялі апошні хвост з хлява, выграбалі апошняе каліва зярна з клеці. Спалілі для страху некалькі хат, наладзілі дзікую расправу над двума старымі, якія адмовіліся сказаць што-небудзь толкам аб партызанах. Старых вывелі на калгасны двор і павесілі на дуплаватай паўзасохлай бярозе. Мужчыны амаль што ўсе пайшлі ў лес. У вёсцы стала ціха і панура, як у магіле.
   І вось здарылася гэта страшнае.
   З праходзіўшага па чыгунцы эшалона чыясьці п’яная, разбэшчаная рука кінула некалькі пустых бутэлек у групу дзяцей, якія гулялі на пясочку. Ірына была ў хаце, калі суседкі ўнеслі і моўчкі палажылі на ўслончык пасінелы дзіцячы трупік.
   — Васілёк мой! — глуха ўскрыкнула Ірына, схапіла аберуч дзіця і — страшная, збялелая — прагна цалавала яго, перабірала зліпшыяся светлыя валосікі, змывала з цемені кроў і ўсё заглядвала ў закаціўшыяся дзіцячыя вочы.
   — Вочанькі вы мае, ласкавыя... Нежывыя вы... нежывыя...
   Яна прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем, як бы збіраючыся зацяпліць жыццё ў гэтым маленькім і хрупасткім цельцы. Толькі позна ноччу жанчыны сілком адабралі ў яе дзіця, абмылі яго, прыбралі, палажылі на стол. Раніцой, спяшаючыся, пахавалі на могілках. Доўга сядзелі з Ірынай. Баяліся, каб не зрабіла яна чаго худога над сабой.
   З таго часу згасла ўсмешка на твары Ірыны. Яна стала замкнёнай, маўклівай. Усё глядзела з акна на праходзіўшыя цягнікі, эшалоны, засяроджана думаючы аб нечым сваім, цяжкім, часам шаптала:
   — Усё на нас вязуць, на нашых... Крыві нашай ніяк не нап’юцца.
   А калі ў партызанскай групе сур’ёзна загаварылі аб узрывах чыгункі, яна проста сказала:
   — Гэта зраблю я...
   Ніхто не спрачаўся, не пярэчыў, ёй толькі сказалі, што гэта вельмі цяжкая справа. Што за яе трэба брацца з розумам, з разлікам. Іначай— гібель, дарэмная кроў сваіх людзей.
   — Я ж сказала... Зраблю... — скупа адказала Ірына.
   Згадзіліся.
   Трэба было ўзарваць мост.
   Гэта сапраўды была цяжкая справа. Мост узмоцнена ахоўваўся, да яго не падступішся. Трэба было шукаць другія сродкі. Дамовіліся аб узрыве на мосце праходзячага цягніка.
   Да гэтага часу Ірына выконвала ў атрадзе даволі простую работу. Пад яе ведамам знаходзіўся невялічкі склад боепрыпасаў, паблізу дамка, у дупле старой, разгалістай ліпы. Яна добра ўжо ведала ўсе тайны дынаміту, асаблівасці мелінітавых шашак. Але яна толькі хавала іх. Цяпер яна сама павінна ўдыхнуць у гэтыя няхітрыя рэчы страшэнную, усёзнішчальную сілу разбурэння. Праўда, ёй сказалі, што яна толькі прынясе вузялок з падрыхтаваным зарадам на раз’езд, які побач з калгасам. Нямецкі эшалон будзе браць там дровы. Сярод дрывакладчыкаў свае людзі. Яна павінна толькі непрыкметна перадаць ім вузялок, звычайны вузялок са звычайным абедам у двух завязаных гаршчочках. А потым яна можа вярнуцца. Тыя людзі завершаць справу.
   Яна пайшла. Сабрала вузялок. Узяла кошык яек — для адводу вачэй, на адчэпнае. Прыйшла пад вечар на раз’езд. Падышоў і гружаны цягнік: жалезныя платформы з гарматамі, танкамі, некалькі закрытых вагонаў, з дзясятак цыстэрнаў. Паравоз сапраўды браў дровы. Але абумоўленых людзей на месцы не было. Магло стацца, што яны сёння не працавалі, ці якая іншая прычына была, але іх не было. Ірына прайшлася некалькі разоў зводдаль каля эшалона, параўнялася яшчэ раз з паравозам і ўжо гатова была — сумная, гаротная ад няўдачы — пайсці ў вёску, як прывязаўся машыніст, які завіхаўся ля паравоза. Ён прыкмеціў яйкі ў кошыку.
   — Ах, яйкі! Ах, добра! Ах, як добра! Прадаеш?
   Ён гаварыў трохі, хаця і кепска, па-руску. Ірына разгубілася спачатку, збянтэжылася. Але нечакана для сябе загаварыла спакойна і незалежна:
   — Не прадаю... Хочаш, падвязі да станцыі... Дзесяць кіламетраў. Увесь кошык тады будзе твой...
   Немец глядзеў, аблізваючыся, на кошык, гаечным ключом пачасаў каленца, зірнуў уздоўж эшалона, нерашуча крыкнуў:
   — Хм... Чорт... Садзіся!..
   Ірына паехала на паравозе, радуючыся ў душы такой нечаканай удачы.
   ...Апошняе дрэва прамільгнула каля паравоза. Вось-вось будзе мост. Качагар збіраўся ўжо закрыць дзверку топкі, калі пасуровеўшая адразу Ірына імклівым рухам кінула ў топку вузялок. Спалоханы машыніст адхіліўся ад акна, жорстка схапіў яе руку.
   — Зачым ты гэта?
   Нешта хацела сказаць Ірына і не паспела. Усё ўзнялося ў вогненным смерчы, патанула ў грукаце, скрыготах, у завываючых маланках узрываў. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Сталі жаркімі, багровымі восеньскія воблакі, якія, спяшаючыся, нізка праляталі над зямлёй.
   Убіраючы неба ў чырвань, зарыва палыхала ўсё шырэй і шырэй.

1942

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМаньчжур. Аналіз апавядання

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Васількі

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам