Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Жыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Кнопка отправить на печать

   Міхась Кавыль (сапраўднае імя – Язэп Лешчанка, нар, у 1915 годзе) адрозніваецца ад іншых пісьменнікаў-эмігрантаў тым, што дзевяноста адсоткаў ягоных твораў было напісана ў Амерыцы, і многія з іх звязаныя з амерыканскім жыццём. Аднак пачатак творчага шляху М. Кавыля амаль такі ж, як у многіх ягоных паэтычных сучаснікаў.
   Міхась Кавыль нарадзіўся ў сялянскай сям’і 1 снежня 1915 года ў вёсцы Покрашава Слуцкага павета Менскай губерні. Ён вучыўся ў розных мясцовых школах, пасля чаго, як і У. Дудзіцкі, паступіў у знакаміты Менскі педагагічны тэхнікум, дзе навучаўся з 1930 па 1933 год. Далучыўшыся да літаратурнага згуртавання «Маладняк», ён пачаў друкаваць вершы ў разнастайных газетах і часопісах, аднак хутка прыцягнуў да сябе непажаданую ўвагу ўладаў неартадаксальным і «нацыяналістычным» зместам сваіх твораў. У 1933 годзе Міхась Кавыль быў арыштаваны і прысуджаны да трохгадовай высылкі ў Сібір. Калі яго вызвалілі ў 1935 годзе «за добрыя паводзіны» (у тым ліку маляванне партрэтаў чыноўнікаў), яму, тым не менш, было забаронена вяртацца на Беларусь, таму ён накіраваўся ў Варонеж, дзе вучыўся на Літаратурным факультэце універсітэта з 1936 па 1938 год, а затым настаўнічаў у вясковай школе, пакуль не распачалася вайна. М. Кавыль быў прызваны ў войска, прайшоў падрыхтоўку на Далёкім Усходзе і быў накіраваны на Украінскі фронт. Неўзабаве ён патрапіў у палон і быў «рэпатрыяваны» немцамі на Беларусь. Адпраўлены ў Берлін разам з групай моладзі, напрыканцы вайны апынуўся ў ліку перамешчаных асоб. У гэты час Міхась Кавыль прымаў актыўны ўдзел у літаратурным згуртаванні «Шыпшына», але ў 1950 годзе, папрацаваўшы ў Нямеччыне і Бельгіі, ён вырашыў пераехаць у Амерыку, дзе пасяліўся ў горадзе Саут-Рывер (штат Нью-Джэрсі), які ўжо зрабіўся домам для многіх беларускіх эмігрантаў. Змяніўшы мноства працоўных месцаў (па большасці гэта была фізічная праца), Міхась Кавыль звальняецца, каб зноў заняцца паэзіяй.
   Як і У. Дудзіцкі, М. Кавыль прыцягнуў да сябе ўвагу эмігрантаў-навукоўцаў, якія выдалі дыхтоўны збор ягоных твораў (Кавыль, 1990), адкуль можна атрымаць дастатковае ўяўленне пра літаратурныя дасягненні пісьменніка. Першы ягоны верш быў надрукаваны ў 1929 годзе ў «Беларускай газеце», і пакуль ён заставаўся на Беларусі, ягоныя творы з’яўляліся ў розных выданнях, у тым ліку «Піянер Беларусі» і «Маладняк». У эміграцыі найбуйнейшымі публікацыямі ягонай паэзіі былі зборнікі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстэр, 1960) і «Цяжкія думы» (Саут-Рывер, 1961). Некалькі вершаў М. Кавыля былі пакладзеныя на музыку такімі буйнымі беларускімі кампазітарамі, як Мікола Куліковіч-Шчаглоў і Мікола Равенскі. Да таго ж, М. Кавылю належаць пераклады на беларускую мову твораў рускай, украінскай, польскай і англійскай паэзіі. Ягоная ранняя трохактавая п’еса пра Слуцкае паўстанне, «Недаспяваная песня» і вершаваная драма для дзяцей «Марынка» зараз недаступныя, гэтак жа як і раман «Із агню ды ў полымя», які ў 1990 годзе знаходзіўся яшчэ ў стадыі напісання. Аднак існуюць тры апавяданні: «Разводзь-дзе» (1958), «Ніхто цябе не запыніць» (1963) і «Бірута» (1965). Відавочна, заснаваныя на юнацкіх успамінах пісьменніка, яны напісаныя дастаткова жыва, але не маюць вялікай літаратурнай вартасці.
   Найзначнейшы ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры Міхась Кавыль зрабіў як паэт, аўтар мноства таленавітых і цікавых вершаў на надзённыя тэмы, у якіх адбіўся ягоны ўласны вопыт: фізічная праца, гістарычныя і палітычныя падзеі (часам – амаль у форме вершаванай дакументалістыкі), а таксама вершы пра прыроду, творы, прысвечаныя іншым пісьменнікам або напісаныя пра іх, і, самае галоўнае, узнёсла патрыятычная паэзія. Вершы Міхася Кавыля значна ажыўляюцца дзякуючы добраму пачуццю гумару, і, адначасова, вылучаюцца фармальнай разнастайнасцю і вытанчанасцю, нягледзячы на досыць вольнае абыходжанне з рыфмай.
   Ягоныя раннія вершы, напісаныя ў Менскай турме ў 1933 годзе, утрымліваюць у сабе больш пачуцця, чым знешняга бляску, як і іншы ранні верш, створаны ў Навасібірску, «Сібір» (1934), у якім першая і апошняя строфы аднолькавыя. Блізкі да фальклорнага рытм радкоў гэтага верша тыповы для ўсёй грамадзянскай паэзіі Міхася Кавыля, сярод якой толькі нямногія творы можна назваць чыста асабістымі, за выключэннем тых выпадкаў, калі верш мае яскрава аўтабіяграфічную прыроду. Жыццё М. Кавыля прайшло ў пастаянным руху, пра што ён разважае ў вершы «Ідзі, ідзі» (1944-1952) з рэфрэнам: «А ты ідзі, ідзі...». Пасля рамантьгчнага параўнання зорак над Альпамі з эдэльвейсамі гэты рэфрэн набывае больш шырокі сэнс: рух прыраўноўваецца да ўсяго жыцця.
   Сам гэты рух апісваецца дэталёва, але М. Кавыль ніколі не забывае свой родны Слуцк. Напрыклад, у вершы «Турынгія-царыца» (1946) прыгажосць знакамітага нямецкага леса нагадвае яму радзіму. Падарожжа праз Атлантыку, вядома ж, не было асалодай для паэта, хаця ў першых радках верша «У акіяне» (1950) і з’яўляецца яркі вобраз: «Вецер-смык на струнах-тросах // Грае дзікія факстроты». Верш, аднак, заканчваецца банальнай ідэяй: трэба засыпаць акіян пяскамі зямлі, каб пазбегнуць дыскамфорту.
   М. Кавыль не быў настолькі арыгінальным у выкарыстанні лексікі і вобразнасці, як У. Дудзіцкі, але ягоная паэзія дэманструе жывое ўяўленне, якое толькі часам псуецца відавочнай нядбайнасцю. Напрыклад, у вершы «Прыстань» (1950), напісаным неўзабаве пасля верша «У акіяне», ён скарыстоўвае адно і тое ж параўнанне («як здані») для апісання зусім розных з’яў. Некаторыя вобразы М. Кавыля вельмі жывыя, як, напрыклад, у вершы «Яшчэ снягоў не выкіпела пена...» (1963), дзе апісваецца змена пораў года.
   Нягледзячы на нядбайны падыход да рыфмы, М. Кавыль вельмі клапоціцца пра фармальны бок сваіх вершаў, часта выкарыстоўвае класічныя цвёрдыя формы, такія як секстэт (добры прыклад – верш «Чалавек», 1957), віланэль і трыялет. Ягонае стаўленне да гэтай формы выказана ў першым з трох трыялетаў, датаваных 1956 годам.
   Аднак найбольш прыцягальным для Міхася Кавыля быў санет. Упершыню падказаў яму звярнуцца да гэтай формы эмігранцкі пісьменнік і крытык Антон Адамовіч (1909-1998).  Міхась Кавыль у Амерыцы напісаў значную колькасць санетаў. У зборніку «Цяжкія думы» змешчана каля 60 санетаў, створаных у другой палове 1950-х гадоў, у тым ліку вянок санетаў «Мярэжа» (1957); яшчэ адзін вянок санетаў, «Цяжкія думы» (1956), прысвечаны Антону Адамовічу; ёсць і больш позні вянок санетаў – «Чорны лёд» (1958). Яны адрозніваюцца па якасці, але ў агульным дазваляюць прызнаць М. Кавыля майстрам вершаскладання. У яшчэ недасканалым раннім узоры гэтай формы, «Крытыку» (1955), Міхась Кавыль выказвае такое ж рэзкае стаўленне да літаратурных крытыкаў, як і Рыгор Крушына і У. Клішэвіч.
   М. Кавыль, хаця і ставіўся варожа да крытыкаў, але быў вельмі памяркоўны да сваіх таварышаў па пяру і старых сяброў, незалежна ад таго, эмігравалі яны з Беларусі або не. Сярод тых, каму прысвячаў свае творы М. Кавыль, – Юрка Віцьбіч, Уладзімір Клішэвіч, Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Янка Золак, Антон Адамовіч, Вітаўт Тумаш і Усевалад Краўчанка. Апошні з іх быў членам беларускай дэлегацыі пісьменнікаў у Францыі.
   Яшчэ адзін верш, які мае моцнае асабістае гучанне, – «Бенгалія» (1972). У ім згадваецца Сяргей Астрэйка, таленавіты беларускі паэт, які ў паэме пад такой жа назвай апісаў каланіяльны прыгнёт у Бенгаліі, але было відавочна, што маюцца на ўвазе савецкія ўлады і панаванне расейцаў на Беларусі. Тую ж тэму, але іншым чынам, працягвае верш «Кастусь Каліноўскі» (1963), які заканчваецца радкамі: «Бунтуе сэрца Кастуся // ў грудзях беларуса...».
   Зусім інакш успрымаецца цыкл «Сілуэты» (1972), які дэманструе ўласцівыя М. Кавылю пачуццё гумару і шырыню кругагляду. Тут прадстаўлены бязлітасныя двухрадковыя эпіграмы на беларускіх пісьменнікаў метраполіі.
   У параўнанні з іншымі эмігрантамі-славянамі, М. Кавыль ставіўся з большай удзячнасцю да таго, што дала яму Амерыка (верш «Дзякуй, Амерыка», 1952), і вельмі цікавіўся ўсімі бакамі жыцця свайго новага дома, шмат разважаў пра іх у сваіх вершах. Уражанні ад працы на заводзе «Форд» ён трапна перадаў у вершы «Праца» (1963), а з палітычнага боку паэт вельмі адмоўна адрэагаваў на антываенную акцыю пратэсту ў дзяржаўным універсітэце Кента (верш «Ад імя свайго двара...», 1970).
   Тым не менш, ва ўсіх творах М. Кавыля можна заўважыць несціханую тугу па радзіме і асабліва па ўлюбёнай Случчыне. Гэта адчуваецца з аднолькавай сілай ва ўсіх вершах, незалежна ад таго, дзе яны былі створаны: у Менскай турме, у Сібіры, у Нямеччыне, або ў Амерыцы. Асабліва кранальны твор такога кшталту – верш «Просьба» (1952), у якім М. Кавыль пераносіць чытача на сваю радзіму, якую ён сам страціў назаўсёды.
   Прыкладна праз сорак год у адным з апошніх вершаў, «Настальгія» (1990), М. Кавыль выкажа тыя ж самыя пачуцці: на гэты раз ён марыць укленчыць перад магілай сваёй маці. Ён ніколі не мог цалкам прымірыцца з жыццём па-за межамі Беларусі (на пытанне, як жывецца яму за мяжой, ён адказваў: «па-ўсякаму»), аднак з верша «Жураўлі» (1976) робіцца зразумелым, што М. Кавыль ніколі не адчуваў сябе ў стане вярнуцца на Беларусь фізічна.
   Напэўна, адна з найбольш характэрных рысаў паэзіі М. Кавыля – спалучэнне ўласных успамінаў з хронікай трагічнай сучаснай гісторыі Беларусі. Асноўны з такіх твораў – позняя эпічная паэма «Непакорныя» (1982), якая вымалёўвае лёс Беларусі, пачынаючы з жыцця правінцыйнай вёсачкі ў часы рэвалюцыі 1917 года, затым, разам з прыгодамі галоўнага героя Алеся, апісваюцца сталінскія гады, пакуль, нарэшце, Алеся не арыштоўваюць спецслужбы, на што ён іранічна адказвае радком з Уладзіміра Маякоўскага: «Смотрите! Завидуйте! Я гражданин Советского Союза».
   «Першая рана» (1955) – ранняя эпічная паэма ў шаснаццаці неаднолькавых частках з эпілогам: пакідаючы Менск на цягніку, галоўны герой сустрэў дзяўчыну Ніну і пакахаў яе. Калі яны пабачыліся пазней, яна падарыла яму сімвалічную галінку дзікай ружы і зрабілася для яго музай і гуру. Нарэшце яна дае яму наступную параду:

Шмат цябе навучаць не стану.
Прад табою шляхі і шляхі.
Беларусі крывавую рану
не загоіць прыблуда ліхі.

I пайшла, як прыйшла, не ў дзверы,
не праз комін, дзе чад і дым...
Новым вершам на белай паперы
пачарнелі Музы сляды.

З тэй пары сінязорныя вочы
павялі мяне цяжкай дарогай.
З камсамольскаю зграяй крочыць
я не мог, не патрапіў у ногу.


   Паэма заканчваецца выпадковай сустрэчай і танцам, падчас якога героя раптам арыштоўваюць спецслужбы (падобны эпізод будзе пазней апісаны ў прозе ва ўспамінах «Мой шлях»):

Лопнулі мары, як струны,
меч каральны шчасце расцяў.
Першы ў жыцці пацалунак,
першая рана жыцця.


   Паэма «Міжагнёўе» (1949-1961) – прыклад тыповага для Міхася Кавыля псеўдадакументальнага стылю. Яна прысвечана «змагарам за незалежную Беларусь». Гэта прыўзняты энергічны твор, які складаецца з дзесяці раздзелаў і спалучае ідэю незалежнасці Беларусі, імпрэсіяністычныя ўспаміны пра падзеі Другой сусветнай вайны.
   Міхась Кавыль быў паэтам кантрастаў, часам вельмі ўважлівым да формы, а часам настолькі імклівым, што гэта прыводзіла да нядбайнасці. Ягоная паэзія заўсёды адпавядала свайму часу, як на Беларусі, так і ў эміграцыі; ягоныя спробы рабіць усё лепш, чым ужо зроблена, сведчаць пра жыццёвую стойкасць і здаровы розум. Няроўная паэтычная хроніка ягонага жыцця, поўнага разнастайных падзей, тым не менш, выяўляе літаратурную адчувальнасць, пладавітасць і талент, якія рэдка яго падводзілі.


Крыніца: Беларуская літаратура дыяспары: Манаграфія: / Пер. з англ. В. Бурлак, В. Жыбуля / А. Макмілін. – Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2004. – 440 с

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!