Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Лынькоў - Кларнет

   Змест апавядання «Кларнет» паказальны ў філасофскім разуменні значэння музыкі для душэўнага абнаўлення чалавека паслярэвалюцыйнага часу. Знешняя канва падзей у гэтым творы на фоне вострасюжэтнай прозы 20-х гадоў вельмі спакойная і сціплая. Начальнік пошты Іван Сцяпанавіч у глухой мясцовасці, куды ён нядаўна пераехаў з жонкай і малым дзіцём, нудзіцца. «Пошта за вярсту ад сяла, у старэнькай, струхнелай будыніне, дзе змяшчалася калісьці валасное праўленне. I нават ані душы...». Ёсць толькі языкастая жонка, якая з ім сварыцца, а ён — з ёю. Жонка папракае яго, што ён не можа выпрасіць сабе лепшай кватэры, бо ў гэтай, як яна кажа, начоўкі няма дзе паставіць, абзывае яго «нелюдзем», «недапечаным» і, урэшце, дапякае тым, што не за таго вышла замуж. «Пятак — цана табе...» — дае яна агульную характарыстыку мужу.
   Раздражняе Івана Сцяпанавіча і сама атмасфера ў пакоі: «Пахла пялёнкамі, яшчэ нечым кіслым: ці то квашанай капустай, ці то дзіцём, ці мокрым кажушком, што сушыўся на ляжанцы. І яшчэ сургучом крыху пахла, і тым спецыфічным пахам, які сустрэнеш толькі на нашых дробных і драбнюткіх паштовых станцыях. Тут і мокрыя, прэлыя анучы, і востры дзёгаць, і ўедлівая махра, і яшчэ больш уедлівы, захрасаючы колам у горле тытунь-самасей». I пагаварыць Івану Сцяпанавічу на сур'ёзныя тэмы няма з кім, бо сусед, ветэрынарны фельчар, які займае другую палову дома і ад якога вечна пахне карболкай і яшчэ нечым іншым, спецыфічным, гаворыць толькі пра сваё, прафесійнае.
   I вось здараецца на пошце зусім на першы погляд дробязны выпадак. Заходзіць у лапцях селянін. Пасля трапных, але неабавязковых размоў пра надаелую дажджлівую пагоду, ён просіць пераслаць сыну, які служыць у арміі, па яго просьбе дудку або інакш — кларнет. Іван Сцяпанавіч — сам музыкант, меў гармонь, але прадаў яе на патрэбы пераезду. Пабачыўшы кларнет, упакованы бацькам вайскоўца няўмела — можна сказаць, варварскімі сродкамі, Іван Сцяпанавіч проста ўстрапянуўся ўнутрана. Яго надзвычай усхваляваў адзін дотык сваімі пальцамі да клавішаў кларнета. Ён раптам адчуў, што перасылка кларнета — не толькі яго службовы абавязак, але і асабістая душэўная неабходнасць. Іван Сцяпанавіч перапакоўвае інструмент згодна з паштовымі інструкцыямі, але з любоўю і захапленнем. Ён сам зашывае кларнет у рукаво ад уласнае сарочкі. «Дзівак-чалавек, у першы раз бачу такога начальніка, каб гэта сам ды яшчэ зашываў табе, а мо так і трэба, ці нам жа ведаць, — думае дзядзька і дастае з-за пазухі «адрас», і грошы».
   Гэты дробязны, нават у нечым побытава-прыземлены выпадак, які тым не менш пацвердзіў, што музыка ў свеце жыве, перавярнуў усю душу Івана Сцяпанавіча, змяніў яго настрой, выбавіў з нуды. Нават штодзённая лаянка з жонкай здалася яму неістотнай, побытава-рытуальнай у сялянскім асяроддзі, і ён гатовы не толькі для прымірэння з жонкай, але для пачуццёвай сардэчнай узвышанасці. «I калі клаўся Іван Сцяпанавіч на мулкі ложак поплеч з жонкай, ён адчуваў сябе як ніколі бодрым і вясёлым. Куды падзелася яго нядаўняя нуда, самота, і ўсё ўперадзе, здаецца, усміхалася гэтак весела, гэтак радасна, і ўсё паблісквала, нібы тыя блішчастыя клапаны.
   — Эх, і кларнет жа, ну і кларнецік, мець бы вось такі. Пацешная штука!
   I тады Іван Сцяпанавіч раптам павярнуўся да жонкі і нечакана пацалаваў яе ў самы лоб, пацалаваў ціха, ласкава.
   — Арыша! Сярдуеш усё! Кінь! Дай ж я ж цябе яшчэ раз пацалую...».

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз

Міхась ЛынькоўМаньчжур. Аналіз апавядання

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Васількі

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам