Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Матукоўскі - Амністыя

   Ці могуць быць бязмежнымі дабрыня, дараванне, літасць? З пункту гледжання хрысціянскай маралі дараваць патрэбна заўсёды. У той жа час дабро павінна ўмець абараніць сябе.
   У эпоху ваяўнічага атэізму грамадства паспрабавала выбудаваць свае крытэрыі гуманізму і дабраты. На жаль, гэтыя прынцыпы даволі шчыльна звязваліся з класавасцю, палітычнай падаплёкай. Дабро падлягала рэгламенту, партыйнай ацэнцы, дазіроўцы. Тое, што даравалася адным, ставілася ў віну іншым у залежнасці ад палітычнай кан'юнктуры. І ў гэтым сэнсе п'еса "Амністыя" можа служыць нядрэннай ілюстрацыяй маральнага стану грамадства 1970 гадоў.
   Дзеянне адбываецца на фабрыцы дзіцячых цацак. Здаецца, што тут, дзе нараджаюцца плюшавыя мядзведзі, лялькі з блакітнымі вачыма і вушастыя чабурашкі, не могуць працаваць дрэнныя людзі. Але высвятляецца, што можна заідэалагізаваць і забюракратызаваць і гэтую справу.
   Дырэктар, галоўны канструктар і галоўны мастак абмяркоўваюць прадукцыю фабрыкі:
   І з а б е л а. І зноў жа, Якаў Фаміч... Танк каштуе восем рублёў, цягач - пяць, пісталет-аўтамат - сем рублёў. Для плана, вядома, ідэальна.
   Я к а ў  Ф а м і ч. А што я магу зрабіць? Сабекошт, Ізабела Сямёнаўна, рэч упартая. Але ж мы апрача танка, цягача і аўтамата выпускаем больш за дзвесце відаў цацак. Гэта не так ужо і дрэнна!
   І з а б е л а. Але якіх цацак, Якаў Фаміч. Якіх? Дзесяць гадоў аднаго піянера штампуем!
   Б о ж а ш у т к а в а. Няпраўда! Няпраўда! Піянера мы асвоілі толькі летась. А да гэтага выпускалі акцябронка.
   І з а б е л а. Прытрымліваючыся вашай логікі, Рагнеда Іванаўна, у наступным годзе мы асвоім камсамольца, а затым...
   Я к а ў  Ф а м і ч. Не трэба так, Ізабела Сямёнаўна, не трэба. Гэта не робіць вам гонару.
   Лялечны акцябронак, піянер і... Гэта ўжо момант згушчэння сатырычных фарбаў, пачатак гратэскавасці. Але гратэскавасці, настоенай на жыццёвай прозе.
   У п'есе з'яўляецца персанаж, падобны на няўдалую, бракаваную цацку, якую брыдка ўзяць у рукі. Імя гэтага персанажа - Салавейчык. У нечым гэты персанаж нагадвае "прыроднага чалавека", якога ў свой час апісвалі заходнееўрапейскія аўтары. Ён дзейнічае ў адпаведнасці з сваімі інстынктамі. Дыяпазон жаданняў Салавейчыка не надта каб разнастайны: напіцца, паскандаліць, пабіцца, завесці раман з якой-небудзь маладзіцай.
   "Прыроднаму чалавеку" заўжды процістаіць грамадская мараль, закон, і ён павінен або стрымліваць свае інстынкты, або ісці на канфлікт з грамадствам.
   Салавейчык жа ўламіўся з сякерай у чужую кватэру, збіў гаспадара, пакалечыў дзяўчыну на пляжы... І толькі тады, калі яму стала пагражаць турма, яго кінуліся ратаваць адміністрацыя завода, прафкам, "грамадскасць" і "рабочы клас" у асобах сабутыльнікаў. Дэгенерата апраўдваюць, "выхоўваюць", лагодна ушчуваюць, выпісваюць прэмію і выпраўляюць на адпачынак да мора. Пацярпелыя ж ад Салавейчыка выстаўляюцца на смех.
   Казённая дабрачыннасць набывае, такім чынам, перабольшаныя, гратэскавыя формы. Не перабольшвае драматург тады, калі высвятляе прычыны гэтага дзіўнага, перакручанага гуманізму.
   Паслухаем, што чытае па загадзя падрыхтаванай паперцы Салавейчык на таварыскім судзе:
   С а л а в е й ч ы к. Бацька мой - прадстаўнік слаўнага рабочага класа. Маці таксама работніца. Сам я член прафсаюза, член ДТСААФ і таварыства Крыжа і Паўмесяца. Чырвонага Крыжа і Паўмесяца. Я ганаруся тым, што мне выпала шчасце працаваць на прадпрыемстве, якое змагаецца за званне калектыву камуністычнай працы! Я ганаруся, што жыву сярод такіх цудоўных людзей, як таварыш Кічкайла, як таварыш Таратута, як таварыш Гусельнікава, як (паглядзеўшы на Божашуткаву) Рагнеда Іванаўна. Гэта сапраўдныя будаўнікі камунізму.
   У той час у кожным падручніку па грамадазнаўству можна было прачытаць пра тое, што ў савецкім грамадстве рабочы клас займае прывілеяванае становішча. Паходжанне "ад станка" або плуга, партбілет у кішэні выконвалі ролю свайго роду індульгенцыі. Грамадства дзялілася на людзей рознага гатунку. Салавейчык адразу ўцяміў гэту акалічнасць сваім "класавым" інстынктам.
   Атрымаўшы "амністыю", "траянскі конь", як яго назвала Ізабела, канчаткова паверыў ва ўсемагутнасць класавага паходжання. Схапіўшы па фізіяноміі ад дзяўчыны, якую паспрабаваў "палапаць", Салавейчык абураецца: "Ты на каго замахнулася? На каго руку ўзняла? На яго вялікасць рабочы клас? На гегемона? А ты ведаеш, што я з цябе зараз зраблю?.. Блін! Мокрае месца! І нічога мне за гэта не будзе! Таму што я, я... праізвадзіцель матэрыяльных каштоўнасцей!".
   Апагею гэтая дэмагогія, пазычаная з падручніка па палітграмаце, дасягае ў фінале твора; люмпен, якому пагражае "неба ў клетачку", звяртаецца да яе, як да апошняй зброі:
   С а л а в е й ч ы к. Што ж гэта выходзіць? Навошта ж мы рэвалюцыю Кастрычніцкую рабілі? Кроў сваю пралівалі? Каб такія, як вы, здзекаваліся цяпер з рабочага класа? Не выйдзе, таварыш дырэктар, не атрымаецца! Рабочыя вам забастоўку аб'явяць, на дэманстрацыю выйдуць і скажуць - рукі прэч ад Салавейчыка! За мяне гарой прафсаюз стане!.
   Гуманізм сапраўдны і паказны, адрозненне і супярэчнасці паміж імі - вось канфліктная аснова твора. Ваяўнічы "носьбіт" казённага "дабра" Рагнеда Божашуткава. Яе сентэнцыі аўтар перадае ў непрыхавана саркастычнай, здзекліва-гратэскавай абгортцы. Божашуткава не толькі гарой стаіць за гегемона Салавейчыка. Яна спрабуе "выпраўляць норавы" ў калектыве. Як у яе гэта атрымліваецца, бачна з наступнага дыялогу паміж ёю і дырэктарам фабрыкі. Абмяркоўваюцца паводзіны Ізабелы, галоўнага мастака:
   Б о ж а ш у т к а в а. Яна ўвесь калектыў рэжа, Якаў Фаміч!
   Я к а ў  Ф а м і ч. Якім чынам?
   Б о ж а ш у т к а в а. Ці бачылі вы, у якой спадніцы яна ходзіць па фабрыцы. Увойдзе ў цэх - уся работа спыняецца. Усе мужчыны ад семнаццаці да шасцідзесяці на яе спадніцу вочы вылупліваюць. Больш правільна - не на спадніцу, а на яе ногі. На калені!
   Я к а ў  Ф а м і ч. Прыгожыя ногі, таму і глядзяць. Не разумею, якая ў гэтым крамола? Жаночае цела спакон вякоў лічылася ідэалам прыгажосці і наогул усялякай гармоніі...
   Б о ж а ш у т к а в а. Няхай яны гэтай гармоніяй у музеях цешацца. Там усе статуі ў касцюмах Адама і Евы. А на вытворчасці, Якаў Фаміч...
   Я к а ў  Ф а м і ч. Няўжо вы хочаце, Рагнеда Іванаўна, каб я яшчэ жаночымі спадніцамі займаўся, нарматывы ўводзіў - каму насіць ніжэй калена, а каму вышэй? Жанчына ёсць жанчына!
   Б о ж а ш у т к а в а. Яна не жанчына!
   Я к а ў  Ф а м і ч. А калі дзяўчына - тым больш!..
   Б о ж а ш у т к а в а. Яна не жанчына і не дзяўчына. Яна член партыі!
   Партыйная дысцыпліна і даўжыня спадніцы - такое спалучэнне выглядае абсурдным. Аўтар ужывае адну з формаў "чорнага гумару", даводзіць да нонсэнсу выказванні гераіні, з тым, каб падкрэсліць агульную недарэчнасць з'явы.
   Гэта сведчыць пра арыентацыю аўтара на ўмоўнасць, згушчэнне сатырычных фарбаў. Твор "Амністыя" - не фантасмагорыя, у ёй няма звышнатуральных падзе, але ёсць неверагодныя, парадаксальныя сітуацыі, прысутнічае эксцэнтрыка.
   Ужыванне такога кшталту прыёмаў патрабуе надзвычайнай выверанасці, далікатнасці. Некаторыя драматургічныя рашэнні падаюцца досыць просталінейнымі.
   Напрыклад, смерць дырэктара фабрыкі - ён павінен "проста памерці" падчас размовы з настырнай кантралёршай Ягадкай, на вачах у здзіўленага гледача. Дырэктарскае месца зойме мастачка, Салавейчыка пасадзяць у турму, Божашуткава пакаецца і назаве сябе "дурной бабай"... Развязка выглядае штучнай, развянчанне антыгероя адбываецца "сілавым" шляхам. Спрошчанасцю выглядае ўжыванне аўтарам "гаворачых імёнаў".
   Камедыя "Амністыя" мае асобныя прыкметы і прыёмы новага драматургічнага стылю, звязанага з інтэлектуалізацыяй, пошукам адмысловых сродкаў сцэнічнай умоўнасці. Гэты пошук працягваецца ў адной з самых папулярных п'ес Міколы Матукоўскага - камедыі "Мудрамер".

Похожие статьи:

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Бездань

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Паядынак

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Мудрамер

СачыненніСатырычная камедыя М. Матукоўскага "Амністыя"

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Мудрамер. Аналіз твора