Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага

   Максім Гарэцкі прыйшоў у літаратуру ўсяго праз некалькі гадоў пасля Купалы і Коласа. Аднак творчае сталенне маладога пісьменніка адбывалася так хутка, што ўжо неўзабаве ён апублікаваў свой літаратурны маніфест: "Прозы, прозы, добрай, мастацкай прозы беларускай дайце нам! Каб на стале каля тоўстай кніжкі вершаў "Шляхам жыцця" ляжала б не ценейшая кніжка прыгожай прозы". Гарэцкі быў перакананы: "Беларускай літаратуры суджана сказаць многае новае ў вобласці духа... Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечныя імшары, і я з вялікай надзеяй жду беларускіх Дастаеўскіх, Ул. Салаўёвых і т. п.". Ён меў на ўвазе не простае перайманне ўзораў, а нараджэнне беларуса – "усясветнага пісьменніка".
   Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне ў сям’і малазямельнага селяніна. Бацькі, Іван Кузьміч і Аўфрасіння Міхайлаўна, падтрымлівалі імкненне дзяцей да асветы. Маці ведала шмат песень. Максім запісаў пазней ад яе 318 песень і выдаў асобнай кніжкай. Сам ён добра іграў на розных музычных інструментах, імправізаваў, як сапраўдны актор.
   У 1901 г. Максім пайшоў у школу граматы ў суседняй Вялікай Багацькаўцы, пасля перайшоў у двухкласную царкоўна-прыхадскую школку ў Вольшы. У 1909 г. паступіў у Горы-Горацкае каморніцкае вучылішча "на казённы кошт". Каморнікам працаваў на Віленшчыне. Заўсёды помніў, што беларускаму руху "настаўнікі і літаратары яшчэ доўга будуць больш патрэбны, чым каморнікі і аграномы".
   У ліпені 1914 г. Гарэцкі адправіўся "вольнапісаным" у расійскае войска, каб скараціць час службы. У жніўні пачалася Першая сусветная вайна. Артылерыйская батарэя, дзе Максім быў сувязістам, удзельнічала ў жорсткіх баях ва Усходняй Прусіі. 25 кастрычніка 1914 г. яго цяжка параніла, пасля гэтага ён лячыўся ў віленскім шпіталі, дзе міласэрнай сястрой была Цётка (Алаіза Пашкевіч). Яна прыносіла яму "Нашу Ніву".
   У студзені 1915 г. Гарэцкі атрымаў паўгода адпачынку на далечванне і паехаў да бацькоў. Рана не гаілася, і ён правёў некалькі месяцаў у розных шпіталях. У канцы 1915 г. Гарэцкага зноў накіравалі на фронт. З лютага 1916 г. ён вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе, закончыў яго ў званні прапаршчыка. Служыў у Іркуцку, Гжацку.
   1917 год Максім Гарэцкі сустрэў на фронце каля Парахонска на Палессі. Напрадвесні цяжка захварэў, лячыўся ў Арле, Маскве, Жалезнаводску. Ачуняўшы, прыехаў у Смаленск, дзе служыў у гарадскім Савеце і супрацоўнічаў ў газеце "Известия Смоленского Совета". Лічыў, што "чатыры гады жыцця прапала". Тут ён меў на ўвазе сваю адарванасць ад літаратурнай творчасці.
   У жніўні 1918 г. Гарэцкі стаў супрацоўнікам газеты "Звязда", а ў студзені 1919 г. разам з рэдакцыяй пераехаў у Мінск, потым у Вільню. Пасля заняцця Вільні палякамі выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах і ў Віленскай (Беларускай) гімназіі. Між іншым, у яго вучылася будучая выдатная паэтэса Наталля Арсеннева (чытаў яе першыя вершы і дабраславіў у літаратуру).
   У 1920 г. Максім Гарэцкі выдаў "Гісторыю беларускай літаратуры", якая цягам цэлага дзесяцігоддзя была падручнікам у беларускіх школах, тэхнікумах, універсітэце. Рэдагаваў газету "Наша думка", затым "Беларускія ведамасці", склаў "Хрэстаматыю беларускай літаратуры". Збіраў у гэты час матэрыял пра мясцовых камунараў, з выкарыстаннем якога пазней напісаў дакументальна-мастацкі раман "Віленскія камунары".
   У студзені 1922 г. ён быў арыштаваны і чакаў у Лукішках прысуду па абвінавачванні ў замаху на дзяржаўную ўладу. Пасля пратэстаў грамадскасці суд адмянілі, а арыштаваных вывезлі на мяжу з Літвой. Так Гарэцкі апынуўся ў Коўне (Каўнасе), тагачаснай сталіцы Літвы, затым у Дзвінску (Даўгаўпілсе). У ліпені 1922 г. вярнуўся ў Вільню, а ў канцы кастрычніка 1923 г. разам з сям’ёй (жонкай Леанілай Чарняўскай, дзіцячай пісьменніцай, дачкой Галяй і сынам Лёнем) пераехаў у Мінск, дзе напачатку выкладаў беларусазнаўства ў Беларускім універсітэце.
   У лютым 1925 г. Максім Гарэцкі стаў навуковым сакратаром Літаратурнай камісіі Інбелкульта, быў яго правадзейным членам. У лютым 1926 г. яго прызначылі загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Улетку таго ж года ён ездзіў у Сібір і на Далёкі Усход – па слядах беларускіх перасяленцаў; у выніку камандзіроўкі з’явіліся "Сібірскія абразкі". У лістападзе 1926 г. Гарэцкі выступаў з дакладам на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. У ліпені-жніўні 1929 г. ездзіў у Крым на лячэнне, а ў верасні быў зноў у Мінску, працаваў у Інстытуце навуковае мовы Інбелкульта.
   18 ліпеня 1930 г. Максім Гарэцкі быў арыштаваны, абвінавачаны ва ўдзеле ў міфічнай антысавецкай арганізацыі "Саюз вызвалення Беларусі". 10 красавіка 1931 г. высланы на 5 гадоў у Вятку. Працаваў землякопам, чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам, калькулятарам, намеснікам прараба. У 1935 г. атрымаў дазвол жыць у Пясочні Калужскай вобласці, дзе працаваў настаўнікам расійскай мовы і літаратуры. Летам 1936 і 1937 гг. наведаў Мінск. Здаў у выдавецтва рукапіс рамана "Віленскія камунары", напісаны ў высылцы. Пабываў у бацькоў.
   У лістападзе 1937 г. Гарэцкі зноў быў арыштаваны і пастановай тройкі НКУС Смаленскай вобласці асуджаны да расстрэлу. Незаконны прысуд быў выкананы 10 лютага 1938 г.

   Яшчэ ў школе Максім Гарэцкі прымаў удзел у гуртку аматараў прыгожага пісьменства, выпісваў газету "Наша Ніва", куды слаў свае допісы. 25 студзеня 1913 г. газета змясціла на сваіх старонках першае апавяданне М. Гарэцкага "У лазні", падпісанае шматзначна "Максім Беларус". Апавяданні публікаваліся адно за адным: "Стогны душы", "Роднае карэнне", "Красаваў язмін" (усе 1913). У 1914 г. выйшаў у свет зборнік апавяданняў "Рунь". Вацлаў Ластоўскі пісаў пра гэтую кніжку: "Гэта першая ў нашай літаратуры паэма-трагедыя "Маладой Беларусі". Першы голас маладой, набалелай душы".  Апавяданні 1912-1914 гг. вылучаюцца арыгінальнай манерай пісьма, маштабнасцю задумы. Героі іх на раздарожжы: адчуваючы сваю кроўную повязь з роднымі каранямі, менавіта ў беларускай глебе чэрпаюць жыццёвыя сокі і імкнуцца да духоўнага росту. Пабываўшы ў горадзе, начытаўшыся кніжак, яны крытычна ацэньваюць асяроддзе, да якога належаць, і ўласнае становішча ў свеце. Клім Шамоўскі ("У лазні"), "прымача ў панстве і пасынак вёскі", балюча перажывае сваё адчужэнне ад людзей, якім хоча несці асвету і культуру і якія называюць гэта "панскім дзелам".
   Вобраз "інтэлігента ў першым пакаленні" – мастацкае адкрыццё Гарэцкага. Архіп Лінкевіч (вышэйзгаданае "Роднае карэнне"), Уладзімір З. ("Рунь"), Кастусь Зарэмба ("У чым яго крыўда?", абодва 1914) паводле сваёй прафесіі (каморнік, медык) належаць да ніжэйшых пластоў народнай інтэлігенцыі, блізкіх да простага люду сваім паходжаннем, ладам жыцця. Усіх іх яднае імкненне разгадаць загадку нацыянальнай душы: "Што за народ наш, беларусы?" У гісторыі беларусаў шмат неразгаданага. У апавяданнях "Патаёмнае", "Цёмны Лес", "Страхаццё", "У панскім лесе", "Што яно?" (усе 1913) на першым плане роздум празаіка над тым, што такое беларуская ментальнасць. Гэта не апетая рамантыкамі "ўсясветная журба-нуда", а нешта вельмі зямное, выкліканае ў душы беларуса цемрай і страхам. "Вобразы таемнага, страшнага, шчыра-беларускага" хвалююць маладых герояў-адраджэнцаў: ад разгадкі залежыць будучыня беларусаў як нацыі. Па сутнасці, яны б’юцца над той жа адвечнай праблемай, што ў свой час вырашалі Гогаль, Дастаеўскі, Ян Баршчэўскі, Багушэвіч, Купала. Кастусь Зарэмба, прыкладам, марыць аб прыходзе свайго "беларускага прарока", які "прамыў бы нам вочы, у чым наша істота, паэзія жыцця, прыгажосць жыцця".
   Антон Жабанёнак, герой драмы "Антон", – з тых беларусаў, што аддаюць перавагу "патрэбам духу" перад пагоняй за дабрабытам. Антон звяртаецца да Бога, але "маўчыць нема Бог". Будучыня палохае яго сваёй непрадказальнасцю. У драме "Антон", акрамя героя, які дзейнічае, ёсць і героі, якія думаюць, спрачаюцца, рэфлексуюць. Гэта Беларускі аўтар, Польскі публіцыст і Маскоўскі дэмакрат – персаніфікаванае ўвасабленне распаўсюджаных поглядаў на беларусаў, своеасаблівых стэрэатыпаў. Прычыны паводзінаў Антона Жабанёнка Польскі публіцыст і Маскоўскі дэмакрат бачаць у эканамічнай адсталасці краю, у цемры і невуцтве. Беларускі аўтар прымае гэтыя закіды, але з сур’ёзнай папраўкай: яго "народ-лірнік" заўсёды схіляўся больш да "патрэб духу", чым да "патрэб цела". А ў сферы духу не ўсё ладна: войны, рэвалюцыі, паўстанне масаў і бунт радыкальна настроеных індывідаў, зніжэнне ўзроўню чалавечнасці, катастрафічнае падзенне веры: "Старыя багі струпехлі, а новых... новыя мала ведамы..." Аднак крытычны пункт пройдзены: "Мы цяпер пад горкаю, а лепшыя нашы вун куды на горку ўзлезлі, а з часам і ўсе на гарэ будзем".
   Ідэалагічнай асновай роздуму аўтара стала філасофія беларускага Адраджэння. Беларуская літаратура, на яго погляд, павінна перш за ўсё паказаць беларусу, "хто ён, чым ён быў, што ён цяпер, чым бы ён мог стаць". Пабачыўшы, на што ён здатны, беларус-гаротнік здолее "парваць ланцугі рабства, патрапіць крыкнуць: "Жыве Беларусь!" Гісторыя беларусаў, мова, фальклор – усё сведчыць: народ здатны "сказаць сваё слова ўсяму свету". Беларусы маюць не толькі смешныя анекдоты і дзіўныя забабоны, але і нешта такое, "прад чым прыемна адчыніцца агульналюдская скарбніца векавечных здабыткаў культуры і цывілізацыі".
   Творчасць Максіма Гарэцкага часу Першай сусветнай вайны адкрыла новы этап у творчым развіцці празаіка. У ёй прыкметнае ўзмацненне эпічнага пачатку, што выяўляецца ў пэўнай змене гледзішча на свет як аб’ектыўную рэальнасць. Гарэцкага захапляе ўменне пераўвасабляцца ў вобразы іншых людзей: Юлечкі, якая жыве прадчуваннем першага кахання, а сутыкаецца з жыццёвым брудам ("Дзёгаць", 1915); салдата, нядаўняга селяніна з Магілёўшчыны, які пазнаёміўся на полі бою з аўстрыякам, "ворагам", амаль пасябраваў, потым нечакана для сябе самога застрэліў яго ("які ж я тады ваяка"), і, не вытрымаўшы пакутаў сумлення, звар’яцеў ("Рускі", 1915); генерала, для якога вайна – гульня, а ахвяры – прыкрая непазбежнасць ("Генерал", апубл. у 1918). Манера пісьма яго лаканічная, простая, празрыстая. Аўтарскія адносіны выяўляюцца ў тонкай іроніі: часам гэта цёплая ўсмешка ("Чарнічка", 1917), у іншым выпадку – сарказм ("На этапе", 1916). Хараство простага чалавека і яго драматычны лёс у час вайны ўражліва паказаны ў апавяданні "Літоўскі хутарок" (1915), дзе вайна ўбачана вачыма хутаранца Яна Шымкунаса, яго наіўна-даверлівых дочак-прыгажунь Монці і Ядвісі.
   Погляд простага чалавека, неспакушанага ў вялікай палітыцы, на свет выяўляецца і ў аповесці "Ціхая плынь" (1917-1930). Хомку Шпаку, як і Аліндарку ў Францішка Багушэвіча, не шанцуе з першых дзён жыцця: невясёлае маленства, калі бацькі пакідаюць дзіця аднаго ў хаце, школьны настаўнік, былы унтэр-афіцэр, які паводзіць сябе з вучнямі, як звычайны салдафон, гаспадар карчмы, які ні з таго ні з сяго падазрае падлетка ў крадзяжы. У пачатку аповесці ствараецца эпічны вобраз старасвецкай Беларусі, некалі магутнай еўрапейскай дзяржавы з багатай культурай, якая пакрысе ператварылася ў "задворкі Еўропы". У іншых раздзелах твора чуецца песня "ціха шугаючага" цяпельца пра тое, што жыццё ў краі яшчэ не згасла канчаткова, і "ціхая песня", якая гучыць у душы Хомкі, "паэта ў душы". Гэту песню заглушаюць грымоты гармат і грозныя зыкі сусветнай вайны-бойні. "Беларус – гэта Хомка, які веры не дае", – такое вызначэнне характара беларуса даў сам Максім Гарэцкі ў артыкуле "Наш тэатр" (1913).
   У аповесці "На імперыялістычнай вайне" Гарэцкага (1914-1919, 1925) выявілася яшчэ адна асаблівасць яго таленту – імкненне быць дакладным і праўдзівым. Твор стаў такім жа "жывым сведчаннем", "чалавечым дакументам" пра вайну, як і раманы яго сучаснікаў Анры Барбюса "Агонь", Эрыха Марыі Рэмарка "На Заходнім фронце без зменаў", Эрнэста Хемінгуэя "Бывай, зброя!" У герояў гэтых пісьменнікаў, якія належаць да "згубленага пакалення", шмат агульнага, нягледзячы на іх розную нацыянальную і сацыяльную прыналежнасць, непадабенства характараў і ладу жыцця. Усе яны сапраўды "згубленыя": для гісторыі, творчасці, шчасця. Яны вярнуліся з вайны расчараваныя ў галоўных жыццёвых каштоўнасцях, давяраючы толькі самім сабе, сваім франтавым сябрам, каханым.
   Вальнапісаны Лявон Задума, ад імя якога ідзе апавяданне, належыць да тыпу людзей з "арыстакратычна-духоўным поглядам" на свет. Гэтым ён вылучаецца сярод астатніх. Трапіўшы на вайну, дзе ўсё супярэчыць яго натуры, ён старанна фіксуе ў сваіх запісах жахі франтавога побыту, якія амаль да дэталяў паўтараюць падобныя апісанні яго еўрапейскіх калег па цэху, што сведчыць аб назіральнасці і глыбіні думак. Але Задума належыць да маладой нацыі, якая перажывае духоўнае Адраджэнне, і марыць пра час, калі пабачыць вызваленне свайго народа. Ад імя аднапалчан, жывых і мёртвых, ён сведчыць супраць братазабойчай вайны і прызнае толькі адну вайну – за свабоду і незалежнасць. Само прозвішча героя "Задума" не выпадковае: чалавек шукае адказы на свае пакутлівыя пытанні. Ён адкідае прэч усякае псеўдапатрыятычнае красамоўства пра подзвігі і славу: убачанае і перажытае стала надзейнай прышчэпкай ад мілітарысцкага захаплення зброяй. Лявон Задума адназначна становіцца на бок ахвяр вайны: "Між "паноў" няма столькі вялікіх душ, колькі ёсць у "простым народзе". Звычайны запіс у яго франтавым блакноце: "Я думаў пра сваіх братоў-сялян" (у іншых варыянтах: "беларусаў", "шчырых беларусаў"). Думка пра народ, які ўстае з каленяў, узвышае героя над падзеямі і ўласным лёсам. Яго хвалюе пытанне: "А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэта вайна?" Яго падтрымлівае вера: "І не дарэмна мы тут ваюем – да нечага даваюемся. І калі тут не заб’юць, то надыдзе пара – паваюем і за нешта другое".
   Аповесць "Меланхолія" (1916-1921, 1928), паводле задумы Максіма Гарэцкага, з’яўляецца часткай трылогіі, у якую ўваходзяць аповесці "У чым яго крыўда?", створаная на аснове ранніх апавяданняў, і "На імперыялістычнай вайне". Ва ўсіх названых творах дзейнічае адзін і той жа галоўны герой – Лявон Задума. Аўтар "Меланхоліі" адступае ў перадгісторыю падзей і паказвае перыяд духоўнага пасталення героя, адраджэнскія погляды і перакананні якога правяраюцца жыццём. Сутыкнуўшыся з жорсткай рэальнасцю непрыняцця яго захаплення беларушчынай, Задума пераконваецца ў тым, што многія праблемы немагчыма вырашыць без палітычнай свабоды і нацыянальнай незалежнасці. Пачуццё яго глыбокага патрыятызму абражана, прыніжана, кожная новая сутычка з "ворагамі беларушчыны" паглыбляе яго душэўныя пакуты. Звычайна разважлівы, зычлівы, юнак у такія моманты блізкі да псіхічнага зрыву. Яго цвеляць думкі пра марнасць існавання, ім авалодвае меланхолія, хвароба душы многіх шчырых беларусаў. Лявон едзе ў родную вёску, дзе яго душа, засмучаная расчараваннямі, знаходзіць супакой у працы, штодзённых гаспадарчых турботах, простых зямных радасцях.
   Няскончанаму раману-эпапеі "Камароўская хроніка"было наканавана стаць "лебядзінай песняй" Максіма Гарэцкага-творцы. У падмурку яе зместу – лёс беларускага сялянства на працягу ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў. Сюжэт хранікальна-біяграфічны: падзеі вясковага жыцця, вялікія і малыя, узнаўляюцца падрабязна, грунтоўна, наколькі дазваляў матэрыял, сабраны, запісаны аўтарам ад сведкаў. Тут моцны ўплыў летапіснай традыцыі: Камароўка, правобразам якой паслужыла Малая Багацькаўка, як Баркулабава ў славутым летапісе, адлюстравала ў сабе гісторыю беларусаў. Аўтар апавядае, як узнікла, разраслася вёска і як пачалося яе руйнаванне. Сюжэт хутка насяляецца шматлікімі постацямі яе жыхароў, усіх, пра каго памяць хоць што-небудзь захавала. У цэнтры ўвагі, аднак, сям’я Батураў-Задумаў. За постацямі гэтага сялянскага роду бачацца прататыпы, якімі сталі дзяды-прадзеды, бацькі, браты, сястра, блізкія і далёкія сваякі самога Гарэцкага. Купалаўскае "Сыходзіш, вёска, з яснай явы" Гарэцкім успрымалася ў яго эпапеі-дзённіку як развітанне з патрыярхальным мінулым, з сялянскай цывілізацыяй. Раман завяршаецца "Камароўскім парадам": аўтар "абыходзіць" апошні раз усе хаты вёскі, лаканічна паведамляючы пра лёс іх жыхароў, апошніх з камароўцаў.
   Апошнія штрыхі да характарыстыкі літаратурнай творчасці Гарэцкага даюць яго дзённікавыя запісы "Кіпарысы" (1928, 1931-1935), "Запіскі Лявоніуса Задумекуса" (1931-1932), "Скарбы жыцця" (1935) і інш. У алегарычнай форме апавядаецца пра трагедыю беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі, лёс якой мае шмат агульнага з лёсам галоўнага героя гэтых запісаў Лявона Задумы. Ён перажывае свой апошні злы этап, крах ілюзій і надзеяў, кружыць у лабірынце бюракратычнай сістэмы, бяспраўны і непрыкаяны, не ведаючы іншай зброі, каб адстаяць самога сябе, апрача іроніі, горкай, сумнай, адчайнай. Герой-аўтар ахвотна выкарыстоўвае "эзопаву мову", алегорыі, метафары, эўфемізмы, увасабленні і г. д. Адны з іх (беларусы-"балацяне", "балотмова", "баллітаратура") лёгка расшыфроўваюцца, другія застаюцца дасюль нерасчытанымі. Як апошняя надзея на паратунак ва ўяўленні Лявона ўзнікае выспа Патмас, на якой Ісус Хрыстос адкрыў будучыню апосталу Іаану: "Шукай свой човен залаты! Едзь на выспу Патмас. Даўно там не быў. Духам аскудзеў. О, сонца светлае-прасветлае! Абагрэй ты мяне! Далёкая выспа Патмас! Там прытулак...".
   У апошнія пяцьдзясят гадоў імя Максіма Гарэцкага вернутае беларускаму чытачу: апублікаваная амаль уся яго захаваная творчая спадчына. Але творчасць Гарэцкага, безумоўна, заслугоўвае і таго, каб быць вядомай далёка па-за межамі Беларусі, бо яе можна смела і без агаворак ставіць побач з творчасцю самых выбітных майстроў сусветнай рэалістычнай літаратуры ХХ стагоддзя.


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Похожие статьи:

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Рускі

Максім ГарэцкіАпавяданні Максіма Гарэцкага ранняга перыяду ("Роднае карэнне", "Літоўскі хутарок")

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне. ГДЗ

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Літоўскі хутарок. ГДЗ