Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Мікола Мятліцкі - Я дрэву сказаў...

Кнопка отправить на печать

Я дрэву сказаў: як самотна табе
Гадамі на месцы нязрушна стаяць,
I гнуцца пад ветрамі хлёстка ў цяжбе,
I ў далечы толькі паглядам крыляць.

I дрэва сказала мне: іншых выгод
Напоўніцу маю без ліку я дзён.
Мне бачыцца сонца адзіны ўзыход,
I захад мне сонца адзіны відзён.

Няхай і прыкута пад небам стаю,
Ды ў глебе радзіннай мае карані.
Любіў бы ты гэтак радзіму сваю,
Не збег бы адгэтуль павек, не мані!

Быў тут бы заўсёдна, не ў свеце кружыў,
Прыняўшы вандроўца здарожаны лёс.
Любіў гарачэй бы і ўзрушней тужыў,
Не зведаў, магчыма б, чарнобыльскіх слёз.

Ты ў свеце, блукаючы, рушыў і сек,
Ля прорвы нябыту паўстаў на краю.
За твой над прыродай учынены здзек
Я ў атамным пекле сягоння стаю.

То вецер атрутны лісцё калыхне,
То промень пякучы усчнецца сляпіць.
Раз першы за век захацелася мне
Хоць некалькі крокаў ад зоны ступіць.



Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.