Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

Кнопка отправить на печать

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

М. Багдановіч

   Самым гарачым, самым трапяткім, самым святым пачуццём Максіма Багдановіча была любоў да Радзімы, да маці-Беларусі. Яна зрабіла яго паэтам, яна дала сэнс яго самаахвярнаму жыццю, яна пакінула яго ў памяці нашчадкаў.  

   Шчымлівым болем за «краіну-браначку», за яе «цёмны, сляпы» народ прасякнута ўся патрыятычная лірыка Максіма Багдановіча. Матывамі яго лірыкі была не толькі бязмежная любоў да Радзімы, але і ўсведамленне сацыяльнай несправядлівасці, няволі і нясілы, што вынішчае найперш «дух народны», не дазваляе гэтаму самабытнаму краю расквітнець, а яго таленавітаму народу быць гаспадаром на сваёй зямлі:  

Народ, Беларускі Народ!

Ты цёмны, сляпы, быццам крот.

Тобою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма

і душу тваю абакралі:

У ёй нават мовы няма!

   У 1911 г. у час першай паездкі на радзіму Максім Багдановіч наведаў у Вільні беларускі музей, пазнаёміўся з рукапісамі старажытных кніг, з узорамі старадаўняга мастацкага ткацтва беларусаў. Ён быў ашаломлены багаццем «святой зямлі», таленавітасцю люду, «каторы моцнымі рукамі стварыў усе багацтвы на зямлі», а «сам даўно сляпы ад слёз і ўжо забыўся абратунак». Бунтоўнае непрыняцце такіх абставін, захапленне духоўнай спадчынай Беларусі знайшло мастацкае ўвасабленне ў цыкле вершаў «Старая Беларусь». Найбольшага ўздзеяння на сэрцы людзей ён дасягнуў вершам «Слуцкія ткачыхі», у якім дзівосным чынам спалучыліся элегічны светлы смутак, захапленне сапраўднай красой і роднага краю, і яго таленавітых людзей, і надзея на лепшую долю тых, хто варты людскага і гожага:  

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна,

і думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна...

   Любоў да Радзімы была самым святым пачуццём, што вызначыла лёс паэта, яго адданае служэнне Бацькаўшчыне. Гэтае ж пачуццё найбольш прываблівала яго ў іншых людзях. Іх высакароднасць, іх настальгічныя пачуцці ўслаўлены паэтам у вершах «Эмігранцкая песня» і «Як Базыль у паходзе канаў...». 

   Трывожным сэрцам, у якім пануе «за краіну радзімую жах», напісаны неўміручыя радкі «Пагоні». Створаны паэтам вобраз «старадаўняй Літоўскай Пагоні» прымушае чытача задумацца, перагледзець свае каштоўнасці, усвядоміць усю марнасць марнасцяў і нікчэмнасць прагматычных памкненняў. Разам з лірычным героем верша і чытач таксама успомніць «Вострую Браму святую», былую славу нашай Бацькаўшчыны. Падзяляючы з паэтам яго высакародны гнеў і пагарду да тых, што забылі Бацькаўшчыну, «адракліся, прадалі і аддалі ў палон», найперш перагледзім здабыткі і каштоўнасці ва ўласных душах... І нам, як лірычнаму герою верша «Пагоня», ёсць за што сказаць сваёй Радзіме: «Ты прабач...» Але яна чакае ад нас найперш добрых спраў.  

   Трывога і «за краіну радзімую жах» ніколі не вынішчалі ў паэтавым сэрцы веру і надзею на яе лепшую долю і будучыню. Паэзія Багдановіча самотная, элегічная і адначасна аптымістычная і жыццесцвярджальная:  

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколькі ў хмарках залётных агня...

   Адным з крытэрыяў мастацкай вартасці любога твора з'яўляецца асацыятыўнасць. Паэзія Максіма Багдановіча ў поўнай меры адпавядае і гэтаму крытэрыю. Дасканалым у мастацкіх адносінах творам з'яўляецца санет «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...», філасофія якога выяўляецца менавіта праз асацыятыўныя сувязі і мастацкі паралелізм з ярка выяўленай антытэзай жыцця і смерці. У першай апавядальнай частцы, што складаецца з васьмі радкоў, — апісанне падзеі, якая ўразіла сваёй неверагоднасцю. У тысячагадовай магіле знойдзены засохлыя зернейкі, жыццёвая сіла якіх «збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясенняй збожжа на раллі».  

Філасофская думка заключана ў другой частцы санета (двух тэрцэтах-трохрадкоўях):

Вось сімвал твой, забыты краю родны!

Зварушаны нарэшце дух народны,

Я верую, бясплодна не засне,

A ўперад рынецца, маўляў, крыніца,

Которая магутна, гучна мкне,

Здалеўшы з глебы на простор прабіцца.

   Так праз асацыятыўныя сувязі розных жыццёвых з'яў (зярнят засохлых, здольных праз тысячу гадоў прарасці «парой вясенняй», і абуджаных духоўных сіл народа) паэт сцвярджае аптымістычную ідэю вечнасці жыцця народа, веру ў абуджэнне яго духу і нацыянальнае адраджэнне.  

   Пра асабістую трагедыю, трагедыю чалавека, што ўсяго сябе без астатку аддаў Радзіме, а вымушаны быў увесь час жыць далёка ад яе, пра свае душэўныя пакуты і гаючую сілу прошчы, якой і была для яго Радзіма, паэт сказаў пранізліва і аптымістычна:

Поломаны жыццём, чакаючы магілы,

Радзімая зямля, прынікнуў я к табе,

І бодрасць ты ўліла ў слабеючыя жылы,

Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,

І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.

   Не жальба, не адчай, а вера ў сваю Радзіму, духоўнасць народа, яго адраджэнне была вызначальнай у паэзіі Максіма Багадановіча. Цэльнасць і «аб шыраце духоўнай» дбанне пакінута паэтам як запавет:  

Жывеш не вечна, чалавек,

Перажыві ж у момант век.

   Так жыў сам паэт. Спраўдзілася яго надзея на тое, што ў яго вершах, народжаных, як ён сам пра тое пісаў, «калі грудзі падымала хваля пачуцця», чытачы знайшлі сугучнае сваім думам і пачуццям. Многія яго радкі сталі крылатымі:  

«Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай», «Усёзнікае, праходзіць як дым, светлы ж след будзе вечна жывым».

Кім быў, ёсць і будзе Максім Багдановіч для нашага народа, вычарпальна і афарыстычна сказаў Уладзімір Караткевіч у вершы «Багдановічу»:  

Бо як ёсць у народа такія —

Не загіне давеку народ.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!