Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Гарэцкі - Патаёмнае

Кнопка отправить на печать

   Увага! Поўны змест

   Аж стогне сяло, аж ваўкі ў лесе выюць, пудзяцца, дзівяцца, ажно птушкі на ноч цёмную супакоіцца не могуць — так гуляюць вяселейка людзі добрыя.
   Ідуць скокі за скокамі. Пяюць свашкі песні вясельныя, шчырыя — бы сама старына. Водзяць танок маладыя гуляннікі. Паддае музыка жалю і адвагі, і сумнасці і бадзёрасці. Рвецца сэрца чагось. Думы лятуць дзіўныя.
   Гуляюць хлопцы і дзеўкі, дзяды і бабы, а не рана ўжо, цямнее надвор’е, змрочыць на небе — цёмная ноч на зямельку ідзе.
   Завылі сабакі жаласна за сялібамі, гаркнуць нівесь у які бок, немаведама на каго, ды шмоўк! — у пуню з гаркатаннем хаваюцца ці бягуць туды, дзе больш людзей.
   Кудкудахаюць курухны на курасадні на седалах — ці не чуюць што ды нядобрае?
   А сонейка нізенька-нізенька. Вось зойдзе, закоціцца яно за Цёмны Лес, за буйны бор і за ціхі гай, і будзе ноч. I сунецца ночухна нейкая несупакойная, трывожная...
   — Ходзіць нешта нявідзімае па зямлі, за гумнамі, за людскімі лазнямі,— кажа старая бабуля. — Пахаваюцца лісічкі ў пячуры свае, ваўкі ў ямы свае ваўчыныя, мядзведзі — ў логавы, а людзюхны ў хаты прытульныя...
   — Не кажы ты, бабка, не кажы ты, любка, страшна мне, — жаліцца маладуха-свашачка; — і трэба ж нам, трэба дамоў ехаці праз такую ночачку...
   Так жаліцца-сумуе маладуха-свашачка. Годзе ўжо і песні пяяць вясельныя. Не да гуляння тут, не да вяселля таго...
 

* * *

   А брэшуць, выюць сабакі. І каровы з поля йдуць — вядзе перад чорная. Дый не ўсе каровачкі дамоў ідуць: пазасталіся ў пушчы на гэткую-то ноч.
   Закацілася чырвонае сонейка.
   — Дж!.. Дж!.. — жук загудзеў.
   На захадзе хмара чорная, незвычайная, павісла, вісіць, узнімаецца...
   — Tpy-ry-ry-y-y! — гудзіць па лясах, па махах, па багнах нявыхаджаных труба берасцяная. Кліча, гукае жывёлін з лесу — толькі жудасці паддае.
   I адразу пачулі ўсе, што па дарозе ідуць, па шляху, з-пад гайка, за сялібамі, ідуць і песню пяюць, нібы старцы якія, нібы гулякі заядлыя, безгаловыя. Лipa чутна старэцкая і псалом старадаўні...
   Усякія бываюць старцы... Можа, то й не старцы, а старцамі йдуць.
 

* * *

   Паціхеньку бяжыць конік вараненькі, палягеньку, у цямноце ляпаюць калёсы па карчах, што распаўзліся вужакамі па дарозе ад дрэў. Прахалодай начавою прыемна абвявае галовы пасля хмелю-віна. У вушах дрынчыць яшчэ музыка, вясёлыя галасы гамоняць у вушах.
   Яшчэ не пакінуў ціснуць сэрца маладой свашачцы той трывожлівы страх, ды пасля тлуму вялікага так прыемна дрэміцца. Сціхамірылася маладуха маладая...
   І ўжо цвітуць ёй краскі ў лузе, паволі калышуцца. Стракочуць стрыкацікі. Ля арэхавых кустоў суніцамі і грыбамі пахне. Вясёла наўкола!..
   I разам смутна. Хата... Штось нядобрае робіцца там. Стары памірае... Квохча старая, слёзы як боб сыплюцца. Засмучоны стаіць збоку сын. Моўчкі абцірае слёзы збялелая нявестка. Памірае дзед... I трапіла кананне пад тую ночку, несупакойную. Не дарма тое, ой не дарма!
   Сумна ў хаце...
   — Галубок, даражэнькі мой! — просіць старая старога свайго, неўкавырлівага: — прывязём папа, спавядайся ты...
   — На ліхую гадзіну мне папа твайго! — во як ён адказ дае.
   — Гаў-у-у!..— З трывогаю вые бедны сабака ў пуньцы сваёй на падворку. Выбежыць і зямлю драпае — смергухну чуе. Пад самым-саманькім акном. А вые — аж кроў у жылах стыгне.
   Ляжыць стары на лаве, ад святых абразоў вернецца. Счарнеў, як смоўж. І зубамі скрыгоча ад цярпення перадсмяротнага. Людскія слёзы яму адрыгаюцца.
   Надойдзе часіна, і з’явяцца нячысцікі са сваімі відэльцамі па душу бязбожную.
   — Ратуйце! Ратуйце! — кліча смяротнік. — Нясеце з хаты абразы, — кажа ён бабе сваёй, — а то я памерці не магу.
   — Што ты, што ты задумаў, стары?! — застагнала яна, непрытомная. —Дзе душа твая дзенедца, ці падумаў ты?! — і пачала паклоны біць.
   Як шалёны, як неўспадзеўкі падпечаны, ускочыў з лаўкі страшны кананік. Кінуўся пад абразы і схапіў сярэдні абраз — госпада Саваофа. У адзін мах ірвануў і падняў над галавою высока...
   Сунулася на зямлю старая, збялеўшы, як папера, і нямеючы ад страхоцця чартоўскага.
   — Гру-ру-ру! — загрукатала ўвушшу, быццам груд камення вялікага з гары пасыпаўся...
   Прачнулася маладуха — так трахнула калёсы аб корч. З лесу выязджалі. Халадком прыемна абвявала.
   I не магла ўздумаць маладуха, што ёй такое снілася, чаго млее душа. Нейкія ніткі таёмныя парваліся — парваліся ці схаваліся...
   — I я быў задрамаў, — муж сказаў. — І спіліся мне тыя старцы ўсё, што на вяселле заходзілі. Прыдасца ж ліха. Нібы то ліра йграла — аж то кола скрыгала: сухлявыя грыбы на падмазку ўчора трапіліся.
   Млела душа. Ранне. Святлее. У галаве хмель-віно сціхае. Цёмны Лес, нямы асілак, сцяною зубчастаю адзаду стаіць.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!