Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Гарэцкі - Рускі

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   А таму хвораму на грудзі салдату-беларусу, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у бальніцы для нервовахворых, чым тут, у нас. Ён ляжыць на Саксанавым месцы.
   Наша палата празвала яго Рускім, бо ён, калі яго забірае хвароба, крычыць шмат разоў бесперастанку:
   — Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..
   На выгляд гэта ёсць даволі здаровы мужчына. Ён сярэдняга росту, добрага складу, шыракаплечы, і грудзі ў яго звычайныя. На твары ніякай хваравітасці не відаць, — пэўна ж, калі ўважаць на тое, што чалавек прыехаў не з гасцей, а з акопаў. І толькі ў вачах гаротніка ё штосьці такое, што выдае цяжкую хваробу, і муку, і безнадзейнасць. Вочы ў яго праваліліся, зрабіліся маленькімі. Галоўнае ж, яны страшэнна змарнаваныя, нейкія змятыя, сцёртыя. Трэба прыгледзецца да іх, і тады відаць у іх боль.
   Дзіўная гісторыя з гэтым нешчаслівым чалавекам выйшла.
   З пэўнасцю можна сказаць, што да вайны ці, лепей кажучы, да мабілізацыі — Рускі быў звычайным земляробам Магілёўскае губерні: быў здаровы, але крышку павольны; здольны ад прыроды, але цёмны, грубы. Апрануты па-салдацку, ён нічым не змяніўся, толькі прытарнаваўся да свайго новага жыцця.
   І на пазіцыі, у часе доўгага і спакойнага стаяння ў зацішку малаважнага фронту, болей за другіх сваіх таварышаў любіў Рускі туляцца па пустых, кінутых сялянскіх дварах і поркацца там шукаючы пажытку.
   Увечары, першым змрокам, ішоў ён цягацца па зрытым акопамі палях, знаходзіў пустое бульбявішча — капаўся там сваёю маленькаю пехацінскаю лапатачкаю дзеля якога дзесятку непадабраных гаспадаром і свіннямі бульбін. Хаця яму за гэта дакаралі, не кідаў свайго блукання ў цёмным полі, і тая памаўзлівасць згубіла яго.
   Аднойчы Рускі, няўпрыцям для самога сябе, забрыў лішне далёка ў бок аўстрыяцкіх пазіцый, за сваю перадавую старожу, і так забавіўся, шукаючы пажытку, што было ўжо зусім цёмна.
   Троху спалоханы, асцярожна плёўся ён назад, заткнуўшы лапатачку за пояс і маючы ў адной руцэ кацялок з накапанаю бульбаю, а ў другой — стрэльбу на ўсякую неспадзяванку.
   Толькі ўзняўся ён на нейкі невялічкі ўзгорачак, як знянацку ашаламеў: перад ім стаяў аўстрыяк... Абодва разам прыселі да зямлі: Рускі прысеў ад страху, а той, мусіць, таксама. Дзеелася адзін момант, а здалося дужа доўга. Аўстрыяк тады першы кажа:
   — Руськый! Я маю горілку...
   — Я табе нічога не зраблю! — адказаў Рускі зусім лагодна і смела ўстаў і пайшоў да яго бліжэй.
   Аўстрыяка таксама падняўся, разы два ступіў і падаў руку. Ворагі прывіталіся, як даўныя сябры. Потым ізноў селі, толькі ўжо побач — і стрэльбы паклалі, кожны пры сваім баку.
   Хаця блізу што зусім не гаманілі, бо языкі варочаліся туга, дый мала чаго яны разумелі ў словах той таго, але так выйшла неўзабаве, што выпілі аўстрыякаву гарэлку, заелі яго падсітным хлебцам і закурылі па кручонцы з махоркі Рускага. Гарэлкі было — адно толькі званне: па чарцы, можа, ці па дзве на брата. Пілі нагбом — спярша аўстрыяк, а тады Рускі. Калі зрабілі ўсё і трэба было расхадзіцца, пачулі нейкую прыкрасць. Ды аўстрыяк падбодрыўся і сказаў:
   — Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся.
   Рускі паскроб ля вуха, як бы й запраўды разважаў, што тут рабіць. Паглядзеў, задраўшы галаву, і адказаў:
   — Не, братка, ідзі да сваіх.
   Аўстрыяк быццам трохі, нябачна, замаркоціўся. Але падаў руку. Рускі паціснуў яе. І завярнуліся ў свае бакі.
   Аўстрыяк адыходзіў шпарчэй. Рускі павалюхаў марудна і няскладна, як мядзведзь. Яго прыціснула тое, што не меў часу падумаць, як гэта што было. Ён хапаўся ўцяміць, ці ўсё добра ён рабіў. І калі раптам бліснула яму ў галаве, і ён, каб не спазніцца і каб пасля не шкадаваць, што быў варонаю, ён, ужо ступіўшы разоў дзесяць, сказаў сам сабе: "Э, што ж я за ваяка". І не сказаў, толькі бліснула яму так у галаве... Павярнуўся, злажыўся стрэльбаю і без дум паціснуў пальцам:
   — Так!
   Гул быў глухі і невялікі. Аўстрыяк спачатку зарыўся носам і бразнуў бляшчанаю пляшкаю, з якой пілі гарэлку, аб сваю стрэльбу. Потым перавярнуўся дагары тварам — і вельмі жалосна і з працягам застагнаў.
   Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго чубатаю шапачкаю і даўна падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім:
   — Што ж цій москаль наробыв... Застанэцца моя жынка і діты...
   Безнадзейная крыўда чулася ад яго; апошнія словы ледзь выдыхнуў, бо ўжо канаў. Раскінуў рукі і ногі. Рускаму здалося, што смяротная пялёнка, як у той курыцы, засцілае яго жаўтаватыя бялкі.
   — А колькі ж іх маеш? — з апалым сэрцам спытаўся Рускі і мімаволі, выглядаючы сабе падмацаванне, агледзеўся наўкол, у ночным змроку.
   — Ді-ты...
   Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы і быў гатоў.
   Рускі перахрысціўся над мёртвым і палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доўгага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана ці нездаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. І зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго. Смялей памацаў у яго за пазухаю, ува ўсіх кішэнях і ў шапцы і ізноў нічога добрага не знайшоў. Аглядаючы яго боты, ці варта здзіраць, глянуў незнарок у цямноту ночы, спалохаўся... Схапіў кацялок з бульбаю ў адну руку, дзве стрэльбы за раменне — у другую і пусціўся бегчы што ёсць духу да сваіх.
   У роце яму не далі веры, што забіў аўстрыяка, і думалі, што прост у полі дзе знайшоў гэтую аўстрыяцкую стрэльбу. Але, праўда, была яна нядаўна ношаная, "цёплая" і пачышчаная. Можа, і забіў.
   Толькі чалавек з гэтага часу перамяніўся. Быў дужа маркотны, кінуў брадзіць па дварах і бульбоўніках, упадабаў ляжаць на зямлі з раскінутымі нагамі і рукамі... Урэшце зазябіў сабе грудзі, і яго адправілі з пазіцый і прывезлі спярша ў нейкі паўднёвы горад, а потым у наш шпіталь, глыбей у тыл.
   Тут не ведаюць, як яго разумець. Доктар Гэрмэер, немец з Дзвінску, якога мы ўсе не любім, лічыць Рускага за прыкідаку, іначай не заве, як "сімулянтам", і нават у вочы яму кажа:
   — Ты, прахвост, прыкідаешся! Ты ўсё гэта выдумаў! Падлечым табе грудзі і ўсё роўна паедзеш ізноў на фронт.
   Другі доктар, старшы, на прозвішча Квяткоўскі, а родам, як кажуць, з-пад Баранавіч, старанна лечыць яму грудзі рознымі ўдыханнямі і паветранымі ваннамі, а на яго нервы зважае мала і быццам не чуе, калі таго пачынае забіраць хвароба:
   — Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..
   — Ну-ну-ну, гэта не столь важна, — гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы на другіх хворых і раненых.
   "Не столь важна! Не вельмі важна, гм!" — думаю сабе я.
   Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырсківанне, заліўся слязьмі так шчыра і жалосна і так доўга, што ніяк не можна было яму не верыць...

1915

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!