Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Зарэмба Міхась - Паддаўкі

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   "Ляжаць ніжэй травы, цішэй вады",— такі быў загад Жоржыка Цыгана.
   Жоржыкава прозвішча Казлоўскі, а Цыганом мы яго празвалі. Можа, што ў яго былі чорныя вочы і цёмны, нібы падвэнджаны, прышчаваты твар.
   Нас пяцёра, Жоржык — шосты, і ўсе мы на ляту ловім кожнае слова нашага важака. Ніхто, вядома, не асмельваецца назваць Жоржыка Цыганом проста ў вочы. Ён у нас аўтарытэт — ого!
   Мы стаіліся ў засадзе, ляжым "ніжэй травы, цішэй вады" ўжо з паўгадзіны, чакаем. Метраў за пяцьсот ад месца засады — выспа, парослая густым бярэзнікам, дзе мы зладзілі сабе будан — "церамок", і цяпер не ўяўляем свой вольны час без нашай патаемнай схованкі. Скажу па сакрэту, Цыган наведваецца сюды і ў час заняткаў. Ён жыве ў цёткі Аўдулі і сам сабе гаспадар. Хачу іду ў школу, хачу гуляю... Цыган два разы заставаўся на другі год і летась апынуўся ў нашым пятым класе. I ўсе хлопцы прызналі яго за важака.
   Звычайна мы збіраліся да нашага церамка ў нядзелю з самай раніцы. Ішлі не з пустымі рукамі — запасаліся хто чым можа. Разводзілі касцёр, пяклі бульбу і бавілі час гульнёй у шашкі.
   Мы гулялі на высадку, але гэтую "высадку" лепш за ўсё назваць паказальнымі выступленнямі нашага чэмпіёна Жоржыка Цыгана. Цыган умеў праводзіць хітрыя камбінацыі з прарывам у дамкі, і мы толькі дзіву даваліся: адкуль такая кемлівасць? Потым ён прапанаваў гуляць у паддаўкі. Тут выйграваў той, хто першы аддаваў усе свае шашкі.
   Дзіўная гэта гульня. Калі ў звычайнай партыі стараешся абараніць кожную сваю шашку, ловіш кожны зявок праціўніка, дык у паддаўках адзін клопат — падкузьміць самога сябе. Прайграць, каб выйграць... Уладальнік апошняга месца (першае заўсёды даставалася Жоржыку) павінен быў выконваць любое пажаданне пераможцы: скакаць, спяваць частушкі, бегчы ў краму па цукеркі або вазіць на сабе чэмпіёна. I паспрабуй тут не выканаць волю важака! Тады ўжо развітвайся з церамком, з шашачнымі турнірамі і іншымі спакусамі...
   Учора прайграў мой брат Шурка. Два гады назад Шурка быў аднакласнікам Цыгана, а цяпер на "выдатна" вучыцца ў сёмым. Мусіць, таму Цыган не любіў майго брата і прыдумваў супраць яго розныя каверзы. Асабліва Шурку не шанцавала ў шашачных турнірах.
   — Гэта табе, Шурык, не правілы зубрыць,— пакепліваў Цыган.— У шашках кумекаць трэба, не тое што з "іксамі" ды "ігрэкамі". I за што толькі табе пяцёркі ставяць? Прабач, але раз прайграў, будзь ласкавы — падстаўляй спіну. Скажу па сакрэту, мне вельмі падабаецца катацца на выдатніках. Гэта ж такі гонар!.. Абра-ка-даб-ра!
   Цыган выскаляўся і не хаваў сваёй радасці. Шурка быў спакойны, але я ведаў, што гэта за спакой, і нічым не мог дапамагчы брату. Я вельмі перажываў за Шурку, бо яго пройгрышы ў большасці выпадкаў — вынік хітрай тактыкі Цыгана, які наўмысна прайграваў слабаку Ліпкіну, каб той не заставаўся на апошнім месцы. Вось вам і паддаўкі...
   Учора была субота, і калі мы надвячоркам меліся пайсці да церамка, Цыган успомніў апошні Шуркаў пройгрыш і загадаў:
   — Прынось, Шурык, свой гармонік, будзеш весяліць нашу суполку.
   — Я яшчэ слаба іграю,— пачаў адмаўляцца Шурка.
   — Не прыбядняйся,— паблажліва паляпаў яго па плячы Цыган.— Чуў, што збіраешся выступаць на сцэне...
   — Ды гэта ж адзін нумар. Дзяўчынкі з нашага класа будуць спяваць, а я акампаніраваць ім...
   Вось-вось, ты спачатку паакампаніруй нам, а потым ужо сваім дзяўчынкам... Даўжкі, Шурык, трэба аддаваць, сам разумееш. Абра-ка-даб-ра!
   — Тата не дазваляе выносіць гармонік на вуліцу, — паспрабаваў я заступіцца за брата.
   — А акампаніраваць дзяўчынкам можна? — паставіў рубам пытанне Цыган.
   I я не стаў спрачацца з Цыганом. Марна было даказваць яму, што гармонік у Шуркі зусім новы і ён іграе на ім усяго другі тыдзень. Ды хіба Цыгана ўзрушыць тое, што Шурка захапляецца музыкай? Настаўніца спеваў казала, што ў Шуркі добры музычны слых, і калі б яго вучылі іграць на якім-небудзь інструменце з маленства, ён мог бы стаць сапраўдным музыкантам. А што ў Шуркі ёсць гэты самы "музычны слых" — бясспрэчна. Ён жа за некалькі дзён не толькі асвойтаўся з "галасамі" і "басамі", але паспеў развучыць "Кацюшу" і яшчэ дзве-тры мелодыі.
   Шурка мусіў згадзіцца. Цыган быў задаволены, пахваліў майго брата.
   — Вітаю і дзіўлюся. Дарма я лічыў выдатнікаў жмінда мі. Бачу — памыляўся. Гармонік у цябе, Шурык, важнецкі... Шанцуе ж...
   Цыган любіць пабалабоніць, язык у яго падвешаны. Толькі гэтая "падвеска" — не для школы, бо настаўнікі выціскаюць веды з Цыгана, быццам ваду з каменя. Праўда, яму ад гэтых школьных перажыванняў — ні горача, ні холадна. Цётка Аўдуля зусім не цікавіцца вучобай свайго пляменніка, а розныя далікатныя захады нашай "хуткай дапамогі" Цыган сустракае кплівай усмешачкай.
   — Салажкі, не стройце з сябе вялікіх разумнікаў. Для мяне ваша навука — костка ў горле. Вы лепш вазьміце шэфства над якой-небудзь бабулькай. Яна вас пернікамі пачастуе. Абра-ка-даб-ра!
   Вось тут і падступіся да Жоржыкавага сумлення. Яму і настаўнікі не могуць даць рады, нават спецшколай яго не прыструніш.
   "Бязбацькавіч, расце на лес гледзячы",— казала пра Казлоўскага мая мама.
   Жоржык прыехаў у нашу вёску да цёткі Аўдулі яшчэ трэцякласнікам, і ніхто не ведаў, адкуль ён і дзе яго бацькі.
   — Ну, Шурык, павесялі кампанію,— Цыган сядзіць ля ўваходу ў церамок, па-турэцку падкурчыўшы ногі, і сочыць за маім братам, нібы каршун, які прыгледзеў сваю ахвяру. Шурка прымасціўся крокі за тры ад церамка на сухім сасновым кругляку, схіліўся над гармонікам і паволі расцягнуў мяхі, яго пальцы прабеглі па перламутравых гузіках. Шурка іграў песню: "Широка моя страна родная, много в ней полей, лесов и рек".
   — Во-ой, хопіць! — Цыган з кіслай мінай на твары ўзмахнуў рукой.— I адкуль ты гэтую "страну" выкапаў? Ты нам, Шурык, пра любоў пачырыкай, каб да сэрца дайшло. А пра "рэкі" лепш у клубе трынькай. Дзяўчынкі табе дзякуй скажуць.
   Шурка не адказаў на зубаскальства Цыгана і ўсё іграў (толькі больш ціха) ранейшы матыў: "Я другой такой страны не знаю..."
   — Ну дык як жа з цілі-цілі цестам? А мо сербіянку?
   Цыган паволі падняўся, са смакам пацягнуўся і гэтак жа паволі падышоў да Шуркі.
   — Клёва іграеш, вось толькі рэпертуар у цябе, Шурка,— вешчая кавурка, неважнецкі... Мне ад тваёй "страны"... аж зуб разбалеўся. Дайка сюды гармонік... Падвесялімся матыўчыкам задушэўным. Га, хлопцы? — Цыган азірнуўся на нас і зарагатаў: — Абра-ка-даб-ра!
   "Где так вольно дышит человек"...
   Раптам музыка абарвалася. Я ўбачыў, як пабялеў Шуркаў твар, як ён рэзкім рыўком сціснуў мяхі гармоніка і смела паглядзеў у вочы нашаму важаку.
   — Гармонік не дам,— голас майго брата прагучаў ціха і рашуча.— Можаш свае сербіянкі заказваць па радыё.
   Мы анямелі: пярэчыць важаку?!
   — Хлопцы, чулі: гарманіст зафанабэрыўся.— Жоржык завойкаў, схапіўся за жывот, нібы ад невыносных колікаў.— Во-о-ой, не магу... Трымайце мяне, павалюся... У шашках — слабак, а фанабэрыю разводзіць... Але як з даўжком? У нас жа дамоўленасць, праўда, Борык?
   Гэта Цыган звяртаецца да лупатага Барыса Ліпкіна, які быў у важака за ад'ютанта і вернага служку.
   — Ага, усе дамаўляліся,— Ліпкін глядзіць сваімі пукатымі вачыма проста ў рот Жоржыку, гэта, мусіць, каб злавіць яго словы на ляту.— Бунт, забастоўка. Шкада, але давядзецца развітацца з Шурачком.
   Шурка не стаў чакаць, калі Цыган аб'явіць "абрака-дабру"., Ён падняўся з кругляка, перакінуў рамяні гармоніка праз левае плячо і пайшоў.
   — Малайчына, Шурка — вешчая кавурка, здагадлівы. Толькі твая фанабэрыя табе бокам вылезе, папомніш маё слова,— прыгразіў Цыган.— Аб-ра-ка-даб-ра!..
   Трэба правучыць вешчую кавурку,—• сказаў Цыган, калі мы сабраліся сёння раніцай ля церамка.— Каб нос угору не задзіраў і ад сваіх даўгоў не ўцякаў. 3 выдатнікамі інакш нельга. Аб-ра-ка-даб-ра!
   Мне крыўдна было за брата, але я маўчаў. Маўчалі і ўсе астатнія: важаку пярэчыць нельга.
   Вядома, Шурка пакрыўдзіўся на мяне. Вечарам, калі я вярнуўся дадому і папрасіў яго памагчы адолець задачку з іксамі, ён нават у мой бок не глянуў. Потым сказаў:
   — Эх вы!.. Цыган хутка будзе ездзіць на вас верхам. Ён здзекуецца, а вы як вады ў рот набралі. Аматары паддаўкоў. I ты з імі заадно.
   — Я што, я нічога... Трэба было не прыносіць гармонік. Сам вінаваты.
   — Я вінаваты, я? — Шурка глядзеў на мяне, як на ворага.— А яшчэ родны брат.
   — Ты ж і мне гармоніка шкадуеш,— унікнуў я.
   — Шкаду-у-еш,— перадражніў Шурка.— Ды ў цябе да музыкі ні складу, ні ладу.
   — Добра, што ў цябе "склад"...
   Так мы і пасварыліся. А тое, што Шурка аж дрыжыць над сваім гармонікам,— факт. Я паспрабаваў паіграць аднойчы, дык ён на мяне каршуном наляцеў, аж маме давялося ўмяшацца. Праўда, я да гэтай ігры асаблівай ахвоты не маю, іншы раз проста цікава. Іншая справа — шашкі. Я гатовы гадзінамі сядзець за шашачнай дошкай. Тут і азарт, і хваляванне, і радасць перамогі...
   — У гэтым пісьме я прапаноўваю вешчай кавурцы мір.— Цыган узмахнуў белым канвертам ля самага майго носа,— запрашаю Шурачку да церамка. У дванаццаць нуль-нуль. Ты, Барыс, даставіш наша пасланне.
   — А можа, лепш... Мішка? — замяўся Ліпкін.— Ён жа брат...
   — Не, у мяне на гэты конт ёсць зусім іншы план,— выскаліўся Цыган.— Пад кодавай назвай "капкан". Вось дзе будзе смеху...
   Ліпкін пабег у вёску, а мы засталіся ля церамка.
   Сёння важак быў нейкі не падобны на самога сябе. I мне чамусьці не падабалася яго загадкавасць. Ён, напэўна, штосьці прыдумаў супраць майго брата і да пары да часу ўтойваў. Гэтае пісьмо, заява аб прымірэнні. Ды не такі Жоржык Казлоўскі прасцяк...
   — Пайшлі,— Цыган падняў угору кароткі дзяржак сапёрнай рыдлёўкі.
   Я ішоў па віхлястай сцяжынцы апошні. Сцежка вілася па крутым адхоне па-над шырокай лугавінай каля Вузлянкі. Кажуць, раней, гэтак гадоў дзвесце-трыста назад, гэты адхон, на якім цяпер разросся арэшнік, быў стромым, непрыступным берагам бязмежнай воднай прасторы.
   — Вось тут і спынімся,— сказаў Цыган, калі мы адышлі ад церамка з паўкіламетра.— Харошае месцейка, як па заказу.
   Справа, ледзьве не да самай сцежкі, падступаўся густы маліннік, а злева, крокаў на дваццаць уніз, абрываўся адхон, пакрыты бруднымі касмылямі рудой леташняй травы.
   Цыган агледзеўся, а потым убіў рыдлёўку ў зямлю.
   Праз якую хвіліну-другую на ўсю шырыню сцежкі з'явілася круглая ямінка. Мы глядзелі на Цыгана і чакалі, што будзе далей.
   Нарэшце ён разагнуўся і паклікаў мяне:
   — Давай, Мішунчык, пагрэйся... Хвалю, што не клюнуў на агітацыю братана. Ад імя нашай суполкі дзякуй.
   Я хутка змогся, спацеў, але не паказваў выгляду, не здаваўся.
   — Давай, Мішунчык, яшчэ крышку. Ты, можа, на калені стань, зручней будзе. Мая прамашка, трэба было ўзяць рыдлёўку з доўгай ручкай, а не сапёрную.
   Нарэшце прыбег Ліпкін.
   — Гарманіста знайшоў на ферме, ён памагаў маці паіць цялят. Перадаў пісьмо... Сказаў, што прыйдзе,— Ліпкін не мог адсапціся і хапаў паветра на поўны рот.
   — Цудоўненька! — сказаў Цыган і праспяваў: — "Я другой такой страны не знаю..."
   Ён выхапіў з маіх рук рыдлёўку, скочыў у ямку, берагі якой даставалі яму ўжо амаль да пояса, падраўняў дно, прытупнуў некалькі разоў сваімі аблезлымі кедамі і загадаў:
   — Ану, хілячкі, хуценька наламіце галінак і сухога лісця збярыце. Раз, два, тры!..
   Мы кінуліся выконваць загад.
   ... І вось мы ляжым у малінніку, маўчым, назіраем за Цыгановым "капканам": хто ў яго трапіць? Раптам да майго слыху даляцеў нейкі дрыготкі малінавы звон. Я прыслухаўся і пачуў ціхую мелодыю, што плыла, набліжалася, мацнела. Гэта іграў Шуркаў гармонік. Шурка набліжаўся да месца нашай? засады па сцяжынцы, на якой Цыган з нашай дапамогай замаскіраваў сваю пастку. I тут нарэшце да мяне дайшло! "Дык жа гэты "капкан" Цыган падрыхтаваў для Шуркі! I пісьмо з Ліпкіным падаслаў, каб у пастку заманіць..." Мне зрабілася горача, але я па-ранейшаму ляжаў "ніжэй травы, цішэй вады" і сачыў за сцяжынкай, суцяшаючы сябе тым, што Шурка заўважыць і абміне Цыганову пастку...
   Шурка ішоў спакваля, нібы заварожаны меладычнымі гукамі, і, напэўна, нічога не чуў і не бачыў, (што дзеецца наўкола. Брат іграў "Кацюшу" — сваю любімую песню:

"Расцветали яблони и груши,
Поплыли туманы над рекой..."

   Шурка паволі набліжаўся вузкай сцяжынкай да Цыгановай пасткі. Я добра бачыў братаў твар, непаслухмяны віхор бялявых валасоў, што смешна тырчаў на макаўцы, бачыў, як Шуркавы пальцы бегаюць па перламутравых гузіках. I быў як загіпнатызаваны. Я слухаў музыку і на нейкі момант забыўся, што мы ляжым у засадзе. Усё-такі хораша іграе Шурка...
   Побач суха і коратка трэснула, зашамацела, пачуўся здаўлены кашаль. Я азірнуўся і ўбачыў Цыгана, які давіўся смехам: яго прышчаваты твар аж пачырванеў ад натугі. Жоржык сядзеў на кукішках і ледзьве стрымліваўся, каб не зарагатаць.
   Нашы позіркі сустрэліся. Цыган падміргнуў мне, маўляў, чакай, зараз убачыш цуд несусветны... Такі настрой у яго з'яўляецца заўсёды, калі ён ездзіць верхам на кім-небудзь са сваіх даўжнікоў. Гэта для яго вунь якая радасць!
   Шурка спыніўся за два-тры крокі ад Цыгановай пасткі, паправіў левай рукой на правым плячы шырокі рэмень гармоніка, усміхнуўся самому сабе і шырока расцягнуў мяхі. Разам з першымі акордамі вясёлай песенькі Шурка рушыў наперад.
   Я не паспеў крыкнуць "стой", не паспеў папярэдзіць брата аб небяспецы. Я ўсё яшчэ спадзяваўся, што Шурка абміне яму... Але тонкія арэхавыя палачкі, прыкрытыя леташнім лісцем і жоўтым пяском, шуснулі пад Шуркавай нагой, ён упаў, гармонік вырваўся з рук, працяжна заенчыў і кульнуўся ўніз па крутым адхоне.
   — Абра-ка-даб-ра! Ха-ха-ха!
   Рагатаў Цыган, войкаў Ліпкін, смяялася ўся наша суполка. Яны пацяшаліся над маім братам. Толькі мне было не да смеху. Я падхапіўся са сваёй ляжанкі і кінуўся напралом праз маліннік. Я ўцякаў ад агіднага рогату нашага важака. У гэтых уцёках, здавалася мне, быў паратунак, маё збавенне ад пачуцця горкай віны і сораму: "Шурка не павінен бачыць мяне побач з Цыганом. Я не хаваўся ў засадзе, не капаў яму..."
   Ужо ў бярэзніку я раптам знячэўку зачапіўся наском чаравіка за непрыкметны пянёк і з усяго разгону паляцеў на замшэлы сухі дол, балюча тыцнуўся тварам у калючы верасовы куст.
   Праз колькі хвілін пачуў прыглушаныя галасы. Я прыўзняў галаву, пачаў углядацца ў той бок і праз вузкі прагал бярэзніку заўважыў знаёмыя абрысы нашага церамка, які здалёк нагадваў хатку бабы-ягі.
   Я ўскочыў на ногі і, прыгнуўшыся, сігануў убок да нізкарослага арэшніку.
   — Абракадабра! — зусім побач сказаў Цыган.
   Я прысеў на кукішкі, адчуваючы ва ўсім целе непрыемную здранцвеласць.
   Яны ішлі міма. Весела балабоніў Цыган, яго словы даляталі да мяне зумклівымі восамі.
   — I чаго гэта вы хвасты падціснулі? Нічога з ім не здарылася, прыкідваецца,.. Калі што — на Мішука звернем. А як ён даў лататы, вось дык смяхоцце... Для роднага брата яму выкапаў... Здорава я прыдумаў! Абракадабра!
   — Шурачок, мусіць, не прыкідваецца,— пачуў я пісклявы галасок Ліпкіна.— Вы пабеглі, а я паглядзеў. Сядзіць ля ямы і плача...
   — Плача? Так яму і трэба... Сам вінаваты, не будзе нос задзіраць. Ведаем мы гэтых пяцёрачнікаў...
   Галасы паступова заціхлі, а я счакаў якую хвіліну і напрасткі заспяшаўся да ракі, туды, дзе хаваўся ў засадзе. Я ўбачыў Шурку здалёк і, паспешліва звярнуўшы са сцяжынкі, схаваўся за куст арэшніку. "Што я скажу брату? Можа, лепш не паказвацца яму на вочы? Але ж чаго ён там? Не, з ім штосьці здарылася..." Перасіліўшы сваю разгубленасць, я выбраўся з-за куста і не зусім упэўнена пайшоў да Шуркі, які сядзеў узбоч сцежкі і, здаецца, быў безуважны да ўсяго навокал. Гармоніка ля яго не было, і гэта мяне яшчэ больш устрывожыла.
   — Шурка! — я паклікаў асцярожна.
   Ён нават не зварухнуўся, быццам не пачуў.
   — Дзе гармонік? — я абышоў Шурку збоку і зазірнуў яму ў твар.
   Шуркавы вочы, невідушчыя ад слёз, глядзелі міма мяне.
   — Шурка, чаго ты?! — я апусціўся на калені перад братам.— Гэта я — Мішка... Хіба ты не пазнаў?
   Нечакана слёзы сыпанулі з маіх вачэй.
   — Гэта я... я вінаваты,— слёзы перашкаджалі гаварыць.— Цыган загадаў капаць... Я не ведаў, што для цябе... Даруй, даруй...
   Я ўхапіў Шурку за руку, стараючыся прымусіць брата ачнуцца, сказаць хоць адно слова.
   — Я не паспеў папярэдзіць... думаў, ты абмінеш пастку. Я ненавіджу Цыгана... Шурка, ты чуеш мяне, чуеш?
   Я не стрымліваў слёз, спяшаўся выгаварыцца, нібы гэта была наша апошняя сустрэча.
   — Чаму ў нас так? ШЦ ж браты? Чаму я паслухаў Цыгана, а не цябе? Чаму? — з маіх грудзей вырваўся ні то крык, ні то стогн.
   I тут нашы позіркі сустрэліся. Я ўбачыў, што Шуркавы шэрыя вочы ажылі, заіскрыліся. Брат насцярожана глядзеў на мяне, як глядзяць на незнаёмца, калі сумняваюцца: можна яму даверыцца ці не?
   — Прынясі гармонік, ён там,— нарэшце вымавіў Шурка, кіўком галавы паказваючы проста перад сабой.
   — Я зараз!
   Шурка прыдзірліва аглядае гармонік з усіх бакоў, выцірае далонямі брудныя плямы пылу, здымае рудыя травінкі, што прыліплі да бліскучых металічных ражкоў, і ціха, амаль шэптам разважае:
   — Трапілі мы з табой у пастку... Прыдумаў недавярак, дакладна разлічыў...
   Я стаю побач, слухаю брата, які размаўляе з гармонікам, і адчуваю сябе самым апошнім нягоднікам.
   — Як ўсё хітра замаскіраваў... Каб брат брату яму капаў. У табліцы множання спатыкаецца, а тут...
   Шурка закідвае рэмень на правае плячо, нізка схіляецца над двума радамі белых гузікаў і паволі расцягвае мяхі. Ён услухоўваецца ў рознагалоссе гукаў, што вылятаюць з гармоніка, прабягае пальцамі зверху ўніз і знізу ўверх па ўсіх гузіках і толькі потым заспакоена кажа:
   — Бач, так гопнуўся аб зямлю, пад адхон куляўся, а іграе чыста...
   — Можа, дамоў пойдзем,— нясмела прапанаваў я.
   — Трэба ісці,— сказаў Шурка.— Але я падвярнуў нагу — баліць, не ступіць.
   — Давай памагу...
   Цяпер я гатовы выканаць любы загад Шуркі, гатовы пайсці за ім хоць на край свету.
   — Давай... Не чакаць жа, пакуль Цыган яшчэ адну пастку падрыхтуе. Памочнікаў у яго хапае...
   Шурка шчыльна сціснуў мяхі, зашпіліў на баках гармоніка чорныя раменьчыкі і сказаў:
   — Вазьмі гармонік на плячо, так будзе лягчэй... Вось так, правільна. А цяпер памажы падняцца. Асцярожна, не тузай...
   Шурка абхапіў правай рукой маю шыю, а я левай рукой абняў яго ў поясе, і мы пашкандыбалі дадому. Брат рабіў некалькі скачкоў на левай назе, і нам даводзілася зноў і зноў спыняцца, каб перадыхнуць. Я папраўляю на плячы рэмень гармоніка, Шурка ямчэй абхоплівае мяне за шыю, і мы паволі рухаемся ўгору па пясчанай сцяжынцы, што пралегла між густога малінніку.
   Калі мы ўзабраліся наверх, Шурка апусціўся на рудую, прыцярушаную шэрым пылам траву:
   — Ну вось... адолелі. Абракадабра праклятая...
   Я паставіў гармонік на зямлю і прысеў побач з Шуркам. Тут жа (і што за насланнё!) ледзьве не над самай маёй галавой пачуўся з'едлівы голас:
   — Салют, братанчыкі! А я ўжо не спадзяваўся знайсці вас... Абракадабра!
   Я ўвесь сцяўся, але не зварухнуўся, не расплюшчыў вочы. Як я ненавідзеў Цыгана ў гэты момант!
   — Выскаляка несусветны,— спакойна сказаў Шурка.— I адкуль у цябе столькі злосці?
   — Якая злосць?! — развёў рукамі Цыган.— Я проста пажартаваў. Ці ты жартаў не разумееш?
   — Ага, пажартаваў... I пастку замаскіраваў "па-добраму"...
   — Пастку? — яшчэ больш здзівіўся Жоржык.— Ты вось у Мішкі запытай... Ён лепш за мяне ведае... Хто з рыдлёўкай завіхаўся, хто арэшнік ламаў для маскіроўкі?.. Брат брату маніць не будзе, чыстай праўдай пачастуе... на талерачцы з ружовай каёмачкай... Мішка — смелы, з ім можна ісці ў разведку.
   Цыган сыпаў словамі, быццам гарохам з дзіравага мяшка. Я адчуваў, што ён проста так ад нас не адчэпіцца.
   — Абракадабра! — раптам крыкнуў я, адштурхнуў Цыгана і памчаў па краі адхона да бярэзніку.
   Я бег, адчуваючы ў нагах незвычайную лёгкасць. Нібы і не карабкаўся хвілін дзесяць-пятнаццаць назад па крутым схіле гары разам з братам Шурам, выбіваючыся з апошніх сіл. Уся мая крыўда і злосць на Цыгана скіравалася цяпер на церамок, з якім былі звязаны ўсе мае няшчасці і гэтая ганьба. Я з усяго разгону наляцеў на фанерную сцяну церамка, якая мацавалася на тонкіх бярозавых кійках і гнуткіх арэхавых прутах. Сцяна адразу рухнула, а потым паволі, амаль бясшумна асеў уніз толевы дах хліпкай Цыгановай пабудовы і накрыў мяне сабою.
   Я ляжаў, цяжка дыхаючы, але дзіўна — цяпер я быў спакойны, як ніколі.
   — Абракадабра! — сказаў я, падняўся і, не спяшаючыся, пайшоў назад, туды, дзе застаўся мой брат Шурка. Яму патрэбна была мая дапамога.