Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Танк - Казка пра мядзведзя

Кнопка отправить на печать

Пад шэрую восень, пад верасень месяц,
задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе.
I кажа сватам:

– Мне шукайце пасагу;

зіму зімаваць – трэба мёду і брагі.
A у мяне ні каня, ні гароду;
падушка – і тая з альховай калоды.
За лета снапа мне нажаць не прышлося, –
то пчол даглядаў, то гнуў дугі, палоззе.
Няхай сабе будзе няважная жонка, –
каб толькі я выжыў зіму пад сасонкай... –

Хадзілі сваты ад Мядзведзя па лесе –
ўсё дзеўкі шукалі праз верасень месяц.
Хадзілі яны ў Белавеж да Зубрышкі,
да Зайцавых дзевак, былі і ў Казлішкі.
Там ветліва важных гасцей прынімалі,
крынічнай вадой, мурагом частавалі;
стараліся ўсе ім у пояс хіліцца –
сваты былі важныя – Воўк ды Лісіца!
Калі што не так, дык патрапілі-б самі
пагладзіць, дзе трэба, памацаць зубамі...
Эх, важныя дзеўкі, былі-б гаспадыні,
каб мелі каўбасаў, курэй, саланіны.
Нашто і шукаць-бы што недзе другое, –
было-б для Мядзведзя жыццё залатое.
А то у Зайчышкі пасаг – руні жыта,
зімой – зледзянеўшая ў полі ракіта!
У Казлішкі зялёны дзядзеўнік ў імшарах,
падушкі з пуховак, асоту гушчары.
A у Зубрышкі па ўсёй Белавежы
не злічыш стагоў непачатых і свежых...
Ды што з іх сватам і Мядзведзю сівому, –
язык намазоліш, нагоніш аскому.

Пачулі сваты – ёсць пад Нараччу дзеўка:
у лесе сасновым паджарая Белка,
такая вясёлая, з песнямі, з смехам,
збірае з ляшчэўніку толькі арэхі.
Насыпала поўныя куфры, як лёду,
раскусіш – як сонца, зярняты – як з мёду.
Сказалі Мядзведзю:

– Ёсць дзеўка з пасагам!.. –

Прыбраўся Кудлаты у боты, ў сярмягу;
кашулю уздзеў, што злупіў у Міколы,
як той бараніў ад яго калісь пчолы;
пояс ліповы і кій сукаваты, –
выбраўся з світай Мядзведзь наш у сваты...

Такое вяселле магло толькі хіба
быць там, дзе ёсць Нарач, бор цёмны ды рыба.
Ігралі ў цымбалы шаршні і асвянкі,
ігралі дзень цэлы да самай заранкі;
а ў цёмным ягодніку з Цецерукамі
ў тахт Дзятлы у бубны лупілі насамі,
і з вёскі далёкай, дзе жытнія гоні,
Пятух памагаў на чырвонай гармоні.
«Лявоніху» ёмка скакала Лісіца, –
як ветрам, як жоўтым, шумела спадніца.
Аж вышаў Мядзведзь, топнуў левай ды правай,
пайшоў прысядаць – замігцелі рукавы.
Скакаць-бы ён мог так дзён пяць ці мо’ дзесяць –
адно толькі боты стапталіся ў лесе;
ды на’т і ў мяне там знасіліся лапці...
На трэцюю ноч пачалі раз’язджацца.

Памалу прайшоў ціхі верасень месяц.
Ляжыць, пажывае Мядзведзь ў цёмным лесе,
дзе глуш, ды сасновае шумнае рэха,
а Белачка носіць ваду і арэхі.
Насыпле Мядзведзь іх у ступу, як лёду,
а зверху бабухне дубовай калодай!
Наесца і спіць у сваім у палацы, –
на’т слухаць не хоча, хто кажа аб працы.
Пражыў генералам нямала так часу,
пакуль нехапіла у Белкі прыпасаў.
Ляжыць і раве ён, ледзь бор не аглохне:
– Ой, мусіць, я хутка не выжыву, здохну! –
Лячыла Мядзведзя Варона-Шаптуха
і Дзяцел пастуківаў трубкай у вуха,
і банкі на пяты стаўляла Сарока,
кампрэсы яму прыкладала пад бокам...
Ды што ні рабілі – ўсё не памагала.
Шмат вылізаў лекаў – гусіны і сала...
Ды што тыя лекі, калі наш Кудлаты
з’еў двух дактароў з Белавежы лычатых...
Хадзіў тады блізка Цыган хітры недзе,
Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзведзя
і кажа:

– Ты, бацю, не слухай нікога,

Цыган табе зелля парадзіць другога.
Відаць, ты не можаш ні сесці, ні легчы,
не можаш, мой баценька, мала ты есці! –
Дзе ў лесе дарога а з боку паляна,
лячыў Цыган брагай-сівухай да рана;
яшчэ паіў зеллем салодкім, як мёдам,
спаіўшы, Мядзведзя прыкуў да калоды,
а после усыпаў бярозавай кашы,
павёў яго цешыць людзей па кірмашах.
Перш доўга Мядзведзь касурыўся ды охаў,
а после зрабіўся такім скамарохам!
Дзе толькі ні прыдзе пад хаты крывыя –
злятаюцца дзеці, дзяўчаты, старыя,
прыносяць салодкага мёду, арэхаў, –
а ён дявядзе аж да слёз і да смеху.
Смяюцца і дзеці, і куры, і коні,
як ён у шарахаўкі звонкія звоніць;
смяюцца асверы, і стрэхі, і хаты,
як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.
Здаецца, няпраўда, што людзі гавораць,
што быў ён жанаты, што быў калісь хворым...
А Белачка там, дзе ёсць пушча густая,
ў сасновыя куфры арэхі збірае
і добра хавае, каб часам мядзведзі
іх не знайшлі і вясковыя дзеці,   
і чорнымі зорка пільнуе вачыма,
і лускае іх у сцюдзёныя зімы.

А там, за сасновым за лесам, за борам,
ах, золатам сінім іграюць азёры!
А глянеш навокал – такая краіна:
дзе ступіш – то рэха, то казка, быліна...
Ёсць праўда і сумных нямала, без ліку,
але мы іх лепей пакінем вялікім.
А вам, мае братцы, з вачыма, як золак,
аддам усе дзівы тых казак вясёлых.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!