Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Янка-парашутыст

Увага! Поўны змест

   Багата дзяцей на нашым двары, і ўсе яны ў адзін голас скажуць, што няма на свеце лепшага знаўцы самалётаў і ўсёй авіяцыйнай справы, як іх друг і таварыш — Янка. Ён па сілуэту пазнае марку самалёта, які ляціць хоць бы сабе ў самым паднябессі. Ён не злынецца, пералічаючы імёны славутых лётнікаў, і ведае розніцу паміж навігацыяй і аэранавігацыяй. Адным словам, авіяцыя для яго — адкрытая кніга. Я ўжо не кажу аб такіх імёнах, як браты Райт, як Мангальф’е, Мажайскі, Блерыё, Утачкін, Несцераў,— усіх іх і не пералічыш. Не ведаць, хто яны такія і што зрабілі, гэта значыць быць у Янкавых вачах чалавекам, нічога не варты м.
   З-за гэтых самых братоў Райт узніклі ў Янкі вялікія непаразуменні з бабкай Арынай. Толькі ён пачне распісваць на ўсе лады адвагу першых авіятараў, як старая — яна крышку і не дачувала — адразу кідалася ў спрэчкі:
   — З якой гэта прычыны ты расхвальваеш тых Райтовічаў? Прайдзісветы яны, вось што...
   У Янкі вочы лезуць на лоб ад такіх бабчыных слоў.
   — Якія Райтовічы? Пры чым тут Райтовічы?
   — А пры тым жа... Ведаем мы тых Райтовічаў: пад намі жывуць, побач з кватэрай дворніка... Як не ведаць! Райтовічы? Жулікі, вось і ўсё...
   — Адна справа Райтовічы, а другая — браты Райт, бабуля! Тыя, што побач з дворнікам жывуць, сапраўды прайдзісветы і хуліганы. А браты Райт — смелыя лётчыкі. Чуеце, бабуля? Авіятары! Райты! Зразумела?
   — Заладзіў: «Райты-смайты!..» Ды яны вун на нашым двары ўсім у косці ўеліся! — стаяла на сваім Янкава бабуля.
   — Дык гэта ж Райтовічы, не пра іх гаворка ідзе...— разгублена даводзіў Янка.
   — За якія ж такія геройствы ты іх расхвальваеш? — не сунімалася бабка.
   — Вось і пагавары тут з вамі пасля гэтага! — прыходзіў у роспач Янка і не мог стрымацца, каб не папракнуць бабку несвядомасцю і адсталасцю.
   — Вы лепей бы свае панчохі ды хусткі вязалі, а не спрачаліся, паколькі тут вы нічога не ведаеце! Вось бы скінуць вас хоць разок з парашутам, тады б даведаліся, што такое самалёты...
   — Уга... і скажаш жа, унучак, такое: парашутышуты... Знайшоў, чым пужаць! Ты мяне без парашуташута твайго скінь на зямлю, тады яшчэ можа я і напужаюся крыху. Цяпер вун, унучак, і дзяўчаты з парашутам! скачуць. А мне і пагатоў баяцца нечага: сам жа ведаеш, колькі гадоў у мяне за плячамі. Чаго, чаго не нагледзелася на сваім вяку. А чым старэй чалавек, тым ён больш вопытны і, зразумела, больш смелы...
   — Такая ўжо смеласць! — недаверліва пасміхнуўся Янка ды ўсё думаў, чым бы гэта яму мацней здзівіць бабку.
   Парашутам бадай што бабку Арыну і не здзівіш і не напужаеш. Бо як-ніяк яе сын — Янкаў бацька — служыць у авіяцыі, лётчык. Пра парашуты старая наслухалася ўдосталь і даўно прымірылася з імі, хаця і не дужа верыла ў надзейнасць гэтых шутаў-парашутаў. Каб ад гэтых парасонаў бы была якая карысць, дужа там... Адным словам, не давярала, хаця і не хаяла.
   А Янка, пакрыўджаны ў сваіх лепшых пачуццях да паветранай стыхіі, пайшоў у рашучае наступление на бабку:
   — Вы, бабуля, несвядомая, вось што... Вы ў царкву ў мінулым годзе хадзілі. У царкву!
   Перамога, здавалася, была поўнай. Але бабуля, узброеная вязальнымі спіцамі, пераходзіла ў рашучую контратаку:
   — А ты — свядомы? А хто, скажы мне, калі ласка, пасягаў на жыццё нашага слаўнага ката Ваські? А хто надумаўся здзек учыніць над жывой істотай? А ну, прызнайся! Ага, лыжы навастрыў, уцякаеш! Вось яно як... «несвядомая». Бач ты яго, які свядомы знайшоўся...
   Калі спрэчкі набывалі такі кірунак, Янку не заставалася нічога іншага, як хутчэй знікнуць з бабчыных воч, даць лататы на вуліцу і тым самым палажыць канец успамінам пра трагічныя падзеі з белым пушыстым катом Васькам. Бабчын пястунец вядомы быў на ўвесь двор сваёй прыгажосцю, ды і сам Янка, калі гаварыць шчырую праўду, лічыў яго калісьці самым надзейным сваім прыяцелем і вельмі ганарыўся пушыстымі растапыранымі вусамі Ваські. I з чаго б гэта надумалася бабка, што яе ўнучак хоча пагібелі такога слаўнага ката? I ў думках таго ніколі не было ў Янкі. Як толькі можна падумаць аб гэтым, не толькі што гаварыць да агульнага ведама!
   I ўсё ж такі лепш не сварыцца з бабкай Арынай з-за Ваські: завельмі ўжо далікатнае пытанне, хто і ў чым тут вінаваты. Да таго ж у бабкі ёсць прэтэнзіі да Янкі не за аднаго толькі ката,— пра ката мы раскажам пасля,— яна яшчэ чаго добрага прыгадае ўнуку і той няшчасны парасон. I тыя прасцірадлы — цэлых тры прасцірадлы! Трапілі яны ў рукі да Янкі, і следу ад іх не засталося...
   Даўся ж яму ў знакі той парасон. Здорава такі ўсыпала яму бабка, дасталося на арэхі і ад бацькі, калі вярнуўся ён вечарам з палёту і даведаўся пра надзвычайнае здарэнне.
   — Ну, расказвай, расказвай пра свой палёт! — гаварыў бацька, хаваючы ад Янкі сваю ўсмешку.
   Няхай бы ён распытваў, няхай паўшчуваў бы і пасарамаціў як след,— гэта яшчэ куды б ні шло... Янка ўсё перанёс бы, сцерпіў. А то пытаецца, а сам вось-вось і рассмяецца. А потым як разрагочацца на ўсю кватэру ды так, што і на балконе, і ва ўсім двары, відаць, пачулі. Янку тут хоць ты скрозь зямлю праваліся.
   Сапраўды канфузная гісторыя выйшла з гэтым парасонам. Тады Янка толькі-толькі заняўся парашутнай справай і ўпершыню паспрабаваў свабодна ляцець у паветры.
   Было гэта не болей года таму назад, калі споўнілася Янку восем год. Са сваімі адналеткамі, хлапчукамі нашага двара, наважыўся Янка калі не змайстраваць, дык нагледзець што-небудзь вартае пад уласную парашутную вышку. Кожны дзень хлапчукі збягаліся ўсе разам пад старым клёнам і меркавалі, як бы гэта хутчэй вырашыць справу. Не цярпелася няўрымслівым Янкавым прыяцелям як найхутчэй пабываць у паветранай прасторы. I праектаў было — хоць заваліся. Першы — прыстасаваць пад вышку старую высокую ігрушу. Другі — выкарыстаць ліхтарны слуп пасярод двара. Стаяў ён днём без усякай патрэбы і карысці. Трэці праект — скакаць проста з прыбярэжнай кручы над Дняпром: гэта не зусім побач з домам.
   Але ўсе праекты адхілілі. Скакаць з ігрушы — небяспечна: дрэва разраслося аграмаднае, у галлі завіснеш, заблытаешся.
   А каб ускараскацца на слуп, дык і казаць нечага. Адзін хіба толькі Васька кот мог у адзін мэнт уздзерціся на слуп. Дык у яго ж незвычайны спрыт і такія кіпцюрыстыя лапы. I зноў жа двор быў асфальтаваны — паспрабуй-ка сігануць са слупа на асфальт. З такім прызямленнем і костак сваіх не сабярэш. Ну, а скакаць з прыбярэжнай кручы было і небяспечна, ды і проста страшна, хаця аб гэтым уголас і не гаварылі, бо каму ж ахвота заслужыць мянушку баязліўца.
   Самым зручным стаў новы праект. За дваром быў вялікі сад, і ў ім дажываў свой век не вельмі высокі хляўчук. Для задуманай справы ён падыходзіў: пахілісты дах, унізе надзейная пляцоўка, зарослая травой і прапыленым лапушыннем. Скачы, колькі табе ўздумаецца. Месцечка глухое. Дворнік туды ніколі не заглядваў, ну, а бацькам там нечага рабіць. I ўжо ні ў якім разе не дабрацца туды бабцы Арыне, а гэта бадай што самае важнае, хаця асцерагаўся непажаданых сустрэч з ёй хіба толькі адзін Янка.
   Вядома, хто-небудзь з дарослых з акон пятага паверха і ўгледзіць парашутныя практыкаванні, дык жа наўкола колькі зручных укрыццяў! Упрытык да хлеўчука разросся густы вішняк, перапляліся кусты агрэсту і малінніку, узняліся сцяной кусты смародзіны. Няхай нават хто-небудзь наважыцца разагнаць і развесці па кватэрах адчайных парашутыстаў, то можна загадзя пахавацца, адступіўшы на «закрытый пазіцыі».
   Праўда, адна перашкода яўна ўставала на шляху нашых герояў. Гэта былі зараснікі крапівы. Сізаватымі сцяблінамі крапіва дацягвалася аж пад самую страху хлеўчука. Каварныя жыгучкі таілі ў сабе немалую пагрозу. Ідзі паспрабуй, скокні на крапіву, паглядзіш тады, што з таго выйдзе!..
   Але што значыць нейкая там крапіва для нашых мужных і адважных заваёўцаў паветранай стыхіі! I ўсе яны, не маргнуўшы вокам, прызналі хляўчук самым
выгодным і зручным месцам, нібы спецыяльна створаным для парашутнай вышкі.
   — Вось адсюль мы і будзем скакаць! Паб’ём усе сусветныя ракорды.
   А Грышка-Лісапет (празваны так за сваю здольнасць бегаць хутчэй і спрытней за ўсіх) нават пранозліва заспяваў «Мы рождены, чтоб сказку сделать былью...» I вельмі здзівіўся, калі Янка сярдзіта шыкнуў на яго. А шыкнуў Янка таму, што, аблюбаваўшы такое зручнае месца для скачкоў з неба, яны і забыліся на такую дробязь, якой не хапала ім, як парашут. Паколькі ўжо ісці біць сусветныя ракорды, дык жа не з пустымі рукамі. Трэба ж набыць нешта такое, што мела б хоць некаторае падабенства з патрэбнай рэччу.
   Канапаты Жэнька з семнаццатай кватэры сказаў, што Янка змог бы для грамадскай справы папрасіць на які дзень парашут у свайго бацькі: ён жа толькі адзін-адзіны лётчык і жыве на нашым двары.
   Але Янка ўзнагародзіў канапатага такім знішчальным позіркам, што той асекся на паўслове. Куды яму, невуку, совацца! Але каб не пакрыўдзіць назусім свайго дружаку, Янка перавёў позірк на хляўчук, змераў яго зверху данізу і, нібы зварочваючыся да сваёй парашутнай каманды, працадзіў праз зубы:
   — Па-першае, вышыня не падыдзе: не паспее бацькаў парашут раскрыцца — і ўжо зямля... Па-другое, сапраўдны парашут і не падымеш. Забірацца з ім на дах будзе цяжкавата. Ізноў жа бацька і не дасць яго, відаць, парашут яму і самому патрэбны па яго службе.
   — А ў выхадны? — заікнуўся быў Грышка-Лісапет, але тут жа сам канапаты Жэнька абарваў яго:
   — Ясна, ён яму куды больш патрэбны...
   Суцяшальнага ва ўсім гэтым, як бачым, нічога не было. Уся задума здавалася безнадзейнай, не маючай ніякіх шансаў на поспех. Уся парашутная каманда з надзеяй пазірала на Янку. Раз ты лепш за ўсіх ведаеш авіяцыю, дык і шукай ратунку для справы! Нездарма ж ён аднаго разу лятаў на самым сапраўдным самалёце, ведае ўсё пра братоў Райтаў і пра Мажайскага, бачыў на свае вочы і нават мацаў уласнымі рукамі сапраўдашні парашут! Таму нікога не здзівіла, калі Жэнька запытаўся ў Янкі:
   — Дык што ж рабіць мы будзем?
   — Ладна, падумаю,— адказаў Янка і насупіў бровы. Потым усміхнуўся і гарэзліва паглядзеў на ўсіх.— Нечага насы вешаць, прыдумаем, што рабіць. Будзем мы скакаць з бабчыным парашутам. Толькі аб гэтым ні гу-гу! Пранюхае бабка — мала не будзе...
   Усе ўрачыста пакляліся ні словам, анічым не выдаваць вялікай парашутнай тайны.
   Так над бабчыным парасонам навісла сур’ёзная небяспека. Заставалася толькі выкрасці яго з-пад бабчынай апекі.
   Вы думаеце, што гэта так ужо і проста? Уга, памыляецеся!
   Парасон захоўваўся ў старым камодзе. Ключы ад камода былі ў бабкі Арыны. I ніхто не ведаў, дзе хаваліся яны. Трэба было падгледзець, калі бабка пачне праветрываць сваю маёмасць. Трэба было назіраць за бабкай, не выпускаць яе з поля зроку ні на секунду, а самім не вельмі вытыркацца ёй на вочы. Задача нялёгкая! Аднак Янка тут жа супакоіў сваіх баявых паплечнікаў: бабка Арына ператрэсвала ўсё ў сваім камодзе амаль што кожны тыдзень.
   Высока ўзнялося сонца, на двары нідзе не было прытульнага цянёчку. Кожнаму хаўрусніку хацелася забрацца куды-небудзь у маліннік, расцягнуцца на зямлі і добра падрамаць... Але тады — прапала ўся справа з парашутам! I раптам ад Янкі паступае сакрэтнае паведамленне: «Бабка     адчыняе верхнюю скрынку камода...» У адзін момант дазоры рассылаліся па ўсім двары. «Бабка дастае свае калобы...» Усе насцярожана пазіралі на Янкаў балкон. «Бабка выняла дзядулькіну талстоўку...» На двары было ціха, ціха, толькі за варотамі грукаталі грузавікі, натужна бурчэлі маторамі. «Бабка ўзялася за ручку парасона...» А ўсе ўжо ведалі, што ручка ў яго загнутая, жоўтага колеру. «З сапраўднай слановай косці зроблена...» — пахваляўся Янка.
   Лёс парасона быў ужо незайздросны. Не мінуць яму рук нашых дазорных. Праўда, канапаты Жэнька з семнаццатай кватэры паспрабаваў, пазіраючы з-за клёна, сказаць, што няйначай няладна ўсё выходзіць, папахвае ўся гэта справа звычайным крадзяжом. На яго паглядзелі, як на дзівака. Што ж тут паробіш?! Хіба бабка вось так проста і расстанецца з такой важнецкай штукай? Дзе ўжо ёй, такой несвядомай! Не дасць і ўсё... Тады і сарвецца ўся гэтая важная справа... Вось і даводзіцца, хоць гэта і нядобра, крыху крывіць душой, але чаго толькі не зробіш для такой найважнейшай справы.
   У рэшце рэшт надышоў гэты доўгачаканы час!
   Распахнуліся дзверы на балкон і, бачком-бачком, праціснулася ў дзверы бабка. У руках яе было цэлае бярэмя розных капотаў, камізэлек і рознага іншага адзення. Нават дзядунін капялюш, нібы сланечнік, залаціўся саломай на сонцы. Бабка клапатліва разгортвала і вывешвала кожную рэч, папярэдне разгледзеўшы яе на святло. Стракатым парусам расцягнуўся над балконам халат, на парэнчах развалілася нейкая шуба. Бабка старанна выбівала пыл з розных жакетак і старамодных сукенак. Хутка балкон стаў падобны на борт карабля, расквечаны рознакаляровымі флагамі.
   Хлапчукі затаілі духі, чакалі, пазіралі на балкон, жмурачыся пад слепячымі промнямі сонца. I вось бабка, мільгануўшы сярод груды адзення, зноў выходзіць на балкон і ў руках яе — парасон. Яна не спяшаецца. Яна марудзіць. Уздыхае. Гузік на завязцы не адразу паддаецца яе слабым пальцам, парасон не хоча раскрывацца. I ў цішыні нашага двара чуваць, як бабка штосьці мармыча пад нос, відаць, злуецца на парасон, пакуль той з гучным выхлопам не раскрывав свой цёмны купал. Бабка пастуквае пальцам па туга нацягнутаму шоўку і чуецца гулкае «бум-бум». Парасон займае сваё месца на балконе, а бабка выходзіць у пакой, каб крыху адпачыць на канапцы.
   — Ну, цяпер будзьце ўважлівымі! Каб усім разам, як па камандзе! — хапаючыся гаворыць Янка і крадучыся вяртаецца ў дом.
   Вось яго віхрастая галава паказалася на балконе. Нібы проста так ён азірае двор. Вось ён непрыкметна падвязвае да парасона вяровачку: нельга ж так па-простаму падхапіць яго і бегчы на вуліцу праз кватэру — бабка перахопіць, не абярэшся бяды тады...
   Паціхонечку тупае Янка праз пакоік міма бабкі Арыны, косіць вока на яе, нібы які змоўшчык, а яна, як гаворыцца, і ў вус не дзьме — дрэмле на канапцы, не здагадваючыся аб той пагрозе, якая ўжо ўчапілася вузлом вяровачкі ў ручку яе парасона.
   Янка выходзіць з зацемненага пад’езда на двор, спыняецца пад балконам і махае рукой сваёй парашутнай камандзе. З усякімі перасцярогамі да яго сходзяцца сябрукі і бяруцца за апушчаную з балкона вяровачку. Асцярожна, нібы баючыся што-небудзь праліць, цягнуць вяровачку ўніз. Бабчын парасон, паволі апісаўшы круг, вывальваецца праз парэнчу і ляціць з балкона. Па сцяне дома прабягае яго шэры цень. Парасон, спружынячы і падскокваючы на спіцах, мякка шлёпаецца на зямлю. Каманда падхоплівае яго і стрымгалоў кідаецца ў сад, да хлеўчука, гэта значыць да сваёй парашутнай вышкі.
   Грышка-Лісапет спрабуе на хаду зацягнуць песню лётчыкаў, але на яго шыкаюць, даюць добрага штурханца, і ён змаўкае.
   — Агледзець парашут! — загадвае Янка.
   Каманда прыступае да агляду парасона, прызначанага цяпер служыць, як пішацца пра парашуты ў слоўніках, «прыборам для замаруджвання скорасці падзення цел з вялікай вышыні». Аднак не сказаць, каб яны былі вельмі рады: бабчын парасон, хаця быў і не малы, але ўжо завельмі стары і да таго пагрызены моллю, што зірнеш праз яго на сонца — суцэльнае сіта. Ды багата чаго і залішняга — розныя кутасікі, махры, пампончыкі — хоць адбаўляй! Па краях карункавая абшыўка, ручка з слановай косці, і пасярэдзіне прымацаваны яшчэ нейкі вензель. Спіцы расхісталіся, выпіраюць як рэбры.
   — А ці вытрымае ён напор паветра? — сумняваецца канапаты Жэнька, недаверліва пазіраючы на Янку.
   — А мы вяровачкі прывяжам вось тут і вось тут, будуць надзейныя стропы, як у сапраўднага парашута,— абнадзейвае Янка.
   Прайшло, відаць, з цэлую гадзіну, покуль хлапчукі прыводзілі ў належны выгляд свой парашут: цыравалі самыя буйныя прарэхі, падклейвалі сям-там, прымацоўвалі стропы.
   — Ну, што ж, можна і пачынаць. Каму скакаць першым?
   — Пачакайце, пачакайце! Трэба ж спачатку медыцынскі агляд правесці. А раптам у каго здароўе слабое, ці з сэрцам не ўсё ў парадку.
   Абавязкі доктара ўзяў на сябе Янка. Быў ён мастак на ўсе рукі! Уважліва памацаў пульс у кожнага парашутыста, прыкладваў вуха да грудзей і выслухоўваў сэрца, прыкінуў на вока магчымую вагу кожнага паветраплавальніка. Здаецца, усё было ў поўным парадку. Толькі адзін з кандыдатаў у авіятары не вытрымаў медыцынскага агляду — Грышка-Лісапет. Янка адхіліў яго ад палётаў. Прычына — ростам не выйшаў. Затое яму давяралася не меней адказная справа і нават, паводле слоў Янкі, пачэсная:
   — Будзеш падаваць каманды! Патрэбна будзе — агледзіш парашут, падклеіш. Калі будуць якія непаладкі — дазволу, каб скакаць, не давай!
   На тым і закончылі падрыхтоўку. Падыходзіў час штурмаваць неба.
   Ну, каму ж, як не Янку, першаму кінуцца з даху ў паветраную стыхію! I вось Янка ўжо ўскараскаўся на хляўчук, нацягвае вяровачкі-стропы, узнімае над галавой бабчын парасон. Непаслухмяная няўклюда, патрасаючы непатрэбнай карункавай абшыўкай, парасон так і намагаецца вырвацца з Янкавых рук. А Янка аж засопся ад хвалявання, непрыкметна выцірае локцем пот з твару,— і вось ужо стаіць пад белымі воблакамі на самым ускрайчыку даху. Зірнуў на лапухі, на маліннік, усміхнуўся разгублена, але тут жа надаў сабе храбрага выгляду. Што ні кажы, а давядзецца больш трох метраў ляцець у паветры, даверыўшы сваё жыццё старэнькаму бабчыну парасону. Усё можа здарыцца,— чаго добрага, і падвядзе Янку гэты «прыбор для замаруджвання скорасці падзення цела з вышыні...» Тут жа не якое-небудзь цела, а сам Янка!
   Ды толькі не да твару адважнаму авіятару ўсякія сумненні і хістанні! Янка, Янка! На цябе ж глядзіць цяпер увесь наш двор!
   Высока ўзнімае Янка заціснутую ў кулак ручку парасона. Ручка чамусьці стала вельмі склізкай, відаць, адмакрэла ад поту. Янка робіць крок да самага краю даха, падгінае трохі каленцы, гатовы вось-вось адштурхнуцца...
   I тут адбылася зусім непрадбачаная аварыя. Адхілены ад скачкоў Грышка-Лісапет раптам успомніў пра свае адказныя і пачэсныя абавязкі.
   — Стой, стой! Не было яшчэ маёй каманды! — ускрыкнуў ён так пранозліва, што аж здрыганулася ўся парашутная каманда. Нават паставы міліцыянер, які стаяў дзесьці паблізу за плотам на вуліцы, выхапіў быў свісток, каб узняць трывогу. Але крык не паўтарыўся і міліцыянер, страсянуўшы свісток, сунуў яго ў кішэню. Затое для Янкі крык Грышкі-Лісапета меў, скажам проста, трагічныя вынікі. Ці то з перапугу, ці то неспадзявана сасклізнуў з дошкі, укрытай зеленаватым імхом, і ў той жа міг усе нашы парашутысты ўбачылі, як Янка стрымгалоў кульнуўся з даху і, зачапіўшыся штанамі за іржавы цвік, павіс над зямлёй. Пабялеўшымі пальцамі ён учапіўся за ручку парасона, які таксама чамусьці зачапіўся за дах і не праяўляў аніякай гатоўнасці рушыць дадолу разам з нашым парашутыстам.
   Уся каманда ўскрыкнула, аж раты разявіла ў страху і здзіўленні перад такой нечаканай падзеяй. А Грышка-Лісапет кінуўся як дуж дадому, перабіраючы так хутка нагамі, нібы ён круціў веласіпедныя колы з бліскучымі спіцамі.
   I не паспела каманда як след ачухацца, як пачуліся трывожныя гукі. Ніхто ўжо не сумняваўся — то здавалі пазіцыі Янкавы штаны. Яны падазрона патрэсквалі, яўна распаўзаючыся па ўсіх швах. Гэта надало адважным паветраплавальнікам яшчэ болей страху.
   — Штаны! Янка, ратуй штаны! — закрычалі ўрэшце ўсе разам, разумеючы прытым, што дапамагчы храбрэйшаму з храбрых яны ўжо нічым не змогуць.
   Ды дзе ўжо тут было ратаваць штаны: не прайшло якой і хвіліны, як цэлая штаніна засталася боўтацца на цвіку, а Янка зрынуўся долу, зрабіўшы самы сапраўдны свабодны скачок.
   Аж прыжмурыліся, пазакрывалі вочы далонькамі мужныя парашутысты, каб не бачыць трагічнага завяршэння такога незвычайнага палёту. Але неяк асмеліліся і зноў зірнулі на белы свет. Убачылі яны нешта зусім незразумелае. Найбольш храбры з усіх храбрых, ледзь дакрануўшыся зямлі, раптам сігануў ізноў уверх, ды так высока, што здавалася, вось-вось ён апынецца ізноў на хлеўчуку. Але гэта толькі здавалася. Янка проста-напроста выскачыў з крапівы. У правай руцэ ў яго жаўцела ручка ад парасона, які яшчэ віхляўся ў вышыні, засіліўшыся за цвік. А левай рукой адважны парашутыст трымаўся за тое месца, дзе паводле ўсіх правіл і звычаяў належала быць штанам.
   — Ну, як? Жывы? — кінуліся да яго паветраплавальнікі, непакоячыся за лёс першага з іх каманды, які толькі што перажыў усё хараство і прывабнасць свабоднага палёту ў паветры.
   — Пячэць, і як яшчэ пячэць, хоць ты ў халодную ваду сядай,— шчыра прызнаўся наш авіятар, які прызямліўся не ў тым раёне, што быў намечаны.
   — А што пячэць? — збянтэжана пытаўся Жэнька.
   — Што, што... Не бачыш хіба? Гэтакая крапівішча, паспрабаваў бы вось сам...
   I жаласна моршчыўся твар у Янкі — вось-вось пасыпяцца слёзы, калі рука яго мімавольна пачэсвала мясціны, найбольш пацярпеўшыя праз гэтую праклятую крапіву-жыгучку.
   — Нічога не скажаш, вясёлая забава — без штаноў у крапіву сігануць! — спрабаваў жартаваць Янка, але ніякага жарту не атрымоўвалася, ніхто з хлапчукоў нават не ўсміхнуўся на Янкавы словы. Не да смеху тут, яшчэ ўкрыўдзіш свайго таварыша.
   Так трагічна завяршылася першая спроба нашага Янкі пабываць з парашутам у паветранай стыхіі. Ды і сам парашут — «прыбор для замаруджвання скорасці падзення цел у паветры» — меў самы жалкі выгляд. У маўклівым замяшанні хлапчукі знімалі з даху тое, што засталося ад бабчына парашута, і няшчасныя рэшткі Янкавых штаноў. Пасля залезлі ў кусты малінніку і парэчак і амаль што ўвесь дзень — да самага вечара — цыравалі, клеілі, лапілі, намагаючыся замаскаваць хоць бы трохі сляды аварыі на парасоне і на Янкавым адзенні.
   Але дзе ты ўсё замаскуеш?
   Грышка-Лісапет па сваёй несвядомасці нарабіў такога гармідару на двары, так мітусіўся і балбатаў, што... наводзячы жах на слухачоў, ён расказваў аб тым, як сігануў Янка «з пад самых воблакаў на зямлю» і засталіся ад яго пасля гэтага толькі штаны, ды і тыя парваныя на мэтлухі. I ўвесь наш двор кінуўся на пошукі адважных парашутыстаў, гукаючы іх, угаварваючы і нават пагражаючы. У рэшце рэшт хлапчукі пакінулі сваё сховішча ў малінніку, і ўсе ўбачылі іх жывымі, здаровымі, калі не лічыць пухіры ад крапівы. Але ж справа не ў гэтым: так ашукаліся яны, канфуз на ўвесь свет! Недарэчная гісторыя выйшла і з парашутнай вышкай і з асваеннем паветранай стыхіі...
   Цяпер вы ведаеце, з чаго пачынаў сваю лётную кар’еру Янка з нашага двара. Дасталося яму, вядома, перш за ўсё ад бабкі, не пакінуў таксама без свае ўвагі бацька.
   — Ты чуў, сынок, як скакаць. Але трэба ж ведаць і як прызямляцца. Ну хто ж, скажы, калі ласка, на крапіву скача? Ды яшчэ не ў поўнай форме...
   Далася ў знакі гэтая форма. Ды і якая там форма, калі ад тых штаноў і звання не засталося. Што ж тут адкажаш бацьку? Нічога. Правы ён, як заўсёды: думай наперад, куды прызямляцца будзеш!
   Зтое з бабкай Арынай Янка кінуўся быў у спрэчкі. Тая ўсё вохкала ды ахала і слязінкі змахвала:
   — Такі ж рэдкасны парасон, нідзе такога не знойдзеш. I на табе! Яшчэ пры цары Аляксандры быў куплены. Матэрыял адмысловы, не тое, што цяпер. I ручка — з слановай косці. I абшыўка з такіх слаўных карункаў...
   Не стрымаўся Янка, адказаў панура:
   — Які там матэрыял — сіта дыравае... I наогул, хіба пры царах было што-небудзь добрае. Зусім несвядомая вы ў нас, бабулька. Вось як вы, калі цара ўспомнілі, дык і слёзы ў вас...
   Як тут адказаць бабцы на такія словы? I нічога яна не сказала, толькі горка ўздыхнула: што ж, можа ёй Янкавы штаны даражэй за ўсякіх там цароў. Уздыхнула яшчэ раз, парасон успомніла, бо не таму дораг ён ёй, што пры цары быў куплены, а таму, што напамінае ён маладыя яе гады, а хто ж вораг сваёй маладосці, хто не беражэ памяці ўспамінаў аб ёй...
   — Вось пражывеш, Янка, столькі, колькі я, тады спахопішся і маладосць сваю прыгадаеш!
   Зразумеў Янка, што крыху перахапіў ён у спрэчцы з бабкай, і адразу пайшоў на прымірэнне, прабачэння ў яе папрасіў. Сапраўды, хіба яна так ужо і сярдуе на яго, як гэта можа здацца. Вось яна і пабурчыць часам, нібы такая ўжо злосная, разгневаная, і палае Янку, а потым раптам пакладзе яму на талерку самыя румяныя, самыя пышныя аладкі, ды смятаны яшчэ дасць, ды вішнёвага варэння.
   — Еш, унучак, гадуйся!
   А калі прастудзіцца часам Янка, хто ж тады па цэлых днях і начах праседжвае ля яго ложка, хто адзяяла яму паправіць, ухутае пацяплей? Гэта ж яна ўсё робіць, бабка Арына. Мамку Янка не памятае зусім, памерла яна даўно. Вось і жыве ён з бабулькай і з таткам. Што ж з таго, калі яна часам і пабурчыць на яго!
   Адным словам, гісторыя з тым злашчасным парашутным скачком завяршылася агульным добрым Miрам. Вы што, не верыце? А хіба дарма ў той жа вечар бабка частавала Янку вішнёвым варэннем і той аж аблізваў сталовую лыжку!
   — Еш, ласунчук, ды беражы адзенне! Хіба лёгка мне, падумай ты сам, з маімі старымі вачамі арудаваць іголкай.
   I доўга, доўга панаваў бы мір у іх кватэры і ва ўсім доме, калі б не гэты бабчын улюбёнец, кот Васька. Трэба ж было яму трапіць у рукі паветраплавальнікаў. Мала хіба яму па гарышчах лазіць, вераб’ёў ганяць,— дык не! — пацягнула і ката ў паветраную стыхію. Праўда, калі гаварыць шчырую праўду, сам Васька ніколечкі не вінаваты ў сваіх лётніцкіх практыкаваннях: гэта справа Янкавых рук, Янкава задума.
   Адбылося ж усё вось як.
   Пасля вымушанага прызямлення Янкі ў крапіву нашы парашутысты задумаліся не на жарты: дзе ж гэта бачана, дзе гэта чута, каб адважныя авіятары скакалі з-пад воблакаў на нейкіх там бабчыных парасонах і праз іх цярпелі аварыі! Парасон ён заўсёды парасонам і застаецца, адна ў яго служба — у дажджлівае надвор’е людзей укрываць! Не, трэба нешта новае выдумляць, нельга ж адступаць, іначай нечага і марыць аб штурме сусветных авіяцыйных рэкордаў і аб палётах у касмічных прасторах. Але ж у такіх важных справах не абыдзешся і без добрых ведаў,— выходзіць, трэба вывучаць тэорыю.
   I ўся наша кампанія ўзялася за тэорыю, не забываючыся, зразумела, і на практыку. Узялася з такім спрытам, з такім захапленнем, што часам на нашым двары ўзнімаўся такі гам і гармідар, якому аж здзіўляліся прахожыя на вуліцы і пыталіся ў паставога міліцыянера:
   — А скажыце, калі ласка, ці не вар’яцкі дом размясціўся за гэтым плотам?
   Міліцыянер, казырнуўшы, спакойна адказваў:
   — Што вы, грамадзяне! На тэрыторыі майго квартала ніякіх вар’ятаў няма. Калі і заўважваецца некаторае парушэнне цішыні, дык прычынай тут усяго-на-ўсяго тэорыя парашутнай справы. А тэорыя наогул, як і парашутызм, заслугоўваюць толькі пахвалы і падтрымкі...
   Вось і здагадвайся тут, дабярыся толку, што за тэорыя такая і ў чым тут справа.
   А тэорыя ды практыка ўжо дзейнічалі ваўсю. Кожны дзень, нават пасля заходу сонца з усіх балконаў нашага дома ляцелі парашуты. З паперы, з насавых хусцінак, з рушнікоў, нават з рэштак старых спадніц,— што толькі не ўжывалася на карысць парашутнай справы. I кожнага дня то тут, то там раздаваліся па кватэрах устрывожаныя галасы:
   — А божухна, а дзе ж падзелася цётчына выхадная кофта?
   На гэта больш спрактыкаваныя жыхары адказвалі парадай:
   — Покуль не позна, шукайце парашутную каманду. Не іначай, як у іхныя рукі трапіла кофта вашай цётухны.
   Дзе ты знойдзеш тую рэч, калі трапіла яна куды ў паветраную стыхію. I дарэмна якая-небудзь цётухна, пазнаўшы ў чарговым парашуце жалкія рэшткі сваёй кофты, голасна знеслаўляла зацятых авіятараў:
   — Што ж вы нарабілі, дайце рады! Адкуль жа я цяпер вазьму такую кофту, такую слаўную кофтачку... I дзесяці год не прайшло, як пашыла, а што ж ад яе засталося!
   Злоўленыя на месцы злачынства адважныя парашутысты спрабавалі абараняцца:
   — Вы ж самі кажаце, што ёй ужо дзесяць год. Гэта ж не жартачкі! За дзесяць год ад любой рэчы мала чаго застанецца...
   А часам парашутысты-тэарэтыкі здзіўлялі жыльцоў нашага двара мудронымі словамі:
   — Трэба, ведаеце, і з амартызацыяй лічыцца. I наогул кофта гэта не па нашаму профілю. Гэта, няйначай, Грышка-Лісапет узяў, а яму сурова забаронена чапаць такога роду адзенне... А па-трэцяе, усё роўна з парашута вы кофты ўжо не пашыеце... Ды і ўсім жа вядома: з кофты парашут адразу ж можна... А наадварот, каб з парашута кофта, дык дзе гэта відана, дзе гэта чута? З парашута ды кофту... ого!
   Хіба дагаворышся з такімі знаўцамі парашутнай справы!
   Тут у самы разгар тэарэтычных дыскусій і адбыліся падзеі, удзельнікам якіх давялося стаць кату Ваську. Неяк аднаго разу прылегла бабка Арына на канапку, і ў кватэру адзін за адным прашмыгнулі ўсе адважныя паветраплавальнікі. I пачалі тут вакол ката завіхацца, падлабуньвадца да яго. Сталі такімі ціхімі, такімі ветлівымі, і ўсё клічуць да сябе Ваську: кіс-кіс... кіс-кіс... Васька, які пабачыў на сваім вяку багата чаго, нават разгубіўся крыху, не ведаючы, што ж яму рабіць: ці не зварочваць увагі на такіх пачцівых прышэльцаў, ці пайсці ім насустрач?
   Паколькі Васька быў катом наўздзіў санлівым ды, акрамя таго, і не вельмі давяраў гэтым падшывальцам са двара, наважыўся ён быць зусім абыякавым да ўсіх іх заклікаў. Быццам і не бачыць і не чуе іх. Ляжыць сабе, як байбак, і мурлыча пад нос, соладка жмурачы зялёныя вочы. А каб адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, запоўз у самы куток пад канапку і толькі пушысты хвост выставіў напаказ, паказваючы тым поўную знявагу над адчайнымі авіятарамі.
   А на канапцы ж не хто іншы, а сама бабка Арына! Не палезеш за Васькам пад канапку: прачнецца бабка — і тады пішы прапала! Ды яшчэ, чаго добрага, і бабчынага кухталя заробіш...
   Тады авіятары змянілі тактыку.
   — Бяжыце да Грышкі-Лісапета! — аддаў каманду Янка, не зводзячы насцярожанага вока з бабкі.— I вазьміце ў яго мышалоўку...
   Хвіліна, другая і каманда як на крыллях прыляцела назад. Мышалоўка тут як тут. А ў ёй мітусілася шэранькая мышка. Назад, наперад, назад, наперад — бегала, нібы чула бяду сваю.
   Паставілі мышалоўку да самай канапкі і пачалі зноў запрашаць ганарыстага Ваську, угаворваць яго:
   — Кіс-кіс... кіс-кіс...
   Нехаця раскрыў кот сваё круглае вока, цікаўнасць пачала адольваць яго: з чаго б гэта падшывальцам непакоіць яго? Расплюшчыў вока — насцеражыўся. I другое вока раскрыў. Уставіўся ў мышалоўку, а там шэрая мышка. Самая сапраўдная жывая мышка! Куды падзелася Васькава вытрымка і паважнасць! Ды і што гаварыць: які ж паважаючы сябе кот сцерпіць, калі побач з табой мітусіцца шэрая мышка?
   Навастрыў вушы Васька, выгнуў сліну і птахам узвіўся, вылецеўшы з-пад канапкі. Пушысты хвост у кго вырабляе такія піруэты, нібы той прапелер у самалёта. Пахаджвае Васька вакол мышалоўкі, уваходы і выхады вывучае, намагаецца цапнуць здабычу. Выпусціць вострыя кіпцюры і схавае, выпусціць і схавае, а сам аблізваецца, вусы тапырыць.
   Толькі таго і чакала наша слаўная кампанія. Падхапілі хлапчукі мышалоўку, да дзвярэй перанеслі. Васька ні на крон не адстае.
   Бокам, бокам — і адзін за адным выслізнулі хлапчукі з кватэры на лесвіцу. Гурмай панесліся наверх. I Васька за імі. Праз тры ступенькі пераскоквае, спяшаецца.
   З паверха на паверх — пад самы дах забраліся нашы авіятары. Толькі на шостым паверсе перавялі духі. А Васька і азірнуцца не паспеў, як быў схоплены спрытнымі рукамі, звязаны моцна-моцна і сунуты галавой у старую шапку-лапавушку. Задыхаецца кот у прапахлай нафталінам шапцы, а голасу яго і не пачуць. I так жа прыкра адчувае сябе Васька: гэта ж трэба такую прамашку даць! I адчувае ён, як зацягваюць у яго вакол жывата тугія ніткі, завязваюць у некалькі вузлоў нейкія шнуркі.
   — Няйначай давядзецца мне хапіць гора,— думае Васька,— прыйшла мая пагібель, быць мне велікамучанікам, якіх так часта ўспамінае ў сваіх малітвах бабка Арына.
   I поўны жалю па самім сабе Васька. Шкадуе ён і сваю заступніцу — вось схамянецца бабка Арына, а ад яе ўлюбёнца і следу няма. Няма яго, і не ўбачыць ён болей цёплага сонейка з падаконніка, і не ўляжацца ён на звычным месцы, адкуль праглядваецца ўвесь двор, і не распушыць ён усім на заглядзенне свой белы хвост, і не паганяе болей забіяк-вераб’ёў, ні разу не фыркне на быстракрылых ластавак...
   Глуха чхаючы ў душнай лапавушцы, думаў свае горкія думы Васька: «А колькі мышэй яшчэ не пералоўлена! А колькі смятаны не пералізана! А каму ж гэта цяпер усё дастанецца?..»
   I каб умеў ён плакаць, заліў бы кот горкімі слязамі і шапку-лапавушку, і пыску сваю, і вусы... Але ж не з плаксівага ён роду-племені! Таму і трымаўся героем: і слязінкі не пусціў, хаця і рыхтаваўся да ўсяго горшага, што магло яго чакаць.
   А хлапчукі засопшыся ўсё нешта ладзілі, майстравалі. Вось, відаць, і завяршылі падрыхтоўку — над шапкай раздаліся мітуслівыя галасы:
   — Гатова! У самы раз цяпер! Вытрымае! А бабка Арына! Ды спіць яна — нічога не заўважа! Спускаем першы парашут, а там чарга за Васькам... Ды праверце, ці не задужа зацягнулі жывот яму, а то яшчэ, чаго добрага, заварот кішок здарыцца. Не здарыцца! Пачалі!
   Скінулі з Ваські шапку, вынеслі на балкон, цераз парэнчы перакінулі і давай суцяшаць на дарогу:
   — Будзь разумнікам, мурлыка! Памятай — дысцыпліна — залог поспеху! Шчаслівага прызямлення, Васенька!
   I якіх толькі не нацярпеўся страхаў слаўны бабчын кот! Ніколі і ў думках у яго не было, што выпадзе такое на яго долю, што так жорстка парушыцца яго слаўнае ціхамірнае жыццё! Нікому і ніколі не даведацца, якія пакуты адольвалі Васькава сэрца!
   А бабка Арына тым часам прачнулася. I пакуль хлапчукі падрыхтоўвалі яе ўлюбёнца да незвычайнага вандравання, закіпяціла сабе чай, наліла ў любімую чашку і выйшла на балкон пачаёўнічаць на чыстым паветры. Ужо вельмі падабалася ёй пацягваць духмяны чаёк з варэннем. Але ў гэты дзень варэння ў яе не было, а была ў бабкі Арыны талерка свежых лясных суніц. Пахучыя ягады стаялі перад ёй на століку, на балконе, і самі так і прасіліся ў рот. Выцягне бабка Арына губы, падзьме на сподак, кіне за шчаку ягаду і малюсенькі дробачак цукру і нават вочы прыжмурыць ад вялікага задаволення. Радзімка на маршчыністай шыі бабкі Арыны так і падскоквае.
   Аж у пот кідае бабку Арыну, а яна знай сабе падлівае ў сподак ды пацягвае чай. I захацелася ёй лепей неба разгледзець, якое надвор’е можна чакаць назаўтра,— і аслупянела бабка ў той жа міг. З блакітнага неба спускалася самая звычайная шэрая мышка. Хвосцікам і сяк і так круціць, лапкамі перабірае,— важыцца на балкон трапіць. А над мышкай плаўна раскачваецца невялічкі парашут. Вось надзьмула яго ветрам і панесла разам з мышкай проста на балкон, на столік з бабчынымі суніцамі.
   Бабка Арына, калі казаць па сакрэту, вельмі пабойвалася шэрых мышэй і ўжо рот раскрыла, каб крыкнуць: «Ратуйце, людзі добрыя!», як раптам новае цуда прымусіла яе перажагнацца па старой звычцы. На большым парашуце спускаўся з неба кот Васька.
   I так жаласна мяўкаў, што бабка ледзь-ледзь сама не заплакала. Усякі страх у яе знік перад такой прыкрай звярушкай, як шэрая мышка. А тая злаўчылася ды і выслізнулася з шнуркоў і нітак: суніцы рассыпаліся па сталу, парашуцік завіс на парэнчыне, а мышка ў імгненне вока шмыгнула ў першую, што трапілася, шчыліну.
   Паволі апускаўся ў паветры кот Васька. Гледзячы на бабку Арыну круглымі ад жаху вачамі, важна праплыў міма балкона. Яшчэ нема прамяўкаў раз — і далей, усё ніжэй. Не можа вачэй адарваць ад свайго ўлюбёнца бабка Арына, учапілася рукамі за парэнчу балкона і з усіх сіл намагаецца падказаць, нараіць кату, што ж яму трэба рабіць:
   — Каток мой родны, лявей бяры, лявей! А то зачэпішся за правады... А цяпер правей, Вася, правей...
А там, на вышыні шостага паверха, затаілі духі майстры парашутнага спорту. Ніяк жа не чакалі яны, што прачнецца бабка Арына ў самы разгар палётаў, што ўздумае чай распіваць на балконе і ўбачыць свайго ўлюбёнца падвешаным на парашутныя стропы. Аднак непрадбачанае адбылося.
— Вось вам і тэорыя парашутнай справы! — бурчэў канапаты Жэнька.— Вось вам і практыка! Дастанецца на арэхі, запомнім на ўсё жыццё! Хавацца трэба, покуль не позна...
   Глядзі, які здагадлівы Жэнька! Што хавацца трэба, аб гэтым усе адразу падумалі. I Янка — першы.
   А кот ледзь крануўся лапамі зямлі — як кінецца з усіх чатырох, каб не трапіць ізноў на палёты, ды як махне проста на сцяну. Ніхто не мог бы і сказаць, якім цудам па вадасцёчнай трубе ўзляцеў Васька на выратоўчы бабчын балкон. I праз якую хвіліну ён ужо ляжаў на каленах бабкі Арыны і ўзрадавана мурлыкаў нешта, адчуваючы, як клапатлівыя пальцы разблытваюць ніткі і развязваюць розныя вузлы на яго жываце.
   А гэтыя самыя ніткі-шнуркі і петлі-вузлы нагадалі бабцы Арыне віноўнікаў усёй гісторыі з мышшу і катом. Расправіла яна купал васькавага парашута і адразу ўсё зразумела.
   — А я ж з ног збілася, увесь дзень шукаючы свой фартух! Увесь дом перарыла — няма! I зусім навёханькі яшчэ... Ну, ладна, Янка-Яначка, пачакай, даведаешся ты ў мяне, як з бабчыных фартухоў парашуты для катоў майстраваць, ох, даведаешся!
   Была б небяспечнай гэтая пагроза, калі б Янка трапіў пад гарачую бабчыну руку. Ды не дарма ж ведаў ён, што такое тактыка. Між іншым, можа і не тактыка, а проста звычайная асцярога атрымаць добрага кухталя падказала Янку, што лепш покуль што перачакаць, покуль крыху астыне бабчын гнеў. Да позняга вечара прасядзеў ён з хлапчукамі за хлеўчуком, потым хаваўся ў ім. У пад’ездзе пратырчэў колькі часу. Насоўвалася ноч. Куды ж тут падзецца? Высунуўся Янка, бачыць — святло на кухні, бабка Арына з чайнікам да пліты ідзе. Пайду, вырашыў, можа і абыдзецца як-небудзь. I заявіўся наш герой перад ясныя вочы бабкі Арыны. Нібы нічога і не было, пытаецца:
   — А вы чай, бабулька, ставіце?
   Ведаў, што ад чаю бабка Арына заўсёды рабілася ласкавейшай. Памаўчала трохі бабка ды ў наступ пайшла:
   — Іш ты, хітрунец, пра чай пытается... А я вось запытаюся цябе, дзе мой фартух? Фартушок мой, пытаюся, куды падзеў? Да садзіся ты за стол, покуль чай не прастыў. А вернецца бацька з камандзіроўкі, усё яму будзе даложана, так і ведай.
   Адхлябнуў Янка чаю, адкусіў хлеба з маслам ды паціхеньку давай угаворваць бабку Арыну: нічога ж такога асаблівага і не здарылася, каты вун з даху нават падаюць, і ім хоць бы што, а Васька ж з парашутам скакаў, тут ужо ніякай рызыкі... I наогул не абыдзешся тут без тэорыі...
   — Ты мне зубы не загаварвай. Еш лепей, ды спаць! Вось прыедзе бацька з Гомеля, ён табе такую тэорыю прапіша — ніколі не забудзеш. Бач ты яго, тэорыя яму патрэбна, дык ён за мой фартушок, за Ваську, і шукай ветру ў полі...
   Спрачацца з бабкай Арынай не выпадала. Паспрабуй, давядзі ёй, старэнькай, што без тэорыі ў наш час не пражывеш, не толькі што не паляціш!

 

* * *

   Стаялі празрыстай сінявы дні ранняй восені. Неба было чыстае, светлае,— хоць нырай ды купайся ў яго бяздонных глыбінях. Плылі ў паветры доўгія і роўныя як струны павучынкі над лесам, над лугам, над полем. I сонца залаціла іх.
   Набліжаўся час школьнай вучобы. I каб не траціць час попусту, пачала наша парашутная каманда бегаць на аэрадром. А ён блізёханька, адразу за гарадской акраінай, у полі. I Днепр — проста за аэрадромам.
   Гул стаіць у небе, віхрыцца пыл на зямлі,— лётны дзень у разгары. I варта табе задраць галаву і ўбачыць самалёт, пабліскваючы пад праменнямі сонца, як ты ўжо і вачэй не адвядзеш. Будзеш сіліцца ўбачыць лётчыка ў кабіне і махаць яму рукамі. А самалёт узнімаецца ўсё вышэй і вышэй, ляціць усё далей і далей...
   Самымі святочнымі днямі для хлапчукоў з нашага двара былі дні парашутных скачкоў. Заміраў у горле ў іх крык захаплення, калі прыкмячалі яны, як на недасягальнай вышыні саскокваў з крыла чалавечак, як падаў укіз і потым раптам успыхваў над ім купал парашута. I ён, раскачваючыся, паволі набліжаўся да зямлі, станавіўся ўсё большым і большым...
   Калі вецер адносіў парашутыста ў адкрытае поле, хлапчукі гурмай кідаліся туды і, засопшыся ад беганіны, дапамагалі гасіць купал, разблытваць стропы, расшпільваць рамяні. А потым, высунуўшы ад празмернай стараннасці языкі, укладваць парашут у спецыяльны чахол. I складзены так парашут у чахле быў падобны да вялікага ранца. Бадай што няма нічога пачэсней, як дапамагаць парашутысту несці ранец цераз усё поле.
   Неадступнай гурмай праследвалі хлапчукі людзей, якія толькі-толькі спусціліся з паднябесных вышынь на зямлю, распытвалі:
   — А ці страшна, дзядзенька, з самалёта скакаць? А вы зацяжныя скачкі таксама робіце? А да колькі вы лічыце, покуль кальцо не ірванеце? А ці холадна ў небе?
   I стараюцца нашы юныя авіятары ісці нага ў нагу з сапраўдным парашутыстам. I нясуць яго ранец да самага аэрадрома.
   Калі ж палётаў не было, хлапчукі з нашага двара майстравалі паветраных змеяў і запускалі іх пад самыя воблакі. Якіх толькі канструкцый змеі не траплялі ў неба! З газет і з пергаментнай паперы, з трашчоткамі і з званочкамі ўзнімаецца змей у вышыню і голас падае: лячу, маўляў, штурмую воблакі і нябёсы. Дабраліся нашы канструктары і да самых складаных сістэм, знадобілася для паветраных змеяў тканіна — і пайшла ў хаду старая бялізна. Ужо як ні намагаліся нашы аэранаўты не крыўдзіць бабку Арыну, але і яна трох прасцірадлаў не далічылася.
   I вось нарэшце быў збудаваны змей — усім змеям змей! Два дні падрад у дрывяным хлеўчуку ўпотай стругалі лучыну, адмервалі, прыкідвалі, а потым склейвалі. А склеілі, самі здзівіліся — да таго велічным здаўся паветраны карабель, што аднаму яго і не падняць тым часам.
   У пагожы ветраны дзянёк хлапчукі з нашага двара, сабраўшы ў доме ўсе ніткі, шпагат, усе шнуры, на якіх развешвалася бялізна, урачыста прайшлі ў поле са сваім нябачаным лятальным апаратам. Не так лёгка было запусціць яго: вялікі паветраны змей не адразу адарваўся ад зямлі.
   Але затое як плаўна ўзняўся ён у вышыню, як спакойна набліжаўся да белых воблакаў, і колькі было радасці на зялёным полі! Змей быў падобны на вялікую шафу. I трэба было пільна сачыць, каб трос з нітак не абарваўся.
   Аднаму было проста немагчыма ўтрымаць змей. I калі парывы ветру ўзмацнелі, трос прывязалі за спецыяльны якар — дручок, убіты ў зямлю.
   Змей то спускаўся нізка-нізка, то плаўна лунаў у вышыні,— і толькі кепкі і цюбецейкі падалі з галоў нашых авіятараў, не выпускаўшых свой карабель з поля зроку. Нацягнены трос гудзеў, як струна. Хвост змея развяваўся ў паветры, як флаг. Трашчотка, трапна прымайстраваная на барту карабля, суха патрэсквала, распужваючы пралятаўшых непадалёк варон і галак.
   У вялікім захапленні сачыла за палётам наша каманда. I ў кожнага былі свае думкі. I ўсе яны былі аднолькавымі.
   — Эх, каб мне ўзляцець так высока! — не вытрымаў і ўскрыкнуў Грышка-Лісапет.
   — Дык у чым жа справа? Хоць зараз! — адгукнуўся Янка.— Прывяжам цябе мацней і ляці сабе хоць на месяц!
   — Ну-ну! — ці то спужаўся, ці то здзівіўся Грышка.— Калі б з парашутам, тады паспрабаваў бы, а так — не буду.
   — А мы цябе з парашутам выправім!
   I пачалася тут такая сур’ёзная гутарка пра палёт Грышкі-Лісапета на паветраным змеі, што сам Грышка палічыў за лепшае адысціся ўбок, здагадаўшыся, якая небяспека падсцерагае яго.
   — Гэй ты! Што — збаяўся? — крыкнуў яму канапаты Жэнька.
   — Так ужо і «збаяўся»! — храбрыўся Грышка.— Дайце мне сапраўдашні парашут, тады ўбачыце... Хоць сэрца ў мяне слабае. Мама казала — ад крыку, я ў маленстве крычаў моцна... Ды і ростам, самі гаворыце, я покуль што не вельмі выйшаў...
   — Ага! Збаяўся!
   Усім было ясна, што з палёту Грышкі-Лісапета нічога не атрымаецца. I не відаць было асаблівай ахвоты з яго боку. Праўда, Грышка-Лісапет добры бягун, але ж гэта на зямлі. Пад воблакамі дужа не разбегаешся! Ды яшчэ змей адарвецца, што тады застанецца ад Грышкі, нават падумаць страшна.
   I тут з’явілася адна захапляючая ідэя. Падаў яе не хто іншы, як сам Грышка-Лісапет, якому не хацелася заставацца западозраным у баязлівасці. I ён прапанаваў заместа сябе кандыдатуру на палёт у паветраныя прасторы.
   — Кату Ваську трэба злятаць. Hi таткі ў яго, ні мамкі. Ніхто лаяцца не стане, калі што і здарыцца. I вопыт у яго ёсць: скакаў Васька з парашутам. I ўдала ўсё абышлося...
   Апошні довад усіх пераканаў. I Янку таксама. Бо i сапраўды: кот Васька поўнасцю вытрымаў выпрабаванне, саскочыў з парашутам з шостага паверха нашага дома.
   Праз паўгадзіны кот быў выкрадзены і дастаўлены ў поле. Вопыт падказваў Ваську, што нічога добрага ў гэтай кампаніі для яго не прадбачыцца. I седзячы ў цеснай лавушцы-клетцы, кот жаласна мяўкаў. А клетку як наймацней прывязалі да троса, праверылі, ці вытрымае трос, і неўзабаве Васька ўжо раскачваўся паміж небам і зямлёй, косячы вокам на зыркае сонца, якое насоўвалася на яго ўсё бліжэй і бліжэй. Зірнуў кот уніз — закружылася ў яго галава: ледзь разгледзіш з такой вышыні нашых слаўных авіятараў.
   Пад Васькам ляталі розныя вёрткія птушкі, прахлопалі крыллем вароны. Іх чорная стая нават круг зрабіла, разглядваючы ката ў клетцы і каркаючы пры гэтым так аглушальна, што ў Ваські аж вушы залажыла. А гэтыя вароны ці то зларадасна пасмейваліся над Васькам, ці то пагражалі яму. Настырная варона з нахабнымі вачамі наважылася было крылом ударыць па клетцы. Кот пагрозна высунуў лапу, але ўспомніў тут, што ён цяпер не на даху, а высока ў небе, і адчуў ён сябе да слёз пакрыўджаным. Замяўкаў Васька на ўсе лады: была тут і злосць, і крыўда, і вялікае шкадаванне самога сябе. Ды ўсё попусту. Ніхто ж Ваську не чуў на такой страшэннай вышыні.
   А паветраны змей узнімаўся вышэй. Наляталі воблакі, і здавалася Ваську, што клетка сама сабой трымаецца ў паветры. Прылёг ён на падлогу клеткі і вочы прыжмурыў, каб нічога гэтага не бачыць,— ляжыць, дыхнуць як след баіцца.
   I адбылася тут неспадзяваная катастрофа. Ці то хлапчукі неасцярожна тарганулі за трос, ці то моцны вецер ірвануў, але толькі ў руках нашых аэранаўтаў застаўся абрывак шпагата, а змей адразу сігануў яшчэ вышэй, потым закружыўся на адным месцы, раскачваючыся з боку на бок разам з мяўкаючай пад воблакамі клеткай. Змей яўна рыхтаваўся да прызямлення. I гэта з-пад самых воблакаў! Разам з адважным паветраплавальнікам Васькам... з улюбёнцам бабкі Арыны...
   Аслупянелі хлапчукі з нашага двара. Уперылі вочы долу, у зямлю, каб не быць сведкамі трагічнай Васькавай гібелі.
   Новы парыў ветру падхапіў паветраны змей і панёс яго ўсё далей і далей. I калі яму суджана было ўпасці, то цяпер ён мог зваліцца проста ў Дняпро.
   — Разаб’ецца Васька,— уздыхнуў Грышка-Лісапет,— а не разаб’ецца, дык патоне...
   I ніхто не адгукнуўся на голас Грышкі-Лісапета, усе праводзілі тужлівым позіркам трагічны палёт паветранага карабля.
   Па сонечнай роўнядзі дняпроўскіх вод здалёк плыў параход. Бадай што не відна было яго самога, толькі калматы чорны дым цягнуўся ўздоўж па рацэ. I вось там раптам прамільгнуў белай кропкай паветраны змей і знік у параходным дыме — так далёка занясло лятальны апарат.
   Паніклі вясёлыя галовы ў хлапчукоў, паплялася наша каманда дахаты. А наперадзе ўсіх паімчаў, як лісапет, Грышка. Нібы ўтрапёпы, бяжыць і крычыць:
   — Кот Васька загінуў! Прапаў Васька!
   На двары акружылі ўсе Грышку-Лісапета, давай распытваць, што здарылася з улюбёнцам бабкі Арыны. А Грышку прыемна, што ён у цэнтры ўвагі ўсяго двара, самым першым аб усім расказвае.
   — Паляцеў бабульчын кот у сіняе неба, узняўся ён пад самыя воблакі, а парашута ў яго не было, і ўпаў ён на зямлю і разбіўся на мэтлухі. Калі шукаць, дык знойдуцца хіба толькі пушысты хвост ды белыя лапкі...
   Пачула бабка Арына пра пушысты хвост ды пра белыя Васькавы лапкі, кліча да сябе Грышку-Лісапета:
   — А ну, хлопчык мой, падыдзі да мяне бліжэй ды раскажы падрабязней пра хвост ды пра лапкі...
   Зірнуў на яе Грышка-Лісапет, змікіціў, што дабра яму не пабачыць, і даў лататы.
   А бабка Арына ўсё зразумела, як толькі дайшло да яе вуха слова «парашут». I толькі Янка пераступіў парог хаты, як яно і пачалося! Не гаварыла бабка, а рыдала горкімі слязьмі.
   — Які няшчасны лес спасцігнуў майго Ваську! Прыгажун, разумнік, ласкавы — і на табе: заганяюць яго на неба, а адтуль ён падае і разбіваецца... Вася, саколік мой!..
   — Калі б ён саколікам быў, то паляцеў бы — і ўсё! — не вытрымаў Янка, уставіў сваё слоўца ў бабчыну прамову. А ў самаго слёзы на вачах. I дадаў ён масла ў агонь — яшчэ болей расхадзілася бабка, успыхнула, узгарэлася. Адкуль у яе і словы браліся!
   — Ён яшчэ агрызаецца! Ён яшчэ насмешкі робіць! Загубіў Ваську, кат ты гэтакі, і хоць бы хны табе! Пачакай, дай час — адкажаш ты за ўсе свае злачынствы...
   Маўчыць Янка, думае, як бы знікнуць яму з бабчыных вачэй, ды не толькі бабчыных. Суседкі сабраліся, спачуванні свае выказваюць, суцяшаюць бабку Арыну.
   Але больш за усё парашутную каманду бэсцяць на ўсе лады:
   — Да чаго дайшло! Прасцірадла не вывесіш! Адлучышся на хвілінку — і няма прасцірадла, на парашуты парэзана! А кофта цёткі Моці! А парусінавыя штаны дворніка! Ну і лётчыкі завяліся ў нас!
   А бабка Арына ніяк не можа забыцца пра Ваську, слёзы змахвае ды прыгаварвае:
   — Я ж яго пеставала, расціла... Ад такесенькага сляпога несмыслёныша да такога вось пушыстага ката-прыгажуна! I разумнік Вася: пастаў смятану на стале — і вус не замочыць! Паслухмяны, нераўня гэтым вісусам! Паверце мне, вось цэлы стакан смятаны стаяў на падаконніку цэлы дзень, дык нават і не дакрануўся...
   I раптам за дзвярыма чуецца ціхае-ціхае:
   — Мя-ў... М-мя-ў... Мя-ў...
   Каб гром прагрымеў з яснага неба, менш бы здзівіліся жыхары нашага двара, чым гэтаму нясмеламу і жаласнаму мяўканню. Я ўжо не кажу пра бабку Арыну. Тая аж аслупянела ад такой нечаканасці, стаяла з шырока разведзенымі рукамі і недаверліва ківала галавой: ці не здалося гэта ёй?.. Вушы маглі падвесці старую, але вочы — вочы ж бачаць проста перад сабой белага ўлюбёнца Ваську. Праціснуўся ён у прыадчыненыя дзверы і, накульгваючы на пярэднюю лапу, важна ішоў па падлозе, ды пушысты хвост у такой хадзе паважна вырабляў свае выкрунтасы: боўць-боўць... боўць-боўць... Наблізіўся Васька да падаконніка — скачок — і ўзяўся за смятану.
   А вакол стаяла ўрачыстая цішыня. Толькі і чуваць было, як хлебча Васька смятану.
   Калі казаць праўду, дык другім бы разам атрымаў бы Васька ад бабкі па загрыўку за такое свавольства са смятанай, але ў такі дзень бабка не знайшла нічога лепшага, як сказаць сваім суседкам:
   — Бачыце! Хіба ж я не казала вам? Разумнік ён у мяне. I прагаладаўся, бедненькі... Еш, еш уволю... Але адкуль жа ты ўзяўся, мой коцік?
   Бабка Арына глядзела на Ваську і выцірала вочы. Янка нічога не разумеў. Апошнім разам ён бачыў ката ў адважным палёце пад самымі воблакамі, недзе там над Дняпром. А Грышка-Лісапет, які не сцерпіў і праціснуўся ў кватэру дружбака, каб паглядзець, чым усё гэта скончыцца, пляснуў у далоні, крыкнуў:
   — Дык гэта ж Васька!
   Выхлебтаў кот стакан смятаны, аблізаў свае гордыя вусы і, як бы нічога і не было, стаў лашчыцца да бабчыных ног. Мурлыкае, усім задаволены, а на Янку нават не глядзіць.
   Тут увайшоў Янкаў бацька. З чамаданчыкам. Злёгку стомлены.
   — Што за мітынг у вас? — весела запытаўся ён з парога.— Хіба якую важную пастанову прымаеце?
   — Ды вось наш Вася вярнуўся,— ледзь-ледзь не праслязілася бабка Арына.
   — А! Васька! Васька ў нас малайчына, лётную справу поўнасцю асвоіў! — і расказаў Янкаў татка, як сустрэў ён ката, як апусціўся той на палубу парахода жывым і здаровым.
   Ніякавата адчуваў сябе Янка, слухаючы гэты расказ. Аж пачырванеў быў. Але радаваўся за Ваську. Зразумеў ён, якім чынам было выратавана жыццё бабчына ўлюбёнца. Простая справа: паветраны змей, пазбавіўшыся кіравання з зямлі, ператварыўся на своеасаблівы парашут, на якім і спланіраваў Васька з клеткай. I калі хлапчукі гатовы былі горка аплакваць загінуўшага ў бурных і глыбокіх водах Дняпра лётчыка-мурлыку, ён спакойна знізіўся і прызямліўся на палубу пасажырскага парахода. Праўда, сёй-той на параходзе быў напужаны: уяўляеце сабе — пасярод Дняпра проста з неба падае нешта такое, што мяўкае так, хоць ты вушы закладвай. А капітан парахода дык нават аж абурыўся:
   — Нічога сабе парадачкі! А калі кожны пасажыр вось пачне так скакаць на параход проста з неба!
   Паколькі Янкаў татка быў у лётніцкай форме, яму ўступілі дарогу да нечаканага пасажыра, і ўсе пачулі тут узрадаванае «мя-я-ў, мяў!» Адкрыў Янкаў татка клетку і выпусціў ката на палубу.
   — Янкавых рук работка! — здагадаўся ён адразу.— Трэба нешта рабіць, а то, чаго добрага, яны і бабку Арыну ў неба запусцяць! Хіба гурток які арганізаваць ці што...
   З тым і вярнуўся ён з камандзіроўкі. А кот Васька апярэдзіў яго, з усіх ног кінуўся дамоў, да бабкі Арыны.
   Параіўся Янкаў татка з камсамольцамі, і вырашана было арганізаваць пры аэрадроме дзіцячую станцыю па вывучэнню авіяцыйнай справы.
   I хутка нашы авіятары сталі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх спаборніцтваў па мадэлізму. Мадэлі самалётаў усіх відаў і сістэм, зробленыя Янкам і яго баявымі таварышамі, былі самымі надзейнымі, самымі быстрымі узнімаліся вышэй ад усіх і ляталі далей усіх. I парашутную справу асвойвалі, вывучалі хлапчукі нашага двара.
   I двор уздыхнуў з палёгкай. Прасцірадлы і іншая бялізна спакойна сушыліся пасля мыцця, ім не пагражала болей паветраная стыхія. Стыхія стала цяпер арганізаванай.
   Апісаныя намі падзеі сталі для Янкі ўсяго толькі самымі прыемнымі ўспамінамі. Выраслі хлапчукі. Пайшоў Янку семнаццаты год, і можа ён лічыць сябе сапраўдным парашутыстам. Не з якім-небудзь там бабчыным парасонам, а з самым сапраўдным парашутам скакаў ён з самага сапраўднага самалёта.
   Праўда, першы скачок быў не зусім удалым. I мог ён завяршыцца трагічна для нашага Янкі. А справа адбылася так. Усё часцей бываў Янка на аэрадроме. I ўжо не адзін раз лятаў на самалётах. I ніколечкі не баяўся, нават на самых крутых віражах. I галава не кружылася нінасколечкі.
   Куды болей цікавіла Янку іншае — вабіла яго парашутная справа. Цэлымі гадзінамі мог ён прастойваць на лётным полі і сачыць за тым, як усаджваюцца ў самалёты атрады парашутыстаў, як набіраюць самалёты вышыню, як распахваюцца ў іх дзверы і люкі, і адтуль адзін за адным выскакваюць адважныя людзі. I раптам гірлянды парашутаў як казачныя кветкі павісаюць у блакітных прасторах неба. I раскачваюцца парашуты і плаўна апускаюцца да зямлі. Глядзіць на іх Янка, і соладка замірае ў яго сэрца, і хочацца пець яму песню. А потым ён бяжыць туды, дзе прызямляюцца парашутысты, і дапамагае ім складваць лёгкі і празрысты шоўк купалаў.
   Ёсць на аэрадроме асобны ангар, у якім не стаяць самалёты. Тут размешчаны склад і ўкладачная, дзе рыхтуюцца парашуты да скачкоў, правяраюцца, укладваюцца пад строгім кантролем інструктараў. Як выхадны дзень, так сюды і спяшаецца Янка. Ён ужо дасканала ведае парашут. Завяжыце вочы Янку, дайце купал са стропамі, і ён укладзе парашут так, што самы строгі інструктар не зможа прыдрацца.
   Укладка парашутаў укладкай і застаецца. На гэтым Янка не мог спыніцца. Не прапусціў ніводных заняткаў па тэорыі. I ведаў, як трэба весці сябе ў паветры пры любой прыгодзе ў часе скачка, як робяцца скачкі з «мёртвай пятлі», з «штопара» і другіх фігур вышэйшага пілатажу. I часта парашутысты ў адказ на чыё-небудзь пытанне раілі звярнуцца да Янкі, і Янка грунтоўна інструктаваў навічка. Аднак жарты ў бок — Янка і сапраўды стаў дасканальным знаўцам парашутнай справы. I аднаго толькі не хапала яму — самастойнага скачка з парашутам з борта самалёта. I як ні прасіў, як ні ўгаворваў начальніка парашутнай школы дазволіць яму скочыць, нічога не атрымоўвалася. Заўсёды паўтараўся адзін і той жа адказ:
   — Не дарос ты яшчэ, пацярпі з годзік, а там і скачы, колькі тваёй душы заўгодна...
   — Я ж ужо сотню парашутаў уклаў, а тыя, хто скачуць, і па дзесятку не ўклалі.
   — Яны дарослыя. Вось укладзеш паўтысячы парашутаў, тады і скачы! — не то жартам, не то ўсур’ёз гаварыў начальнік.
   Вось з таго дня і страціў Янка спакой: трэба было яму ўкласці роўна пяцьсот парашутаў. Цэлы год стараўся Янка, заносячы кожны ўкладзены парашут у сваю запісную кніжку і дакладваючы амаль штодня свайму бацьку:
   — Сягоння, татка, на пятую сотню пераваліла! Бацька пасмейваўся над Янкавай прыхільнасцю да парашутаў, але не забываў задаваць і сур’ёзныя пытанні, правяраючы Янкавы веды. Янка адказваў дакладна і ўпэўнена.
   I вось наступіў доўгачаканы дзень, калі быў укладзены апошні дзесятак з тых запаветных парашутаў. I з’явілася ў Янкавай запісной кніжцы выведзеная чырвоным алоўкам лічба «500».
   — Ужо цяпер я абавязкова буду скакаць! — сказаў Янка і паімчаў да начальніка школы, а таму і нязручна адмяняць сваё абяцанне.
   — Добра... Спачатку будзеш прыгаць з вышкі...
   I доўга яшчэ давялося чакаць дазволу на самастойны скачок. Скакаў Янка і з вышкі, пабыў на спецыяльных падрыхтоўчых аблётах на самалётах, і толькі потым, параіўшыся з Янкавым бацькам, качальнік школы сказаў:
   — Ну што ж з табой рабіць! Цяпер, браток, можна і табе скочыць. Заўтра лётная пагода, прызначаю дзень першага твайго скачка. Лажыся спаць сягоння раней, каб раніцай перад скачком адчуваць сябе здаровым і бадзёрым!
   Ці трэба казаць, што Янка ў той дзень быў самым шчаслівым чалавекам на свеце. Нават спаць ён лёг без усякіх угавораў, і бабцы Арыне давялося толькі рукамі развесці:
   — Ці не здарылася што з табой, унучак? Ці не захварэў ты часам?
   I не ўтрымаўся тут Янка, не мог жа ён не пахваліцца:
   — Дык я ж заўтра скачу з самалёта! На парашуце! Затрымцелі рукі ў бабкі Арыны, упала на падлогу талерка з вішнямі, рассыпаліся ягады па ўсяму пакою. Апусцілася бабка на край ложка.
   — Ці ў сваім ты розуме, Янка? Можа з галавой у цябе не ўсё ў парадку, захварэў можа? Гэта ж табе не Ваську пад воблакі запускаць... Васька і лапку пярэднюю вун крыху падбіў, цяпер сам хочаш носам у зямлю нырца даць? Ты мяне не пужай, калі ласка! Кепскія гэта жарты...
   — А я не жартую, бабка! Палячу, як ластаўка...
   — Ты ў мяне так паляціш, што і сваіх не даведаешся!
   Не на жарты ўсхадзілася бабка Арына, так расхвалявалася, што і месца себе не знойдзе, нават на свайго ўлюбёнца Ваську пакрыквае і ад сябе праганяе. Бурчыць пад нос, пахаджвае, чакае, калі Янкаў бацька са службы прыйдзе. А калі той сказаў, што Янка сапраўды будзе заўтра скакаць не з якога-небудзь там хлеўчука, а з самага сапраўднага самалёта, у хаце ўзнялася цэлая бура.
   — Я вам палятаю! Я вам паскачу! Няхай Янка яшчэ без пуця, без разума, дык жа ты дарослы чалавек...
   — Янку семнаццаць год ужо хутка, ён не маленькі...
   — Не маленькі...— перадражніла бабка.— Вось паспрабуйце толькі, дык усе самалёты вам паламаю...
   — А мы новыя пабудуем! — абазваўся са смехам Янка з-пад коўдры.
   — Ты доўга яшчэ будзеш здзеквацца нада мной?! — успыхнула бабка і рашуча падалася да Янкавага ложка. Той хітра прыжмурыў вочы і зрабіў выгляд, нібы спіць багатырскім сном.
   А раніцай, калі бацька з Янкам сталі сабірацца на аэрадром, бабка Арына кінулася ў рашучую атаку на абодвух:
   Не забывай,— гэта яна да сына,— што Янка сын твой недарослы, а не лётчык з тваёй эскадрыллі... А мне ён унук родны — вось хто!
   I такога вэрхалу нарабіла, што давялося на некалькі дзён адкласці Янкаў палёт. Давялося агітаваць бабку Арыну, расказваць ёй пра сучасную авіяцыю, пра надзейную тэхніку. Янкаў бацька сказаў, што ў нашы дні скочыць з парашутам — гэта ўсё роўна, што ёй, бабцы Арыне, выпіць чашку чаю з любімым варэннем.
   — Любімае варэнне — і любімы ўнук! Ды хіба можна так гаварыць? — сумна пакачала галавой бабка Арына.— Ён жа яшчэ зусім маладзенькі...
   — Яшчэ маладзейшыя за яго і тыя, маці, скачуць...— азваўся Янкаў бацька.
   — Пагавары яшчэ... Што ты, што Янка — аднолькавы розум... Хапае ветру ў галовах... у абодвух...
   Усё ж відаць было, што бабка Арына здавала пазіцыі. I вось аднойчы раніцай бацька з Янкам, нібы нічога і не было, выйшлі з дому. Каб лішне не гнявіць бабку, пайшлі нібы не на аэрадром, а на прагулянку. Але бабка ўжо не вельмі і хвалявалася. Прывыкла. Зірнула ў акно на абодвух, падумала:
   — Іш ты іх, хітрунчыкі! — і занялася сваімі хатнімі справамі.
   Была свежая раніца. На пласкасцях самалётаў серабрылася раса. I калі пачыналі раўці маторы, раса спаўзала поцекамі, скатвалася з фюзеляжаў і крылляў. А прапелеры зіхацелі на сонцы золатам. А трава пад самалётамі, здавалася, выплесквала зялёныя хвалі наўздагонку за ветрам. I самалёты выглядалі трапяткімі казачнымі птахамі, якія вось-вось успырхнуць, узнімуцца ў неба, аж пад самае сонца.
   Сярод самалётаў быў і вучэбны, на якім меўся ляцець Янка. Людзі, якія раней жартавалі над Янкам, цяпер былі сур’ёзныя і дакладна давалі апошнія інструкцыі. Падагналі па росту падвесныя рамяні парашута, праверылі кожную засцёжку.
   — Цяпер можна садзіцца ў самалёт!
   Падаўся Янка да машыны, адчувае, цяжка стала перасоўвацца: парашуты на спіне і на грудзях хіляць да зямлі. У самалёт яго падсадзілі, нырнуў ён у паўзмрок, сеў. Прышпілілі рамяні. Лягчэй сядзець з парашутам!, чым хадзіць. Вось і ўздыхнуў Янка з палёгкай. Тут бацька дацягнуўся да Янкі, пацалаваў на развітанне і руку паціснуў, як даросламу таварышу:
   — Глядзі ж, сыне, не падкачай!
   Каманда: «Наўзлёт!»
   — Ад вінта-а!
   Раздаліся звычайныя каманды. Дзесьці наперадзе мільгануў флажок. Матор узравеў на поўную сілу. Прыкмеціў Янка, што ў бацькі з рук нават газету вырвала. I вось ужо пабеглі ад самалёта ангары, прамільгнулі дамы, вось ужо дзесьці ўнізе тырчаць фабрычныя трубы, бліснула істужка Дняпра, мост над ім. Дамы здаваліся запалкавымі карабкамі. Па роўнай, як струна, дарозе поўз пасажырскі поезд, і да таго ён быў маленькім, да таго смешным, так забаўна выпускаў белыя клубы дыму, што здавалася, нібы яго можна пакрыць далонькай і поезд спыніў бы свой бег. З вышыні ўсё на зямлі выглядала малюпасенькім, не кажучы ўжо аб людзях,— тыя проста як мурашкі.
   I хоць не ў навіну ўсё гэта Янку, хоць не першы раз азіраў ён зямныя прасторы з вышыні птушынага палёту, але ў сённяшні дзень і ён бачыў усё гэта неяк па-новаму. Магчыма таму, што ўсёй істотай сваёй адчуваў ён тую хвіліну, калі ператворыцца ў вольную птаху і будзе ляцець, ляцець над усім гэтым светам: над лясамі, над чорнымі палямі, над срабрыстай істужкай ракі. Рака пятляе, кружыць. Вунь відны і луг, куды заўсёды скачуць парашутысты. I людзі на лузе зусім малюпасенькія, як булаўкі.
   Янка паглядзеў уперад. Там ішоў вялікі самалёт. З яго адзін за адным скакалі людзі ў шлемах, з цяжкімі ранцамі за спіной і на грудзях. I тут жа, проста пад Янкам, з гэтых ранцаў выцягваліся белыя палотнішчы, напаўняліся паветрам, рабіліся круглымі, напятымі, і на іх плаўна спускаліся аж да самай зямлі парашутысты. Некаторыя з іх, заўважыўшы Янкаў самалёт, ветліва махалі рукамі: маўляў, прывітанне табе, наш новы таварыш! Янка зайздросціць ім: яны ж ужо ў паветры і парашуты ў іх раскрыліся, а яму ж яшчэ трэба пакідаць борт самалёта.
   Зірнуў Янка ўніз на зямлю, і, кажучы праўду, стала яму страшнавата. Ды раздумваць некалі. Вось лётчык узняў руку ў скураной пальчатцы, а гэта — каманда падрыхтавацца да скачка. I хоць пабеглі ў Янкі мурашкі па спіне, ён прыўзнімаецца з месца, усміхаецца лётчыку: маўляў, усё ў мяне ў парадку, гатовы я. Самалёт збаўляе газ, чуваць, як свішча вецер у крыллях.
   Ставіць Янка адну нагу на сядзенне, другую перакідвае за борт. Шалёны вецер ірве адзенне, ранец, хоча схапіць Янку ў свае абдымкі і панесці ў бяскрайнія прасторы паветранага акіяна. Ды моцна трымаецца Янка рукамі за борт. Потым бярэцца за стойку крыла, пераступае на яго і, ледзь трымаючыся пад напорам ветру, весела ўсміхаецца лётчыку. Усміхаецца і лётчык, і гэта вельмі патрэбна Янку, бо робіць яго больш бадзёрым і смелым.
   I зноў узнята рука ў скураной пальчатцы. Апошняя каманда:
   — Пайшоў!
   Правай рукой Янка ўзяўся за чырвонае кольца ад выцяжнога шнура парашута. У гэтым кольцы цяпер усё жыццё Янкава, сонечная цяплынь, зялёная зямля і ўсё на зямлі: бацька, бабка Арына, найлепшыя дружбакі-таварышы... Нават Ваську-ката прыгадаў. Усе яны там, унізе. А рука твая на кольцы парашута...
   Яшчэ якаясьці доля секунды, імгненне, і кідаецца Янка ўніз, як сонечнымі раніцамі ныраў ён у дняпроўскія хвалі. Секунда, другая,— ды хто іх там палічыць! — і адчуў Янка ўсім целам моцны штуршок. Аж балюча стала пад пахамі. I галаву моцна тузянула ўверх. Аж вочы прыжмурыў ад страху. А калі зірнуў, агледзеўся, ледзь не страціў прытомнасць. Не відаць было выратоўчага купала парашута над галавой. Палотнішча пераблыталася са стропамі, а яны, відаць, зачапіліся за стабілізатар самалёта. Янка ўбачыў знаёмы твар лётчыка. Лётчык быў бледны, разгублена азіраўся ва ўсе бакі, нешта рабіў там на сваім сядзенні, то прымушаючы машыну рабіць несусветныя піруэты, то запавольваючы скорасць самалёта, то разганяючы яго на ўсю моц матора. Але нічога не дапамагала. Стропы не адрываліся ад самалёта. Янку кідала з боку ўбок, халодны вецер бязлітасна біў у твар. Янка напружваў усё цела, як бы сабіраючы ўсе свае сілы, каб распачаць паядынак са змрочнай пеляной чорнага туману, якая пагражала паглынуць яго.
   А ў вышыні так ярка праменілась сонца. А пад табой такая прывабная зялёная і цёплая зямля. Колькі добрых людзей на ёй, колькі слаўных таварышаў... Янка думаў ужо распусціць запасны парашут — можа яго моцны рывок дапаможа аддзяліцца ад самалёта... А калі не зможа, а калі і ён зачэпіцца таксама, як і першы парашут... Не, лепш пачакаць яшчэ, покуль самалёт яшчэ мае бензін, покуль ляціць ён...
   Унізе, на аэрадроме, заўважылі няладнае, забегалі, захваляваліся людзі. Заўважыў няладнае і Янкаў бацька. Адразу сказаў начальніку парашутнай школы:
   — Сын мой у бяду трапіў...
   Ускінуў начальнік бінокль да вачэй, зразумеў усё адразу, паімчаў да самалёта, які стаяў гатовы да палёту. Мінута, другая і начальнік быў ужо ў паветры. Яго не змог дагнаць Янкаў бацька, які і сам намерваўся паляцець, каб чым-небудзь дапамагчы сыну. Ён стаяў цяпер, цяжка засопшыся і назіраючы за двума самалётамі.
   I не ўбачыў Янка, а адчуў усёй сваёй істотай, што недзе паблізу другі самалёт. Азірнуўся Янка — так яно і ёсць. Ляціць наўздагон другі самалёт. Вось ляціць ён побач. Відаць нават твар лётчыка — ды гэта ж начальнік парашутнай школы за штурвалам машыны. Робіць ён нейкія знакі, падае каманду лётчыку Янкавага самалёта. Пачалі машыны збаўляць хаду, глушэй раўлі маторы. Самалёты ішлі ледзь не ўпрытык адзін да аднаго. Зусім блізка твар начальніка парашутнай школы. Усміхаецца Янку, падбадзёрвае яго. Злажыў рукі рупарам, крычыць нешта, але дзе ты ўчуеш за посвістам ветру. Адмоўна ківае галавой Янка — не чую, не разумею... I раптам начальнік пачаў вырабляць нешта рукамі, нібы паказваў нейкую невялічкую рэч.
   Прыгледзеўся Янка, і ўвесь сум яго як ветрам змяло. Ён аж пляснуў усёй пяцярнёй па лобе сябе — маўляў, зразумеў я ўсё... I тут жа асцярожна выняў з кішэні ножык-складанчык, з якім ніколі не разлучаўся, паказаў яго начальніку. Той аж запляскаў у далоні і адваліў сваю машыну ўбок, каб не перашкаджаць тым, хто перажываў бяду. А Янка, трымаючы моцна правай рукой свой ножык як самую найдаражэйшую цяпер каштоўнасць у сваім жыцці, левай рукой перабіраў стропы і пераразаў тыя, якія былі туга напяты.
   Хутка на аэрадроме заўважылі, як Янка адарваўся ад самалёта і над яго галавой распусціўся купал парашута, а праз колькі секунд распусціўся і другі.
   Што было на аэрадроме пасля прызямлення Янкі з парашутам — апісаць цяжка.
   — Ну, брат, ты ж проста герой! — такім словам прывітаў Янку чырвонаармеец, які дапамог яму вызваліцца з парашутных рамянёў.
   Вядома, ніякім героем Янка не лічыў сябе, але адчуваў цяпер самым шчаслівам чалавекам на зямлі. Як-ніяк, зрабіў першы самастойны скачок з парашутам. I ўсе страхі засталіся дзесьці там, далёка, высока... А сэрца стучала ад радасці, ад таго, што давялося Янку перажыць такую казачную, здзіўляючую і, прызнацца, крыху страшэнную прыгоду.
   А тут яшчэ сустрэча з бацькам!
   Ніколі раней не бачыў Янка слёз у свайго бацькі.
   А тут — на табе! Лётчык — і плача... Дзе гэта бачылі! Скажы каму-небудзь, дык засмяюць цябе, скажуць, што лётчыкаў са слязьмі не бывае на свеце...
   А Янкаў бацька моцна-моцна прыціскаў да сябе сына, шурпатай далонню гладзіў непакорныя віхры хлопца і цяжка дыхаў: відаць, спяшаўся вельмі, калі бег. I ўсё гаварыў бацька:
   — Сынок ты мой дарагі! Ну, з добрым цябе прызямленнем!..
   I ўсе прыціхлі навокал, і ў шмат каго неяк асабліва блішчэлі вочы. «Вось дзівакі-людзі, няйначай таксама плакалі»,— падумаў Янка, крыху разгубіўшыся ад такой усеагульнай увагі. I тут адчуў, як нехта падхапіў яго пад пахі і падкінуў высока-высока. Гэта быў начальнік парашутнай школы. Потым ён моцна паціснуў руку Янку і зусім ужо ўрачыста сказаў:
   — Малайчына! Скочыў ты вельмі добра, толькі вось паспяшаўся крыху таргануць за кольца, ну і зачапіўся... Але чаму ж ты стропы не перарэзаў, у цябе ж і ножык, з якім ты ніколі не расстаешся...
   — Разгубіўся я крыху спачатку, думаў, што і так як-небудзь адарвуся... Пра ножык тады і забыўся...
   Сказаў і нават пачырванеў Янка — гэта ж так абмішуліцца.
   — Ну, нічога... Цяпер ты ўсё ж ткі герой!
   I пайшлі Янка з бацькам, плячо да пляча, хаця сын быў яшчэ на якую галаву ніжэй ростам. Ішлі праз усё лётнае поле. I махалі ім лётчыкі і тэхнікі рукамі, вiталі. Размаўлялі бацька з сынам, як роўны з роўным. Як-ніяк, далучыўся ў гэты дзень Янка да бацькоўскай суровай авіяцыйнай справы. Гаварылі і пра знаходлівасць начальніка парашутнай школы.
   — Наш настаўнік парашутыстаў ніколі не разгубіцца...— сказаў Янкаў бацька.— З любой сітуацыі знойдзе выхад. Каб не выручыў цябе ножык, начальнік параіў бы табе распусціць запасны парашут, той адарваў бы цябе ад самалёта...
   — Я так і думаў рабіць у крайнім выпадку...
   — Ну, хопіць аб гэтым. Добра ўсё, што дабром канчаецца... Мы вось і дома!
   Ледзь пераступілі парог кватэры, як з’явілася перад імі бабка Арына ў самым ваяўнічым настроі. I прыціхлі нашы авіятары.
   — Ну? — гнеўна запыталася яна, уважліва аглядаючы ўсю постаць Янкі.
   — Усё ў парадку, бабулька! Як бачыш — жывы, здаровы!
   — Жывы, здаровы! — перадражніла Янку бабка.— А мне тут, думаеце, соладка за вас сэрцам хварэць? Ды кожную мінутку думаць-гадаць, а ці не здарылася там чаго такога... ах, божа мой...
   Бабка аж вока выцерла, змахнула слязу.
   — Усё добра, бабка! Мы ж гаварылі...
   — Яны мне га-ва-ры-лі...— бурчыць бабка пад нос і ставіць чайнік на пліту.— Яны ў мяне ра-а-зумныя...
   Калі бабка Арына засыпала ў чайнік новую заварку, стала ясна, што хутка ў хаце ўсталюецца мір і ўсе пачнуць піць чай з бабчыным варэннем.
   А Янка ўсё рымсціўся расказаць бабцы аб сваіх сённяшніх прыгодах і як ён з бяды выбавіўся. Ужо і рот быў раскрыў, але бацька так зірнуў на яго, што замоўк Янка на паўслове. Памаўчаў з хвіліну, ды сказаў пра іншае:
   — А вы ў нас слаўная бабулька!
   — Ну, ну, не падлабуньвайся асабліва... Бяры вось варэнне...
   Так вось і стаў наш Янка самым сапраўдным парашутыстам. Ды і ўсе хлапчукі з нашага двара ад канапатага Жэнькі і да Грышкі-Лісапета даўно сталі старшакласнікамі і прымалі самы актыўны ўдзел у розных секцыях авіяклуба. Таксама рабіліся сапраўднымі парашутыстамі, матарыстамі і лётчыкамі.
   А пачыналася ўсё...
   Ды вы ж і самі ведаеце, з чаго гэта ўсё пачыналася!

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам

Міхась ЛынькоўМаньчжур. Аналіз апавядання

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Васількі