Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Гарэцкі - Апостал

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі...

 

   Гарачы камуніст, а даўнейшы прыхільнік беларускага руху таварыш Курапа (партыйная клічка Жабін) з агідаю пакінуў клумнае, пыльнае і галоднае места і паехаў усведамляць вёску.
   Ён заўсёды казаў на мітынгах і на розных зборках, што не вёска вінавата, а той, хто мала рупіцца аб яе ўсведамленні.
   — Дык трэба, таварышы, ехаць на вёску!
   Курапа добра ўмеў па-беларуску, вось жа, як толькі Чырвоная Армія дала магчымасць ізноў раз абвесціць незалежную Савецкую Беларусь, ён зараз апынуўся інструктарам аддзела так званага «ўпраўленія» і дастаў камандзіроўку на правінцыю.
   Набраўшы чырвонае літаратуры на ўсіх краёвых мовах, апрача беларускае, бо літаратура ў гэтай мове яшчэ лічылася да той пары контррэвалюцыйнай выдумкай беларускіх нацыяналістаў, разлёгшыся на пахучым, але запыленым сене з дзікай сенажаткі беднага гаспадара, ехаў ён на парцы стайковых коней па Ашмянскім тракце і любаваўся на прыгожую, ціхую, задуманую прыроду беларускага лета.
   Каб развеяць думкі, камуніст звярнуў увагу на свайго вазніцу.
   Той маўкліва кіраваў коньмі і часам неяк дзіўна чмыхаў, як бы нездаволены, але не аглядаўся на свайго простага пана.
   «Якая, аднак, чыста буржуазная чырта ў спосабе рассаджвання фурмана і падарожнага,— падумаў з знаёмым асадкам ёлкасці таварыш Жабін. — Ён, як быццам якое ніжэйшае стварэнне, сядзіць спераду, а я, камуніст, быццам які пан, сяджу адзаду...»
   — Давайце, таварыш, сядзем побач! — крыкнуў ён фурману, але той сярод грукату калёс не пачуў і толькі лішні раз, як здалося камуністу, дзіўна, па-свойму чмыхнуў.
   Тады Курапа ізноў аддаўся развагам. Спачатку ён троху ўсцешыўся, што ў яго голаў прыйшла такая важная ідэя — садзіцца на фурмапцы побач з фурманам. Але радасць была нядоўгая. «Гэта ж я мог сесці побач яшчэ ў месце, адразу»,— сцяміў ён.
   Нудна.
   Ужо месяц, як Курапа кінуў курыць дзеля страшэннай дарагоўлі на табаку і дагэтуль даволі стойка цярпеў і не паддаваўся спакусе, добра знаёмай толькі адным курцам. Аж тут, сярод бязлюднага, ціхога, задуманага поля, на вялікай пыльнай дарозе, папіроса і дымок ад яе стаялі ўваччу як здань незвычайнай прыемнасці.
   — Таварыш, вы курыце? — троху мацней крыкнуў Жабін, каб на гэты раз хурман пачуў яго. Потым паправіўся і паўтарыў цішэй: — Вы, таварыш, паліце?
   Селянін не пачуў і на гэты раз. Ён узноў па-свойму чмыхнуў, але назад не павярнуўся.
   — Як вашая фамілія? — яшчэ мацней запытаўся ў яго камуніст і, узняўшыся на руцэ, другою крануў яго за плячо ў шэрай густа запыленай світцы.
   — Я адзінокі, — адгукнуўся ўрэшце хурман і збоку паказаў сваю даўна няголеную сівую шчаціну і падрэзаны, сіва-жоўты пад носам вус.
   — А як прозвішча?
   Хурман памаўчаў, быццам муліўся: казаць ці не, але ізноў павярнуў трохі галаву і пад сціхаючы грукат воза адказаў:
   — Я пішуся без прозвішча, па бацьку... Янучонак. А людзі празываюцца: Шашок.
   — Каталік ці праваслаўны?
   — Мы польскія.
   I ўзноў чмыхнуў.
   Заглядаючы на хурмановыя вусы, Курапа ўпэўніўся, што той займаецца курэннем. Дык падзівіў, чаму так доўга ён не курыць, але папрасіць табакі саромеўся і хаця з вялікаю натугаю, а змоўчыў.
   — А як пана назвіска?
   Крыху падумаўшы таксама, камуніст каротка й без асаблівае прыемнасці назваўся:
   — Жабін... інструктар.
   Хурман добра пачуў і весялейшы адгукнуўся:
   — Струкар — то, пэўне, імя рускае, бо ў нас гэткіх няма. А пан Жабінскі быў у нас...
   Курапа счырванеў.
   — Далоў паноў! Іх трэба біць, як сабак. Правільна, таварыш? — крыкнуў ён над самым вухам хурману і з палёгкаю падумаў: «Ланцуг пррыкррасці тррэба рра-здзі-рраць адрразу».
   — Правільна, — пакорна згодзіўся хурман.
   На гэты раз Курапа не ўцерпіў, дастаў з кішэні кавалак змятай паперкі з газеціны, нацёр з лісткоў сена дроныай цяртухі і стаў круціць цыгарку.
   Коні неўспадзеўкі смарганулі, і ўсё рассыпалася.
   Селянін быццам духам чуў, што той робіць. Аглянуўся, нявідна ўсміхнуўся над нос сабе і палез у кішэню, перастаўшы кіраваць коньмі.
   — Я дам пану закурыць.
   — Будзьце ласкавы, таварыш! Хоць дарма вы зневажаеце мяне панам. Я такі ж самы пралетарый, як і вы. I наагул слова «пан» цяпер зусім непатрэбнае.
   — Выбачайце: вядома, як мы цёмныя...
   Адзін конь меў патрэбу стаць і на нейкі час стануў, і яны круцілі кручонкі з фурмановага кісета. Селянін маўчаў і перастаў чмыхаць.
   Калі ж коні рушылі, а яны з салодкасцю задымілі, селянін падсеў бліжэй да падарожніка, павярнуўся бокам і, не гледзячы на яго, без асаблівае на від увагі загаманіў сам:
   — Нам бы, таварыш, ксяндза скуль параілі. Ксяндзы з палякамі паўцякалі. Людзі родзяцца, уміраюць, а мы не ведаем, што з імі рабіць.
   «Вось яна, справядлівасць маіх думак і паглядаў на вёску. Места арганізуецца. Людзі таўпесяцца па розных новаспечаных установах. Робяць «работу» — пустую, непрадуктыўную... Пагнаў бы ўсіх іх, чарцей, на вёску, усведамляць яе, рэвалюцыянізаваць...»
   Так разважаў Курапа, мяркуючы: ці дужа войстра, ці мякчэй троху сказаць пра ксяндзоў.
   — Цяпер можна і без ксяндзоў, таварыш.
   Той злёгку і з невыразным змыслам усміхнуўся, адвярнуўся болей да коні, чмыхнуў на іх. Калі пабеглі трухам, ён, дакурываючы, сказаў:
   — Без іх няма як... вядома, людзі родзяцца, уміраюць, што з імі рабіць?
   Камуніст з жаласцю і пагардаю паглядзеў на пахіленае тулава гаспадара і нічога яму не запярэчыў.
   Уз’ехаўшы на ўзгорак, увідзелі ў лагчыне хаты й хлявы сярод зеляніны дрэў. Селянін уздыхнуў, а Курапа абдумываў, што зараз будзе казаць сабраным людзям.
   Вёска не праяўляла ніякіх знакаў жыцця. Яна, яе драўляныя, нізкія, пад саламянымі стрэхамі будынкі, таксама, як і поле, былі ціха-задуманыя ці нават бяздумныя, маўклівыя, шэрыя.
   Пуста й бязлюдна было на вуліцы. Вось нехта вытыркнуўся з-за рога пуні на грукат хурманкі і ўзбіуся вачыма на яго, чужога, у чорным, мястовага. Боўць! — адным махам знік за пуняй і прапаў там бясследна.
   Супроць адной з лепшых на пагляд хатаў хурманка па загаду Жабіна станула. Камуніст выскачыў і хадзіў ля плоту, каб размяць замлелае цела і лепей разгледзець, што дзеецца ў канцах вуліцы, ці збіраюцца людзі. Хурман, зачапіўшы повад за кол у тым жа плоце, пайшоў на двор — аправіцца і папрасіць вядро. Як толькі ён зачыніў за сабою фортку, з хлева высунуўся дзед і маніў яго да сябе рукою.
   — Шашок! Шашок! — шаптаў дзед.— Ідзі сюды, каб на цябе трасца, якога там чорта камуністага прывёз?
   — Hex бэндзе пахвалёны... — падаў дзеду руку невясёлы Шашок.
   — На векі векаў, — адказаў дзед і той час прыстаў ізноў з дапытамі: — Ну, ну?
   Шашок, схаваўшыся ў пуню, пераказаў усё, што ведаў.
   — Якісь камітэт хоча рабіць, — скончыў ён.
   — А каб іх паляруш з камітэтамі, — вохаў дзед, — зраквізавалі й майго каня з мальцам у работу. Два тыдні ганяюць, а тут жніво, касавіца. Палякі заганялі...
   — Папросту гаворыць, — усміхнуўся Шашок.
   — Каб не пазналі, падлу, — злаяўся дзед.
   Калі хурман выйшаў на вуліцу з вядром, Жабін нездаволена кінуў скрозь зубы:
   — Дзе вы столькі прападалі?
   — Шукаў, шукаў, няма нікога, усі ў полі.
   Як коні былі напоены, Жабін неўспадзеўкі для хурмана скамандаваў: «Вязі на поле!»
   Толькі яны завярнулі за гумно, нейкі верхавы на злом карку кінуўся з-за стога саломы к лесу. Камуніст інстынктыўна схапіўся за похву рэвальвера.
   — Хаваюць коні ад «учоту» ў лес, а я вазі ды вазі, — бурчэў невясёлы Шашок.
   — Вязі на дарогу, я ім пакажу! — крыкнуў раззлаваны Жабін, і фурманка завярнулася назад.
   Нечыя вочы глядзелі скрозь шчэлку ў гумне, як яна запыліла на дарозе.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!