Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Гусоўскі - Песня пра зубра. ГДЗ

   1. Адзначце, якія факты з біяграфіі М. Гусоўскага ляглі ў аснову паэмы «Песня пра зубра». Як атмасфера Вечнага горада паўплывала на фарміраванне светапогляду паэта?

   «Песня пра зубра» – гэта крыніца нашых ведаў пра біяграфію Міколы Гусоўскага, паэма яго жыцця. Лічыцца, што ён нарадзіўся ў сям’і княжацкага паляўнічага каля 1480 года. Па яго ж уласных сведчаннях у тэксце самой паэмы, паходзіў з беларускіх зямель былога Вялікага Княства Літоўскага; верагодна, з мястэчка ці вёскі з назваю Гусава, Усава ці Уса, якіх і цяпер шмат у нашым краі. Адсюль, відаць, прозвішча паэта – Гусоўскі. Выказваюцца меркаванні, што краем юнацтва паэта маглі быць Наднямонне ці Прыдняпроўе або Белавежская пушча. У «Песні...» двойчы ўпамінаецца «Дняпра паўнаводная строма», якую, як прызнаецца аўтар, ён у маладыя гады неаднойчы «пераплываў з канём у пагоні за зверам». З радкоў паэмы мы даведваемся, што з дзіцячых гадоў бацька прывучаў Міколу да паляўнічай справы. Таму так прафесійна расказвае ён пра паляванне на зубра, яго павадкі, пра абавязкі і паводзіны ўдзельнікаў ловаў. Пачатковую адукацыю Мікола мог атрымаць на радзіме. Пазней разам з бацькам часта перабіраецца з месца на месца і, найбольш верагодна, што працягвае навучанне ў Вільні. Затым – набываў веды ў навучальных установах Польшчы, Італіі. Дапытлівага сына паляўнічага прыкмеціў сакратар велікакняжацкай канцылярыі Эразм Цёлак (Вітэліус), які зрабіў Міколу дарадцам у дыпламатычнай дзейнасці. Дакладна вядома, што ў 1518 годзе М. Гусоўскі суправаджаў Вітэліуса ў пасольскай місіі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, якая прыбыла ў Рым. Задачай пасольства было пераканаць Папу Льва X Медычы ў неабходнасці стварэння кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў супраць Турцыі і Крымскага ханства, якія пагражалі бяспецы ўсёй Еўропы.
   Рымскі перыяд творчасці Гусоўскага быў найбольш плённы і вызначальны. У гэтай «калысцы Адраджэння», цэнтры самай высокай і перадавой на той час культуры, сфарміравалася творчая індывідуальнасць М. Гусоўскага як мастака. У 1522 годзе ў далёкім Рыме наш славуты зямляк М. Гусоўскі і стварыў на лацінскай мове сваю неўміручую «Песню пра зубра».

   2. Якой ідэяй прасякнута «Песня пра зубра»? У чым вы бачыце мастацкую значнасць гэтага твора?

   У паэме выразна паказаны патрыятычны заклік да яднання і сяброўства розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне свабоднай і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас, узаемадачынення чалавека, грамадства і прыроды, міждзяржаўныя адносіны.

   3. Як намаляваны вобраз зубра ў паэме? Дайце характарыстыку зубра, падмацоўваючы свой адказ цытатамі з твора.

   Цэнтральным героем “Песні…” з’яўляецца зубр:


Вось ён - бізон наш, што ў нас называецца зубрам!
Масці паджарай, як мешанка, бурай і чорнай,
Быццам з вякоў у вякі пераходзіў праз горны
І гартаваўся, сабраўшы адценні стагоддзяў.


   Мікола Гусоўскі, расказваючы пра зубра, услаўляе яго прыгажосць, постаць, магутнасць, сілу, яго веліч над усімі астатнімі жыхарамі лесу.


Лютасцю больш небяспечны, чым люты драпежнік,
Зубр для людзей не страшны, не чапай – не зачэпіць,

Будзе стаяць як укопаны– пастыр на варце,
Не страпянецца, а позіркам пасціць няспынна…

Смелы, і ў гэтым няма яму роўнага зверу
Ў свеце жывёльным пушчанскага краю…


   Асновай твора з'яўляецца сутыкненне паміж зубрам і людзьмі, паляванне на зубра. Жывёла з усіх сіл імкнецца выжыць, уся душа зубра напоўнена нянавісцю да тых, хто захацеў яе пакрыўдзіць, хто замахнуўся на яе незалежнасць і жыццё. Звер з апошніх намаганняў імкнецца адпомсціць за свае раны, за кроў.

   Зубр у паэме з’яўляецца своеасаблівай эмблемай Радзімы паэта – Вялікага Княства Літоўскага, яго даўняй магутнасці і багацці. У вобразе зубра Мікола Гусоўскі паказаў беларускі народ. Нораў зубра – хіба гэта не адметны характар беларуса: моцны, непакорны, міралюбівы, спакойны, незвычайна добры. І, наадварот, калі ён абараняецца ад тых, хто ідзе на яго з мячом, то паўстае страшным, бязлітасным, помсцячым ворагам «і за кроў, і за раны, і за парушанае мірнае жыццё».


Страшная прагнасць у звера адпомсціць, сквітацца
З ворагамі сілай сваёй і за кроў, і за раны…


   Ачалавечванне зубра відаць ва ўсім, нават калі паэт засяроджвае ўвагу на паводзінах зубрынага статка. Ухваліўшы гарманічныя адносіны ў зубрынай сям’і, аўтар пераносіць іх на паводзіны ў людскіх сем’ях, заклікае людзей да гуманных узаемадачыненняў.


Вернасць у парах зубрыных адной толькі смерцю
Можа парушыцца: скажам, самца забадалі –
І аўдавелая матка вяртаецца ў статак…


   Безліч радкоў прысвячае паэт незвычайнасці і яркасці самога абраду палявання на зубра. Падрабязна і дэталёва ён апісвае тое, як спачатку заганяюць зубра ў загон, як на яго сыплецца цэлы град стрэл і коп’яў, як раз’юшаны звер гатовы крушыць і ламаць, зносіць усё на сваім шляху, «як лавіна з гары». Дужы зубр, «пушчаў жыхар», паводзіць сябе ваяўніча, нястрымна, дзіка:


Грозны і страшны цяпер гэты лясны велікан
Гневам напяты ўвесь, шыбуе праз пні і калоды,
Прагнучы, як наталіць ярасць крывёю ахвяр.


   Адна з самых драматычных старонак паэмы – сцэна смерці зубра, дзе гучаць словы-прысуд жорсткасці і бесчалавечнасці:


Смерцю маёй пацяшацца сышліся? Чакайце ж,
Я пакажу вам забойства – вякі не забудуць!
З храпам набраўшы паветра, разявіўшы пашчу,
Рыкам усіх аглушыў, скалануў наваколле...
Тыцнуўся ў снег і прыкленчыў, нібы пакланіўся
Шумнай дуброве: «Даруй, мая родная, ўсё мне».


   4. Як у паэме раскрываецца тэма вайны і міру? Якія падзеі тагачаснай гісторыі выклікалі з’яўленне ў ёй антываеннай тэмы?

   Антываенная накіраванасць, гуманістычны пафас паэмы робяць яе надзвычай сучаснай. Як і аўтар неўміручай песні Старажытнай Русі «Слова пра паход Ігаравы», М. Гусоўскі бачыць прычыны аслаблення дзяржавы ў дэспатызме князёў, міжусобных войнах: «І ад сваіх міжусобіц мы ўсе не дужэем»; «Б’юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы». Гора і пакуты нясуць простаму люду войны. М. Гусоўскі асуджае іх як сродак адносін паміж людзьмі: «Войны. Злачынная справа – вайна выклікае мой гнеў, і слёзы, і боль...». Надзённа гучыць яго гуманістычны заклік: «Спынім забойствы!» У заключнай малітве-звароце да Маці Боскай паэт просіць міру, ладу і шчасця для сваёй шматпакутнай краіны. Тут прачытваецца і традыцыйнае, хрысціянскае тлумачэнне вобраза (зварот да Дзевы Марыі як да «першай заступніцы люду»), і разам з тым створаны вельмі блізкі зямному чалавеку жыццёвы вобраз маці, якая мае сыноў і дачок на беларускай зямлі і таму шкадуе іх:


Знаю, што ты міласэрная, добрая маці –
Ты мне даруеш, і тут я з васковаю свечкай
Перад табою, святой Багародзіцай, кленчу...
О, заступіся за нас! Праз любоў к Чалавеку
Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў
Першай заступніцай люду, і ты заступіся!
Як птушаняты ў нягоду пад матчына крылле,
Так пад тваю абарону і мы прыбягаем...
Ты – наша маці-заступніца, мы – твае дзеці,
Крыўдзяць, цкуюць нас і ганьбяць – утры нашы слёзы.
О міласэрная ўцешніца, Дзева Марыя,
Не пакідай нас, прымі нашу скаргу-малітву.


   Мікола Гусоўскі ў вырашэнні тэмы вайны і міру выступае прадаўжальнікам вялікай традыцыі, якая складае ідэйны стрыжань старажытнарускіх і беларуска-літоўскіх летапісаў, усходнеславянскай паэмы «Слова пра паход Ігаравы» і арыгінальнага твора мясцовай агіяграфіі «Жыціе Барыса і Глеба». Твор вучыць нас любові і пашане да роднай зямлі, свайго народа, любові і павазе да іншых народаў, заклікае весці няспынную барацьбу за мір.

   5. Чаму ў паэме аўтар вяртаецца ў мінулае, у перыяд княжання Вітаўта? Што супадае ў характарыстыцы князя Вітаўта ў паэме М. Гусоўскага і ва ўрыўку («Пахвала Вітаўту») з «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх»? Пацвердзіце свой адказ вытрымкамі з тэкстаў.

   Зварот аўтара да вобраза Вітаўта абумоўлены вераю ў тое, што «толькі такі гаспадар, як Вітаўт, мог бы вярнуць яго Радзіме былую славу і веліч».
   Калі параўнаць апісанне Вітаўта ва ўрыўку «Песні пра зубра» і ў «Пахвале Вітаўту», то можна адзначыць, што невядомы аўтар вельмі эмацыянальна выказвае ўдзячнасць вялікаму князю за яго стваральную дзейнасць. I гэта яднае абодва творы, таму што у «Песні пра зубра» Мікалай Гусоўскі раскрывае і ўсхваляе мудрую палітыку і ўпраўленне Вітаўта.
   Аб'ядноўвае творы і высокая ацэнка мірнаці, сілы і храбрасці Вітаўта. Розняцца творы выкладам матэрыялу. У творы: «Пахвала Вітаўту» аўтар раскрывае тэму ў традыцыйнай для эпохі Сярэднявечча манеры: першая частка – хвала Богу, асноўная частка – услаўленне мудрасці і велічы князя. Вобраз Вітаўта, створаны Гусоўскім, адпавядае традыцыям эпохі Адраджэння. Аўтар звяртаецца да гісторыі, каб паказаць, што толькі герой такога кшталту здольны адрадзіць веліч і славу Радзімы і менавіта гэтай пазіцыі характарызуе героя.

   6. Якія праблемы, узнятыя паэтам, з’яўляюцца актуальнымі і для нашага часу?

   Можна сказаць што многія праблемы, узнятыя аўтарам у паэме актуальныя і ў наш час. Гэта і тэма патрыятызму, яднанне і сяброўства розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў, услаўленне свабоднай і мужнай асобы, антываенны пафас, узаемадачынення чалавека, грамадства і прыроды, міждзяржаўныя адносіны.

   7. Што падштурхнула Я. Семяжона да аднаўлення паэмы па-беларуску? Якімі прынцыпамі мастацкага перакладу ён кіраваўся?

   Пераклад «Песні...» на беларускую мову зроблены Я. Семяжонам (1969; 1980 – новая рэдакцыя).. Такім чынам, як сцвярджае перакладчык, ён імкнуўся паказаць, што «пад вонкавай абалонкай чужога слова павінна пульсаваць жывая крывінка твайго роднага, пад сціплым вобразам аб’ёмнай і эканомнай латыні – шырыня і прастор, гнуткасць і дасканалая распрацаванасць мовы тваіх продкаў». Працуючы над аднаўленнем паэмы па-беларуску, Я. Семяжон імкнуўся, наколькі гэта было ў яго магчымасцях, быць верным арыгіналу – яго слову і зместу, але літаральна верным толькі там, дзе такая адэкватнасць па духу і даслоўнай адпаведнасці не шкодзіла мастацкаму ўзнаўленню твора ў цэлым і адпавядала натуральнаму гучанню беларускага верша. Улічваючы інтарэсы масавага чытача, Я. Семяжон стараўся прытрымлівацца аднаго з найважнейшых прынцыпаў школы мастацкага перакладу: перакладаць не толькі словы, але і тое, што стаіць за гэтымі словамі (падчас у падтэксце!), – ідэі і пачуцці, манеру іх выказвання, а месцамі нават і тое, што «прачытвалася» па-за радкамі, дзеля чаго гэты твор быў напісаны. Гэта не значыць, аднак, што перакладчык адвольна дапісваў твор за аўтара. Ён усяго толькі расстаўляў акцэнты там, дзе аўтар, у меру сваіх абмежаваных магчымасцей, вымушаны быў гаварыць шэптам ці толькі намёкамі.

   8. Што яднае М. Гусоўскага і Ф. Скарыну? Ахарактарызуйце значэнне творчасці М. Гусоўскага ў агульнаеўрапейскім кантэксце.

   Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі – буйныя дзеячы эпохі Адраджэння. У творах Ф. Скарыны і М. Гусоўскага раскрываюцца ідэі і характар новага чалавека эпохі Адраджэння. Тое што ствараў і выдаў Скарына, засталося ў спадчыну не толькі беларускім “людзям паспалітым к добраму навучэнню”, а і ўсім усходнім славянам. І тое, што пакінуў са сваёй літаратурнай спадчыны беларус па паходжанні М. Гусоўскі, таксама належыць усім усходнім славянам у такой жа меры, як і лепшыя здабыткі сусветнай літаратуры – усяму свету. Яго творы – гэта сапраўднае мастацтва, пабуждальнай сілай якога з’яўляюцца гуманныя ідэалы, здольна ўзбагачаць чалавецтва маральнымі і духоўнымі каштоўнасцямі. Гуманістычная канцэпцыя “Песні…” складае глыбінны падмурак усёй мастацкай тканіны твора. Тэма гуманізму, веры ў чалавека і яго высокае прызначэнне на зямлі “як бы прарастае першым семем на некранутым полі” праз карціны трагедыі і пакут цэлых народаў. Вобраз зубра ўспрымаецца як поўны глыбокага сэнсу сімвал цэлай краіны, якую пісьменнік паставіў за мэту дастойна адкрыць Заходняй Еўропе. На прыкладзе суровых выпрабаванняў, што выпалі на долю радзімы паэта, павінны былі на яго думку ўскалыхнуць “свет хрысціянства” і з’яднаць яго для адпору агульнаму ворагу.

   Гукамі сусветна прызнанай латыні Гусоўскаму-лірніку ўдалося пачаць патрыятычны спеў пра родную зямлю і яе прыгажосць, пра гераічнае мінулае і легендарных асоб, пра зубра-волата і веліч народа. Музыка беларускіх пушчаў на ўсю моц загучала ў палацах адукаванага еўрапейскага слухача, пераконваючы яго ў найвышэйшай гуманістычнай ідэі першакаштоўнасці ўсяго жывога на свеце. Гэтак мог гаварыць толькі Чалавек Адраджэння. І менавіта такім быў М. Гусоўскі. Ён спадзяваўся ўвесці беларускае жыццё і гісторыю ў пантэон гуманістычнай культуры Еўропы. Ідучы з розных кірункаў, ужываючы розныя сродкі, абодва гуманісты, паэт і вучоны-першадрукар, выконвалі тую самую цывілізатарскую і патрыятычную місію.

   9. Калі б вам давялося ствараць карту «Шляхамі М. Гусоўскага», якія мясціны вы б на ёй адзначылі? Адказ абгрунтуйце.

   Вёска Гусава – прыкладнае месца нараджэння паэта.
   Наднямонне ці Прыдняпроўе або Белавежская пушча – прайшло юнацтва паэта.
   Вільня – тут Гусоўскі навучаўся.
   Рым – знаходзіўся ў складзе пасольскай місіі.
   Кракаў – тут аўтар друкуе “Песню…” пры сакратара каралевы Боны Людовіка Альфія.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБеларускі гуманіст

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Песня пра зубра. Аналіз паэмы

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы...)

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Песня пра зубра

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай...)