Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Міхась Лынькоў - У вагоне

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Уздоўж вагонаў ляцяць светлякі.
   То паравозныя іскры паласуюць шэры змрок, сцелюцца з дымам па прыдарожных лагчынах, па слізкаму іржэўніку асенніх палёў, над алешнікамі, над лазнякамі. Гультаявата паўзуць тэлеграфныя слупы, паволі ўздымаецца і апускаецца дрот — гэта ўбачыш усё з акна.
   Вагон старанна выстуквае на стыках сваю аднастайную песню ды грыміць, грукаціць на ўсе свае буфяры і кручча. Жоўтае полымя свечкі палыхае па змрочных сценах, і таму ў вагоне, у звычайным вагоне «Максіма» неяк цёмна і надзвычайна прытульна. Праўда, тут і жорсткія лавы, і нічым не прыглушаны грукат калёс, але прытульнасць не ў гэтым, яна ў нечым другім... Вунь стары дзядок, прымайстраваўшы пад голаў палатаную кайстру, лёг, пазяхнуў салодка і, ні да каго асабліва не зварочваючыся, бубніць паціху пад нос:
   — А я, даражэнькія, у горад еду да сына...
   — Куды? — пытае нехта з верхняе лавы.
   — У горад, кажу, да сына. Таму не бачыў даўно... праведаць вось трэба, як жыве, як што, ды ці мала чаго.
   — Гэта ты, стары, правільна, бо чалавека да чалавека цягне і як яшчэ цягне.
   — Чаму не! Ці ж не родны ён сын мне? Бач, адбіўся ад хаты даўно, ну, а мне старому і нудна.
   — Вядома, яшчэ як...— і нечы голас з верхняе лавы пачынае расказваць нешта нуднае, нешта цягучае. Стары дзед пазяхае ўсё болей і болей, дрэмле і, урэшце, спіць, прымайстраваўшыся шчыльна да сваёй кайстры. А з верхняе лавы ўсё чутна:
   — Чаму не... I як яшчэ чалавека да чалавека цягне, няма ніякай магчымасці стрымацца, сцерпець, каб не ўбачыцца. Вось я з жонкай месяц не бачыўся...
   — А годзе вам лапці плесці: цягне ды цягне... I дзе б цягнула там. Расстаўся на месяц з жонкай, дык яму замарудзіла... Не, мой сокал, не ў месяцы справа, пажыў бы ты з маё — тады б і сказаў.
   То ўмешваецца ў гутарку селянін гадоў пад сорак. Звычайнае аблічча, выцвілыя вочы, шырокія плоскія пальцы, якія так добра трымаюць ці цэп, ці касільна ў руках. На ілбу глыбокія маршчакі, нахмураныя пасмы брывей і з-пад іх мяккі, поўны цяплыні і душэўнасці погляд. Страціўшая колер жакетка і такія ж порткі гавораць аб тым, што чалавек пабачыў у жыцці і акрамя сваіх лапцей, якія сарамліва выглядаюць з-пад портак і нібы выбачэння просяць за сваё суседства з імі. Усё ж такі з фабрычнай тканіны порткі, а лапаць што,— звычайны лапаць, наскі, сялянскі.
   Побач с селянінам хлопчык гадоў трох. У яго распухшае вока, ён трэ яго запэцканым кулачком, трэ і часта плача.
   — Ціха, сынок, вось хутка прыедам у горад, пойдам да доктара, ён табе цукерку дасць і не будзе вочка балець...
   — Хочу да мамы!
   — Што мама? Прыедзем з гораду, пабачыш і маму.
   — Да мамы хочу...
   — Ну, годзі, сядзі ціханька, а то дзядзі сварыцца будуць...
   Хлопчык не плача, касурыцца здаровым вокам на ўсіх, схіляе галаву, пільна ўглядаецца на кончык свайго жоўтага новенькага лапціка і цярэбіць рукой бацькаў гузік.
   — Што з хлопцам?
   — Прастуда, відаць. Бач, гуляў на вуліцы ды пакупаўся з дзяцьмі ў канаўцы, мусіць, і застудзіў вока. I пайшло яно пухнуць, што дзень, то болей...
   — Чаму ж не даглядалі за дзіцянём?
   — Дзе там дагледзіш, калі працы хоць адбаўляй, а тут жонка яшчэ хворая.
   — Хворая?
   — Так, хворая. Сухоты — дактары кажуць.
   — Чаму ж не лечыш?
   — Як не лечыш... Лечым і як яшчэ лечым, ды нешта карысці мала, не ачуняе.
   — Мо і дагляду няма?
   — Чаму няма? Яшчэ які дагляд, ні табе працы я кой, ні табе што... Ну, вядома, жыццё наша звычайнае, ці ж хочацца без працы сядзець, без яе не ўседзіш. Пачнуць кроены снаваць, ткаць — хіба сцерпіць яна? Ніколі... Ды і кожная праца так, а няволіць каб, дык няма гэтага... Ды ці я не чалавек, хіба свету не бачыў, ці што, каб не ведаць, як рабіць, як да жонкі адносіцца. Не такі чалавек я, бач, у Францыі пяць год пабыў, пабачыў, як людзі жывуць і чым дыхаюць.
   — У Францыі, кажаш, а чаго ты патрапіў туды?
   — Вядома, чаго. Вайна. Яна нікога не прамінула. Ваяваў. А трэба сказаць, што пайшоў я на вайну ад маладой жонкі, толькі, толькі вяселле гулялі і думалі, бачыш, жыць. Таму і я малады быў, а жонка... ды што казаць.
   Твар расказчыка хмурнее, маршчакі робяцца даўжэй і глыбей, выцвілыя вочы нерухома ўзіраюцца кудысьці далёка-далёка, нібы хочуць працяць даўно мінулае, даўно пражытое, чаго ўжо ніколі не вернеш, нічым не вернеш, хіба толькі чалавечаю памяццю, ды і то на момант.
   — Маладая жонка мая і русавая... была. Маладзей мяне, а кахала даражэй за ўсё на свеце, бо пабраліся мы не як-небудзь там, а любячыся. I як любілі, любіліся. Бач, бацькі не хацелі аддаваць за мяне, бо была яна ў іх адна-адзінюткая. Але пайшла... Дзіцяці чакалі... Вайна падышла. I пагналі мяне. Спачатку пад немцам быў, потым пагналі ў Францыю. Вельмі нязручна было нам спачатку: ані слова сказаць з кім, ані пагаманіць, ні перагаварыць. Таму ты іх не разумееш і яны цябе. А горай за ўсё — точыць сэрца радзіма, не дае супакою. Здаецца, і людзі нішто, і жанчыны вясёлыя, і прыгожыя вопраткі, а ўсё не тое. Бо чакаеш чагосьці, чакаеш радзіму пабачыць, свае родныя гоні... А там і жонка мая маладая... А тут яшчэ табе хоць бы ліст, хоць бы слова, і жывеш, як у поцемках. Калі і ёсць у думках светлага, дык толькі жонка мая, ну, дзіцянё яшчэ.
   Што казаць, быў сярод таварышоў грэх — зыходзіліся з жанчынамі французскімі; некаторыя і цяпер жывуць там, пажаніліся і жывуць сабе, мо і нішто жывуць. А я не... Заўсёды ў думках яна стаяла: і ноччу, і днём.
   Усё думаў: вось прыеду, вярнуся ў родную хату, пагляджу на русыя косы, абыйму, прыгалублю, дзіцянём уцешуся, звярну яму з вялікіх краёў бацькоўскую ласку... I жонка, і радзіма... Валодае радзіма табой на чужой старонцы, па радзіме думы вянуць, а па мілай сэрца марнее і згасаюць надзеі, бо служба не жарты: ні дзень, ні гадзіна — ніколі не скажуць, калі і што...
   А тут чуем: там, у Расіі, дзеецца нешта, што ні дзень — навіны, што ні тыдзень — болей. У начальства пытаем, не кажа ніколі, але хіба ў вачах не ўбачыш, у іх радасць і сум не схаваеш.
   Не, не схаваеш ніколі. А ў вачах бачым сум, ну, а нам што? Вядома, радасць. Вядома, ёсць чаму радасці быць, калі чалавек ад жыцця асалоду бярэ, а хіба зямля не радасць наша, не асалода? Была панская — стала сялянская, і ніякага гора табе. Таму і радасць, хоць далёка радзіма.
   I апанаваў сум сэрца тугою, ніяк не пазбавішся, і няміла табе ані Францыя, ані што — падавай дарагую радзіму.
   Шэсць год не бачыў я хаты, урэшце паехаў...
   Расказчык на хвіліну спыняецца, і наморшчыўшы лоб, сядзіць нерухома, углядаючыся ў полымя свечкі.
   — Так, паехаў... У Расіі пешкі давялося ісці, з цягнікамі пайшоў непарадак... Сёе-тое з сабой вёз. Як жа, аб падарунках думаў, ды і ці варта дахаты з чужога краю з пустымі рукамі варочацца. Вось і цяпер гарнітур на мне яшчэ французскай работы. Што і казаць, і адзеты быў, і пры гадзінніку... Усё думаў, як найлепей.
   А справа была ўжо па восені. Памятаю, дажджы ішлі, прытаміўся ў дарозе я, але што там, калі падыходзіш да роднае хаты, тады ўтомы не адчуваеш, тады ногі самі імчаць, каб хутчэй данесці цябе пад родныя стрэхі, да ўсяго, ды і што казаць...
   I чым бліжэй падыходзіў, тым болей замірала сэрца ў нейкай салодка-балючай стоме, і думамі быў ужо там... Калі ж прыйшоў да роднага хутара, дык так авалодала ўсёю істотаю радасць, што не пайшоў адразу ў хату, а сеў на ганак і так прасядзеў мо гадзіну, мо болей. Доўга сядзеў і ўглядаўся ва ўсё: на двор, на хлявы, на тыя вароты, што ставіў сваімі рукамі, на кучаравыя бярозы пад вокнамі, на стары вулей, што дастаўся яшчэ мне ад дзеда, ды ці мала на што... I ў думках было: вунь, пахілілася шула адно — падпіраць трэба, раскідаўся плот — цяпер бы жэрдзя з лесу ды новы паставіць.
   I многа чаго перадумаў за тую гадзіну. А галоўнае — вось сустрэну сваю маладую жонку, маладую жонку і русую, вось выйдзе яна на ганак, на плячах яе русыя косы, а ў вачах бязмежная радасць. Таму я вярнуўся, каханы муж прыйшоў з далёкіх краёў, каб жыць разам, не разлучацца. Ды і каму няміла спатканне пасля ростані і якой ростані — шэсць год — не шэсць дзён, а ў чалавечым жыцці іх на пальцах лічыш!
   I доўга б яшчэ сядзеў я. Але дзесьці ўжо заспявалі пеўні. Устаў я, да акна падышоў і старанна гэтак, і паціхеньку пачаў стукаць. Стукаю, а ў самога сэрца так і заходзіцца, нібы выскачыць хоча ад чакання, ад радасці. I ціха ўсё, ціха, толькі вецер калмыча салому на страсе ды шалясціць бярозавым лісцем, раптам, чую, палаткі скрыпнулі — нехта па хаце пайшоў, да акна падыходзіць, пытае: «Хто там?»
   Не стрымаць мне сваёй радасці, таму чую голас родны, голас жонкі, маёй дарагой Луцэі.
   — Адчыні,— кажу,— гэта я, прыйшоў вось, бачыш...
   — Ды хто ж такі?
   — Не пазнаеш хіба, Луцэя? Гэта ж я, пусці хутчэй, дарагая.
   Чую, адышла ад акна, раздзьмувае вугалле на загнетцы, запальвае лямпу, у сенцы ідзе. Бразнуў крук, праскрыпела закрутка, і нібы хто невядомы перанёс праз парог мяне. Уходжу ў хату. Ад радасці не бачу нічога, паклоны б’ю.
   — Здраствуй, — кажу, — дарагая жонка, сустракай доўгачаканага госця, прымай ды мілуй, даўно не бачыліся, не сустракаліся, — і іду да яе.
   I вось, дзіўлюся раптам. Адыходзіць яна ад мяне крок за крокам, і вочы ў яе зрабіліся такімі шырокімі і цёмнымі, як якое бяздонне глыбокае, як асенняе неба ночнае, неба не зорнае — толькі і агню ў іх, што ад лямпы той.
   Раптам сумна мне стала, не ведаю, што і рабіць, з чаго пачынаць. Стаў я пасярод хаты, апусціў рукі, стаю, не зварухнуся, а сэрца чагосьці так сцялася, Hiбы сцяў яго хто абцугамі.
   А яна ўсё далей і далей, у самы кут забілася і ўпіваецца ў мяне сваімі вачыма цудоўнымі, аж заваражыла нават імі, не крануся з месца ніяк.
   — Луцзя,— кажу,— што з табою, гэта ж я, твой, не пазнаеш хіба, дык хадзі ж бліжэй, прыгледзься...
   Бачу тут я, бялеюць вусны яе, азірнулася яна хутка-хуценька па хаце, страпянулася неяк, ды раптам як пакоціцца на падлогу — ледзь паспеў падтрымаць. Толькі прагаварыла:
   — Божа, божа, Рыгор прыехаў, што ж рабіць мне цяпер, што думаць...
   Паклаў я яе на палаткі, адышоў да стала, сеў, а што рабіць — не дабяру розуму. Сяджу, і здаецца мне, што зноў я малы, малы як калісьці даўно-даўно, калі ганяўся па вуліцы за белагрудымі ластаўкамі. То бывала вясной. Лепяць ластаўкі гнёзды, над гразёю лятаюць, садзяцца дзе-небудзь над падсохлай лужынай, а ты і бяжыш, захапляе дух, вось-вось зловіш цудоўную птушку, што так хутка, прыгожа лятае па-над жоўтымі стрэхамі. Бяжыш, пасклізнешся і рынешся ў гразь, а ластаўкі ўжо далёка-далёка, далей неба блакітнага і зялёных бяроз.
   I мне здавалася, што зноў папаў я ў гразь і што тое прыгожае, тое недасяжна-далёкае, да чаго так імкнуўся я за шэсць год, вылецела з-пад рук, уляцела кудысьці белагрудаю ластаўкай.
   I так балюча зашчымела сэрца, бо пустэча авалодала ім, упаўзла ў яго нечым слізкім, халодным, ад чаго і прытульныя сцены зрабіліся нуднымі, шэрымі, падобнымі на асенні вечар. А тут дзеці заварушыліся — толькі тут і ўбачыў я іх, бо раней я глядзеў на Луцэю.
   — Чые? Адкуль? — свідравала думка голаў.
   Але ці не ўсё роўна і чые, і адкуль, бо не ў гэтым справа, не ў тым, чые і адкуль, а ў нечым другім... А ў чым другім — было цяжка дадумацца...
   Так сядзеў я да раніцы, прыглядаўся, як цёмныя шыбы акна рабіліся шэрымі, светлымі... Румзалі дзеці на палатках, уздыхала Луцэя, а я сядзеў і думаў, а мо і не думаў, бо што за думкі, калі ў сэрцы пустэча, не думкі — нудота... Толькі раніцой заснуў я каля стала на лаве.
   I жыву вось цяпер... адно званне толькі... не жыву, а мадзею. Кахаю... а няма супакою, і на сэрцы камякі халодныя. Ведаю, не кахае яна мяне, не мае на палатках дзеці, і няма агню, цудоўнага агню ў дарагіх вачах, хоць і ветлівы зірк ад іх. У іх больш жалобы, непазнанага суму... А аб чым — ці ты ж зразумееш. Бачу хвор у іх, безнадзейнасць... Хварэе цяпер, па дактарах вазіў — нічым не пасобіш, сухоты, кажуць, ні то прастудзілася... Злыя языкі чэшуць — нібы ад здзекаў усё, нібыта б’ю я Луцэю. А ці можа ж быць гэта, ці такі чалавек я, каб гэта біць, ці што... Не, мусіць, другое тут нешта... А усё з таго вечара...
   — А ты б развёўся і ўсё тут. Вось у мяне браценнік маладзейшую яшчэ кінуў і з дзіцёнкам, а цяпер узяў другую, і жывуць, і яшчэ як жывуць,— дадае нечакана маладая рухавая кабеціна, якая прагна лавіла кожнае слова расказчыка.
   Карыя выцвілыя вочы на хвіліну спыняюцца на яе твары, узіраюцца жорстка. Маўчыць, раздумвае, потым кажа паволі:
   — Як вам сказаць, аднаму адно падабаецца, другому другое... а крадзеным шчасцем жыць я не збіраўся ніколі, бо многа... многа ім не нажывешся...
   — Яно так, праўду кажучы, так. Не кожнаму чалавеку дана злязаць на кожнай станцыі. Гэта да прыкладу я кажу. Вось у мяне далёкі білет, трэба ехаць з ім, і ногі ныюць, і косці, адпачыць бы хацелася, але што зробіш — павінен ехаць — далёкі білет у цябе. А шчасце што — той жа білет, як ні едзеш, а можа і даедзеш...
   Гэта кажа, прачнуўшыся, дзядок. Ён крэкча, пачэсвае спіну, шапялявіць крыху, і шчасце ў яго выходзіць «сцасцем». Ніхто не адказвае яму ды і каму гаварыць ахвота, калі патухлі ўжо і недагаркі над дзвярыма, пасвятлелі вокны і ў іх згінулі вячэрнія светлякі. То іскры хаваюцца ў сонечных праменнях, меркне бляск іх у сонечным ззянні. У расчыненыя дзверы падзьмула свежым холадам раніцы, і заспаны, сіпаваты голас будзіць цёплы вагонны змрок:
   — Грам-м-адзяне, прад’явіце ва-а-шы білеты...
   Застукалі колы на стрэлках, мякка захістаўся вагон то ўлева, то ўправа — цягнік падыходзіў да станцыі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!