Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Маньчжур. Аналіз апавядання

   Апавяданне «Маньчжур», адно з тых, дзе перавыхаванне не выдумана крытыкамі, а сапраўды адлюстроўваецца пісьменнікам. Міхась Лынькоў упэўненай рукой намаляваў па-свойму каларытную фігуру чалавека, які пацярпеў жыццёвае крушэнне, зрабіўся горкім п’яніцам, нават уласнае імя страціў. «Кожны заве яго Маньчжурам, і не крыўдзіцца ён, і ніхто не ведае, як завуць яго інакш, якое ў яго імя, якое прозвішча. Дый нават і сам Маньчжур пра гэта добра не ведае. Ці скурыў з п’яных воч дакумент, ці проста згубіў дзе-небудзь пад плотам ці каля сметніка, але дакументальна ўстанавіць сваю асобу ён не меў ніякай магчымасці. I ў першыя разы, калі забірала яго паліцыя за розныя п’яныя справы, усе вельмі дзівіліся, калі чалавек на ўсе запытанні безнадзейна адказваў адно і тое слова: Маньчжур і Маньчжур…»
   Слова, вядома, не выпадковае. Яно намёртва засела ў памяці лынькоўскага героя, бо той стаў адной са шматлікіх ахвяр ганебнай для Расіі руска-японскай вайны 1904-1905 гадоў. У далёкай Маньчжурыі ён пабачыў багата жахаў, у крывавай бойні страціў сваіх сяброў, а ў канчатковым выніку стаў глушыць душэўны боль гарэлкай. I дайшоў да ручкі. Была ў яго жонка, якая звыш меры напакутавалася ад п’яных Маньчжуравых выбрыкаў і ўрэшце памерла ад сухотаў. Былі дзеці, якія таксама паўміралі. А Маньчжур усё п’е ды ў п’яным ачмурэнні чаўпе пра Маньчжурыю, а маладым насмешнікам адказвае: «Ты вось зубы выскаляеш, а запытаць цябе — чаму? — і не адкажаш. А таго не ведаеш, што я табе пра Маньчжурыю гавару, а не пра калдобіны на тваёй вуліцы. А раз пра Маньчжурыю — маўчы і не дыхай, бо мы там кроў пралівалі, супастат ты гэтакі, мы сопкі маньчжурскія шынялямі заслалі ды пахавалі пад імі косці салдацкія, шэрыя…»
   А вось як гаворыць ён пра свой узрост: «Сорак пяты гадок, а гэта табе не “ізюміна”, не бок тарана… Паспрабуй вось, голуб, падскочыць на столькі — пуп падарвеш… Так-то, браце…» Гаворыць у абодвух выпадках каларытна, па-свойму, хоць і з характэрным лынькоўскім акцэнтам (ён зусім відавочны ў канцы першай цытаты), уласцівым многім героям пісьменніка і прыкметным ва ўсёй яго прозе.
   Каларытна акрэслены ў апавяданні і некаторыя эпізадычныя персанажы, напрыклад салдат-франтавік, які бравіруе сваёй расправай з афіцэрамі царскай арміі. «А стары, даўнейшы сусед Ігнат, вярнуўшыся з-пад далёкага немца, сустрэў Маньчжура каля калодзежа, расцалаваўся з ім і, запытаўшыся пра сваю жонку і дзяцей, весела гэтак сказаў:
   — Жывём, брат, цяпер, ого… і ніякага табе, братка, нічога, а ім, галубок, прыдуха, ды яшчэ якая прыдуха. Былі яны капітаны ды паручыкі — чыкі-чыкі, а цяпер мы іх пад крылле і ўраз: чыкі-чыкі, і гатова — вашых няма».
   Ігнат паказвае зрэзаныя ў афіцэраў пагоны, але зусім магчыма, што «чыкаў» ён і афіцэрскія галовы. Сёння ад такой бравады жахаешся.
   Але ж так было. Пісьменнік добра ведаў пра гэта і дужа не бедаваў ад таго «чыкання»…
   Рэзка і, трэба сказаць, зусім нечакана змяняецца Маньчжур пасля бальшавіцкага перавароту. Маўляў, тады «забіла ў жыцці нейкай свежай крыніцай. Якой — яшчэ добра не разумеў Маньчжур, але адчуваў ён істотай сваёй, што гіне стаячае балота, дух падуў новы, разышлася гнілая вада, і гэтак добра дыхаць, цікава назіраць, як бегаюць па двары людзі, сустракаюцца, гамоняць. I ўвесь стары пахмурны двор з асклізлымі сценамі шэрых камяніц нібы асвяціўся якойсьці прывабнай прыгожай усмешкай. Нават старая памыйніца брудная перастала страшыдлам быць: па ёй скакалі і зычна чырыкалі вераб’і, а знізу прымайстраваўся сусветны жулік — Цімкаў кот Васька, настаражыў аблезлыя вушы, нецярпліва мяў падагнутымі пад сябе заднімі нагамі, штопарам хвост пакручваў і раптам падскакваў. Але вераб’і — заўсёды вераб’і. Яны паказвалі не зусім спрытнаму Ваську пушыстыя хвасты, а ён, схапіўшы ў зубы з гарачкі замест вераб’інага сэрца гнілую цыбуліну і вінавата маргануўшы вачыма, нехаця лез уніз, садзіўся і прымаўся старанна і спакойна за чыстку сваіх задніх лапак, нібы і не зважаючы зусім на вераб’ёў-задзіраў».
   Пра вераб’інае чырыканне ды пра няўдачу і хітрыкі ката Ваські напісана сапраўды па-мастацку, з лынькоўскім бляскам і гумарыстычнай усмешкай. Але ж таго чырыкання, Васькавых хітрыкаў ды раптоўна павесялелай памыйніцы яўна недастаткова, каб пераканаць, што алкаголік з вялікім стажам у адначассе становіцца прыхільнікам чаю-гарбаты, як гэта адбылося ў апавяданні з Маньчжурам. Нават грамадскай дзейнасцю ён заняўся, атрымаў пасаду старшыні кварткама, на якой праяўляе добрую распарадчасць і, вядома ж, пільнуецца класавага падыходу.

Похожие статьи:

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Аб чалавечым сэрцы

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Васількі

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Над Бугам

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Салют

Міхась ЛынькоўМіхась Лынькоў - Міколка-паравоз