Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Гарэцкі - Наш тэатр

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест


Блажэньні алчушчые і жаждушчые праўды, яко ціі насыцяцца...


I

   Беларус — гэта Хомка, што веры не дае. На слове ён быццам-то і згадзіўся, каб не скрыўдзіць каго, а тым часам, пакуль усяго сваімі вачамі не паглядзіць, датуль не дасць поўнай веры, датуль і не пераканаецца.
   Беларус любіць жывы прыклад; сам у гаворцы сваёй, калі бажае давясці што-небудзь напэўна, заўсёды пачне прывадзіць жывы прыклад. А лепшы гаварун беларус «прыстаўляіць» тое, аб чым гаворыць: ён і голас падвядзе і рукамі і нагамі языку паможа.
   Нахіл к прыстаўленню хаваецца ў беларуса ў яго душы і выяўляецца ім у жыцці на кожным сігу. Ад маленства, як на ногі стане, колькі розных гульняў перагуляе беларус! I ці мае яшчэ хоць адзін народ на зямлі столькі гульняў і жартаў, як беларусы?
   Беларус па псіхіцы сваёй — дабрадушны гумарыст, і ён любіць заўсёды паслухаць, паглядзець і людзям паказаць усё троху-многа прыметнае ў жыцці, а паказвае ён ізноў-ткі жывым прыкладам. Паслухайце, як гаворыць наш дзед ці бабуля аб яком-небудзь здарэнні. Але беларус прыхілен таксама і да вострай сатыры. Хто ведае народ беларускі, таму пэўне знаёмы перчык і солька беларускай мовы народнай: беларус, дзе варта, крэпкім словам, што бізуном, дасць... Кожнае што-якое беларус любіць адзначыць прыказкай, прыслоўем. Цяпер беларусы маюць багаты скарб народнай мудрасці ў сваіх «пасловіцах» (гл.: Ляцкі, Насовіч, Раманаў і др.). Каб прыдумаць і сказаць ладную беларускую прыказку, трэба мець мастацкую і глыбокую душу, трэба быць артыстам, відзячым чалавека і жыццё наскрозь з аднаго погляду.
   Беларусу не навіной было, устаўшы досвіткамі, анічым смагу не прагнаўшы і дбаючы на войтаў бізун, бегчы на прыгон і, спаткаўшыся з добрым чалавекам, жартаваць, можа, каб нуду прагнаці. У гэтым беларус мае нешта супольна-жалобнае з прафесіянальным мастаком-акторам, катораму таксама трапляецца скакаць і скаліць зубы пад рогат таўпы, хаця ў самога на сэрцы жыццёвы цяжар, а з вачэй то і глядзі пакоцяцца буйныя слёзы.
   Беларус ад прыроды ўжо такі, што любіць паглядзець на цікавую з'яву, яго цягне к ёй.
   Заўважым, што і музыка ў вялікай пашане ў беларусаў.
 

II

   Адным словам, беларус дужа любіць «прыстаўленне», і тэатр яму замянялі «вярцепы», хадня з мядзведзем, жоравам ды казою, хадня на каляды ў масках, улетку карагоды, узімку ігрышчы і шмат чаго іншага.
   Дык, па-мойму, тэатр беларускі, народны тэатр, у беларускім адраджэнні — надта важная справа. I ў адраджэнні ўсякага народа (украінцы) тэатр — сіла непамерная, а ў адраджэнні беларусаў, пры іх псіхіцы, пры іх дэмакратызме, ён можа сыграць вялікую ролю.
   Пакажыце беларусу са сцэны, хто ён, чым ён быў, што ён цяпер, чым бы ён мог быць, гукніце яго са сцэны да новага жыцця, — і божа мілы! — гэты гаротнік беларус, пераканаўшыся, ужо знойдзе здольнасці парваць ланцугі рабства, патрапіць крыкнуць: «Жыве Беларусь!» — так дужа, што аж векавыя муры няволі, як тыя сцены ерыхонскія, пасыплюцца ў прах. А ў такім разе доўг нашых пісьменнікаў, каторы яны павінны сплачваць, гэта — у драматычных творах паказаць беларусу, у якой пушчы ён блудзіць і дзе ляжыць яму дарога на поле, шырока-далёкае, роднае поле вольнага жыцця.
 

III

   Я чуў, што цяпер шмат хто з нашых пісьменнікаў працуе над тэатральнымі творамі. Ой, як гэта добра! Няхай сабе будуць няўдалы, цяжэнькі, праўда, мукі слова, але без працы і саўсім нічога не выйдзе.
   А ў нас людзей-таланёў ёсць, каб толькі яны не закапвалі сваіх талентаў у зямлю. Французы кажуць расійцам: «О, вы, рускія, надта здольны, адно — не ведаеце, як трэба работаць». Праўда! I мы, беларусы, у гэтым найболей грэшны. Колькі скарбаў у нашай зямельцы, колькі энергіі ў нашых рэчках, у нашым ветры, колькі сілы ў нашым лесе, і што ж? Зямелька пад каменнем, лясы зніштажаюцца і па абмялеўшых рэчках нясуць цеплавую энергію ад перакалелага беларуса к тоўстаму немцу. А вецер наш «гудзіць» узімку «ў комінах», бесперастанку «хістаіць пахілыя, сумныя бярозы». Але ж і за гэта яму дзякуй, бо хоць ёсць бяздоныае жарало і невыцечная крыніца матэрыялу для вершыкаў нашым маладым і «даюшчым спадзяванне» пісьменнікам. «Беларусы не маюць у сабе крыві фінскай ды цюркскай, яны найчысцейшы славянскі тып, і праз тое іх народная славянская паэзія страшэнна багата, цікава і арыгінальна»,— во як гавораць аб нас людзі, а мы, заплюшчыўшы вочы, пнёмся шукаць прыгажосці ў чужым загуменні.
   Але не — беларус умее працаваць, ці не яго мазалістымі рукамі праведзены бадай усе чыгункі ў Расіі? Толькі беларусу дагэтуль не давалі карыстаць са сваёй працы, і ён ужо забыўся, як можна добра скарыстаць.
   Блізка што ўсе драматычныя творы, якія цяпер ёсць на беларускай мове, яны толькі невыразны цянёк ад таго жыцця беларускага, якое павінна быць паказана перш-наперш беларусу са сцэны.
 

IV

   А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жыве, няможна, гэткага жыцця няможна трываць...
   I трэба яшчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён — чалавек, і што ён павінен мець свой чалавечы гонар, і павінен дзетак сваіх гадаваць з сумленнем...
   I трэба яшчэ сказаць беларусу са сцэны, што калі ён праваслаўны, то няхай не лае свайго брата каталіка-беларуса «паляком», і калі ён каталік, дык няхай лічыць сябе беларусам, а беларуса-праваслаўнага сваім братам, і абодва беларусы, каталік і праваслаўны, няхай шануюць веру і добры светапогляд адзін другога і веру ўсякага сумленнага чалавека ўсякай нацыі.
   I трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён мае слаўнае прошлае, што яго дзядоўшчына нараўні з крапчэйшымі старонкамі пад сонцам была і што карані нашы родныя беларускія не згнілі, трывалы і цягучы, маюць жывы сок і жывую сілу і ўжо добрыя адросткі к небу гоняць, а з часам над імі крэпкія, высокія, прыгожыя дрэвы закрасуюцца...
   I трэба паказаць беларусу са сцэны, што за чалавек той, каторы спіць без канца-краю, якой вартасці такі чалавек і што жджэць яго ў будучыні...
   I трэба паказаць са сцэны беларусу, у які бок кіравацца яму, па якому «шляху жыцця» пайсці і якім чынам сілы фізічнай і духоўнай набрацца...
   I трэба крыкнуць беларусу са сцэны, каб ён гарэлкай не заліваўся; трэба сказаць яму і многа-многа чаго другога...
   Патрэбна паказаць з беларускай сцэны другім народам зямным, што за народ такі ёсць беларусы, што маюць яны не толькі «очень смешные анекдоты и весьма странные суеверия», а і нешта палепш ад жарту і забабонаў, нешта гэткае, прад чым прыемна адчыніцца агульналюдская скарбніца векавечных здабыткаў культуры і цывілізацыі, а не то што...
 

V

   Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння. Тэатр гадуе маладых байцоў за праўду і дае грамадзянскую моц людзям у пары, але заняпаўшым, ён абгладжвае на добры лад характары людзей і народаў.
   Толькі трэба памятаць, што тэатр — дамаская сталь, вострая з абодвух бакоў. У тэатры можна прынасіць жэртвы Духу Чыстаты і Праўды, можна пакланяцца і Ваалу з Астартай.
   Вот мы цяпер, калі адрадзіліся, і павінны будаваць свой тэатр па-чалавечы, добра, каб ён быў храмам, а не бруднай стайняй Аўгія, і не памяшчэннем злога бога Арымана, і не кутом дурнога скалазубства.
 

VI

   Я не кажу, што наш тэатр павінен мець кірунак толькі практычна карысны. О не, гэтым бы я выняў першы камень з падмуроўку нашага развіцця і ўкараціў бы роднаму тэатру веку. Дык жа не, дык жа я, усё роўна як на добрых хрэсьбінах, кажу пры нараджэнні нашага тэатра: «Вялік расці, здароў будзь, дай табе божухна доўгі век!» Гэта значыць, што наш тэатр не павінен закідаць шлях мастацкі, ён нават павінен здаволіць як людзей, каторыя гавораць: «Лепш здабудзь гаршчок юшкі, чым дарма траціць час на вершык», так і людзей, што даводзяць: «Мастацтва для мастацтва».
   Во ведама ўсім, якое вялікае значэнне мае тэатр у жыцці і што чалавеку, апрача паўміска юшкі, патрэбна і страва для душы. Значыцца, тэатр наш, калі пачне развівацца далей, пэўне будзе мець і шырэйшую дарогу, будзе здавальняць людзей з рознымі бажаннямі. Кірунак нашага маладога тэатра павінен быць жыццёва-мастацкі з дэвізам: «Падняць беларуса да ідэальнага чалавека!»
   I пакуль што адправы ў нашым Храме Адраджэння адны: цудоўнымі ў мастацтве абразамі паказваць беларуса са ўсіх бакоў і прамываць яму вочы.
 

VII

   Мы забылі сваю мову; старадаўная сіла і арыгінальнасць яе і гладкая, гучная форма ў доўгія часы нашай «татаршчыны» патроху псавалася і пазычала «татаршчыны». Шмат дзе цяпер беларусы гавораць прыкрай мешанкай слоў беларуска-польска-рускіх.
   Тэатр наш павінен ачысціць, абяліць мову і паказаць прад вочы людзей яе гучнасць і гібкасць. Калі паслухаць, як гаворыць абруселы або спольшчаны ўкраінец з наваротам на «паньску» мову, дык можна дзівіцца, што добрага знаходзяць у мове ўкраінскай. Але ідзіце слухаць гутарку ўкраінца ў шчыра-ўкраінскім кутку, а потым паслухайце мову «Кобзаря», пачуйце ўкраінску мову ў украінскім тэатры, калі прыстаўляецца лепшы ўкраінскі сцэнічны твор, і ў вас сэрца зайдзецца ад гучнасці і прыгажосці ўкраінскай мовы. Вы будзеце шаптаць святыя імёны тых, што паднялі яе з пылу на торжышчы і як драгацэнны дар божы збераглі, і сэрца ваша будзе балець за тых, што ў духоўнай слепаце памкаліся і памкаюцца аддаць гэту лепшую на свеце мову забыццю.
   Дык і нам, беларусам, каторыя маем мову, што як родная і не горшая сястрычка мовы ўкраінскай, нам пры распачатку свайго тэатра трэба дбаць аб гучнасці і чыстаце сваёй мовы і аб той яе ў паўсёдным жыцці гумарыстычна-наіўнай сіле, што выдзяляе яе сярод усіх моў славянскіх.
   Пісьменнік наш, пішучы драматычны твор, мае доўг прад Беларуссю абгледзець, як дарагі камень, кожнае слоўца, зважыць, абсмакаваць і ўцяміць сілу яго. Ён павінен дбаць аб прыгажосці мовы не прыдуманай, а праўдзівай, бо прыдуманае-няўдалае ў мове дужа прыкра; ёсць у расійскіх пісьменнікаў творы са «стылізацыяй», ад каторай твор здаецца быццам-то перакладзеным з другой мовы. Пісьменнікі нашы павінны ведаць той багаты славесны скарб, што сабралі дагэтуль на нашай ніве шаноўныя за гэткую працу дабрадзеі: Насовіч, Шэйн, Раманаў, Карскі і др. Пісьменнікі беларускія! пільней прыслухвайцеся к мове людзей нашых на рынку, на кірмашы і ўсюды-ўсюды, і тыя, што жывіцё на захадзе Беларусі, даведайцеся, як гавораць на яе ўсходзе, а ўсходнія пабывайце на захадзе. Як кругаварот крыві ў целе чалавечым дае здароўе арганізму, так гэты пераліў нашых сіл на Беларусі аджывіць арганізм Беларусі і зробіць яго дужэйшым.
   А вы, жрацы ў Храме Нашага Адраджэння, каторыя ўжо ёсць і каторых яшчэ народзіць бог, вы, лепшыя пчолкі з рою младабеларусаў, мастакі і штукаркі тэатра беларускага, вы асобенна вучыцеся мове і дбайце аб яе сіле і прыгажосці.
   Вы, настаўнікі красамоўства і прыгожай гаворкі, тое, што вы скажаце добра са сцэны, з вялікаю сілаю ўкладзецца ў душу беларускую. Гэта мае ой якую вагу цяпер, у нашы ўжо, дзякуй богу, даволі развіднеўшыя досвіткі. Сумна, калі ўсенародна калечыцца наша мова; сэрца весяліцца, калі чуем мову слаўную, правільную. У «Н. [ашай] н. [іве]» раней пісалася, як дрэнна некалі ў Пецярбурзе гаварылі на сцэне па-беларуску, але вот у астатнія часы, на аматарскай сцэне ў В.[ільні] можна было ўжо пачуць ад большай часткі мастакоў і штукарак даволі ладную беларускую гаворку. А, напрыклад, у мове штукаркі М. вуха радасна і пільна лавіла і прыгажосць разважнай беларускай інтанацыі і чыста беларускага складу са смакам сказаць у глаголе «іць» або «ыць», дабавіўшы ядрэнае беларускае «р» і дужую сіпяшчую «шч» з цікавым і практычным «ў» (крычаць, крычаў; «Каб я на смерці бога так бачыла, як я буду цябе аж да самай смерці любіць і шанаваць, мой ты галубок міленькі, залаценькі, брылянтовы...» (словы Пронкі, «Хам»).
 

VIII

   Цяпер украінская песня ў славе і пашане, пяюць яе далёка за межамі Украіны. А ці даўно тое было, што аб песні ўкраінскай шырокае грамадзянства і не чула і калі гэта песня была толькі добрым матэрыялам для этнографа, а пеў гэту песню сумны «хлебароб», ды адзінота-чумак у шырокім стэпе са сваімі «валэ», ды адвага-запарожац, ды цёмнавалосая з глыбокімі вочкамі вясна-Маруся.
   Так і нам задурылі галаву, што песня наша аднатонна. Эх вы! Калі змяшаць многа колераў, то таксама выйдзе шэра. Ды і хто, папраўдзе, многа чаго знае аб беларускіх «аднатонных» скоках і аб беларускай песні? А ўжо аб іх у вялікім свеце летась гаварылі: «Под этим внешним однообразием какая буйная кипит жизнь с разнообразными запросами и оттенками...» Што дзівіць, ёсць беларусы, каторыя, вылецеўшы з роднага гнязда з яшчэ жоўценькай дзюбачкай і саўсім не ведаючы свайго гнязда, гавораць: «Я — сам белорус, но, знаете ли, не могу скрыть, что белорусских песен очень мало, да и те неинтересны». Паночкі, калі спаткаеце гэтага блазнотку, дайце вы яму хаця «Песни белорусские» Насовіча, або Раманава, або яшчэ якога этнографа, пакажыце яму нашы песні з нотамі, гукніце вы яго на беларускую вечарынку, няхай ён пераканаецца, што неахайна лжэць. А то прывядзіце вы яго к нам у слаўную нашу Мсціслаўшчыну ці ў другі куток Магілёўшчыны, няхай ён пасмакуе, які пышны там культ свадзёбных песень, няхай ён пасядзіць у цікавейшай оперы — на беларускім вяселлі.
   Дык вот трэба, каб са сцэны беларускага тэатра палілася беларуская песня, каб ад яе навеяла на людзей араматным пахам беларускай народнай паэзіі, каб пачулася ў ёй турлычлівая песня жаўроначка пад вясеннім небам над зялёнай рунню, каб у ёй пачуўся і далёкі спакойна-тужлівы гук бяроставай трубы хлопчыка, што кароў пасе каля рэчкі, і шум бясконцы лясоў непраходных, і «шэпты спелых каласоў», і звон сярпа, і «ўжык! ды ўжык!» касца ў дуброве, каб чалавек пазнаў у ёй красу беларускіх палёў з горкамі-валатоўкамі ды курганкамі старасвецкімі, лажчынкамі, мурожкамі-сенажаткамі, гайкамі, каб у ёй заблішчэла серабром ціхая рэчка, у каторую ціхамірна глядзіцца старая верба, а хлопчык сядзіць на беразе і ў дудачкі іграе...
   I мы павінны самі смакаваць і людзей частаваць сваёй народнай песняй. I тут мне прыпамінаецца звяртанне дзядзькі Раманава да «дщерей белорусских», каторых цяпер многа сярод вучыцелек, курсістак, чаму ж не пяюць песень родных пад музыку фартэпіяна, скрыпкі і так. А ўжо потым будзем мы пець творы нашых песняроў, пакладзеныя на ноты, бо я відзеў, як на некалькі соцень людзей у зале зрабіла большае ўражанне і больш падхапіла наша «Чачотачка», чымся «А хто там ідзе?», дайжэ гэткая глыбокая па думцы песня, але на шкоду з труднай музыкай і нялюбымі троху прастаце-беларусу закручанымі зваротамі мовы («на ў крыві нагах...»). Бо каб захапіць гэткаю песняй, як прыгожай песняй, трэба быць не абы-якім спявакам і мець у душы святы агонь, а шчыра-беларускі матыў «Чачотачкі» сам сябе абароніць.
 

IX

   Што сабе думаюць тыя з нашых пісьменнікаў, што сыплюць вершык за вершыкам і, маючы здольнасць да больш важнай і сур’ёзнай работы ў пісьменстве (аб чым гавораць іншыя з іхніх вершаў), не хочудь шырэй паглядзець на сваё значэнне для Бацькаўшчыны і забываюцца на сваю павіннасць прад ёю — работаць так, каб пот выхадзіў? Браты! даволі ўжо, дось вам захадзіцца па плывучай, звычайна неглыбокай, сучаснай польскай і расійскай літаратуры і ўжываць нездаровага і не маючага карысці для Роднага Боку пэцкання паперы. Не трацце грошы на дзесяціграшовыя журналы пакалечанага жанру, а гадуйцеся на чытанні класікаў і ўдыхайце свежае паветра народнай паэзіі, пазнавайце прыгажосць гэтай паэзіі, а маючы ў сабе карані гэтай паэзіі, тчыце праўдзіва-мастацкія ўзоры беларускага жыцця. Працуйце пяром так, каб творы вашы красаваліся на пачэсным месцы ў багатай кватэры інтэлігента-беларуса і знаходзілі б шчырае спатканне пад самай беднаю стрэшкаю маламожнага селяніна. Замест таго каб напісаць адзін ладны верш, а ўслед пусціць дзесяць дрэнненькіх з перагукамі аб тым самым, працуйце лепей, напрыклад, над драматычным творам для народнага тэатра.
   Вучні-беларусы сярэдняй школы ў нашым краі любяць ставіць на сцэне сваіх вучылішч разам з расійскімі творамі і творы ўкраінскія. Чаму так? А таму, што гэтыя творы троху-многа замяняюць ім патрэбу ў творах родных беларускіх, каторых няма...
   Пісьменнікі беларускія! паклапаціце аб тым, каб тэатр наш здаволіў мнагаможнага і бабыля, гарадскога чалавека і дзеравенскага, старога і малога...
   А найскарэй давайце страву тым, што прачнуліся, і тым, што ўстаюць яшчэ,— яны пойдуць на работу, дык есці хочуць, падкрапляйце іх.
   Гадуйце нашу надзею — дзетак нашых.
   Нясіце яду Беднаму Народу, што праз цэлыя вякі знае і гаворыць два словы: «Я галодзен!» Карміце яго хлебам, бо ён відзеў адны каменні.
   Шукайце брату свайму дарогу да праўды. I памятайце: не будзеце вы шукаць яе або станеце дрэнна шукаць, абы-як, бог вас пакарае.
   А народ усё ж ткі знойдзе сваю праўду, бо Сам Хрыстос сказаў, што алчушчыя праўды насыцяцца.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!