Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Танк - Ля гэтых сосен

Кнопка отправить на печать

Ля гэтых сосен нельга не спяваць.
Нібы ахопленыя полымем пажару,
Яны, чырванастволыя, шумяць,

Калышучы вяршаліны, як хмары.
Гуллівыя, густыя, ад якіх
Не знае цішыні – спакою Нарач.

Ля гэтых сосен цяглых, векавых
Не ўспомніць нельга грозных дзён мінулых
I партызанскіх вогнішчаў і тых,
Чые курганы слава ахінула.
Яшчэ і сёння з кожнага ствала
Смала слязіцца, дзе ўпілася куля.

Ля гэтых сосен маладосць прайшла,
I я ў дні вераснёвыя свабоду
Сустрэў тут, ля рыбацкага сяла.

Таму мне дорагі яны заўсёды,
I ў сэрцы. Знаю, іх вясенні шум
Ніякая не згасіць непагода.

Ля гэтых сосен я табе пішу,
Яны шумяць пад сонечным блакітам.
Калі не мне, дык ім, цябе прашу,
Як некалі, хоць песняй адкажы ты!..

1952