Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Гарэцкі - Чарнічка

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест


   Над пахмураю, мокраю зямлёю павісла шэра-цёмнае, нуднае восеньскае неба.
   Пустая вуліца маўчыць. Людзі, калі ўдварэ, дык сядзяць па хатах. I коні ў пуні, бо ў полі зямля замерзла, і толькі сёння троху адтала і пакрылася ліпкаю гразёю. А ў лагчынах яшчэ бялеецца, па лагу і блізка лесу, рэдкі снегавы налёт.
   Смутна гудзіць абголены гай на ўзгорку. У незахістанай ані сувалкаю, ані чым на зіму плятнёвай пуні рыкае карова.
   Ля аднаго двара, прывязаны да банькі ў шуле, стаіць запрэжаны ў «бяду» ціхі і спакойны гняды конь. Спусціў ён галаву, звесіў вушы і не есць. Жмуток балотнага сена сіратліва рассыпаецца перад ім па ветру. На «бядзе», на пажоўклай сухой гарохвіне, нейкі мех, запэцканая, закачаная торба і рыжае, аржавае сена гнядому каню.
   У невялічкае, з беднымі балонкамі вакенца часта пазірае з хаты на свайго коніка чарнявая маладзенькая манашка...
 

* * *

   Іх дзве. Паслалі іх з манастыра збіраць па вёсках восеньскую каляду.
   У гэтай папрасілі яны абедаць. Разагрэліся.
   Старэйшая, васпаватая, курносая, утупіла вочы ў стол і не ўзнімае іх з-пад чорнае наміткі. Слабенькая ружовая краска рэдзенька выступіла ў яе кропкамі і жылкамі на шчоках там, дзе ягадкі. Лыжку па лыжцы нясе яна паціху варыва і падстаўляе кусанік акуратна, каб не было капак на стале.
   Маладзейшая – смялей, Расчырванелася за ядою, з-пад змятае, злінялае намітачкі выбілася чорная жменька валасоў. Вусны пухлы і чырвоны. Зняцейку яна сарамліва ўскіне часам чорныя бліскучыя вочы на маладога хлопца і зноў патупіцца.
   У хаце старых няма, разышліся. Толькі хлопец на лаўцы ды залоўка яго на запечку корміць дзіця, не саромліва, а з правам маці, разгарнуўшы цьмяна-белыя грудзі.
   «Як ён пільна ўзіраецца на мяне, мірскі чалавек! То ж на запечку, мусіць, не сястра яго, а жонка», – думаецца маладой манашцы.
   А ён спакваля круціў цыгарку і пачаў агонь выкрасаць. I няможна было зразумець, ці смяяўся ён, смех хаваючы, ці думаў пра што сваё.
   «Насмяхаецца... Аднак які ладны, дарма што мужык...» – падумала і ў вакно ізноў зірнула, ці стаіць конь.
   Стаяў, як заснуў, гняды конь; пуста і хмарна было на вуліцы; вецер клычыў жмуток балотнага сена. I трэба было згадзіцца, што восень на дварэ, а нейкае невыразнае нездавальненне варушылася на сэрцы, і чагосьці сярод восеньскага смутку жадалася.
   – Не бойся: па нашай вуліцы ўсё дабро цэла будзе... Чаго такая палахлівая? – сказаў ёй хлопец і, мусіць, сам не ведаў, ці добра пачаў.
   – Каб часам конь не адвязаўся. Збяжыць, тады што нам? – сказала маладзенькая манашка.
   А старэйшая непрыкметна таўханула яе пад сталом і змірэнна, як псальму чытаючы, прабубнела ў нос:
   – Нам жа грэх вялікі перад Госпадам Богам будзе, калі ўвядзём каго ў спакусу дабром сваім, што падалі нам людзі добрыя на манастыр яго...
   – Ну, каму ваша дабро патрэбна... Каб вас саміх хто не ўкраў, – пажартаваў ён і трошку пачырванеў, што, можа, сказаў ім лішняе.
   Ніжэй схілілася старэйшая манашка, а маладзенькая ўсміхнулася нясмела і прыгожа.
   – А я цябе... цябе, – кіўнуў ён на маладзейшую, – здаецца, бачыў, як манастыр ваш глядзець хадзіў... – Сказаў, адвёў ад яе вочы, зацягнуўся і выпусціў шмат дыму.
   – Нічога, прыгожа там у вас... у вясну. Ліпы прыгожыя... Манашкі ёсць прыгожыя... – і зноў зацягнуўся і глядзеў убок, як быццам засаромеўся, што не смее сказаць, каб як далікатней.
   – I я ўжо дзівілася, – адгукнулася з запечку маладуха-маці. – Колькі ж там у вас маладзенечкіх, прыгожых... Ча’йта ўжо так ідуць? Ці сіротак туды бяруць гадаваць змалку, ці то, кажуць, дзеля хлеба, дзеля спакою каторая ў манашкі ідзе?
   – У нас не павінна быць такіх, – панура адказала старэйшая. – У нас маці-ігумення сурова жыціе блюдзець...
   – Ах, праўда што: сурова, – вясёла засмяяўся хлопец. – Ехаў я неяк з гораду міма вашага поля, а чарнічкі пшаніцу палолі. З-пад узгорачка не відаць, ці едзе хто. Дык яны спярша песні і прыпеўкі пяялі, а потым як пачалі борыцца... хапаюць адна адну, качаюцца, рагочуць.
   – Што ты, што ты, чалавеча! У нас за працаю псальмы пяюць, – усхапілася старэйшая і троху памаўчала. – А хлапцам усё так. Яны й Богу маліцца прыйдуць – граху нанясуць. У царкве не моляцца, а, а...
   – А на прыгожанькіх чарнічак заглядаюцца, гэта праўда, – засмяялася і маладуха і ласкава, з пяшчотаю паглядзела на сваё ўжо накормленае дзіцятка.
   Пачырванела, як мак добры, маладзенькая. Змоўкла старэйшая. Паабедалі і доўга хрысціліся і кланяліся перад абразамі, потым дзякавалі і ківалі галавою маладусе і з нейкаю перашкодаю яму.
   У маладой, пад тою сціпласцю і нуднаю набожнасцю, усё штосьці мітусілася і іграла...
 

* * *

   Пусты восенны шлях. Поле бязлюднае. Зелянее рунь. Едкі вецер налятае з-пад голага, як быццам рэдкага цяпер, лесу.
   Марудна і спакойна цягне гняды конь «бяду» на калюгах глыбокіх. Як машынная цацка, з боку на бок ківаецца чарніца на «бядзе», калі то тое, то тое кола па чарзе то праваліцца ў калюгу, то выскачыць на груду.
   Чырванее край неба – мароз дакляруе. Чыйсьці лён, на лагу пасцелены, уліп у дол – час паднімаць яго, сушыць, церці, бавячы дні ў доўгія піліпаўкі.
   Далёка яшчэ Каляды. Як нудна!
   Маўчыць на возе старэйшая чарніца, з чырвоным кірпатым носам; ківаецца і глыбей хавае рукі ў шырокія рукавы. Мусіць, задумалася пра жыццё свае і што скажа ігуменні пра дарогу. Шчупянецца і пачынае варушыць вуснамі, механічна і завучана шэпчучы словы малітвы.
   А маладзейшая лёгка ідзе побач тых калюг па змёрзлай, калянай мураўцы. Прыціхла, быццам засмуцілася.
   Аб чым яна думае?
   Часам апошяя бліскавічка радаснай усмешкай прабяжыць па пухлых вуснах і зноў, яшчэ глыбей, захаваецца пад наўмыснай стродкасцю...
   Аб чым яна думае?
   Мусіць, думае: «Больш мяне па каляду не пашлюць...»

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!